УСА́,

рака ў Дзяржынскім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 115 км, пл. вадазбору 1345 км². Пачынаецца за 800 м на З ад в. Шышкі Дзяржынскага р-на, цячэ па паўд. схілах Мінскага ўзв. і Стаўбцоўскай раўніне, вусце за 500 м на У ад в. Пад’ельнікі Уздзенскага р-на. Асн. прытокі: Вязенская, Рапуса, Уздзянка (злева), Ператуць (справа). Даліна звілістая, у верхняй ч. V-падобная (шыр. 300—500 м), ніжэй трапецападобная, пашыраецца да 2 км. Схілы сярэдне стромкія і спадзістыя, выш. 20—30 м у вярхоўі, да вусця паніжаюцца да 6 м. Пойма двухбаковая, роўная, лугавая, шыр. 200—600 м, ніжэй упадзення р. Уздзянка 1—2 км, забалочаная, парэзана старыцамі і асушальнымі каналамі. Рэчышча звілістае і моцназвілістае, у вярхоўі на працягу 5,5 км каналізаванае. Шыр. ракі 7—10 м, берагі стромкія і абрывістыя, у вярхоўі забалочаныя, у вытоку і сярэднім цячэнні месцамі абвалаваныя. Ледастаў ад сярэдзіны снеж. да сярэдзіны сакавіка. Веснавы ледаход 4—6 сут. На веснавое разводдзе прыпадае 45% гадавога сцёку. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 6,3 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. СІСТЭМ.

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Уса каля в. Сямёнавічы Уздзенскага р-на Мінскай вобл.

т. 16, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)