КО́СА ((Cossa) Франчэска дэль) (каля 1436, г. Ферара, Італія — каля 1478),

італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у К.Туры. Зазнаў уплывы А.Мантэньі і П’ера дэла Франчэска. Адзін з буйнейшых мастакоў ферарскай школы жывапісу. Яго фрэскам у замку Скіфаноя ў Ферары (1469—70) уласцівы свежасць успрыняцця свету, гучнасць каларыту. Пісаў карціны прыдворнага жыцця герцагаў д’Эстэ, дзе алегарычныя кампазіцыі перамяжоўваюцца са сцэнамі сялянскага жыцця ў сімвалічных выявах месяцаў года. Творам характэрны выразнасць контураў, вял. ўвага да быт. дэталяў, арнаментыкі, элементаў ант. архітэктуры («Дабравешчанне», «Іаан Хрысціцель», алтар для капэлы Грыфоні ў царкве Сан-Петроніо ў Балонні, каля 1473; «Мадонна са святымі і данатарам» 1474; і інш.).

Ф. дэль Коса. Дабравешчанне. Каля 1473.

т. 8, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)