КАСПРО́ВІЧ ((Kasprowicz) Ян) (12.12.1860, в. Шымбаж, каля г. Інавроцлаў, Польшча — 1.8.1926),
польскі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Вроцлаўскім ун-тах. З 1888 жыў у Львове і Пароніне (Польшча), у 1908—25 выкладаў у Львоўскім ун-це. Друкаваўся з 1882. Рэаліст. тэндэнцыі ў паказе сац. канфліктаў у польск. вёсцы ў 1880—90-х г. уласцівы зб-кам «Паэзія» (1889), «З сялянскага загона» (1891), гіст. драмам «Канец свету» (1891), «Бунт Наперскага» (1899). Двухпланавасць, матывы жыцця і смерці, страснасць паэт. інтанацый характэрны для паэмы «Хрыстос» (1890), цыклу санетаў «Куст дзікай ружы» (1898). Аўтар цыкла пейзажнай лірыкі «З Альпаў», «З Татраў», «Над безданню» (1898), у паэт. цыклах «Балада пра сланечнік» (1908), «Імгненне» (1911) роздум пра чалавека, сябе і паэзію. У зб-ках «Кніга ўбогіх» (1916), «Гімны» (1921), «Мой свет» (1926) выявіліся уплыў сімвалізму, рэліг.-містычныя настроі. Пераклаў на польск. мову «Песню пра зубра» Міколы Гусоўскага. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.Гурыновіч, Я.Купала, С.Дзяргай.
Тв.:
Бел.пер. — у кн. Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІ́ТКА-АСНАЎЯ́НЕНКА (сапр.Квітка) Рыгор Фёдаравіч
(29.11.1778, с. Аснова, цяпер у межах г. Харкаў, Украіна — 20.8.1843),
украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. мастацкай прозы. Адзін з заснавальнікаў Харкаўскага прафес.т-ра (у 1812 яго дырэктар). Літ. дзейнасць пачаў у 1816. Пісаў на ўкр. і рус. мовах. У сентыментальна- і бурлескна-рэаліст. апавяданнях і аповесцях 1830-х г. («Маруся», «Козыр-дзеўка», «Шчырае каханне», «Свята мерцвякоў», «Канатопская вядзьмарка» і інш.), а таксама ў «Маларасійскіх аповесцях, расказаных Грыцком Аснаўяненкам» (кн. 1—2, 1834—37), паказаў цяжкія ўмовы жыцця ўкр. сялянства 1-й пал. 19 ст., выкрываў п’янства як сац. зло. Сатырычнае адлюстраванне жыцця і побыту ўкр. дваран, каларытнасць і самабытнасць іх характараў у камедыях «Шальменка — валасны пісар» (1831), «Сватанне на Ганчароўцы» (1836, паст. ў Мінску 1848), «Шальменка-дзяншчык» (1840), раманах на рус. мове «Пан Халяўскі» (1839), «Жыццё і прыгоды Пятра Сцяпанава, сына Столбікава...» (1841) і інш. Асобныя творы К. не пазбаўлены элементаў дыдактызму, хрысціянскай маралі.
Тв.:
Зібрання творів. Т. 1—7. Київ, 1978—81;
Рус.пер. — Проза. М., 1990.
Літ.:
Гончар О.І. Григорій Квітка-Основ’яненко. Київ, 1969;
Луцький Ю.Д. Драматургія Г.Ф.Квіткі-Основ’яненка і театр. Київ, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУЧКО́ЎСКІ,
(Kruczkowski) Леан (28.6.1900, г. Кракаў, Польшча — 1.8.1962), польскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Скончыў Вышэйшую прамысл. школу ў Кракаве (1918). У 2-ю сусв. вайну ў лагеры ваеннапалонных у Германіі. Ў 1945—48 нам. міністра культуры і мастацтва ПНР. Літ. дзейнасць пачаў у 1918. У першым зб. вершаў «Молаты над светам» (1928) адлюстраваў крах ідэалаў маладога пакалення Польшчы. У рэаліст.гіст. рамане «Кардыян і хам» (1932) асэнсоўвае ролю шляхты ў паўстанні 1830—31. Раман «Паўлінава пер’е» (1935) пра галіцыйскую вёску напярэдні 1-й сусв. вайны. Раман «Цянёты» (1937), п’еса «Немцы» (паст. 1949; Дзярж. прэмія Польшчы 1950) антыфаш. накіраванасці. У п’есах «Помста» (1948), «Юльюш і Этэль» (1954), «Наведванне» (1955), «Першы дзень свабоды» (1960), «Смерць губернатара» (1961) філас.-псіхал. і маральная праблематыка. У зб.апавяд. «Эскізы з пекла праўдзівых людзей» (1963) гістарызм спалучаны з маральнымі аспектамі. Аўтар публіцыстычных кніг «У атмасферы дыктатуры» (1938), «Сустрэчы і супастаўленні» (1950), «Сярод сваіх і чужых» (1954) і інш.Дзярж. прэміі Польшчы 1950, 1955. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Я.Брыль, П.Пестрак, Я.Міско.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАСА́ВА (Акіра) (23.3.1910, Токіо — 6.9.1998),
японскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Скончыў Акадэмію прыгожых мастацтваў у Токіо (1935). У кіно з 1936. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «Сугата Сансіра» (1943). Шырокую вядомасць атрымаў фільм «Расёман» (1950, паводле апавядання Р.Акутагавы; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі; прэмія «Оскар» 1951). Здымаў фільмы па творах Ф.Дастаеўскага («Ідыёт», 1951), М.Горкага («На дне», 1957), У.Шэкспіра («Замак павуціны» паводле «Макбета», 1957; «Ран» паводле «Караля Ліра», 1985), у якіх дзеянне пераносіў у Японію, захоўваючы дух і глыбіню першакрыніцы. Рэаліст. трактоўкай мінулага вылучаюцца фільмы «Сем самураяў» (1954, прэмія «Оскар» 1955), «Целаахоўнік» (1961), «Цень ваяра» (1980; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), у якіх абнавіў традыц.яп. жанр «кэнгекі» (пра эпоху самураяў). У 1976 на кінастудыі «Масфільм» паставіў фільм «Дэрсу Узала» (паводле У.Арсеньева; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве, прэмія «Оскар»). Праблемы сучаснасці ўзняў у фільмах «Рай і пекла» (паводле Э.Мак-Бейна, 1963), «Дадэскадэн» (паводле С.Ямамота, 1970; першы каляровы фільм К.), «Сны» (1990), «Жніўная рапсодыя» (1991) і інш. Яго работы вылучаюцца вострым драм. канфліктам, стылявой вытанчанасцю, эстэт. дасканаласцю, глыбокім гуманізмам. Пісаў сцэнарыі. Юбілейныя прызы на міжнар. кінафестывалях у Маскве (1979) і Венецыі (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛБАНДЗЯ́Н (Мікаэл Лазаравіч) (14.11.1829, г. Растоў-на-Доне, Расія — 12.4.1866),
армянскі пісьменнік, філосаф, рэв. дзеяч; пачынальнік арм.рэаліст. крытыкі і эстэтыкі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1860). У 1859—62 у краінах Зах. Еўропы і Азіі. У 1892 зблізіўся з пецярбургскім цэнтрам тайнага т-ва «Зямля і воля». Неўзабаве зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, з 1865 у ссылцы (г. Камышын). Філас., літ.-эстэт. погляды Н. сфарміраваліся пад уплывам рус.рэв.-дэмакр. эстэтыкі. Выступаў за сац. і нац. вызваленне арм. народа, асуджаў прыгонніцтва, самадзяржаўе. Дэбютаваў у 1851 вершамі, прасякнутымі ідэямі свабодалюбства, абвостранага пачуцця грамадскага абавязку. Яго верш «Свабода» (1859) спяваўся як гімн рэв. моладзі Арменіі. Аўтар раманаў «Аднаму — слова, другому — нявесту» (1858), «Благанне мёртвых» (1859, незакончаны), сатыр. «Дзённіка» (1858—60), антырэліг. паэмы «Прыгоды праайца» (1864, апубл. 1903), літ.-крытычных прац, «Уводзін» да «Граматыкі новай армянскай мовы» (1863, апубл. 1900), публіцыстычных твораў (памфлета «Два радкі», 1861), сацыялаг. трактата «Земляробства як верны шлях» (1862) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Избранные философские и общественно-политические произведения. М., 1954;
Стихотворения. М., 1967.
Літ.:
Даронян С.К. Микаэл Налбандян: Пробл. творчества и лит. связей. Ереван, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й УКРАІ́НЫ,
найбуйнейшы збор укр.нац. мастацтва. Адкрыты ў 1899 у Кіеве. Засн. як Гар. музей старажытнасцей і мастацтваў. У 1904 перайменаваны ў Маст.-прамысл. і навук. музей імя імператара Мікалая Аляксандравіча, з 1919—1-ы Дзярж. музей, з 1924 — Усеўкр. музей імя Т.Р.Шаўчэнкі, з 1936 — Дзярж.ўкр. музей, з 1939 — Дзярж. музей укр. мастацтва, з 1964 — Дзярж.ўкр. музей выяўл. мастацтва, з 1994 — сучасная назва. Пл. экспазіцыі 2,12 тыс.м², у фондах больш за 30 тыс. экспанатаў. Аддзелы: стараж.-ўкр. мастацтва 12—18 ст. (іканапіс, партрэтны жывапіс, скульптура, гравюры, нар. карцінкі), мастацтва 19 — пач. 20 ст. (карціны і гравюры Шаўчэнкі, пейзажы, жанравыя кампазіцыі У.Арлоўскага, С.Васількоўскага, М.Івасюка, К.Кастандзі, П.Леўчанкі, А.Мурашкі, М.Піманенкі, С.Святаслаўскага); сучаснага мастацтва, які адлюстроўвае разнастайнасць стыляў і кірункаў 1920—90-х г. (творы авангардыстаў А.Багамазава, Д.Бурлюка, А.Экстэр, прадстаўнікоў рэаліст. школы У.Касцецкага, Ф.Крычэўскага, А.Пятрыцкага, А.Шаўкуненкі, Т.Яблонскай). Мае калекцыю твораў мастакоў канца 20 ст. Будынак музея ўзведзены ў 1897—1900 (арх. Г.Байцоў і У.Гарадзецкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБСТ ((Pabst) Георг Вільгельм) (27.8.1885, г. Роўдніцы, Чэхія — 30.5.1967),
нямецкі і аўстрыйскі кінарэжысёр. З 1905 акцёр і рэжысёр у т-рах Цюрыха, Зальцбурга, Берліна, Нью-Йорка, Вены. З 1921 у кіно, з 1923 кінарэжысёр. З 1933 працаваў у Францыі і ЗША, з 1939 у Аўстрыі. У фільмах спалучыў традыцыі экспрэсіянізму, камершпіле (разнавіднасць драмы з павышаным псіхалагізмам, імкненнем агаліць унутр. сутнасць звычайна нешматлікіх персанажаў, сац. песімізмам), тэорыю псіхааналізу З.Фрэйда з рэаліст. падыходам да адлюстравання рэчаіснасці; «Скарб» (1923), «Графіня Донелі» (1924), «Бязрадасны завулак» (1925, у сав. пракаце «Бязрадасная вуліца»), «Тайнікі душы» (1926), «Каханне Жанны Ней» (паводле І.Эрэнбурга, 1927), «Памылковы шлях» («Пажадлівасць», 1928), «Скрынка Пандоры» (паводле Ф.Ведэкінда, у сав. пракаце «Лулу»), «Дзённік паўшай» (абодва 1929), «Заходні фронт, 1918» (1930, першы гукавы фільм), «Трохграшовая опера» (паводле Б.Брэхта і К.Вейля, 1931), «Дон Кіхот» (паводле М.Сервантэса, 1933), «Зверху ўніз», «Сучасны герой» (паводле Л.Бромфілда, абодва 1934), «Мадэмуазель доктар» (1937), «Шанхайская драма» (1938), «Працэс» (паводле Ф.Кафкі, 1947, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1948), «Апошні акт» (паводле Э.М.Рэмарка, 1955) і інш.
Літ.:
Кракауэр З. Психологическая история немецкого кино: От Калигари до Гитлера: Пер. с англ.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБЛЕ́ ((Rabelais) Франсуа) (каля 1494, каля г. Шынон, Францыя — 9.4.1553),
французскі пісьменнік-гуманіст эпохі Адраджэння. Д-р медыцыны (з 1537). Вывучаў права ў Пуацье, медыцыну ў Парыжы і Манпелье, працаваў урачом у Ліёне. Літ. дзейнасць пачаў у 1532. Сусв. вядомасць яму прынёс фантаст. раман-эпапея «Гарганцюа і Пантагруэль» (кн. 1—4, 1532—52; кн. 5, выд. 1564, аўтарства недакладнае) — маст. энцыклапедыя франц. культуры эпохі Адраджэння: яе рэліг. і паліт. жыцця, філас., пед. і навук. думкі, духоўнага імкнення і сац. побыту. У творы высмеяў рэліг. фанатызм, цемрашальства і паразітызм духавенства, тупасць, сквапнасць і жорсткасць чыноўнікаў, манарх. дэспатызм і захопніцкія войны. Прапагандаваў гуманіст. выхаванне чалавека, у якім павінна гарманічна спалучацца фіз. і духоўнае развіццё. Раман адметны багаццем нар. мовы, спалучэннем рэаліст. і фантаст., высокага і груба камічнага, гратэскнага. Творчасць Р. адыграла вял. ролю ў развіцці франц. і сусв.сатыр. л-ры. На бел. мову яго раман пераклалі В.Бурносаў і Р.Канавалаў.
Тв.:
Бел.пер. — Гарганцюа і Пантагруэль. Мн., 1940;
Рус.пер. — Гаргантюа и Пантагрюэль. М., 1981.
Літ.:
Бахтин М.М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХУ́НДАЎ (Мірза Фаталі) (12.7.1812, г. Шэкі, Азербайджан — 10.3.1878),
азербайджанскі пісьменнік, філосаф, грамадскі дзеяч, заснавальнік азерб. драматургіі і маст. прозы. Атрымаў духоўную адукацыю ў г. Гянджа, вучыўся ў руска-азерб. вучылішчы ў г. Шэкі. Служыў перакладчыкам (1834—61), выкладаў перс. і цюрк. мовы ў Тыфліскім пав. вучылішчы. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (паэма «На смерць Пушкіна», 1837). У камедыях «Мала Ібрагім Халіл, алхімік...», «Мусье Жардан, батанік...», «Прыгоды скнары», «Везір Ленкаранскага ханства», «Правазаступнікі ў горадзе Таўрызе», сатыр. аповесці «Падманутыя зоркі» (усе 1850-я г.) рэалістычна адлюстраваў сучаснае яму грамадства. У артыкулах адстойваў рэаліст. мастацтва. У 1873 на аснове лацінскага і рускага склаў алфавіт, прыстасаваны да гукавой сістэмы азерб. мовы. Яго светапогляд фарміраваўся пад уплывам філасофіі Б.Усходу, ідэй франц. матэрыялістаў 18 ст. Не падзяляючы ідэі пра Бога як першакрыніцу свету, выступаў за «прагрэс і цывілізацыю», супраць усх. дэспатызму і тыраніі. У 1860-я г. падтрымліваў ідэю абмежавання ўлады манарха прадстаўнічым органам, дапускаў магчымасць прымусовай ліквідацыі ўлады прыгнятальнікаў. Пазней наблізіўся да разумення ролі эканам. дамінанты ў развіцці грамадства. Аўтар філас.-паліт. трактата «Тры пісьмы...» (пераклаў яго на рус. і перс. мовы), філас.арт. «Крытыка «Ёк кельме», «Адказ філосафу Юму» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ЙГЕЛЬ (дакладней Брогел) Старэйшы, ці «Мужыцкі» (Bruegel de Oude, Boeren Brueghel) Пітэр (паміж 1525 і 1530, г. Брэда, Нідэрланды — 5.9.1569), нідэрландскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў флам. і галандскага рэаліст. мастацтва. У 1551 прыняты ў Антверпенскую гільдыю жывапісцаў. З 1563 працаваў у Бруселі. У раннія гады зазнаў уплыў Х.Босха. У яго творчасці ўвасобіліся пачуцці і страсці эпохі; складана перапляталіся гумар і трагізм, гратэск і грубаватая прастата з горыччу, сарказм з сатыр. павучальнасцю. Свайго гал. героя — сучасніка ён маляваў бескампрамісна («Сялянскае вяселле», «Сялянскі танец», абедзве каля 1566—67). Пачуццё бязмежнай велічы сусвету і неабходнасці ва ўсіх выпадках памятаць пра вечнасць жыцця і арыентавацца на яго першародныя законы не пакідалі мастака і тады, калі ён звяртаўся да тэмы вайны, голаду і смерці. Сэнс яго твораў неадназначны і часам глыбока зашыфраваны: «Перапіс у Віфлееме» (1566), «Сарока на шыбеніцы» (1568), «Сляпыя» (1568). Вял. значэнне ў яго творчасці мелі нідэрл. традыцыі, фальклор і нар. міфатворчасць. Нярэдка прыказка ці прытча выкарыстоўваліся ім як іншасказальная форма для глыбокага роздуму пра лёс краіны і свайго народа («Краіна гультаёў», 1567). У канцы жыцця звяртаўся да сцэн сял. жыцця, пейзажа («Змрочны дзень», «Поры года», «Вяртанне статка», «Паляўнічыя на снезе», «Жніво», усе 1565).