КАРАВЕ́ЛАЎ (Любен) (каля 1834, г. Капрыўшціца, Балгарыя — 2.2.1879),
балгарскі пісьменнік і грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў рэаліст. кірунку ў балг. л-ры. Вучыўся ў Плоўдзіўскай грэч. гімназіі (1850—53). У 1857—66 вольны слухач Маскоўскага ун-та. Зазнаў уплыў рус. рэвалюцыянераў-дэмакратаў. З 1867 у Бялградзе, з 1869 у Бухарэсце. Зблізіўся з В.Леўскім і Х.Боцевым. Займаўся рэв.-прапагандысцкай і асв. дзейнасцю. Друкаваўся з 1860. Выдаў «Помнікі народнага побыту балгар» (т. 1, 1861), зб. апавяд. і аповесцей «Старонкі з кнігі пакут балгарскага племя» (1868). Аўтар аповесцей «Ваявода» (1860), «Донча» (1864), «Балгары старых часоў» (1867), «Горкі лёс» (1869), «Пакутнік» (1870), «Мамчын сынок» (1875), вершаў, фельетонаў, памфлетаў, дарожных нататак, якія вызначаюцца рэв. накіраванасцю, эмацыянальнасцю, каларытнасцю мовы. Перакладаў з рус. і ўкр. моў. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі Н.Гілевіч, А.Разанаў.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Хай зорыць дзень. Мн., 1973;
Рус. пер. — Болгары старого времени. София, 1981;
Маменькин сынок. София, 1984.
Літ.:
Воробьев Л.В. Любен Каравелов. М., 1980.
С.Дз.Малюковіч.
т. 8, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)