слізго́та, ‑ы, ДМ ‑гоце, ж.

Разм. Слізкасць, абледзянеласць чаго‑н. Выбраліся на абледзянелы дашчаны тратуар, пабрылі ўсцяж вуліцы. Макрэча, слізгота. Навуменка. Я чую, як шумяць .. хвоі, як падаюць шышкі, і ногі нячутна ступаюць па мяккай слізгоце шыпулек. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́крядь прост.

1. (дождливая погода) макрэ́ча, -чы ж.; (слякоть) сло́та, -ты ж., слата́, -ты́ ж.; (сырость) макрата́, -ты́ ж., вільго́тнасць, -ці ж.;

2. (о чём-л. мокром, влажном) макрэ́ча, -чы ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Макрыя́ць, макрая́дзь ’слата, непагадзь, макрэча’ (Др.-Падб., мядз., Нар. словатв., Крыў., Дзіс.) < макрыя́дзь; краснап. макрае́ддзе ’тс’ (Лемц. дыс.). Аформлена паводле макра́дзь (гл.), аднак застаецца няясным ‑ы‑. Да мокры (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ча ’маленькія рыбкі’ (бых., Мат. АС). Скарочаны варыянт з мале́ча (гл.).

Мача́ ’вадкасць, якая выдзяляецца ныркамі’ (ТСБМ), ’слата, макрэча’ (Нас.). Укр. міч, рус. моча, ст.-рус. моча ’дажджлівае надвор’е’, ц.-слав. моча ’балота’, мочь ’мача’, польск. mocz, в.-луж. moč, чэш., славац. moč, славен. móća ’вільгаць; мача; нягода’, серб.-харв. мо́чамакрэча’, ’мокрадзь’, ’вільготнае надвор’е, золь’, ’намочаны кавалак хлеба’, макед., балг. моч ’мача’. Прасл. mokja > moča. Да мокры (гл.). Сюды ж мачавы́ (ТСБМ), мачаві́к ’мачавы пузыр’ (навагр., Сл. ПЗБ), мачаві́на ’прадукт бялковага абмену’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мокрота́ разг.

1. (свойство, состояние мокрого) макрата́, -ты́ ж.; макрэ́дзь, -дзі (влажность) вільго́тнасць, -ці ж.;

2. (о дожде, о мокром снеге) макрата́, -ты́ ж., макрэ́ча, -чы ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сло́та, ‑ы, ДМ слоце і слата́, ‑ы, ДМ слаце, ж.

1. Сырое надвор’е з дажджом і мокрым снегам. Прыйшла восень з дажджамі, слотай, а перамогі ўсё не было. Пальчэўскі. Здавалася, што кожны тэлеграфны слуп пры шляху гудзе бесперапынна: і нудна, клічучы вятры і непагадзь, асеннюю слату і холад. Чарнышэвіч. У зімнюю завіруху і ў асеннюю слоту стаяў ён [дзядзька Яўтух], узіраючыся ў густую цемру, у сіняваты змрок, у туманнае ранне. Бялевіч. Ды і самі вуліцы, асабліва ў веснавое разводдзе ці асеннюю слату, .. танулі ў балоце. Мележ. // Вільгаць, макрэча. Асенні снег доўга не трывае — прыбаўляе слаты. Навуменка. І, разагрэты шпаркаю хадою па слоце каламутных каляін, шапчу... рыфмую з шолахам ялін смак цыгарэт і водар сырадою... Федзюковіч. / у паэт. ужыв. Пражыў на свеце многа: Вёз нечага сто год. За век пабачыў гора, Нямала вынес слот. Жылка.

2. м. і ж.; перан. Пра чалавека, які надакучае, прыстае. [Бабуля:] — Адчапіся, слата, у горле перасохла. Прадзі вось лепш, а то будзе бацька без кашулі. Брыль.

•••

Вязацца слатою (слотаю) гл. вязацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пярэ́слюга (пырэ́слюга) ’грузкая мясціна’ (кам., ЖНС), укр. переслю́га ’паласа, смуга, лінія’. Сюды ж, магчыма, харв. prȅslijež ’даліна паміж двух узгоркаў’. Няясна. Аўтары ЕСУМ (4, 346–347) звязваюць украінскае слова, а таксама укр. переслю́гуватий, перешлю́говатий ’няроўнамерны; з прагалінамі; няпоўны’, з слюга́ ’непагадзь, макрэча, слата’, што не здаецца пераканальным; больш верагодная сувязь з лат. sluogsne, sluõksne ’вузкая паласа’. Апошняе дазваляе далучыць сюды і рус. переслёга, пересле́жина ’брак у пражы’ (’тонкае месца ў пражы’?), славен. preslẹ̑gast ’з прасветамі, няроўнамерна размеркаваны’, preslegasto platno ’працёртае палатно, у якім відаць ніткі’, сувязь якіх з папярэднімі не здаецца відавочнай. Адносна апошніх гл. Фасмер, 3, 239. Бязлай (3, 115) далучае сюды і рус. пересле́га ’перакладзіна ў страсе’ і рэканструюе прасл. *per‑slěg‑ (*per‑sъlěg‑), што да *leg‑ti (гл. ляжаць, лажбіна)). Скок (3, 35) харвацкае слова ўзводзіць да *pręslo (гл. прасла), што ў выпадку абгрунтаванасці гэтай версіі выводзіць яго за межы ўсходнеславянскіх геаграфічных тэрмінаў. Параўн., аднак, балг. дыял. прешлу́га ’тоўстае месца на нітцы’, прешлю́га ’хвошч’, прешлю́гав ’няроўна спрадзены’, якія БЕР (5, 671) узводзіць да *pręsti (гл. прасці), што малаверагодна пры ідэнтыфікацыі названых слоў з адпаведнымі ўсходнеславянскімі (балг. пре‑ = рус. пере‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пля́га1, пля́ґа ’слота’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ; гродз., пруж., ЛА, 2), плягота ’тс’ (ЛА, 2), ’мокры снег’ (гродз., З нар. сл.). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 4, 22), — з літ. pliaugà ’слата’. Аднак не выключана таксама запазычанне з польск. flaga ’слота, непагадзь’, ці з дыял. plaga ’хлюпота, слата’, якое Банькоўскі (2, 596) выводзіць з рэгіянальнага паўн.-ням. flage ’тс’. Сюды ж: кантамінаваныя сінонімы — плехота, плюхота ’слата’ (ЛА, 2), а таксама пля́жыць, пля́жыты, пле́жытэ ’ліць як з вядра, ісці няспынна’ (воран., Сл. ПЗБ; кобр., стол., драг., Сл. Брэс.).

Пляга2 ’ўдар розгай’ (Нас.), ’кара, пакаранне’ (Нас.; Шат.; барыс., Шн. 2). Сярэднявечнае школьна-кляштарнае запазычанне ў польск. мову з лац. plāga ’ўдар, выцятае месца’ < plāgo, ‑āre ’біць, хвастаць, лупцаваць’ (ці з plangere ’ўдарыць з трэскам’), запазычаных са ст.-грэч. дар. πλᾱγά, іяніч. πληγή ’удар’, ’рана ад удару’, ’няшчасце, якое пасылаецца лёсам’ (Банькоўскі, 2, 596), з польск. мовы пранікла на Беларусь. Сюды ж: пля́жыць, спля́жыць ’вынішчыць’, ’збіць, пабіць’, ’затаптаць’, ’секчы з размаху, моцна біць, глуміць’ (ТСБМ, Шат., Нас.; сміл., Стан.), ’разбіваць’ (рагач., Сл. ПЗБ), ’палоць’ (акц., Мат. Гом.), ’працаваць многа, напружана’ (Нар. Гом.), а таксама пля́жма: “Я пля́жма ворага крышу…” (Хадыка).

Пляга3 ’няшчасце, бяда’ (воран., ашм., іўеў., пін., Сл. ПЗБ; Бір.), ’зараза, навала’ (пін., Нар. лекс.), пляга яго ведае! = ліха яго ведае (чырв., З нар. сл.). Ст.-бел. плякга, плакга, пляга, флякга ’няшчасце; навала’ са ст.-польск. plaga ’тс’, якое з лац. plāga ’пакуты, няшчасце’, ’бедства’. Гл. таксама папярэдняе слова.

Пля́га4 ’рана ў мазалях’ (Чуд.). Са ст.-польск. plaga ’рана’, не выключана развіццё семантыкі з пляга2 (гл.): параўн. макед. дыял. пля́га ’рана’, што выводзіцца з алб. plágë ці рум. plágă ’тс’ (< лац. plaga), гл. БЕР, 5, 387.

Пля́га5, пляґа ’слізь пры адхаркванні, макрота’ (слонім., Нар. лекс.: зэльв., Сцяшк. Сл.; карэліц., іўеў., Сл. ПЗБ), пля́га/сма́га ’слізкае рэчыва ў роце хворага’ (Варл.). Са ст.-грэч. φλήγμα ’слізь, макрота’, якое пад уплывам лексемы плягамакрэча’, ’бяда, няшчасце’ набыло адпаведную форму.

Пля́га6 ’бутля, балон’ (Мік., Др.-Падб.), ’бляшанка для адстойвання малака (у калодзежы)’ (лях., Сл. ПЗБ), сюды ж пля́жка, пляшка ’бутэлька’ (ТС), ’салдацкая біклага’ (барыс., круп., бярэз., любан., бабр., ЛА, 5). Ст.-бел. пляша, фляша, хвляша ’бутэлька, пляшка’ (1538 г.) запазычаны са ст.-польск. flasza, якое з с.-в.-ням. vlasche (Булыка, Лекс. запазыч., 102) < flechten ’плясці’ — першапачаткова бутэлькі спляталіся з лыка, пазней для шчыльнасці вымазваліся глінай і абпальваліся ў печы, параўн. славен. pleténka ’аплеценая бутэлька’. Форма пляга, відаць, — з пля́жка (шляхам рэдэрывацыі), а апошняе — з фляшка (Брукнер, 123; Праабражэнскі, 2, 78; Фасмер, 4, 200).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)