БУЗУ́ЛЬНІК

(Ligalaria),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ў пазатрапічных абласцях Еўропы і Азіі (пераважна ва Усх. і Цэнтр. Азіі). На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукаваны 4 віды: бузульнік Віча (L. veitchiana), зубчасты (L. dentata), Пржавальскага (L. przewalskii) і прыгожы (L. speciosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м з кароткім тоўстым карэнішчам і прамастойным сцяблом. Лісце суцэльнае, зубчастае, чаргаванае, прыкаранёвае — на доўгіх чаранках. Кветкі жоўтыя, аранжавыя, у кошыках (адзіночных або сабраных у гронкі, мяцёлкі і шчыткі); краявыя кветкі язычковыя, песцікавыя, сярэдзінныя — трубчастыя, двухполыя. Плод — сямянка з чубком. Кветкава-дэкар. Расліны.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)