Ясольда, рака ў Бярозаўскім, Драгічынскім, Іванаўскім, Пінскім і Пружанскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць (бас.р. Дняпро). Даўж. 250 км, пл. вадазбору 7790 км². Пачынаецца з Дзікага балота меліярац. каналам за 4 км на Пн ад в. Клепачы Пружанскага р-на, вусце каля в. Качановічы Пінскага р-на. Цячэ ў вярхоўі па Прыбугскай раўніне, далей па нізіне Прыпяцкага Палесся праз азёры Спораўскае і Мотальскае. Асн. прытокі: канал Вінец (справа), Жыгулянка, Агінскі канал (злева). Густата рачной сеткі 0,47 км/км². Даліна невыразная, месцамі трапецападобная, шыр. 2—4 км, найб.шыр. 6—8 км. Схілы спадзістыя, выш. 2—8 м, парэзаныя сеткай асушальных каналаў, далінамі дробных рэк і ручаёў. Пойма двухбаковая, забалочаная, куп’істая, каля рэчышча павышаецца; у сярэднім цячэнні шыр. 0,8—1,2 км, у ніжнім 1,5—6 км. У разводдзе затапляецца на тэрмін ад 2 да 4 месяцаў на глыб. 0,7—1,5 м; шыр. разліву ў вусці да 30 км. Рэчышча ад вытоку на працягу 39,1 км і на тэр. Бярозаўскага р-на ад в. Сялец да в. Стрыгін на працягу 15 км каналізаванае. На неканалізаваных участках рэчышча звілістае і моцназвілістае, шыр. 10—40 м, найб. 80 м (каля в. Купяцічы Пінскага р-на). Берагі нізкія, забалочаныя, пасля ўпадзення р. Жыгулянка стромкія, месцамі абвалаваныя, выш. да 1 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 50% гадавога сцёку. Веснавое разводдзе з канца сак. да 1-й паловы мая (звычайна 75 сут, часам да 115 сут). Сярэдняя выш. пад’ёму над межанным узроўнем ад 1,5—1,7 м у вярхоўі да 2,5 м у ніжнім цячэнні, найб. адпаведна 1,7 і 3,1 м. Працягласць летне-асенняй межані ад 3 да 6,5 мес. Зімовая межань параўнальна ўстойлівая, у асобныя гады ўзроўні зімовых паводак перавышаюць узроўні веснавога разводдзя. Замярзае ў пачатку снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход 2—3 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 35,8 м³/с, найб. каля в. Сінін Пінскага р-на 573 м³/с (1958), найменшы 1,36 м³/с (1956). Я. ўваходзіць у водную сістэму, якая злучае басейны рэк Прыпяць і Нёман Агінскім каналам. У пойме Я. наліўное вадасх. Сялец. Рака суднаходная ад вусця да моста на дарозе Пінск—Лагішын. Водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ г. Бяроза.