НІ́ШЧА,

рака ў Пскоўскай вобл. (Расія) і Расонскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Дрыса (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 85 км, у т. л. на Беларусі 68 км. Пл. вадазбору 1380 км². Выцякае з воз. Нішча (Себежскі р-н), цячэ па Полацкай нізіне, вусце за 1 км на З ад в. Кульнёва. Асн. прытокі: Чарапяціца, Люці, Вельніца (злева), Хонка, ручай Галавач (справа). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 100—200 м. Пойма часцей двухбаковая, чаргуецца па берагах, у сярэднім і ніжнім цячэнні месцамі адсутнічае. Рэчышча звілістае, шыр. 25—30 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у 1-й дэкадзе красавіка. Веснавы ледаход 2 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9,7 м³/с. У ніжнім цячэнні рака зарэгулявана Клясціцкім вадасховішчам.

т. 11, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТА́,

рака ў Шклоўскім, Магілёўскім, Чавускім і Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Проня (бас. р. Дняпро). Даўж. 100 км, пл. вадазбору 1290 км². Пачынаецца каля в. Аляксандраўка Шклоўскага р-на, вусце за 2 км на ПдУ ад в. Харанеў Слаўгарадскага р-на. Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Асн. прытокі: Рудзея, Будлянка, Хоцінка (справа), Плясна, Вілейка (злева). Даліна добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, трапецападобная, шыр. 0,6—1 км. Схілы спадзістыя, умерана стромкія, часам стромкія, выш. 10—15 м, парэзаныя. Пойма двухбаковая, слабазабалочаная, у ніжнім цячэнні ўзгорыстая, парэзаная ручаямі і меліярац. каналамі, шыр. 300—400 м. Рэчышча свабодна меандруе, умерана звілістае, трапляюцца невял. астравы і парогі. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя, выш. 0,8—1,5 м.

Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 68% гадавога сцёку. Найвыш. ўзровень разводдзя ў пач. крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 2,3—3,2 м. Замярзае ў пач. снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход 5 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 6,8 м³/с. Р. — водапрыёмнік меліярац. сістэм. На рацэ вадасх. Зарэсце.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 13, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НА,

рака ў Іванаўскім і Пінскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 2460 км². Пачынаецца каля в. Пераруб Іванаўскага р-на (паводле інш. звестак — каля в. Дубай Пінскага р-на з даўж. рэчышча 27 км), вусце ў межах г. Пінск. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: канавы Выценская, Таўкачыха, Кобельская, без назвы каля в. Хамічава (справа), рэкі Струга, Няслуха, Піліпаўка (злева). На тэр. вадазбору пад азёрамі 1% (найб. Пясчанае, Скорань, Завішчанскае), пад балотамі і забалочанымі землямі 31%, пад лесам 28%, разарана 25%. Даліна слабавыразная. Рэчышча слабазвілістае, шыр. 30—40 м. У выніку каналізацыі лукавіны выпрастаны, рэчышча паглыблена на перакатах. Берагі нізкія, стромкія, выш. 1—1,5 м, складзеныя з пясчаных і тарфяністых грунтоў, месцамі насыпаныя. Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое.

Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,6 м³/с. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 50% гадавога сцёку. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да 2-й пал. сакавіка. Веснавы ледаход 4 сут. Сярэдняя вышыня найб. ўзроўню веснавога разводдзя над межанным 1,8 м, воднасць ракі падтрымліваецца перакідам часткі сцёку з р. Прыпяць праз сістэму Выжаўскага і Белаазерскага каналаў. П. з’яўляецца ч. Дняпроўска-Бугскага канала. Суднаходная. У сутоках П. і Прыпяці г. Пінск (порт).

А.​А.​Макарэвіч.

т. 12, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кры́га

1. Сухая і цвёрдая глыба зямлі на раллі (Нясв., Слаўг.).

2. Вялікая льдзіна на рацэ (БРС).

3. Ледаход на рацэ (Дзятлавіцкая вол. Гом. пав. Радч., стар. XI). Тое ж крыгалом (Слаўг.), крыгоміца, кры́жніца (Касп., Уш.), кры́ж'е (Стол.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПРО́НЯ,

рака ў Віцебскай і Магілёўскай абл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 172 км. Пл. вадазбору 4910 км². Пачынаецца каля в. Ланенка Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., вусце на ўсх. ускраіне г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Цячэ пераважна з Пн на Пд па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Асн. прытокі: Галыша, Бася, Раста (справа), Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Кашанка (злева). Даліна слабазвілістая, добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, скрынкападобная, у вярхоўі невыразная, шыр. ад 0,4—0,6 км у верхнім цячэнні да 1—2 км у ніжнім. Схілы стромкія, часам абрывістыя, выш. ад 3 да 20 м, значна парэзаны ярамі, асабліва каля гарадоў Горкі і Слаўгарад. Ніжэй вусця р. Бася трапляюцца невял. тэрасы. Пойма роўная, двухбаковая, лугавая, шыр. 0,25—0,5 км, у вусці 0,8—1,2 км (на асобных участках звужаецца да 80 м), ніжэй вусця р. Быстрая пашыраецца да 3,8 км. Рэчышча каналізаванае на працягу 19 км: ад вытоку да вусця р. Пнёўка (15 км) і ад паўд. ускраіны г. Горкі ўніз па цячэнню (4 км), на астатнім працягу звілістае або моцна звілістае, каля г. Горкі разгаліноўваецца на некалькі рукавоў. Шыр. ракі 15—20 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 50 м. Берагі пераважна стромкія, абрывістыя, у верхнім цячэнні нізкія і забалочаныя, адкрытыя, выш. 1—1,5 м, на асобных участках да 7 км. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 26,8 м³/с. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да канца сакавіка. Веснавы ледаход 3—5 сут. Веснавое разводдзе доўжыцца каля 50 дзён. Найб. ўзровень разводдзя звычайна ў пач. крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем каля 3 м. Летне-асенняя межань (каля 5 мес) амаль кожны год 2—4 разы за сезон парушаецца дажджавымі паводкамі працягласцю 5—20 сут і выш. 0,5—1,5 м. П. выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. На рацэ гарады: Горкі (пры ўпадзенні р. Парасіца) і Слаўгарад (пры ўпадзенні П. ў р. Сож).

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Проня.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЗІНА, Беразіна,

рака ў Беларусі, у Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, правы прыток Дняпра. Даўж. 613 км. Пл. вадазбору 24,5 тыс. км². Пачынаецца на ПдЗ ад г. Докшыцы. Асн. прытокі: Гайна, Пліса, Уша, Уса, Свіслач (справа), Сха, Бобр, Клява, Ольса, Ала (злева).

Агульная даўж. рачной сістэмы Бярэзіны (425 рэк) 8490 км. Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Бярэзіны падзяляецца на З участкі: верхні (ад вытоку да вусця Гайны, 168 км), сярэдні (паміж вусцямі Гайны і Свіслачы, 205 км), ніжні (ад упадзення Свіслачы да вусця, 240 км). У верхнім цячэнні рака працякае праз Бярэзінскі біясферны запаведнік, перасякае азёры Медзазол і Палік.

Даліна невыразная, амаль на ўсім працягу зліваецца з прылеглай забалочанай і аблесенай мясцовасцю. Пойма забалочаная, куп’істая, шыр. 500 м — 6 км. У разводдзе затапляецца на глыб. да 3 м. Рэчышча моцназвілістае, багатае пратокамі, невял. пясчанымі астравамі. Шыр. да 60 м. Берагі пясчаныя, забалочаныя. У сярэднім цячэнні даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—3 км. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя (выш. 10—35 м), парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, пад лесам і хмызняком. Каля падэшвы схілаў багатыя выхады грунтавых водаў. Пойма да вусця Бабра левабярэжная, ніжэй двухбаковая, шыр. 1,5—2 км, хмызнякова-лугавая. У разводдзе затапляецца на глыб. 0,5—3 м ад 10—20 сут да 1,5—2 месяцаў. Рэчышча звілістае, разгалінаванае. Шыр. ракі 60—300 м. Берагі стромкія, выш. 1—2 м. Ніжэй упадзення Свіслачы і да вусця даліна пераважна трапецападобная, шыр. ад 300 м да 8 км. Схілы стромкія, выш. да 25 м, парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў. Пойма вельмі забалочаная, куп’істая, пераважна левабярэжная, радзей двухбаковая, шыр. 1,5—5 км. У разводдзе затапляецца на глыб. каля 3,5 м да 1,5 месяца. Рэчышча звілістае, шмат плаўных лукавін, водмеляў, заліваў, рукавоў, старыц і поймавых азёр. Шыр. ракі 80—130 м. Берагі ад спадзістых да абрывістых, выш. ад 1—2 м да 15 м. Асаблівасць воднага рэжыму Бярэзіны — высокія паводкі позняй восенню і спад іх у перыяд ледаставу. Значная прыродная зарэгуляванасць сцёку. Веснавое разводдзе звычайна праходзіць адной, пры зацяжным снегараставанні — некалькімі хвалямі.

Пад’ём узроўню (працягласць 20—30 сут) пачынаецца з сярэдзіны сак., сярэдняя выш. 2,3—3,4 м над межанным узроўнем, найб. 4,8 м (у нізоўі). Прабег хвалі разводдзя ад вытоку да вусця на працягу 8 сут. Спад узроўню ў вярхоўі 30—40 сут, у ніжнім цячэнні да 2 месяцаў. Замярзае Бярэзіна ў 1-й пал. снеж., крыгалом пачынаецца ў канцы сакавіка. Веснавы ледаход 4—7 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 142 м³/с. Суднаходства ад в. Броды Барысаўскага р-на (494 км ад вусця). Лесасплаў. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. Каналізавана 12,8 км рэчышча ў вярхоўі. На рацэ гарады Барысаў, Беразіно, Бабруйск, Светлагорск; у маляўнічых мясцінах зоны адпачынку Беразіно, Асіповічы, Дроздзіна, Прырэчча і інш. Курорты Бабруйск і Горваль.

Рака Бярэзіна ў сярэднім цячэнні.

т. 3, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ПЯЦЬ,

рака на тэр. Украіны і Беларусі, правы прыток р. Дняпро. Даўж. 761 км, пл. вадазбору 121 тыс. км² (у межах Беларусі адпаведна 500 км і 51,4 тыс. км²). Пачынаецца на крайнім 3 Укр. Палесся, за 1 км на ПдУ ад в. Галядзін Любомльскага р-на Валынскай вобл. Цячэ пераважна з 3 на У уздоўж Прыпяцкай нізіны, на працягу 204 км па Украіне, 500 км па Беларусі і астатнія 57 км зноў па Украіне. Упадае ў Кіеўскае вадасх. Асн. прытокі: Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа (злева); Тур’я, Стаход (на тэр. Украіны), Стыр, Гарынь Сцвіга, Убарць, Славечна (справа). Большасць прытокаў поўнасцю або часткова каналізаваная. Даліна слабавыразная, шыр. да 70—75 км; каля Мазырскай грады трапецападобнай формы, звужаецца да 5 км. Схілы ад вытоку да р. Бобрык 1-ы вельмі спадзістыя, выш. 8—30 м, каля г. Мазыр выш. правага схілу 35—50 м. Пойма развітая на ўсім працягу ракі, шыр. каля воз. Любязь (Валынская вобл.) 2—6 км, ніжэй у вусці Піны і Гарыні 16—18 км, у вусці Сцвігі 8—9 км, уздоўж Мазырскай грады звужаецца да 1 км, далей пашыраецца да 9 км. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе, шмат нізкіх пясчаных астравоў, старарэччаў, заліваў. Ніжэй вусця р. Тур’я гідравузел, адкуль падаецца вада ў Белаазерскі канал для жыўлення Дняпроўска-Бугскага канала. Ніжэй гідравузла на невял. працягу рэчышча месцамі перасыхае і ператвараецца ў азёрападобныя плёсы. Шыр. ракі ад вытоку да вусця р. Стаход 4—15 м, ніжэй па цячэнні 50—70 м, у нізоўі 100—250 м, пры ўпадзенні ў Кіеўскае вадасх. 4—5 км; да вусця р. Бобрык 1-ы рэчышча месцамі абвалаванае. Дно пясчанае і пясчана-ілістае. Берагі ад спадзістых да стромкіх, на лукавінах абрывістыя, выш. ад 0,3 да 3 м, у вусці мясцінамі да 8—15 м; у сярэднім цячэнні прыродныя берагавыя валы выш. да 1,5 м. Ледастаў з 1-й пал. снеж., да канца сак. У некат. цёплыя зімы ледастаў адсутнічае. Веснавы ледаход 4—8 сут. Асаблівасць гідралагічнага рэжыму ракі — расцягнутае веснавое разводдзе (амаль 4 месяцы з 2-й дэкады сак.) кароткачасовая (100—200 сут.) летняя межань, якая парушаецца дажджавымі паводкамі і амаль штогоднімі восеньскімі пад’ёмамі ўзроўню вады. Макс. ўзроўні вады ў 1-й пал. красавіка. Выш. пад’ёму ў верхнім цячэнні да 2 м, у сярэднім і ніжнім да 5 м, у межах вузкай поймы (каля Мазыра) да 7 м. Самыя нізкія ўзроўні летне-асенняй межані назіраюцца ў вер.кастр., пры дажджавых паводках павышаюцца на 3—5 м, узроўні зімовай межані больш устойлівыя (на 0,5—1 м вышэй летне-асенняй), пры адлігах павышаюцца на 3 м. Сярэднегадавы расход вады каля г.п. Тураў 264 м³/с, у вусці 450 м³/с. Суднаходная на ўсёй тэр. Беларусі. Злучана Дняпроўска-Бугскім каналам з р. Мухавец (бас. р. Зах. Буг), Агінскім каналам (не дзейнічае) — з р. Нёман, Мікашэвіцкім каналам — з рачным портам Мікашэвічы. На рацэ порты (Пінск, Мазыр), прыстані (Тураў, Петрыкаў, Нароўля, Чарнобыль). У сярэднім цячэнні П. створаны нац. парк Прыпяцкі, у ніжнім — Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

А.​А.​Макарэвіч.

Порт Мазыр на р. Прыпяць.

т. 13, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сала́, со́лка ’востраў сярод ракі, пакрыты лазой і кустамі’, ’камяністы выступ сярод рэчкі’ (іўеў., Арашонкава і інш., БЛ, 3, 45), сала́ ’водмель, востраў’, ’узвышанае месца сярод балота’ (іўеў., віл., швянч., Сл. ПЗБ). З літ. salá ’востраў’; гл. Арашонкава і інш. у названай крыніцы; Сл. ПЗБ, 4, 350.

Са́ла1 ’тлушчавае адкладанне ў целе жывёльнага арганізма’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., ТС, Нар. сл.), ’сала, здор’ (Сл. ПЗБ), ’курыны тлушч’ (Жд. 1), ’гусіны тлушч’ (Мат. Гом.), ’мясістая абалонка ў гарбузе’ (навагр., З нар. сл.), ’белая сарцавіна камыша’ (жлоб., Кошчанка, вусн. паведамл.), салны́ця ’унутранае сала’ (Сл. Брэс.). Агульнаславянскае; рус. са́ло ’сала, нутранае сала’, укр. са́ло ’сала; здор’, стараж.-рус. сало, польск. sadło ’нутраны тлушч наогул’, в.-луж. sadło ’топленае сала, тлушч’, н.-луж. sadło ’нутраны тлушч, сала’, чэш. sádlo ’від жывёльнага тлушчу’, славац. sadlo ’тс’, серб.-харв. са̏ло ’нутраны тлушч, свіны тлушч’, славен. sál̥o ’нутраны тлушч’, балг. са́ло ’нутраны тлушч’, ’мяккая тканка вакол насення ў гарбузе, перцы і г. д.’, макед. са́ло ’свіны тлушч; нутраны тлушч’. Прасл. *sadlo. Дэрыват ад кораня *sad‑ (які ў *saditi ’садзіць’), г. зн. ’тое, што садзіцца на мяса або на нейкія часткі цела’; гл. Міклашыч, 287; Мацэнауэр, LF, 19, 244; Младэнаў, 567; Брандт, РФВ 24, 145; Фасмер, 3, 550; Шустар-Шэўц, 2, 1263; Борысь, 537. Сумненні адносна словаўтварэння ў Махэка₂ (535), які праславянскай лічыць форму *sadidlo, і Рэйзака (558); апошні лічыць магчымым утварэнне слав. слова ад і.-е. sa‑ ’сыціць’. Аналагічна Сной₁, 552. Мартынаў (Этимология–1982, 9) параўноўвае з прус. saltan ’сала’, літ. lašiniai ’сала’, марфалагічна тоесных слав. *sadlo, але фанетыку кораня цяжка давесці.

Са́ла2 ’бома для прыціскання бервяна на козлах’ (дзісн., КЭС), ’рычаг (цяжкае бервяно)’ (нараўл., Сл. ПЗБ), ’груз на калодзежным жураўлі’ (Сл. Брэс.). Да сала1. Калька літ. lašinai ’сала’, ’палка або чурбан для прыціскання дошак’.

Сала3 ’«жалезныя свечы» на аржавенні-вадзе, дзе шмат жалезных спалучэнняў’ (Нік. Очерки). Да сала1 (гл.).

Са́ла4ледаход’ (Байк. і Некр.). Да сала1, параўн. рус. са́ло ’першая корка лёду’; гл. Фасмер, 3, 550.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)