Куцо́бка1кульба’ (Мат. Гом.). Да куцы (гл.). Параўн. куцобки2.

Куцо́бка2 ’кукса’ (Юрч.). Да куцы (гл.). Суфіксацыя на ‑оба (як худы > худоба) (Сцяцко, Афікс. наз., 119). Суфікс ‑ка з памяншальнай семантыкай.

Куцо́бка3 ’куцы, нізкарослы’ (Бяльк.). Да куцобка2 (гл.). Гл. куцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Како́ўка ’папярочка на дзержаку рыдлёўкі, віл’ (касцюк., ушац., Жыв. сл.). Бел. слова з’яўляецца або пранікненнем з рус. гаворак (пра што сведчыць і значэнне слова, магчыма, тэрміналагічнае), або агульнага паходжання з рус. лексікай. У рус. кокова ’палка з крывым верхнім канцом, кульба’, цвяр., наўг. ’мыліца’, ’качарга’, валаг. ’верацяно з намотанай не да канца пражай’, ’кончык носа’, алан. коковка ’загнуты верхні канец палкі, кульбы’, наўг. і інш. ’палка з крывым верхнім канцом’, кастр., варонеж. ’паліца, доўбня’, цвяр., наўг. ’мыліца’, ’качарга’, цвяр. ’акруглы край верацяна і інш.’, ніжнегар. ’клубок нітак па кароткай палцы’ і мн. інш. Рус. коковка ў слоўніку Фасмера не праэтымалагізавана. Да бел. і рус. лексем паралелей быццам бы няма. Этымалагічна слова вельмі няяснае. Можна меркаваць аб чляненні ko‑koba, як аб інавацыі ў некаторых рус. і адпаведнай бел. гаворцы. Па ўтварэнню гэта структура магла быць з рэдуплікаваным першым складам. Другую частку можна параўнаць з адзначаным у Даля рус. наўг. кова ’кол, пень, паля’. Магчыма, сюды можна аднесці бел. кавеня, укр. ковінька ’палка з загнутым канцом, кульба’, ковизакульба’, аднак няяснае словаўтварэнне лексемы. Далей, сюды і рус. закавыка, ковыка. Але ковыка ў СРНГ толькі ў значэнні ’нейкая расліна’. Словаўтварэнне не вельмі яснае: ‑ов‑ прыметнікавы фармант, які ў выніку перараскладання ўвайшоў у састаў складанага суфікса. Звяртае на сябе ўвагу і тое, што семантыка такіх утварэнняў, як рус. кокова, кокора, кокот, кокотышка, кошка, кука і пад., не выключае магчымасці неаднаразовага збліжэння гэтых лексем, што можа выклікаць трансфармацыю як формы, так і семантыкі, або наогул прывесці да генерацыі кантамінаванай формы. Магчыма, разглядаемае слова з’яўляецца вынікам такіх збліжэнняў і трансфармацый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Krücke

f -, -n мы́ліца, ку́льба

an [auf] ~n ghen* — хадзі́ць на мы́ліцах

◊ auf frmden ~n ghen* — не ўме́ць абыхо́дзіцца без чужо́й дапамо́гі, жыць чужы́м ро́зумам

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

кій, кіёк, палка / з загнутым уверсе канцом: кульба, кульбака, крывуля, посах; кавенька, сукаванка (разм.); стэк (спарт.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

праляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце, ‑ляцяць; зак.

1. Лецячы, перамясціцца. З рэзкім посвістам крылаў праляцела чародка качак. Асіпенка. Міма нас са звонам праляцела пчала. Пестрак. // што. Лецячы, пераадолець якую‑н. адлегласць. Самалёт праляцеў тысячу кіламетраў. □ Птушка з часу кальцавання да таго моманту, калі яе злавілі на судне.. праляцела звыш 16000 кіламетраў. Матрунёнак. // Пранесціся ў паветры (аб прадметах). Над галовамі праляцеў з завываннем снарад, які пакрыў праціўніка. Гурскі. Калі ж яго кульба часам з посвістам праляціць каля маіх вушэй, не пацэліўшы, тады гаспадар давяршае справу папружкай. Бажко. // перан. Разнесціся, распаўсюдзіцца (пра гукі, чуткі і пад.). Шум праляцеў ад сцяны да сцяны, і клас затоена прыціх. Гамолка. І ўсе ў вёсцы жахнуліся і насцярожыліся, калі маланкаю праляцела чутка, што цётка Хрысціна адмовілася карміць немцаў. Шамякін. // Лецячы, прайсці, пранікнуць куды‑н. Камень праляцеў у акно. □ І бачу між платоў закутак, Дзе нават чмель не праляціць. Пысін.

2. Хутка праехаць, прайсці, прамчацца. Па шашы праляцела адна за адной некалькі легкавых машын. Хомчанка. Як віхор, праляцела па двары Алеся. Васілевіч.

3. перан. Мільгануць, пранесціся (пра думкі, меркаванні і пад.). За гэтае імгненне ў галаве Андрэя праляцела столькі думак і здагадак. «Беларусь». Усе гэтыя меркаванні праляцелі ў Сымонавай галаве за адну хвіліну. Чарнышэвіч.

4. Хутка, непрыкметна прайсці, мінуць (пра час). У клопатах і працы шпарка праляцелі пяць дзён. Маўр. Час, які аставаўся да заканчэння школы, праляцеў як у сне. Вітка. У размове, у чаканні Мішэля мы і не заўважылі, як прамільгнула, праляцела не такая ўжо і кароткая маёвая ноч. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Какту́н ’нараст на дрэве’ (Бяльк.). Статус слова няясны (адзіная фіксацыя на бел. моўнай тэрыторыі, адсутнасць паралелей і бел. адпаведнікаў), што не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб прыналежнасці лексемы да бел. мовы. Разглядаючы ‑ун як суфіксальнае, можна выдзеліць аснову какт‑ (кокт) і суаднесці яе з рус. кокта і какта ’дрэва, вывернутае з коранем цячэннем і выкінутае на водмель або якое завязла на дне рэчкі’ (валаг.). Іншыя значэнні рус. лексем (’частка сахі’, ’дрэўка ў брадніку’ і інш.) дазваляюць меркаваць, што гэтыя словы частковыя сінонімы да кокора і пад., для якога значэнні ’патаўшчэнне’, ’нараст’ з’яўляюцца натуральнымі. Можна меркаваць, што слоўнікі не адзначылі ўсіх семем для рус. кокта, у прыватнасці, такіх, як ’сук’, ’парастак’, ’нараст’. Рус. дыял. конта можна разглядаць і як двухсэнсоўны прыклад аналагічны кокот, г. зн. лексемы або ўскосна, або, магчыма, і генетычна суадносяцца з назвамі курыцы або пеўня. У першым выпадку ўскосная сувязь разумеецца як ад’ідэацыя, суаднясенне тэрміна з назвай птушкі і пашырэнне або трансфармацыя семантыкі ў выніку гэтага. Вельмі двухсэнсоўныя прыклады: рус. кокот (магчыма, як ’певень’, у Афанасьева, арханг.), ’вілы з двума жалезнымі тачкамі’, ’разгалінаваны сук, вялікая галіна’, наўг. кокта ’курыца, кульба, малая какора на сялянскай страсе’, пск., асташк цвяр. коктиться ’ўладкоўвацца зручней, усесціся, улегчыся’, кочет ’певень’ і ’ручка ў касільна’, кочетина ’вялікі певень’ і ’жэрдкі або дрэва, загнутыя з аднаго боку або з часткай кораня, якія ўтрымліваюць салому на даху’, куричина ’жэрдка з загнутым канцом’, ’дышаль сахі’, магчыма, і арханг. курка ’губа на дрэве’ (хоць апошняе, магчыма, да курить ’дыміць’) і да т. п. Калі дапусціць, што дэрываты ад кокш‑ могуць суадносіцца з назвай курыцы, можна меркаваць, што значэнне ’нараст’ для такога заоніма не з’яўляецца незвычайным; ва ўсякім разе можна прыгадаць балг. дыял. кокошинец ’мазоль, бародаўка’, кокоши трън ’тс’. Гэта, аднак, вельмі няпэўныя меркаванні. Да магчымай формы кокша ’курыца’ параўн. серб.-харв. кокша (прыклад вельмі ненадзейны, не выключана, што ўтвораны як рыфмаваная структура на базе іншай, параўн. RHSJ, 5, 175): нам, аднак, гэты прыклад важны як магчымая словаўтваральная паралель да рус. лексікі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

kij

м.

1. кій, палка; кульба;

kij bilardowy — більярдны кій;

2. ~e мн. біццё, лупцоўка;

dostać ~e — атрымаць палкі; быць пабітым палкай;

skazać kogo na ~e гіст. прысудзіць каго да пакарання палкамі;

nie ~em, to pałką — не кіем, дык палкаю;

jakby kij połknął — нібы аршын праглынуў;

kij ma dwa końce — палка з двума канцамі;

kto chce psa uderzyć, zawsze kij znajdzie прык. хто захоча сабаку выцяць, кій заўсёды знойдзе

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Какалю́ка ’кій з самаробнай папярочкай’ (Дразд.). Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Бел. слова знаходзіцца ў празрыстай сувязі з клюка ’тс’, параўн. рус., укр. клюка ’тс’ прасл.: в.-луж. kluka ’крук’, серб.-харв. кљу̏ка ’крук і інш.’ і г. д. Галосны ‑а‑ ў другім складзе ў выніку праяснення прыгуку (у форме каклюка) або, што не выключана, указвае на ўплыў іншай лексемы (тыпу какоўка ’папярочка’). Аналагічнае рус. пск. коколячка ’драўляны цвік, на які вешаюць умывальнік’, аднак відавочна, што калі галосны ‑(j)а‑ тут быў і ў зыходнай лексеме, генезіс яго іншы. Можна думаць, колячка адпавядае таксама пск. колка ’драўляны цвік, на які вешаюць шапкі, рушнікі і да т. п.’, дэмінутыў ад кол, параўн. бран., смал., кур. і інш. колок ’драўляны цвік у якасці вешалкі’. Калі гэта так, пск. слова ўтворана хутчэй за ўсё рэдуплікацыяй першага складу.’ Верагодна думаць і пра архетып кляч‑ (кокляч‑), параўн. кастр. клячик ’маленькі клін, драўляны гваздок’, ярасл. ’драўляная палачка, на якой вісіць аўчына, калі яе мнуць’. Пры такім тлумачэнні і бел. і пск. словы, як аналагічныя па ўтварэнню (коклюка, коклячка), можна параўнаць з рус. коклюха ’палка, дубінка’, коклюшка (паўдн.-урал.) ’папярочка ў лапаце’, аднак, рус. паралель патрабуе агаворкі. Па сутнасці, толькі адзінкавыя значэнні рус. коклюха (форма наогул рэдкая), коклюшка суадносяцца з семемамі, адзначанымі ў клюка, клюшка. Параўн. коклюшка ’палкі; рукаятка, верхні канец якой зроблены шыйкай з перахватам; верацяно з пражай; цэўка ў кроснах; карункі; вузел, якім сцягваецца пасярэдзіне перавясла і да т. п.’ і клюка, клюха ’дарожная палка, посах; качарга, крук; палка з загнутым канцом і інш.’, ключка ’невялікая палка або мыліца з загнутым верхнім канцом’, клюшка ’палка з загнутым канцом; качарга; драўляныя жэрдкі з загнутымі канцамі, якія падтрымліваюць латок у даху; дзерава, вырубленае з коранем і інш.’, гл. падрабязней СРНГ, 14, 88–89; 13, 319–320, 326–327. Падобныя недакладнасці вымушаюць сумнявацца ў прапанаваным яшчэ Мацэнаўэрам чляненні ко‑клюха, аднак і для версіі кокл‑юва за адзінкавымі прыкладамі (параўн. астрах. кокляк ’камень, кусок дрэва, качарга і да т. п. на дне рэчкі, за якія можа зачапіцца вудачка’) нельга знайсці падтрымку. Старыя параўнанні Праабражэнскага, 1, 331, з літ. kãklas ’шыя’, грэч. κύκλος ’круг, калясо’ ўяўляюцца таксама мала верагоднымі. Да бел. і пск. слоў яўна далучаецца і алан., арханг. коклёвка, коллевка (апошняя форма не вельмі надзейная, гл. СРНГ, 14, 88) ’палка з крывым верхнім канцом для апоры; кульба (звычайна ў старцаў), аднак нельга не адзначыць, што і тут вычляненне другой часткі слаба пацвярджаецца семантычна, — рус. калуж., пск. клёвка ’матыга, молат’, іншыя варыянты толькі ўскосна дазваляюць меркаваць аб сувязі гэтых слоў і вычлененай часткі клевка. Апрача гэтага, не вельмі ясна і з’яўленне ко‑ ў разгдядаемых словах, паколькі ўмоў для рэдуплікацыі быццам бы няма. Таму тут нельга выключыць уплыў лексікі з блізкай семантыкай, у структуры якіх аналагічная першая частка (ко‑) з’яўляецца заканамернай. Фасмер (2, 282) меркаваў аб прэфіксе ко‑ ў адносінах да рус. коклюха, але як у тым выпадку, так і ў дачыненні да бел. слова такую версію нельга прыняць, паколькі гэта лексіка не з’яўляецца тыповай у шэрагу ўтварэнняў з такім суфіксам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.

1. Памагчы каму‑н. сесці. Маці адзела Славу, вынесла на двор, пасадзіла пры асвечанай сонцам сцяне і сама пачала секчы дровы. Чорны. Язэп пасадзіў Макарыху на лаўку, а сам пайшоў высветліць, ці праўда, што тут [у шпіталі] ляжыць Макар Кульба. Асіпенка. // Прапанаваць, прымусіць дзе‑н. сесці. Сама.. [гаспадыня] цяпер мітусілася па пакоі, перастаўляла з месца на месца крэслы, не ведаючы, дзе і пасадзіць гасцей. Шахавец. Пасадзіў пан Бандароўну У куце на лаве, Як бы тую маладую У вясельнай славе. Купала. // Памагчы каму‑н. заняць месца для паездкі на чым‑н. Пасадзіць на аўтобус. □ Старшыня памог .. [старому] выйсці на двор, пасадзіў у сані і сказаў яшчэ некалькі слоў. Чорны.

2. Усадзіць у зямлю, засыпаць зямлёй насенне, карэнне расліны, саджанца для далейшага росту. Пасадзіць дрэва. □ [Настаўнік:] — Пойдзем у лес, накапаем дрэўцаў і пасадзім іх у ямкі, што вы сёння прыгатавалі. Колас. Перад вокнамі зрабіў палісаднічак, паставіў штыкетнік, а каля веснічак пасадзіў бярозку. Васілёнак. [Дзед:] — І дрэва з зямлі не вырасце само, калі насеннейка не пасадзіш. Чарнышэвіч. // Правесці пасадку. Пасадзіць бульбу. □ Трэба абавязкова пасадзіць сады ў кожным калгасе. Асіпенка.

3. Паставіць у гарачую печ пячыся. Пасадзіць пірагі. □ Яшчэ не хутка будзе кіснуць цеста І бабка новы хлеб у печ пасадзіць, А восень — найбагатая нявеста — Далоні іх шурпатыя разгладзіць. Чэрня.

4. Скіраваўшы да зямлі, прымусіць сесці, прызямліць (пра самалёт і пад.). Бурмакоў плаўна пасадзіў ракету. Лёгкі штуршок, і яна спынілася. Шыцік. З вялікімі цяжкасцямі экіпаж пасадзіў самалёт на ваду, і пажар быў ліквідаваны. Матрунёнак. // Разм. Нагнуўшыся на перашкоду, пазбавіць каго‑, што‑н. магчымасці рухацца. Пасадзіць баржу на мель. □ [Каваль:] — Памятаеш, Паліна так і сказала: «Я спадзяюся на цябе...» А ты што робіш? Машыну ў яміну пасадзіў і адпачываеш... Га? Савіцкі. — А, ты пра ўчарашняе... Ды я ж і вінаваты — пабаяўся трактар пасадзіць у багну і прастаяў. Хадкевіч.

5. Разм. Арыштаваць, засадзіць у турму, карцэр і пад. [Беразоўскі:] — Злодзей ты, Макар, і шэльма, якіх мала... Па закону я павінен апытаць цябе, скласці пратакол і пасадзіць за крадзеж. Чарнышэвіч.

6. Прымусіць чым‑н. займацца, што‑н. рабіць (звычайна седзячы). Пасадзіць за ўрокі. // Разм. Прызначыць на якую‑н. пасаду, месца і пад. Ад Перабродскага лагера да маёнтка, куды ён пасадзіў на ўладанне свайго бацьку, было кіламетраў дваццаць. Чорны. // Вызначыць месца каму‑н. дзе‑н. Чытаў.. [Косцік] бегла, пісаў і задачкі рашаў няблага, і настаўнік пасадзіў яго ў другі клас, разам са старэйшымі братамі. С. Александровіч.

7. на што. Разм. Абмежаваць у чым‑н. (пераважна ў ядзе). Пасадзіць на дыэту. □ [Шэмет:] — Каб пабудавацца некалі, то трэба было прыпухнуць, сябе і дзяцей на сухую бульбу пасадзіць. Лобан. — Чаго ты дабіваешся, Адам? Хочаш, каб на семдзесят рублёў у месяц пасадзілі? Мыслівец.

8. Спец. Замацаваць што‑н. у патрэбным становішчы. Пасадзіць дэталь.

9. Памясціць дзе‑н., у сярэдзіну чаго‑н.; размясціць (жывёл, пчол, рыб і пад.) у спецыяльным памяшканні. [Дзед:] — Думаю, перш за ўсё для калгаса вулляў з пяць за зіму змайстраваць. А вясною раі набуду, пасаджу... Краўчанка.

10. Разм. Нанесці (пляму, кляксу на што‑н.); пакінуць які‑н. знак на чым‑н. Пасадзіць сіняк. □ Зайшла аднойчы да нас суседка, убачыла на вокладцы буквара невялікую плямку, што я незнарок пасадзіў, раззлавалася і адабрала кнігу. Ляўданскі.

11. Затупіць; прывесці ў нягоднасць, сапсаваць. — А сенакасілка толькі адна. Ды і тая стаіць другі дзень ужо — Арсень Пахілка пасадзіў нажы. Савіцкі. Доўга ціснуць на стартэр нельга — можна пасадзіць акумулятары. Мяжэвіч.

12. перан. Разм. Збіць, зблытаць пры адказе, перамагчы ў спрэчцы; паставіць каго‑н. у няёмкае становішча. Пасадзіць на экзамене.

•••

Пасадзіць на ланцуг — пазбавіць магчымасці хадзіць куды‑н., наведваць каго‑н.; абмежаваць чыю‑н. свабоду.

Пасадзіць на мель каго — паставіць у бязвыхаднае становішча.

Пасадзіць на шыю каго каму — прымусіць каго‑н. клапаціцца аб кім‑н.

Пасадзіць пад варту — арыштаваць.

Пасадзіць у лужыну (у галёш) — паставіць у няёмкае, смешнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)