МАЗА́ЧЫО, Мазача

[Masaccio; уласнае Тамаза ды Джавані ды Сімоне Касаі (Гвідзі); 21.12.1401, г. Сан-Джавані-Вальдарна, Італія — восень 1428],

італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў фларэнційскай школы жывапісу. Працаваў (часта з Мазаліна) у Фларэнцыі, Пізе і Рыме. У творчасці адышоў ад традыцый готыкі, працягваў маст. пошукі Джота ды Бандоне. У рэліг. кампазіцыях увасабляў гуманіст. ўяўленні аб дасканалай асобе, надаваў ім надзвычайную жыццёвую пераканаўчасць. Творы вызначаюцца энергічнай святлоценявой лепкай, пластычнай трохвымернасцю фігур, імкненнем да манум. абагульнення форм: «Святыя Еранім і Іаан Хрысціцель» (1423?), «Мадонна са св. Ганнай» (разам з Мазаліна, каля 1424), паліпціх у царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Пізе (1426), размалёўкі капэлы Бранкачы ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Фларэнцыі («Выгнанне з раю», «Цуд са стацірам», «Святыя Пётр і Іаан раздаюць міласціну», «Святы Пётр вылечвае хворых сваім ценем», паміж 1425 і 1428). У фрэсцы «Тройца» (каля 1426—27, царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі) упершыню ў насценным жывапісе стварыў велічную цэнтральна-перспектыўную пабудову.

Літ.:

Знамеровская Т.П. Проблемы кватроченто и творчество Мазаччо. Л., 1975.

Мазачыо. Святыя Еранім і Іаан Хрысціцель. 1423 (?).

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)