ПЕРАДПАЛЕ́ССЕ,

вобласць геамарфалагічнага раянавання на Пд Беларусі (паводле А.В.Мацвеева), што ўтварае араграфічную ступень паміж Цэнтральнабеларускімі краявымі ледавіковымі ўзвышшамі і градамі і Палескай нізінай. Уключае 19 геамарфалагічных раёнаў. Для П. характэрны зандравыя раўніны, якія акаймоўваюць з паўд. боку пояс буйнейшых на Беларусі ўзвышшаў і град; дэнудаваныя краявыя ледавіковыя ўтварэнні на З і лёсавыя адклады на У. Пераважныя вышыні рэльефу 160—190 м, у межах град і ўзгоркаў да 200 м і болей. Часта трапляюцца суфазійныя і карставыя формы рэльефу. Рачныя даліны выпрацаваныя, шырокія і асіметрычныя. На прыдалінных участках шмат яроў і лагчын.

т. 12, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)