МАЗА́ЧЫО, Мазача

[Masaccio; уласнае Тамаза ды Джавані ды Сімоне Касаі (Гвідзі); 21.12.1401, г. Сан-Джавані-Вальдарна, Італія — восень 1428],

італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў фларэнційскай школы жывапісу. Працаваў (часта з Мазаліна) у Фларэнцыі, Пізе і Рыме. У творчасці адышоў ад традыцый готыкі, працягваў маст. пошукі Джота ды Бандоне. У рэліг. кампазіцыях увасабляў гуманіст. ўяўленні аб дасканалай асобе, надаваў ім надзвычайную жыццёвую пераканаўчасць. Творы вызначаюцца энергічнай святлоценявой лепкай, пластычнай трохвымернасцю фігур, імкненнем да манум. абагульнення форм: «Святыя Еранім і Іаан Хрысціцель» (1423?), «Мадонна са св. Ганнай» (разам з Мазаліна, каля 1424), паліпціх у царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Пізе (1426), размалёўкі капэлы Бранкачы ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Фларэнцыі («Выгнанне з раю», «Цуд са стацірам», «Святыя Пётр і Іаан раздаюць міласціну», «Святы Пётр вылечвае хворых сваім ценем», паміж 1425 і 1428). У фрэсцы «Тройца» (каля 1426—27, царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі) упершыню ў насценным жывапісе стварыў велічную цэнтральна-перспектыўную пабудову.

Літ.:

Знамеровская Т.П. Проблемы кватроченто и творчество Мазаччо. Л., 1975.

Мазачыо. Святыя Еранім і Іаан Хрысціцель. 1423 (?).

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЭ́МБА Мікалай Іванавіч (15.6.1821, Віцебская губ. — 8.4.1879),

музычны тэарэтык, педагог, кампазітар. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Ігры на фп. і віяланчэлі вучыўся ў А.​Герке і І.​Гроса, тэорыю музыкі вывучаў у А.​Б.​Маркса ў Берліне. З 1859 выкладаў у Муз. класах Пецярбургскага аддзялення Рас. муз. т-ва. З 1862 праф. Пецярбургскай кансерваторыі, у 1867—71 яе дырэктар. Распрацаваў «Інструкцыю для Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі», якая садзейнічала ўпарадкаванню навуч. працэсу і стала асновай працы кансерваторыі. Аўтар араторыі «Іаан Хрысціцель», сімфоніі, хароў. Сярод яго вучняў Г.Ларош, П.Чайкоўскі.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Іаан Прадцеча (Хрысціцель) 9/257; 10/608; 11/530

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

бапты́ст

(англ. baptist < лац. baptista, ад гр. baptistes = хрысціцель)

паслядоўнік баптызму.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

КО́СА (Cossa) Франчэска дэль (каля 1436, г. Ферара, Італія — каля 1478),

італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у К.​Туры. Зазнаў уплывы А.Мантэньі і П’ера дэла Франчэска. Адзін з буйнейшых мастакоў ферарскай школы жывапісу. Яго фрэскам у замку Скіфаноя ў Ферары (1469—70) уласцівы свежасць успрыняцця свету, гучнасць каларыту. Пісаў карціны прыдворнага жыцця герцагаў д’Эстэ, дзе алегарычныя кампазіцыі перамяжоўваюцца са сцэнамі сялянскага жыцця ў сімвалічных выявах месяцаў года. Творам характэрны выразнасць контураў, вял. ўвага да быт. дэталяў, арнаментыкі, элементаў ант. архітэктуры («Дабравешчанне», «Іаан Хрысціцель», алтар для капэлы Грыфоні ў царкве Сан-Петроніо ў Балонні, каля 1473; «Мадонна са святымі і данатарам» 1474; і інш.).

Ф. дэль Коса. Дабравешчанне. Каля 1473.

т. 8, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ТКІН Мікалай Іванавіч (19.5.1780, г. Цвер, Расія — 17.3.1863),

рускі гравёр; буйнейшы майстар партрэтнай разцовай гравюры 1-й пал. 19 ст. Чл. шэрагу еўрап. АМ. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1785—1800; у 1803—14 пенсіянер у Парыжы і Лондане), з 1815 выкладаў у ёй (з 1817 заг. гравіравальнага класа, з 1831 праф.). Творам уласцівы інтэрпрэтацыя арыгінала, якая ўзмацняе змястоўнасць характарыстыкі партрэтуемага, багацце і разнастайнасць штрыха: «Іаан Хрысціцель» (1802, з карціны А.​Р.​Менгса); 20 гравюр з медальёнаў Ф.​Талстога, прысвечаных вайне 1812; партрэты А.​Куракіна (1812), І.​Крылова (1816, з мал. А.​Кіпрэнскага), А.​Суворава (1818), М.​Карамзіна (1819, з арыгінала У.​Баравікоўскага), А.​Пушкіна (1827 і 1838, з арыгінала Кіпрэнскага), А.​Грыбаедава (1829).

М.Уткін. Партрэт А.​Грыбаедава. 1829.

т. 16, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Купа́ла 1 ’свята 24 чэрвеня’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Крачк., Сцяшк., Гарэц., Чач., Кліх, ТС). Укр. купала, купало, рус. купала, ст.-рус. купала ’тс’. Вядома, што, згодна з традыцыяй, купала разглядаецца як усходнеславянскі пераклад са ст.-грэч. βαπτιστής ’хрысціцель’. Іван Купала адпавядае грэч. Ἰωάννης ά βαπτιστής (Іаан Хрысціцель). Але ёсць падставы меркаваць, што лексема купала мае старажытнае, яшчэ дахрысціянскае сакральнае значэнне. Аб гэтым сведчаць шматлікія этнаграфічныя і фальклорныя даныя. У Заходнім Палессі купала мае значэнне ’касцёр, агонь’, якое можна суаднесці з бел. купець, купаць ’гарэць без полымя, дымець’ (гл.), kupěti/kǫpati з сакральным значэннем ’ачышчаць агнём’ (параўн. лац. pūrus ’чысты’ і ст.-грэч. πύρος ’агонь’). Тады да ліку суадносных лексем можна аднесці ст.-грэч. καπνός ’дым’ (< κϜαπνος), лац. vapor ’пара, дым, агонь’ (< *ku̯apos), прасл. kopъtь (< *kvopъtь): *ku̯op‑/kou̯p‑. Незалежна ад верагоднасці гэтай этымалогіі бел. купала ’касцёр, агонь’ звязваецца з бел. купаць ’гарэць’. Прадуктыўны суфікс ‑ла для назваў дзеячаў (параўн. купала) сведчыць аб анімізацыі назвы ’кастра, агню’. З гэтага пункту погляду купала адначасова ’касцёр, агонь’ і нейкі ’дух агню’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 210–211 з літаратурай).

Купа́ла 2 ’братаўка дуброўная, Melampyrum nemorosum’ (Жыв. сл., Кіс.). Сакральна звязана з Купаллем. Гл. купала 1. Параўн. таксама купалка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЭЙК (Dyck) Антоніс ван (22.3.1599, г. Антверпен, Бельгія — 9.12.1641),

фламандскі мастак. Вучыўся ў Амстэрдаме (1609—10). Сярод ранніх твораў (да 1618) партрэты і карціны на рэліг. і міфалагічныя сюжэты («Я.​Вермёлен», «Распяцце св. Пятра», «Юпітэр і Антыёпа»). Працуючы памочнікам П.П.Рубенса, зазнаў яго ўплыў («Іаан Хрысціцель і Іаан Евангеліст», 1618). У канцы 1620 — пач. 1621 мастак англ. караля Якава I. Творы гэтага часу («Сямейны партрэт», «Ф.​Снейдэрс з жонкай», «Св. Марцін») вызначаліся імкненнем да стварэння адухоўленага вобраза, цікавасцю да эмацыянальнага і інтэлектуальнага жыцця чалавека. З канца 1621 жыў у Італіі, дзе выпрацаваў і давёў да дасканаласці тып барочнага параднага партрэта («Кардынал Г.​Бентывольё»), У партрэтах генуэзскай знаці («Маркіз А.​Дж.​Брыньё-ле-Сале і яго жонка Пааліна Адорна», «Дама з дзяўчынкай») адчуваецца ўплыў венецыянскай школы жывапісу. У 1627—32 жыў у Антверпене; з 1630 прыдворны мастак эрцгерцагіні Ізабелы. У гэты перыяд стварыў лепшыя працы: партрэты Марыі Луізы дэ Тасіс, жывапісца П.​Снаерса, серыя афортаў «Іканаграфія». Рэліг. кампазіцыям 1620-х г. уласціва пэўная аднастайнасць («Адпачынак на шляху ў Егіпет», «Мадонна дэль Разарыо», «Аплакванне Хрыста»), З 1632 у Лондане, прыдворны мастак Карла I. У творах таго часу («Карл I на паляванні», «Конны партрэт Карла I», «Дзеці Карла I», «Дж.​Сцюарт, герцаг Рычмандскі», «Ф.​Уортан») акцэнтаваў увагу на вытанчаным арыстакратызме вобразаў. Апошнім працам характэрна сухасць каларыту, стандартнасць.

А ван Дэйк. Конны партрэт Карла I. Каля 1636.

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМУГЛЕ́ВІЧ Францішак (6.10.1745, Варшава — 18.9.1807),

жывапісец, графік, педагог; прадстаўнік класіцызму. Творчасць звязана з маст. жыццём Польшчы, Літвы, Беларусі, Расіі. Вучыўся ў бацькі Л.​Смуглевіча і Ш.​Чаховіча. У 1763—84 у Рыме, вучыўся ў А.​Марана, з 1766 у акадэміі св. Лукі; разам з В.​Брэна размалёўваў золатам гроты. У 1784—97 у Варшаве, у 1797—1807 праф. жывапісу і малюнка ў Віленскім ун-це. Удзельнічаў у размалёўцы інтэр’ераў Міхайлаўскага палаца ў Пецярбургу (1800—01; не зберагліся), аформіў т.зв. залу Смуглевіча ў б-цы Віленскага ун-та (разам з братам Антоніем), выканаў шэраг станковых карцін і манум. размалёвак у храмах Беларусі (Мінск, Гродна, Полацк, Рэчыца і інш.), Літвы і Польшчы. Працаваў у жанрах гіст., батальным, партрэта, ствараў алегарычныя і міфалагічныя кампазіцыі. Сярод твораў: «Смерць Марыі» (1784), «Св. Іаан-Хрысціцель», «Прыгавор аб выгнанні Арыстыда», «Перамога Аляксандра над Дарыем», «Юдзіф», «Бітва каля Берасцечка ў 1651», «Развітанне апосталаў Пятра і Паўла» (1805), «Персідскія паслы ў караля Марока», «Пасольства скіфаў у Дарыя», «Бітва пры Хаціне ў 1673», «Польскія сяляне за сталом», «Літоўскія сяляне», «Прысяга Т.​Касцюшкі на Кракаўскім рынку», «Уступленне Баляслава Храбрага ў Кіеў», «Сяляне ў нацыянальным адзенні», «Сцэна з сялянскага жыцця»; партрэты Ю.​Пешкі, Р.​Пшаздзецкага, сям’і Тышкевічаў, епіскапа Гедройца, старой жанчыны, сям’і К.​Прозар, аўтапартрэт і інш. Афармляў кнігі, выканаў каля 150 малюнкаў. Сярод яго вучняў мастакі І.​Аляшкевіч, Ю.​Пешка.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX—XX в. Мн., 1974.

Л.​Н.​Дробаў.

Ф.Смуглевіч. Аўтапартрэт.
Ф.Смуглевіч. Персідскія паслы ў караля Марока.

т. 15, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЭ́Н (Rodin) Рэнэ Франсуа Агюст (12.11.1840, Парыж — 17.11.1917),

французскі скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму ў скульптуры. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы, карыстаўся парадамі Ж.​Б.​Карпо і А.​Бары. Зазнаў уплывы Мікеланджэла, Данатэла, франц. гатычнай скульптуры. Працаваў у Парыжы і Мёдоне, Бельгіі (1871—77) і Італіі (1875). Раннім творам уласцівы смеласць вобразных і пластычных пошукаў, філас. глыбіня задумы, жыццёвасць перадачы складаных рухаў, энергічная мадэліроўка аб’ёмаў: «Чалавек са зламаным носам» (1864), «Бронзавы век» (1876), «Іаан Хрысціцель» (1878) і інш. З 1880 працаваў над гарэльефнай кампазіцыяй «Вароты пекла», асобныя часткі якой сталі самаст. творамі: «Ева» (1881), «Пацалунак» (1886), «Мысліцель» (1889), «Вечная вясна» (1880-я г.). У 1884—88 стварыў для г. Кале скульпт. групу «Грамадзяне Кале» (устаноўлена ў 1895), якая вызначаецца суровым героіка-драм. гучаннем, складанай эмац. атмасферай, унутр. напружанасцю герояў, што перадаецца праз неспакойны рытм кампазіцыі, экспрэсіі поз і жэстаў, кантрасты статычных і дынамічных фігур. З сярэдзіны 1880-х г. Р. у творчасці схіляўся да ўскладненых сімвалічных вобразаў, выяўлення гамы эмоцый чалавека — ад яснай гармоніі да змрочнага самапаглыблення і адчаю. Творы набылі эскізны, знешне як бы незавершаны характар, святлоценявую кантрастнасць, падкрэслена жывапісную мадэліроўку абцякальных форм, пластычнасць і фактурную адчувальнасць: помнік А.​Бальзаку ў Парыжы (1893—97; устаноўлены ў 1939) і інш. Партрэты Р. вызначаюцца вастрынёй і цэласнасцю перадачы характару: бюсты В.​Гюго, Ж.​Далу (1883), В.​А.​Рашфора (1897), П.​Бертло (1906) і інш.

Літ.:

Вейс Д. Огюст Роден: Пер. с англ. М., 1969;

Аркин Д.Е. «Граждане Кале» Родена // Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.

Т.​В.​Пешына.

А.Радэн. Вечная вясна. 1880-я г.

т. 13, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)