род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 150 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі найб. вядомы 4 віды П.: палявы (A. arvensis), рускі (A. ruthenica), сабачы, або сабачы рамонак (A. cotula), фарбавальны (A. tinctoria). Трапляюцца на сухадольных лугах, палях, агародах.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусцікі. Сцёблы прамастойныя або прыўзнятыя, голыя ці апушаныя. Лісце перыстарассечанае, радзей лінейнае. Суквецці — адзіночныя шматкветкавыя кошыкі. Краявыя язычковыя кветкі з белым, жоўтым, залаціста-жоўтым, зрэдку ружовым адгінам. Плод — сямянка. Кветкі П. фарбавальнага прыдатныя для афарбоўкі тканін, маюць інсектыцыдныя ўласцівасці. Дэкар., лек., фарбавальныя, інсектыцыдныя, меданосныя расліны. Некат. — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГІ́НЫ ТЭКТАНІ́ЧНЫЯ,
лінейна выцягнутыя адмоўныя тэктанічныя структуры (даўж. ад дзесяткаў да тысяч кіламетраў), запоўненыя асадкавай або вулканагенна-асадкавай тоўшчай (магутнасцю да 10—15 км). Фарміруюцца на працягу многіх мільёнаў гадоў у выніку тэктанічных рухаў на розных стадыях развіцця зямной кары. Па ступені запаўнення бываюць кампенсаваныя (хуткасць асадканамнажэння адпавядае прагінанню) і некампенсаваныя (хуткасць прагінання значна перавышае асадканамнажэнне). Вылучаюць П.т. геасінклінальныя (унутраныя і знешнія), платформавыя (унутрыплатформавыя розных рангаў, — напр., Прыпяцкі прагін; аўлакагены, напр., Прыпяцка-Данецкі аўлакаген; перыкратонныя), арагенныя (краявыя прагіны, напр., Перадуральскі, Перадкарпацкі; міжгорныя), перыакіянічныя (уздоўж падводных ускраін мацерыкоў, напр., П.т. з 2 бакоў Атлантычнага ак., Антарктычнага ўзбярэжжа Ціхага ак.). П.т. ўмяшчаюць паклады карысных выкапняў: нафты, газу, каменнай і калійных солей, вуглёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ВЫ РЭЛЬЕ́Ф, гляцыяльны рэльеф,
тыпы і формы зямной паверхні, якія ўтварыліся ў выніку дзейнасці мацерыковых і горных ледавікоў і іх расталых вод. Л.р. разам з ледавіковымі адкладамі ўтварае ледавіковы комплекс. Адрозніваюць экзарацыйны і ледавікова-акумулятыўны тыпы Л.р. Да экзарацыйнага адносяцца формы рэльефу, утвораныя ў цвёрдых горных пародах («барановы лбы», «кучаравыя» скалы), гарах (трогі, кары і рыгелі), рыхлых адкладах (ледавіковыя лагчыны). Ледавікова-акумулятыўны тып рэльефу ўтвараюць марэнныя, водналедавіковыя (флювіягляцыяльныя) і азёрна-ледавіковыя (лімнагляцыяльныя) раўніны і нізіны, зандры, а таксама краявыя ледавіковыя ўтварэнні (канцова-марэнныя ўзвышшы і грады), тэрасы, камы, озы, гляцыякарставыя (тэрмакарставыя) западзіны і катлавіны (запоўненыя і незапоўненыя вадой) і інш. На Беларусі пераважае ледавікова-акумулятыўны рэльеф. Найб. выразна ён захаваўся ў паўн.ч. ў межах пашырэння апошняга паазерскага зледзянення (каля 20—15 тыс. гадоў назад). Гл. таксама Марэнны рэльеф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
другое раннеантрапагенавае зледзяненне на тэр. Беларусі. Наступіла пасля белавежскага міжледавікоўя. Адбылося каля 480—390 тыс.г. назад. Ледавік насунуўся са Скандынавіі і ўкрыў амаль усю тэр. Беларусі (магчыма, за выключэннем крайняга ПдУ). У час адной са стадый Бярэзінскага зледзянення часткова сфарміраваліся Гродзенскае, Навагрудскае, Мінскае і інш.краявыя ўзвышшы Беларускай грады. Марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і перыгляцыяльныя адклады дасягаюць магутнасці больш за 200 м. Марэны складзены пераважна з суглінкаў, супескаў, пяскоў і жвіру з валунамі, маюць шэры, шэра-зялёны і блакітна-шэры колер, уключаюць адорвені мелу і інш. даледавіковых адкладаў. Найб. пашыраны на ПдЗ, З і ў цэнтр.ч.тэр. Беларусі, на Пд захаваліся ў ледавіковых лагчынах, на паверхню выходзяць у далінах Нёмана, Дняпра і Сажа. Бярэзінскае зледзяненне адпавядае англійскаму і эльстэрскаму ў Зах. Еўропе, міндэльскаму-2 у Альпах, санскім зледзяненням Польшчы і окскаму на тэр. Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛАВЫЯ КЛЯШЧЫ́, чатырохногія кляшчы (Eriophydae або Tetrapodili),
падсямейства кляшчоў атр. акарыформных. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на раслінах, высмоктваюць змесціва іх клетак, многія ўтвараюць галы (адсюль першая назва). На Беларусі вядомы: грушавы (Eriophyes piri), парэчкавы пупышкавы (Eriophyes ribis), альховы (Eriophyes laevis), ясянёвы (Eriophyes fraxinivorus), хваёвы (Eriophyes pini) і інш. кляшчы.
Даўж. 0,1—0,6 мм, цела чэрвепадобнае, малочна-белае, залаціста-жоўтае, белаватае, саламяна-жоўтае. 4 пяцічленікавыя нагі (адсюль другая назва). Ротавыя органы сысучыя. Органаў дыхання і вачэй няма. Кладуць яйцы, з якіх развіваюцца лічынкі. Шкодзяць пладовым дрэвам, палявым і агародным культурам, лесу. Некаторыя віды — пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. Знішчаюць галавых кляшчэй акарыцыдамі.
Да арт.Галавыя кляшчы: 1 — сасочкападобныя галы альховага кляшча на лісце вольхі; 2 — бляшкападобныя і краявыя галы грушавага кляшча на лістах грушы; 3 — павялічаны грушавы клешч; 4 — разрастанне парасткаў ясеня, выкліканае ясянёвым кляшчом; 5 — асмоленыя галы хваёвага кляшча на парастках хвоі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’Е́ЗДЫ САВЕ́ТАЎ,
мясцовыя і цэнтр. органы ўлады сав. дзяржавы ў 1917—36. Склікаліся раённыя (пав.), абл. (губ.), краявыя, рэсп. (аўт. і саюзных рэспублік) і Усесаюзны з’езд Саветаў. Фарміраваліся шляхам выбараў, адкрытым галасаваннем. У гар. і сельскія Саветы дэпутатаў выбіралі на сходах, якія склікаліся паводле вытв. і тэр. прынцыпаў. У раённыя (пав.) Саветы ўваходзілі прадстаўнікі сельскіх і гар. Саветаў дадзенага раёна (пав.). Абл. (губ.), рэсп. і Усесаюзны З.С. фарміраваліся з прадстаўнікоў ніжэйшых Саветаў. З.С. саюзных рэспублік складалі прадстаўнікі абл. (губ.), краявых З.С. Разглядалі і вырашалі пытанні дзярж., гасп. і культурнага буд-ва. Усесаюзны і рэсп. З.С. прымалі найважн. пастановы па дакладах урада, канстытуцыйных пытаннях, праблемах развіцця гаспадаркі і культуры, абароны і знешняй палітыкі. Паводле Канстытуцыі СССР 1936 сталі дзейнічаць Саветы дэпутатаў працоўных. У БССР З.С. — вышэйшы орган дзярж. улады ў 1919—38. Адбылося 12 Усебел. з’ездаў Саветаў (гл.арт. пра кожны з’езд).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЁК, валошка (Centaurea),
род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 550 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 8 дзікарослых (мясцовых і занесеных) відаў: васілёк іберыйскі (Centaurea iberica), лугавы (Centaurea jacea), раскідзісты (Centaurea diffusa), рэйнскі (Centaurea rhenana), сіні (Centaurea cyanus), сонечны (Centaurea solstitialis), фрыгійскі (Centaurea phrygia), шурпаты (Centaurea scaniosa), растуць у лясах, на лугах, у хмызняках, пасевах, на пясчаных мясцінах, пустках і ўздоўж дарог; 10 інтрадукаваных: васілёк мяккі (Centaurea mollis), падбелены (Centaurea dealbata), прыгожы (Centaurea bella), рускі (Centaurea ruthenica), сібірскі (Centaurea sibirica), усходні (Centaurea orientalis), Фішэра (Centaurea fischeri) і інш.
Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя ці прыўзнятыя, зрэдку сцябла зусім няма, ёсць формы тыпу «перакаці-поле». Лісце чаргаванае, суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі рознага колеру, у кошыках (сярэдзінныя трубчастыя або трубчаста-лейкападобныя, двухполыя, краявыя — лейкападобныя). Кошыкі гетэрагамныя, мала- або шматкветныя, адзіночныя ці па некалькі на канцах парасткаў. Плод — сямянка з чубком. Дэкар., лек., тэхн. і меданосныя расліны, некат. віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЛЬНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
ураўненне, якое звязвае шуканую функцыю і інтэграл ад яе. Да І.ў. зводзяцца шматлікія задачы фізікі, краявыя задачы, задачы на адшуканне ўласных значэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.
Тэорыя І.ў. зарадзілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў нетрах тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў і матэм. фізікі пасля прац матэматыкаў італьян. В.Вальтэра (1896), швед. Э.Фрэдгальма (1903), ням. Д.Гільберта (1912) і Э.Шміта (1907). Яна стымулявала развіццё функцыянальнага аналізу і тэорыі аператараў у абстрактных прасторах. Адрозніваюць І.ў. рэгулярныя (з інтэграламі Рымана ці Лебега) і сінгулярныя (з няўласнымі інтэграламі розных тыпаў), лінейныя і нелінейныя. Найб. вывучаны лінейныя І.ў., напр., ураўненні Фрэдгальма
, дзе u(t) — шуканая, a(t), k(t,s) (ядро) і f(t) — зададзеныя функцыі, Ω — вобласць эўклідавай прасторы аднаго або многіх вымярэнняў; калі a(t) = 0, дадзенае ўраўненне наз. ўраўненнем 1-га роду, калі a(t) = 1—2-га, у астатніх выпадках — 3-га. Пры замене інтэграла на інтэгральную суму (гл.Вызначаны інтэграл) атрымліваецца сістэма алг. ураўненняў, для якой вядомыя ўмовы вырашальнасці. Важнымі класамі нелінейных І.ў. з’яўляюцца ўраўненні Ляпунова—Шміта, Урысона і інш Разглядаюцца таксама сістэмы І.ў., а таксама І.ў. з вектар-функцыямі розных тыпаў, выпадковымі працэсамі і інш. Рашэнні ўраўненняў часта знаходзяць лікавымі метадамі.
На Беларусі даследаванні па тэорыі І.ў. пачаты ў 1961 пад кіраўніцтвам Ф.Дз.Гахава (сінгулярныя ўраўненні) і праводзяцца ў БДУ, Ін-це матэматыкі Нац.АН і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Палесся на ПдЗ Гомельскай вобл. Мяжуе на З і Пн з Прыпяцкім Палессем, на У з Гомельскім Палессем, на Пд з Жытомірскім Палессем (Украіна). Выш. 150—160 м, найб. 221 м — найвыш. пункт на Бел. Палессі (на Мазырскай градзе). Пл. каля 2,7 тыс.км². Працягнулася з 3 на У ад 40 да 120 км, з Пн на Пд ад 25 да 60 км.
У тэктанічных адносінах прымеркавана да цэнтр.ч.Прыпяцкага прагіну. Крышт. фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою, палеазою (асабліва развіта верхнедэвонская саляносная тоўшча магутнасцю 3500 м) і кайназою. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 40—140 м) складзена з адкладаў бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў і галацэнавых (алювіяльных, эолавых, балотных).
Сучасны рэльеф утварыўся пераважна ў эпоху дняпроўскага зледзянення. М.П. — выразная раўніна, якая ўзвышаецца над навакольнай мясцовасцю на 10—20 м. Большая ч. яе пласкахвалістая водна-ледавіковая раўніна з асобнымі дэнудаванымі ўзгоркамі. Ваганні адносных вышынь 3—5, радзей 7 м. Вылучаюцца шырокія лагчыны з тарфянікамі. У міжрэччы рэк Батыўля і Чэрцень участак азёрна-алювіяльнай нізіны. У паўн.-ўсх. частцы М.П. на правабярэжжы р. Прыпяць захаваліся краявыя ледавіковыя ўтварэнні Мазырскай грады. Паверхня М.П. ўскладнена дзюнамі, забалочанымі катлавінамі. Даліны рэк маюць нязначную глыбіню, забалочаныя, месцамі з дзюннымі градамі. Карысныя выкапні: каменная соль, легкаплаўкія гліны, буд. пяскі, торф, мінер. воды. Сярэдняя т-растудз. -6,4 °C, ліп. 18,8 °C, ападкаў 600 мм за год. Рачная сетка належыць да басейна р. Прыпяць, найб.р. Славечна з прытокамі Батыўля і Чэрцень. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя супясчана-пясчаныя, на лёсападобных адкладах — дзярнова-палева-падзолістыя сугліністыя. Лясістасць да 50% тэр. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя лясы, дубровы. На забалочаных нізінах трапляюцца бярозавыя і чорнаальховыя лясы. У поймах дробных рэк — злакавыя лугі. Пераважаюць нізінныя балоты. Пад ворывам 12%, пад сенажацямі і пашай 11% тэрыторыі. У межах М.П. ландшафтны заказнік Мазырскія Яры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЕ́КТЫ Ў КРЫШТА́ЛЯХ,
парушэнні перыядычнасці размяшчэння часціц у крышталічнай рашотцы. Узнікаюць пры росце крышталёў ці іх фазавых ператварэннях, цеплавых, мех., эл. і інш. уздзеяннях, увядзенні дамешкаў. Адрозніваюць дэфекты кропкавыя (нульмерныя), лінейныя (аднамерныя), паверхневыя (двухмерныя) і аб’ёмныя (трохмерныя).
Кропкавыя дэфекты — парушэнні перыядычнасці ўласнай атамнай структуры крышталя: вакансіі атамы і іоны, што перамясціліся з нармальнага становішча ў міжвузелле (міжвузельныя атамы і іоны); атамы і іоны ў крышталях хім. злучэнняў, якія займаюць вузлы «чужой» падрашоткі; дэфекты, што ўзнікаюць пры ўвядзенні ў крышталь дамешкавых атамаў. Узаемадзеянне такіх дэфектаў паміж сабой прыводзіць да ўзнікнення складаных дэфектаў: дывакансій (падвойных вакансій), кластараў (скопішчаў дэфектаў) і інш.Лінейныя дэфекты — ланцужкі кропкавых дэфектаў, краявыя і вінтавыя дыслакацыі. Паверхневыя дэфекты: няправільна ўкладзеныя слаі атамаў (дэфекты ўпакоўкі); заканамерныя парушэнні нармальнага чаргавання атамных плоскасцей; дэфекты двайнікавання з кропкавай сіметрыяй; межы ўключэнняў; сама паверхня крышталя і інш.Аб’ёмныя дэфекты: парушэнні, звязаныя з адхіленнем ад законаў стэхіяметрыі; скопішчы вакансій; нерэгулярныя ўтварэнні ў выглядзе расколін, пустот, уключэнняў іншай фазы; скопішчы дамешкаў на дыслакацыях, у зонах росту і інш. макраскапічныя дэфекты. Д. ў к. уплываюць на мех., аптычныя, эл., магн. і інш. ўласцівасці крышталёў. У дасканалай крышт. рашотцы рух атамаў і іонаў немагчымы; у крышталях з дэфектамі міграцыя атамаў абумоўлівае ўзаемную дыфузію цвёрдых цел, хім.цвердафазныя рэакцыі і інш. з’явы. Д. ў к. могуць уводзіцца мэтанакіравана або ўзнікаць выпадкова пад уздзеяннем фактараў, якія не кантралююцца. Спец. ўвядзенне дэфектаў або іх выдаленне — важная частка тэхналогіі вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў, люмінафораў, лазерных і фотахромных крышталёў і шкла, паўправадніковых прылад. Шчыльнасць непажаданых дэфектаў памяншаецца ўдасканаленнем метадаў вырошчвання і апрацоўкі крышталёў. Д. ў к. вывучаюцца аптычнымі метадамі, іоннай і электроннай мікраскапіяй, метадам выбіральнага траўлення, рэнтгенадыфракцыйнымі і ядз.-фіз. метадамі.
Літ.:
Современная кристаллография Т. 2. М., 1979;
Вавилов В.С., Кив А.Е., Ниязова О.Р. Механизмы образования и миграции дефектов в полупроводниках. М., 1981;
Орлов А.Н. Введение в теорию дефектов в кристаллах. М., 1983;
Орлов А.Н., Трушин Ю.В. Энергии точечных дефектов в металлах. М., 1983.