Прыстрэ́к 1 мн. л. прыстрэ́кі ’сурокі; хвароба з сурокаў’ (Сержп. Грам., Янк. 2, Мат. Гом., ТС, ПСл; петрык., рэч., брагін., ЛА, 3), прыстрэ́к ’запаленне век’ (Тураўшч.), прыстрэ́т ’хвароба з сурокаў’ (ТС), ’спалох’ (Мат. Гом.), прыстры́т ’сурокі’ (калінк., Сл. ПЗБ), прыстрэ́шны ’які здарыўся ад суроку’ (Нар. Гом.). Параўн. укр. пристрі́т ’хвароба як вынік сурокаў, нядобрай сустрэчы’, пристрі́ти ’сурочыць’, рус. дыял. пристре́т ’дрэннае, нядобрае вока; сурокі’, пристре́ть ’прыстаць, перадацца каму-небудзь (пра хваробу)’. Да стрэць, сустрэча (гл.) і да т. п. Семантыка добра бачная з тлумачэння ўкраінскага слова: сурокі як вынік нядобрай сустрэчы. Бел. формы з ‑т‑ на канцы ўтвораны як нулявы дэрыват ад *пры́стрэціць, а варыянты з канцавым ‑к з’явіліся пад уплывам дзеяслова сустракаць або з прыстрэчыць з узнаўленнем этымалагічнага ‑к‑. Пра т. зв. стрэчныя хваробы (“встречные болезни”) гл. Мяркулава, SlW, 135 (параўн. ст.-рус. ни в стречю ни в полазъ ни в чехъ вероват то поганьское е дело). Гл. таксама ЕСУМ, 4, 578.
Прыстрэ́к 2, прыстрэ́чнік ’расліна марэна’ (ТС). Да папярэдняга слова. Утварэнне па шырока вядомай мадэлі ’хвароба’ — ’расліна, якая ўжываецца супраць хваробы’, параўн. уро́чнік ’расліна Carlina vulgaris L.’ (ад сурокаў).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)