КРА́ЎЧАНКА (Усевалад Ігнатавіч) (14.10.1915, в. Каплічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 27.8.1961),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1933—37). З 1933 працаваў у прэсе, з 1950 у час. «Бярозка» (у 1953—61 рэдактар). Друкаваўся з 1933. Першыя зб-кі апавяд. «На крутым павароце» (1937), «Калгасныя навелы» (1940). Аповесці «Станаўленне» (1947) пра пасляваен. аднаўленне сельскай гаспадаркі, «Рыгор Шыбай» (1947) пра партыз. барацьбу ў Вял. Айч. вайну. Аўтар зб. аповесцей і апавяд. «Зямля гудзе» (1945), «Вясна на Палессі» (1952), «Крыгаход» (1957) і інш., зб. аднаактовак «Апошняя варажба» (1960). Стылю К. ўласціва рэаліст. дакладнасць, мяккі гумар. Пісаў для дзяцей (зб-кі «Таямніца аднае вышкі», 1935; «Падарунак», 1950; «Тэорыя імавернасці», 1958, і інш.). Пераклаў на бел. мову раман А.Ганчара «Сцяганосцы», аповесці В.Катаева, Ю.Збанацкага, А.Гайдара і інш.

Тв.:

Злачынства ля Зялёнай тоні. Мн., 1961;

Над хвалямі Прыпяці. Мн., 1964;

Таямніца вугла альфа. Мн., 1973;

Дзве сяброўкі. Мн., 1975;

Крыгалом. Мн., 1985.

т. 8, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)