БЯДРЫ́НЕЦ
(Pimpinella),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі звычайна трапляецца бядрынец каменяломнікавы (Р. saxifraga), які расце ў светлых лясах, на ўзлесках, каля дарог, а таксама вельмі рэдка ў хмызняках і на ўзлесках. Бядрынец вялікі (Р. major) занесены ў Чырв. кнігу.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом. Лісце няпарнаперыстае, чаргаванае, ніжняе звычайна ў разетцы. Кветкі дробныя, белыя ці ружовыя, у складаных парасонах. Плод — віслаплоднік. Лек., харч., меданосныя і кармавыя расліны; карані і насенне маюць эфірны алей, дубільныя рэчывы, сапаніны, гліказід пімпінелін.
т. 3, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)