ПЕРАПОНЧАТАКРЫ́ЛЫЯ (Hymenoptera),

атрад насякомых. Вядомы з трыясу (каля 220 млн. г. назад). 2 падатр.: сядзячабрухія (Symphyta, або Phytophaga) і сцяблістабрухія (Apocryta); сцяблістабрухіх падзяляюць на паразітычных (Parasitica) і джалячых (Aculeata). Больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Вызначаюцца складанымі паводзінамі (адзіночныя і грамадскія насякомыя), у многіх развіты інстынкт будовы гнязда і клопату пра патомства. На Беларусі каля 3 тыс. відаў, найб. пашыраны арэхатворкі, восы, мурашкі, наезнікі, немкі, пільшчыкі сапраўдныя, пчолы. рагахвосты, трыхаграмы, хальцыды, іхнеўманіды і інш.

Даўж. 0,2—60 мм. На галаве 1 пара фасетачных вачэй і 3 простыя вочкі. Вусікі простыя, перыстыя, булава- або грэбенепадобныя. Пярэдняспінка злучана нерухома з сярэднегрудзямі, а пярэднягрудзі — рухома з пярэдняспінкай. Маюць 2 пары празрыстых перапончатых крылаў (адсюль назва), зрэдку другасна бяскрылыя (мурашкі, немкі). Ротавыя органы грызучыя ці грызуча-лізальныя або сысучыя У самак на канцы брушка яйцаклад або джала. Ногі хадзільныя, бегальныя. Дарослыя пераважна расліннаедныя, некат. — драпежнікі, паразіты; лічынкі кормяцца рознымі ч. раслін. Самцы развіваюцца з неаплодненых (гаплоідных) яец, самкі — з дыплоідных (з двайным наборам храмасом), звычайна аплодненых, толькі ў некат. відаў — з неаплодненых яец (гл. Партэнагенез). Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія або вусенепадобныя. Многія П. — апыляльнікі раслін; наезнікаў выкарыстоўваюць у біял. барацьбе са шкоднікамі с.-г. раслін; пчолы меданосныя даюць мёд, воск, пропаліс. Ёсць шкоднікі с.-г. культур і лясных парод.

С.​А.​Максімава.

Перапончатакрылыя: 1 — эфіяльт выяўляльнік; 2 — наезнік начніцавы; 3 — андрэна шэрая; 4 — сфекс зубасты; 5 — мурашка-шашаль звычайная.

т. 12, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зе́лле, ‑я, н.

Разм.

1. Дзікарослыя травы; пустазелле. Вал асунуўся, зарос травою, зеллем, кустамі лазы і каліны. Колас. Загон у часе добрым будзе зжаты, у тарпу не трапіць зелле. Дубоўка.

2. Травы як корм для жывёлы; храп’е. Збіраць зелле ў агародзе. Насячы зелля. □ Чарнушчыха .. раптам ухапілася мяшаць свінням зелле. Мележ.

3. Лекавыя травы, а таксама настой на гэтых травах, які выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне; зёлкі. Варыць зелле. Лячыцца зеллем. □ Густа стаялі паўз сцены столікі, шафачкі,.. збаночкі з сухім зеллем. Чорны. // Усё тое, што лечыць, чым лечаць; лякарства. Ірка любіць пчол: яны збіраюць мёд. А позні мёд — зелле. Пташнікаў. Прыйшлі сёстры, каб раздаць зелле і зрабіць перавязкі. Галавач. // Жарт. Пра тытунь, гарэлку і пад. — А каб цябе, з тваім курывам. Задыміў усю хату зеллем гэтым праклятым, — бурчыць Макарыха. Асіпенка. — Можа ў сельпо зойдзем, паўлітэрку возьмем? Не хочаце? Ну, як сабе хочаце. Гэтага зелля ў маёй кабеты няма. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Faecem bibat, qui vinum bibit

Хто п’е віно, няхай п’е і асадак.

Кто пьёт вино, пусть пьёт и осадок.

бел. Любіш катацца, любі і саначкі вазіць. Ружа без калючак не бывае. Хто хоча рыбкі, таму трэба з вудай пасядзець. Здалёк мёду не наліжашся. Не з’ясі зерне, пакуль арэх не раскусіш.

рус. Любишь кататься ‒ люби и саночки возить. Любишь смородинку, люби и оскоминку. Пар любить ‒ баню топить. Мёд есть ‒ в улей лезть. Любишь пар, люби и угар.

фр. Il faut payer qui veut acheter (Надо платить, кто хочет купить). Celui qui veut tirer le miel de la ruche ne doit craindre les piqûres (Кто хочет взять мёд из улья, не должен бояться укусов).

англ. Honey is sweet, but the bee stings (Сладок мёд, да пчела жалит).

нем. Wer Honig lecken will, darf die Bienen nicht scheuen (Кто хочет лизать мёд, не должен пугаться пчёл). Wer den Gaul mietet, muß ihn auch füttern (Кто берёт на прокат коня, должен его также кормить). Willst du Genuß, so nimm auch den Verdruß (Хочешь удовольствия, так возьми и досаду).

Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)

янта́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да янтару; зроблены з янтару. Янтарныя пацеркі.

2. перан. Які па колеру нагадвае янтар; залаціста-жоўты. Цікава глядзець, як цячэ з янтарных сотаў у вялізную бочку мёд. Ваданосаў. А колас які! Ён наліваецца буйным янтарным зернем. Гроднеў.

•••

Янтарная кіслата — арганічнае злучэнне, якое змяшчаецца ў янтары і іншых смолах, а таксама ў бурым вугалі і ў некаторых раслінах (выкарыстоўваецца ў фатаграфіі і медыцыне).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мяду́ніца 1, медуніца ’вятроўнік шасціпялёсткавы, Filipemdula hexapetala Gilib. (Бяльк.; маг., Кіс.), укр. медуниця. Да медуніцах (гл.). Назва перайшла з расліны спірэя, якая раней называлася Spiraea filipendula. Аналагічна ў польск. мове tawula — ’спірэя’ і ’вятроўнік’.

Мяду́ніца 2, мядуніца лугавая ’пылюшнік вузкалісты, Thalictrum angustifolium Jacq.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1). Укр. медунка, медуниця, рус. калуж. медуница, медуничник ’тс’. Відавочна, да мёд: расліна выкарыстоўвалася ў якасці прынады для таго, каб у вулей прыйшоў малады рой пчол, як і меліса, якая ў чэш. мове мае назвы: meduhka (ст.-чэш. medunice), medunka, у славац. medovka, mädonicaJ mädka, у польск. miodunka, балг. медуника.

Мяду́ніца 3 ’мінушкі звычайныя, Chrysosplenium alternifolium L.’ (маг., Кіс.). Няясна.

Мядуніца 4, мядунка ’канюшына палявая, Trifolium arvense L.’ (віц., Кіс.), рус. цвяр., алан., арханг. медуница, медуничник ’тс’, перм. медунка ’чырвоная канюшына’; польск. miodunka, балг. медован трилистник ’канюшына’. Да мёд (гл.): расліна з’яўляецца меданосам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́зіць 1, ла́зіті, ла́зыты ’поўзаць’ (Нас., Яруш., ТСБМ), ’чапляючыся, узбірацца ўверх або апускацца ўніз’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Яруш.), ’хадзіць, снаваць’, ’прабірацца скрытна, паўзком, сагнуўшыся і вяртацца назад’, ’шукаць, намацваць, забіраючыся рукою ў што-небудзь’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.). Укр. лазити, рус. лазить, ст.-рус., ст.-бел. лазити, польск. łazić, н.-луж. lazyś, в.-луж. łazyć, ст.-чэш. laziti, мар. łaziť, славац. laziť, славен. láziti, серб.-харв. ла̏зити, макед. лази, балг. лазя, ст.-слав. лазити. Прасл. laziti, lazjǫ ’поўзаць, паволі пасоўвацца ўверх пры дапамозе рук’. Ітэратыўны дзеяслоў да ле́зці (гл.). Сюды ж: лазам лезці ’настойліва лезці’ (Шат.).

Ла́зіць 2 пчол ’падразаць мёд у пчол’ (Гарэц., Нас., Др.-Падб.) — у выніку семантычнага пераносу з лаз́іць 1 ’узбірацца ўверх (на дрэва) да борці’ > ’выбіраць мёд з яе’. Да ле́зці (гл.). Сюды ж лазенне ’выбіранне мёду з борцей’ (Нас.), лажаны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НІУ́Э (Niue),

уладанне Новай Зеландыі на аднайм. востраве ў паўд. ч. Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 262,6 км². Нас. 1,8 тыс. чал. (1995); жывуць ніуэанцы, або ніуэ — адзін з палінезійскіх народаў. Афіц. мова — англійская, але большасць жыхароў карыстаецца мясц. мовай. Вернікі пераважна пратэстанты. Насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве, абслугоўванні турыстаў. Значная эміграцыя ў Новую Зеландыю. Адм. ц. і порт — пасёлак Алофі. В-аў Н. — каралавага паходжання, падняты атол. Паверхня плоская, найб. выш. 66 м. Клімат трапічны, гарачы. Сярэднямесячныя т-ры каля 24 °C, выпадае 2200 мм ападкаў за год. Каля 5,4 тыс. га занята лесам з каштоўнымі пародамі дрэў, астатняя тэр. пад пасадкамі какосавай пальмы і лімонаў, палямі і агародамі (ямс, тара, батат, бананы, агародніна, вострапрыпраўныя расліны), лугамі і пашай. Жывёлагадоўля (свінні, козы). Птушкагадоўля. Пчалярства. Рыбалоўства. Прадпрыемствы харч. прам-сці і па перапрацоўцы какосавых арэхаў. Саматужныя маст. промыслы (цыноўкі, капелюшы, сумкі і інш.). Абслугоўванне турыстаў (пераважна з Новай Зеландыі). Марскія і авіяц. сувязі з Новай Зеландыяй. Аэрапорт. Аснова экспарту — копра, лімоны, драўніна, вострапрыпраўныя расліны, бананы, маст. вырабы, мёд. Востраў атрымлівае фін. дапамогу ад Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — новазеландскі долар.

Востраў заселены палінезійцамі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Адкрыты брыт. мараплаўцам Дж.Кукам у 1774. У 1900 абвешчаны пратэктаратам Вялікабрытаніі, з 1901 пад кіраваннем Новай Зеландыі. У 1901—03 — частка пратэктарата Астравы Кука, з 1903 асобнае ўладанне. У 1966 створана Заканад. асамблея, якая выбіраецца ўсеагульным галасаваннем. З 1974 мае статус «самакіравальная тэрыторыя ў свабоднай асацыяцыі» з Новай Зеландыяй, якая пакінула за сабой пытанні знешніх зносін і абароны Н.

т. 11, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Трасці́ ‘трэсці, калаціць’ (Некр. і Байк., Касп., Яруш., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ‘абшукваць’ (Ласт.), трясці́ ‘трэсці’ (Бяльк.), трасты́ ‘моцна трэсці; шукаць’ (Клім.), ст.-бел. трасти, трести, трясти ‘трэсці’, ‘рабіць вобыск’ (ГСБМ). Гл. трэсці; сюды ж трасці́, вытраса́ць ‘пчол падглядаць — падбіраць мёд’ (брасл., паст., ЛА, 1), відаць, табуізаваны дзеяслоў з першасным значэннем ‘шукаць, вышукваць’. Пад уплывам асабовых і прыставачных формаў утворана траса́ць ‘трэсці’ (брасл., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

hive

[haɪv]

1.

n.

1) ву́лей -я m., кало́да f.

2) рой -ю m. (пчо́лаў)

3) ме́сца по́ўнае ру́ху, дзе́йнасьці, мітусьні́

4) людзкі́ мура́шнік

2.

v.t.

1) саджа́ць пчол у ву́лей

2) насі́ць мёд у ву́лей

3) запа́сіць на бу́дучыню

3.

v.i.

жыць зго́дна (як пчо́лы)

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

КАНДЫ́ТАРСКАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці па выпуску кандытарскіх вырабаў на спецыялізаваных прадпрыемствах. Вырабляе цукеркі, шакалад, дражэ, ірыс, карамель, халву, тарты, пячэнне і інш. Сыравіна: цукар, мёд, патака, садавіна і ягады, мука, малако, яйкі, масла, тлушч, крухмал, какава, арэхі, харч. кіслоты і дабаўкі і інш. Кандытарскія вырабы падзяляюцца на цукрыстыя (іх вырабляюць на кандытарскіх ф-ках) і мучныя (пераважна на прадпрыемствах хлебапякарнай прамысловасці).

К.л. развіта ў Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Чэхіі, Францыі, Германіі і інш. еўрап. краінах. Вытв-сць цукрыстых кандытарскіх вырабаў, а таксама розных мучных кандытарскіх вырабаў (бісквітаў, кексаў, крэкераў і інш.) найб. развіта ў ЗША і Вялікабрытаніі.

На Беларусі ў пач. 20 ст. кандытарскія вырабы выпускалі пераважна саматужнікі і невял. прадпрыемствы. Найб. вядомы былі кандытарскія ф-кі «Саламбо» ў Мінску і «Прасвет» у Гомелі. Падобная фабрыка дзейнічала ў 1913—15 у маёнтку Хорвата (у 1920 адноўлена ў г. Нароўля). У 1926—27 у БССР дзейнічалі 37 кандытарскіх прадпрыемстваў, найб. з іх ф-ка «Прагрэс» у Мінску (з 1929 — «Камунарка»). У 1930 пабудаваны кандытарская ф-ка ў Бабруйску і бісквітны цэх (з 1936 бісквітная ф-ка) у Мінску. У 1927—31 гомельская ф-ка «Прасвет» рэарганізавана ў кандытарскі камбінат «Спартак».

У 1940 на Беларусі выпускалася да 41,2 тыс. т кандытарскіх вырабаў, у 1990—154,4 тыс. т, у 1995—72,6 тыс. т вырабаў (без уліку грамадскага харчавання), у т. л. 39,2 тыс. т цукрыстых. Буйнейшыя прадпрыемствы: Мінская кандытарская фабрыка «Камунарка», Гомельскае адкрытае акцыянернае таварыства «Спартак», Бабруйская кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», Нараўлянская кандытарская фабрыка «Чырвоны Мазыранін», а таксама ў Івянцы і Маладзечне. Амаль усю сыравіну (акрамя цукру) і тэхнал. абсталяванне галіна ўвозіць з-за мяжы.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 7, с. 581

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)