Сныха́ ‘жывая бойкая дзяўчына’ (Бяльк.). Зыходзячы з дыялектнай фанетыкі, гэта рэдкі выпадак фіксацыі на беларускай моўнай тэрыторыі прасл. *snъxa ‘нявестка, жонка сына’, параўн. укр. дыял. сно́ха, рус. сноха́, стараж.-рус. снъха, польск. дыял. sneszka, старое snecha, чэш. snacha, серб.-харв. сна̀ха ‘братава або сынава жонка’, славен. snaha, sneha, балг. снъха́, макед. снаа, ст.-слав. снъха; роднаснае ст.-інд. snusā́, грэч. νυός, лац. nurus, ст.-ісл. snor, ст.-англ. snoru, ст.-в.-ням. snur, ням. Schnur, што ўзыходзяць да і.-е. *snusós ‘радавая сувязь’, адкуль форма ж. р. *snusa < sneu̯‑ ‘звязваць, злучаць’, гл. аснова, снаваць. Менш верагодна вывядзенне *snusā́ з і.-е. *sūnu‑sū‑ ‘сынава жонка’. Гл. Трубачоў, История терм., 131 і наст.; Глухак, 568; Шаўр, Etymologie, 60–62 (аддае перавагу другой версіі); Фасмер, 3, 700; ЕСУМ, 5, 337–338. Семантыка беларускага слова пярэчыць пазнейшаму запазычанню з рускай мовы і, не выключана, узнаўляе першаснае значэнне снаваць ‘хутка рухацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Павіту́ха1 ’жанчына, якая дапамагае пры родах’ (ТСБМ, Шат., Сл. Брэс.). Рус. повиту́ха, укр. повиту́ха, польск. дыял. powitucha ’тс’. Усходнеславянскае (польск., мабыць, з беларускай). Ад павіць з суф. ‑ucha. Старажытнасць словаўтварэння (параўн. SP, 1, 75) сведчыць калі не аб праславянскім, то аб дастаткова старым паходжанні слова. Параўн. таксама Фасмер, 3, 294.

Павіту́ха2 ’пустазелле сямейства павітухавых’ (ТСБМ), ’фасоля, якая ўецца’ (Жд. 2). Рус. повиту́ха ’павітуха, бярозка’. Да павіць < віць з суф. ‑уха (гл. Мяркулава, Очерки, 107 і наст.).

Павіту́ха3 ’вясёлка’ (Сл. Брэс.). Адзінкавая рэгіянальная назва вясёлкі. Бясспрэчна, утворана ад павіты < павіць з суф. ‑уха (параўн. іншыя назвы вясёлкі: весялуха, мецʼелуха, парадуха і г. д. — гл. Талстой, ОЛА, 974, 29 і наст.), але матывацыю назвы вызначыць цяжка. Магчыма, гэта метафара да павітуха2, таму што вясёлка «лезе, караскаецца па небу»; не выключана, што семантыка гэтай лексемы асноўвалася і на ўяўленні аб нечым звітым, мнагаслойным. Аддаленай семантычнай паралеллю тут магла б служыць лексема пояс з рознымі вызначэннямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перагуза́ць ’зноў перавязваць снапы’ (Нас.). Да пера- і гуза́ць (гл.), апошняе звязваецца з прасл. *ǫz‑/*ęz (ЭСБМ, 3, 112). Аднак, улічваючы першаснасць пачатковага г‑ трэба зыходзіць з прасл. *guzъ, варыянта назалізаванага *gǫzъ, якія адлюстроўваюць больш старажытныя і.-е. адносіны *gongʼ‑/*gou̯gʼ‑, параўн. ст.-грэч. γογγύλος ’круглы’, літ. gū̀žis ’галоўка капусты’ (Трубачоў, Эт. сл., 1, 91–92), курд. guz‑ ’азадак, ягадзіцы’. Семантыка лексемы перагуза́ць, такім чынам, суадносіцца не з *vęzati ’вязаць’, а з *guzъ ’камель дрэва, ніжняя частка снапа’, параўн. здро з *guz‑d‑ro, як укр. гуз‑но ’зад (чалавека)’, рус. гузло́, гу́з‑но, гуз‑но́ ’ніжняя, задняя частка чаго-небудзь’ і інш. шматлікія лексемы з коранем гуз‑ з гэтым жа значэннем, палес. гузды́р (Выг.) ’ніжняя частка снапа’ < прасл. *gǫzyrь ’задняя частка чаго-небудзь’. Параўн., аднак, славен. prézati ’звязваць’, якое Супрун (ЭСБМ, 1, 123) звязвае з *перазаць (гл. аперазаць); магчыма, з *per‑ǫz‑ati з пратэзай, гл. гуж1, тады сувязь з гуз — другасная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́трыны, вотрана ’адходы пры ачыстцы зерня’ (Яруш., Касп., Бяльк., Мядзв., Шн., Жд., 1, Шатал.), во́трына ’пустыя каласы і дробная салома, якія застаюцца пасля малацьбы’ (Нік., Оч., 102), Рус. во́тря, во́трина ’тс’, укр. три́ни ’перацёртая салома’, польск. trzyny ’апілкі’, чэш. oteřiný, tříny (sena) ’дробныя рэшткі сена, якія рассыпаліся’, славац. oteriny ’апілкі’, серб.-харв. три̏не ’мякіна’, славен. trica ’адходы пры ачыстцы льну’, балг. три́ци ’мякіна’. Прасл. trina, trini (параўн. літ. trinù, trìnti ’праціраць, пілаваць, зношваць адзежу’, лат. trinu, trît ’тс’. Да terti (гл. цярэць) (Праабражэнскі, 2, 167; Фасмер, 3, 172; Брукнер, 579; Махэк₂, 658 і наст.). Семантыка і словаўтварэнне іншаславянскіх адпаведнікаў сведчаць супраць гіпотэзы Тапарова (Прус., 174) аб магчымасці аднясення рус. і бел. слоў да кораня *vě(ja)ti (г. зн. вотрыны ’тое, што адвеяна’; параўн. рус. отве́й, отве́в ’дробнае шалупінне, якое атрымліваецца пры веянні’) і выдзялення тут суф. ‑tr‑. Да кораня ter‑, як мяркуе Кошалеў, адносіцца рус. трын-трава (ЕіЛ, 19, 4, 105). Адносна форм без ‑ін‑ гл. атора.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каламу́т ’вір’ (Жд. 2, Жд. 3), каламута ’мул з вадой, твань’ (БРС, ТСБМ), каламуць ’тс’ (БРС, ТСБМ), каламутны (БРС, ТСБМ, Сл. паўн.-зах.; Сержп. Прымхі; Сцяшк., ТС, Федар., Яруш.). Укр. каломут, каламут, каламута ’баламута, сварка, разлад і інш.’, рус. кур., зах.-бран. (другаснае) каламут ’чалавек, які выклікае нязгоду, разлад, бязладдзе; баламут’, зах.-бран. ’разлад, бязладдзе, нязгода; сварка’, варонеж. коломутица ’блытаніна; разлад, смута’, коломутный ’непразрысты, мутны (пра ваду, крыніцу)’, польск. kołomąt ’хаос, блытаніна і інш.’, дыял. ’пляткар, баламут і інш.’, чэш. уст. kolomut, kolomuta ’змяшанне, хаос і інш.’ (Юнгман разглядае як славац., Махэк₁ не разглядае лексемы: у артыкуле «rmoutiti», для якога ўзнаўляецца kolomútiti, згадваецца чэш. дыял. cholomet, cholomot ’паршывец і інш.’), славац. kalamula, galamuta ’замяшанне, хаос’. Паўн.-слав. аддзеяслоўнае ўтварэнне, бел. каламут, відаць, зберагае першасную семантыку ’круціць, муціць’. Час утварэння, як аб гэтым сведчыць семантыка, а таксама страта прамога значэння ў шэрагу моў, магчыма, гаворыць на карысць паўн.-прасл. Аб далейшай этымалогіі гл. каламуціць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́рпень ‘жнівень’ (Нас.; ашм., гарад., Сл. ПЗБ, Бес., Шатал.), сюды ж се́рпец ‘тс’ (астр., Сл. ПЗБ), се́рпій ‘тс’, серпаві́ннік ‘канец ліпеня’ (Сцяшк. Сл.). Укр. се́рпень, рус. старое се́рпень, стараж.-рус. сьрпьнь, польск. sierpień, чэш. srpen ‘тс’, серб.-харв. ср̂пањ ‘ліпень’, серб.-ц.-слав. сръпьнь ‘ліпень’, славен. srpȁn ‘ліпень, жнівень’, балг. съ́рпен ‘ліпень’. Прасл. *sьrpьnь ад *sьrpъ, гл. серп, г. зн. месяц сярпа, жніва (Фасмер, 3, 610, Брукнер, 489; Борысь, 547; Сной₁, 603). Інакш Махэк₂ (572), які супастаўляе з літ. sirpsti ‘спець’, таму што збожжа спее ў гэты час, але гэта менш пераканаўча. Аб славянскіх назвах месяцаў гл. яшчэ Шаўр, Этимология–1971, 93 і наст. Беларускае слова з улікам лінгвагеаграфіі можа быць і другасным запазычаннем з польскай; прынамсі аўтары Сл. ПЗБ (4, 415) параўноўваюць з польск. sierpień, аднак сведчанні Насовіча (“простолюдины… употребляют древние названия месяцев… Серпень — Август”, Нас., 631) і архаічная семантыка іншых назваў, утвораных ад серп — ‘канец ліпеня’, сведчаць пра іх спрадвечнасць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рашы́ць, рэшы́ць ’прыйсці да заключэння; вырашыць, надумаць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’развязаць, вырашыць (задачу)’ (Янк. 3.), ’патраціць, ліквідаваць, зрасходаваць, знішчыць’ (Янк. 3., Мат. Маг., ТС), рэшы́цца ’пазбавіцца, страціць’ (Растарг.). Параўн. рус. реши́ть ’вырашыць’, укр. ріши́ти ’вырашаць, пазбаўляць, губляць’, каш. řešëc ’вязаць’, чэш. řešit, славац. riešiť, харв. riješiti, серб. ре́шити ’тс’, славен. rešiti ’развязаць, выратаваць’, балг. реша́ ’вызначыць, вырашыць’, ст.-слав. рѣшити ’вызваліць, вырашыць’. Прасл. *rěšiti з š, перанесеным з ітэратыва *resjati, параўн. балг. реся́ ’рашаць’, в.-луж. rozrisać, rozrěsać ’вырашаць’, гл. Махэк₂, 531; БЕР, 6, 233, 239. У славянскіх мовах прасочваецца сумяшчэнне семантыкі ’выратаваць’ і ’пазбавіць’, параўн. славен. nas reši оd zlega, што, магчыма, звязана са ст.-інд. reşáуаtі ’ён робіць шкоду, карае’, rişyati, reşati ’пацярпелы, пашкоджаны’. У гэтым выпадку семантыка слав. *rěšiti развівалася ад ’пакараць, пазбавіць чагосьці’ да ’пазбавіць, страціць’. Другое значэнне ’прыходзіць да выніку, развязваць праблему’ прасочваецца ў балтыйскіх мовах: літ. raišýti ’прывязаць’, лат. ràisît ’вырашаць; развязваць’, гл. Сной, 618; Бязлай 3, 174; гл. таксама Фасмер, 3, 479; SEK, 4, 230–231 (Борысь значэнне ’развязваць’ выводзіць з ’вязаць’ у выніку дэпрэфіксацыі першаснага прэфіксальнага *orz‑rěšiti ’развязаць’ > *rěšiti ’развязваць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́слух1 ’сведка на судзе ў старажытнасці’ (ТСБМ), ст.-бел. послухъ ’тс’, сюды ж варыянты з нарашчэннем суфікса послух‑ачъ, послух‑а‑тель (Сл. Скар.), рус. по́слух ’тс’, ст.-рус. послухъ ’тс’, польск. posłuch ’праслухоўванне’, чэш. posluchy ’выведванне, разведка’, славац. posluch ’тс’, ст.-слав. послоухъ ’сведка’. Да слухаць (гл.) (Фасмер, 3, 340); прыстаўка по- нясе семантыку выніковасці дзеяння, даслоўна — по́слух ’тое, што пачута’ ці ’той, хто пачуў’.

По́слух2 рэліг. ’паслушэнства’, ’абавязак манаха ці паслужніка’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. послушание, послушенство ’тс’ (Сл. Скар.), укр. по́слух ’паслушэнства’, польск. posłuch ’тс’, ’паслухмянасць’, ’абавязак’, серб. по̀слух ’тс’. Магчыма, калька з грэч. ὑπ‑ήκοος ’паслухмяны, падданы, падначалены’. Да слухаць (гл.).

По́слух3 ’чутка, пагалоска’ (ТСБМ), рус. послух ’недакладныя звесткі, цёмныя, хлуслівыя чуткі’ (Сл. Салж.), ст.-рус. послухъ ’тс’, польск. posłuch ’чутка’, у іншых славянскіх мовах семантыка ’слых, магчымасць чуць’: чэш. posluch ’тс’, славен. posluh ’тс’. Параўн. по́слух1 (гл.). Да слухаць (гл.).

По́слух4 ’дапамога, палёгка’ (Сцяшк. Сл.). Відавочна, фанетычны запіс бел. послуг з фрыкатыўным [ɣ]. Да паслуга, служыць (гл.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыгаша́ць ’прыбіраць, прыгожа адзяваць’ (Ласт.). Да незафіксаванага о́шыць/*гашы́ць ’прыводзіць у належны стан; гатаваць, рыхтаваць і пад.’, параўн. ст.-рус. гоши(ти) ’рыхтавацца’ (берасцяная грамата XII ст., Зализняк, Древненовг., 318), гошити ’рабіць, рыхтаваць’ (наўг., Сразн., помнік XVI ст.), рус. смал., пск., наўг., цвяр., ярасл. гоши́ть ’гатаваць, рыхтаваць; збіраць у дарогу; назапашваць’, укр. закарп. гоши́ти, гоші́ти ’падпільноўваць каго-небудзь; што-небудзь вельмі любіць’, гоши́тися, гоші́тися ’гатавацца; узбуджацца’. Філін (Происх., 593) лічыў гошити старажытным паўночна-заходнім лексічным дыялектызмам, які быў вядомы і на крайнім паўднёвым захадзе. Звязваюць таксама з гоноши́ть ’нагрувашчваць, збіраць’, гоноши́ться ’рыхтавацца’ (так ЕСУМ, 1, 578), што не падаецца пэўным (параўн. у гэтым кантэксце прасл. *gonositi ў ЭССЯ, 7, 25–26). Этымалогія беспрэфіксальных форм няясная. Ва ўсякім выпадку, не мае рацыі апеляцыя да вельмі сумнеўнага о́ха ’харчовыя прыпасы’ (ЕСУМ, 1, 578). Параўн. рус. пск., цвяр. пригоша́ть, пригоши́ть ’гатаваць, рыхтаваць на запас’, пск. приго́ха ’страва; харчовыя прыпасы’. На семантыку наўг. приго́ха ’прыгожая дзяўчына, жанчына; прыгажуня’, як і бел. прыгашаць ’прыбіраць, прыгожа адзяваць’, паўплывала, безумоўна, семантыка лексем з коранем прыго́ж‑. Гл. Антропаў, Palaeoslavica, XII, 1, 2004, 141–142.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыстрэ́к1 мн. л. прыстрэ́кі ’сурокі; хвароба з сурокаў’ (Сержп. Грам., Янк. 2, Мат. Гом., ТС, ПСл; петрык., рэч., брагін., ЛА, 3), прыстрэ́к ’запаленне век’ (Тураўшч.), прыстрэ́т ’хвароба з сурокаў’ (ТС), ’спалох’ (Мат. Гом.), прыстры́т ’сурокі’ (калінк., Сл. ПЗБ), прыстрэ́шны ’які здарыўся ад суроку’ (Нар. Гом.). Параўн. укр. пристрі́т ’хвароба як вынік сурокаў, нядобрай сустрэчы’, пристрі́ти ’сурочыць’, рус. дыял. пристре́т ’дрэннае, нядобрае вока; сурокі’, пристре́ть ’прыстаць, перадацца каму-небудзь (пра хваробу)’. Да стрэць, сустрэча (гл.) і да т. п. Семантыка добра бачная з тлумачэння ўкраінскага слова: сурокі як вынік нядобрай сустрэчы. Бел. формы з ‑т‑ на канцы ўтвораны як нулявы дэрыват ад *пры́стрэціць, а варыянты з канцавым ‑к з’явіліся пад уплывам дзеяслова сустракаць або з прыстрэчыць з узнаўленнем этымалагічнага ‑к‑. Пра т. зв. стрэчныя хваробы (“встречные болезни”) гл. Мяркулава, SlW, 135 (параўн. ст.-рус. ни в стречю ни в полазъ ни в чехъ вероват то поганьское е дело). Гл. таксама ЕСУМ, 4, 578.

Прыстрэ́к2, прыстрэ́чнік ’расліна марэна’ (ТС). Да папярэдняга слова. Утварэнне па шырока вядомай мадэлі ’хвароба’ — ’расліна, якая ўжываецца супраць хваробы’, параўн. уро́чнік ’расліна Carlina vulgaris L.’ (ад сурокаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)