АКСАМІ́ТНІК, амарант (Amaranthus),

род пераважна аднагадовых травяністых раслін сям. аксамітнікавых. Каля 80 відаў, пашыраных у цёплых і ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 8 заносных і 1 інтрадукаваны від — аксамітнік трохкаляровы (A. tricolor), радзіма — трапічная Азія. Найб. вядомыя аксамітнік сіняваты (A. lividus, нар. назвы зяльборнік), аксамітнік адкінуты (A. retroflexus, нар. назва падбурачнік), аксамітнік жміндападобны (A. blitoides). Многія аксамітнікі — дэкар. расліны. Растуць таксама як пустазелле.

Выш. 10—150 см. Лісце чаргаванае. Кветкі зялёныя або пурпурова-чырвоныя. Плод — каробачка. Насенне дробнае, бліскучае.

Аксамітнік адкінуты.

т. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАНІ́КА, маліна неская (Rubus nessensis),

кветкавая расліна сям ружавых. Пашырана ў Еўропе; на Беларусі — усюды. Трапляецца ў лясах, па берагах рэк. Нар. назва — дуброўка.

Паўкуст выш. 50—100 см з прамастойнымі сцёбламі. Знешне падобная да ажыны, адрозніваецца пладамі без шызага налёту і граністымі парасткамі першага года. Лісце пяціпальцае з прылісткамі, чаргаванае. На сцёблах і чаранках лісця пурпурова-чорныя шыпы. Кветкі буйныя, белыя, па 5—12 у шчытках. Плод — малінава-чорная шматкасцянка, ядомы (спажываюць у свежым выглядзе, гатуюць варэнне, джэмы, мармелады, сокі).

Куманіка.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛКА (Corvus monedula),

птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі (акрамя паўн. і паўд. раёнаў), Паўн.-Зах. Афрыцы. Селіцца ў парках, гаях з дуплаватымі дрэвамі, расколінах скал, норах берагавых абрываў, пабудовах і інш. Больш шматлікая ў антрапагенных ландшафтах. На Беларусі пашыраны падвід галка звычайная (Corvus monedula monedula), трапляецца ўсюды.

Даўж. цела да 36 ем, маса да 250 г. Апярэнне чорнае, на галаве, хвасце і крылах з пурпурова-сінім метал. бляскам. Шыя шэрая. Дзюба кароткая. Корміцца расліннай і жывёльнай ежай: дажджавымі чарвямі, павукамі, жукамі, вусенямі матылёў, насеннем збожжавых, харчовымі рэшткамі і адкідамі. Знішчае шмат насякомых-шкоднікаў. Гняздуецца калоніямі паблізу і ў населеных месцах.

Галка.

т. 4, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВАКО́СТ (Symphytum),

род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Зах. Азіі. На Беларусі па берагах рэк, канаў, у алешніках, на сырых лугах звычайна трапляецца Ж. лекавы (S. officinale) і вельмі рэдка — Ж. данскі (S. tanaicense). З інтрадукаваныя віды: Ж. каўказскі (S. caucasicum), Ж. крымскі (S. tauricum) і Ж. цвёрды (S. asperum), вырошчваюцца як кармавыя расліны.

Шматгадовыя буйныя, апушаныя, травяністыя расліны з тоўстымі галінастымі амаль чорнымі каранямі і суцэльным цвердаватым лісцем. Кветкі двухполыя. правільныя. пурпурова-фіялетавыя, ружова-чырвоныя, з трубчаста-званочкавым вяночкам, у паніклых, густааблісцелых завітках. Плод — чатырохарэшак. Лек. (вяжучая, супрацьзапаленчая. кроваспыняльная) і кармавая расліна.

Жывакост лекавы.

т. 6, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІШЧА́НКІ,

1) надсямейства адзіночных вос (Chrysidoidea). Больш за 2 тыс. відаў, пашыраны ўсюды.

Даўж. 5—15 мм, цела яркае, з метал. бляскам, зялёнае, сіняе або часткова фіялетавае, пурпурова-чырвонае. Брушка з 3 членікаў, астатнія ў самак ператвораны ў доўгі трубчасты яйцаклад. Паразітуюць на лічынках інш. вос і пчол. Напр., блішчанка двухколерная (Ch. dichroa) адкладае яйцы ў ячэйкі гнязда пчалы осміі (Osmia).

2) Сямейства жукоў (Nitidulidae). Каля 2 тыс. відаў, на Беларусі больш за 50.

Даўж. 1—6 мм, цела выпуклае з метал. бляскам. Кормяцца кветкавым пылком, спорамі грыбоў, сокам дрэў. Ёсць шкоднікі — блішчанка рапсавая (Meligethes aeneu), аб’ядае бутоны і кветкі крыжакветных раслін.

Блішчанкі: 1 — двухколерная (аса); 2 — рапсавая (жук).

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

крыптакары́на

(н.-лац. cryptocoryne)

водная травяністая расліна сям. ароідных з пурпурова-чырвоным лісцем, пашыраная ў тропіках Паўд.-Усх. Азіі, Малайскага архіпелага; многія віды дэкаратыўныя, культывуюцца ў акварыумах, аранжарэях.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДУРНАП’Я́Н (Datura),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў субтрапічнай і трапічнай зонах, асабліва ў Цэнтр. Амерыцы, некаторыя — ва ўмераным поясе. На Беларусі 2 віды: Д. смярдзючы (D. stramonium), трапляецца каля жылля, на засмечаных месцах, агародах пераважна ў паўн. раёнах, і фіялетавы (D. tatula), трапляецца як заносны від зрэдку на чыг. насыпах і сметніках.

Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з тоўстым, уверсе разгалінаваным прамастойным сцяблом і стрыжнёвым коранем, з непрыемным дурманлівым пахам (адсюль назва). Лісце простае, чаргаванае, зубчастае або лопасцевае, зялёнае ці з цёмна-фіялетавымі жылкамі, на чаранках. Кветкі буйныя, 5-членныя, двухполыя, белыя, сінявата- ці пурпурова-фіялетавыя, размешчаны па адной у развілках сцябла; вяночак з доўгай вузкай трубкай і шырокім складкаватым адгінам. Плод — яйцападобная 4-гнездавая каробачка з шыпамі. Лек. і дэкар. расліны. Ядавітыя.

Дурнап’ян смярдзючы.

т. 6, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́Х (Pisum),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. бабовых. Вядома 6 відаў, пашыраных у Еўразіі і Афрыцы. Радзіма — Міжземнамор’е. Культывуюць пераважна гарох пасяўны (P. sativum), каштоўны харч. прадукт, корм для жывёлы і зялёнае ўгнаенне. Вырошчваюць як кармавую расліну таксама гарох палявы, або пялюшку. Пашыраны ў Расіі, на Украіне, Беларусі, у Кітаі, Індыі, ЗША.

Гарох пасяўны — аднагадовая расліна, з лазячым сцяблом выш. 0,2—2 м. Лісце парнаперыстае. Кветкі ад белага да пурпурова-фіялетавага колеру, у гронках. Плод — струк. Зерне круглае, белае, жоўтае або зялёнае, мае 22—27% бялку, каля 50% крухмалу, тлушч, карацін, вітаміны B1, B2, С. Холадаўстойлівая (усходы пераносяць замаразкі да -6 °C), вільгацялюбная, азотфіксавальная расліна Вырошчваецца на дзярнова-падзолістых сугліністых і супясчаных глебах з блізкай да нейтральнай і нейтральнай рэакцыяй. Раянаваныя сарты: на зерне — Уладаўскі 6, Працаўнік, Асілак чэшскі, Белус, Агат і інш.; агароднінныя — Варонежскі зялёны, Выдатны 240, Арагумскі, Савінтэр 1, Паўднёвы 47, Альфа, Віёла, Агароднінны 76.

Літ.:

Генетика и селекция гороха. Новосибирск, 1975;

Зернобобовые культуры в интенсивном земледелии. Мн., 1989.

М.​С.​Купцоў.

Гарох.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ві́шня (БРС, Касп., Бяльк., Кіс., Бес., КТС). Рус. ви́шня, укр. ви́шня, балг. вишня, серб.-харв. ви̏шња, славен. vȋšnja, чэш. višně, славац. višňa, польск. wiśnia, в.-луж. wišeń, н.-луж. wišńa. Прасл. *višьnʼa ’вішня’. Слова няяснага паходжання. Параўноўваецца са ст.-в.-ням. wîhsila, с.-в.-ням. wîhsel ’чарэшня’ і далей з лац. viscum, грэч. ἰξός (< *uiks) ’птушыны клей’ (таму што клей з вішні ўжываўся як птушыны клей) (Літаратуру гл. Фасмер, 1, 325). Іншыя даследчыкі (Г. Майер, Alb. Wb., 473 і наст.; Фасмер, ИОРЯС, 12, 2, 225; Гр.-сл. эт., 44; Шрадер, 17, 30) лічаць гэта слова запазычаннем з грэч. βύσσινοςпурпурова-чырвоны’. Параўн., напрыклад, назву фарбы ў ст.-рус. вишъневый, вишьнявый (вишньневъ бархатъ). Махэк₂ (692) лічыць гэта слова праеўрапейскім. Балтыйскія адпаведнікі запазычаны са славянскіх моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)