род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі звычайна трапляецца бядрынец каменяломнікавы (P. saxifraga), які расце ў светлых лясах, на ўзлесках, каля дарог, а таксама вельмі рэдка ў хмызняках і на ўзлесках. Бядрынец вялікі (P. major) занесены ў Чырв. кнігу.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом. Лісце няпарнаперыстае, чаргаванае, ніжняе звычайна ў разетцы. Кветкі дробныя, белыя ці ружовыя, у складаных парасонах. Плод — віслаплоднік. Лек., харч., меданосныя і кармавыя расліны; карані і насенне маюць эфірны алей, дубільныя рэчывы, сапаніны, гліказід пімпінелін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМАНІ́ХА, эхінапанакс (Oplopanax),
род кветкавых раслін сям. араліевых. 2 віды: З. высокая (O. elatus), пашырана ва Усх. Азіі, і З. страшная (O. horridus) — на З. Паўн. Амерыкі. Растуць звычайна ў вільготных горных хваёвых лясах, зрэдку ўтвараюць зараснікі. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР (1984).
Лістападныя слабагалінастыя кусты выш. да 4 м. Ствол, галінкі, кветаносы і лісце ўкрыты ігольчастымі калючкамі. Лісце шыр. 15—35 см, простае, 5—11-лопасцевае, сабранае каля верхавінак сцёблаў. Кветкі дробныя, зеленавата-белыя ці зеленавата-жоўтыя, двухполыя і тычынкавыя, у парасоніках, сабраных у мяцёлчатыя суквецці. Плод — ярка-чырвоная мясістая ягадападобная касцянка. Маюць эфірныя алеі, сапаніны, алкалоіды, гліказіды. Лек. і дэкар. расліны. Вырошчваюцца ў культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДУ́Н,
грыжная трава (Herniaria), род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Зах. Азіі, пераважна ў Міжземнамор’і. У Беларусі ўсюды трапляецца гладун гладкі (H. glabra) і зрэдку, пераважна ў паўд. раёнах, гладун мнагашлюбны (H. polygama). Растуць на сухіх грунтавых, пераважна пясчаных агаленнях, на пустках, папарах, каля дарог.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з кароткім галінастым распасцёртым сцяблом даўж. 5—20 см, прыціснутым да зямлі накшталт разеткі. Лісце прадаўгавата-эліптычнае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, двух- ці аднаполыя, жаўтавата-зялёныя або белыя ў пазухах верхняга лісця. Плод — шарападобны аднанасенны арэшак. Лек. (мачагонны і вяжучы сродак), дэкар., кармавыя і інсектыцыдныя расліны. Маюць пахучае рэчыва кумарын, сапаніны. Ядавітыя.