АЎТАТАМІ́Я

(ад аўта... + грэч. tomē адсячэнне),

самакалечанне, здольнасць некаторых жывёл самаадвольна аддзяляць часткі свайго цела пры рэзкім раздражненні. Звязана з уласцівасцю ўзнаўляць страчаныя часткі цела: у яшчаркі вырастае новы хвост замест адламанага, у рака — клюшні, у актынідыі — шчупальцы. Аўтатамія — ахоўнае прыстасаванне, якое выпрацавана ў працэсе эвалюцыі як спосаб пасіўнай абароны. Часам звязана з размнажэннем: адламаныя прамяні марскіх зорак могуць аднавіцца ў цэлую жывёліну. Уласціва многім прадстаўнікам фауны Беларусі: гідрам (адкідваюць шчупальцы), кольчатым чарвям (канец цела), павукам, матылям, конікам і ракам (канечнасці), яшчаркам порсткай і жывароднай, вераценніцы ломкай, некаторым птушкам (глушцы, цецерукі), здольным пры небяспецы скідаць покрыўнае пер’е і інш.

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

kleszcze

мн.

1. абцугі, клешчы;

2. клюшні (рака і да т.п.);

ująć w kleszcze kogo — заціснуць каго ў абцугі; узяць каго ў ляшчоткі

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

АХО́ЎНЫЯ ПРЫСТАСАВА́ННІ жывёл, марфалагічныя, фізіялагічныя або эталагічныя асаблівасці, якія забяспечваюць захаванне жывёл і іх патомства ад ворагаў і неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя. Утварыліся эвалюцыйна ў барацьбе за існаванне.

Марфалагічныя прыстасаванні ўключаюць ахоўную афарбоўку і форму жывёл, органы актыўнай і пасіўнай абароны (рогі, клюшні, ядавітыя органы змей, жукоў, пчолаў, восаў, скарпіёнаў, рыб, іголкі, калючкі, ракавіны, панцыры, мімікрыю). Ад неспрыяльных умоў жывёл ахоўваюць луска, валасяное покрыва, пер’е, тлушчавая праслойка скуры, шкарлупіна яец і інш. Да фізіялагічных ахоўных прыстасаванняў належаць ядавітасць лімфы, крыві, унутр. органаў і скуры жывёл, выдзяленне пахучых рэчываў, назапашванне харч. рэчываў у арганізме, анабіёз, спячка ў жывёл і інш. Эталагічныя (звязаныя з паводзінамі) ахоўныя прыстасаванні — аўтатамія (самакалечанне), сімуляцыя смерці, адпужванне гукамі, позамі і рухамі, міміка, рухі хваста, міграцыі, назапашванне корму; барацьба з паразітамі, групавая абарона, інстынкты пабудовы жылля, клопаты пра патомства і інш.

т. 2, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯЦІНО́ГІЯ РАКАПАДО́БНЫЯ

(Decapoda),

атрад беспазваночных падкл. вышэйшых ракападобных. 2 падатр. — Natantia (крэветкі) i Reptantia (рачныя ракі, амары, лангусты, крабы, ракі-пустэльнікі). Больш за 8500 відаў. Больш пашыраны ў морах, менш — у прэсных вадаёмах і на сушы. На Беларусі жывуць рачныя ракі; рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 80 см, размах клюшняў да 3 м. Характэрная прыкмета Дз.р. — зліццё сківічных сегментаў галавы з груднымі і пераўтварэнне 3 пярэдніх пар канечнасцей грудзей у нагасківіцы, якія ўдзельнічаюць у перадачы корму да ротавай адтуліны; 5 пар задніх грудных ног хадзільныя (адсюль назва); на некат. часта развіваюцца клюшні. Галава і грудзі ўкрыты зверху галавагрудным шчытом (карапаксам). Вочы сцябліністыя, фасетачныя. Раздзельнаполыя. Самкі (акрамя крэветак) выношваюць яйцы на брушных ножках. Лічынкі рэзка адрозніваюцца ад дарослых; у многіх развіццё прамое. Кормяцца жывёльным і раслінным кормам. Некат. — аб’екты промыслу і развядзення.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Клыша́вы ’касалапы, крываногі’ (Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., Нар. словатв., КЭС, лаг., Мал., ТС). Укр. клишавий, польск. kłyszawy ’тс’. Лічыцца балтызмам. Крыніца адпавядае літ. klìšas ’крываногі, касалапы’, klìšė ’нага’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 36–37). Параўн. клышэнь ’нага’. Давесці генетычную суаднесенасць з літоўскімі лексемамі цяжка, але параўн. в.-луж. klěšiwy ’клышаногі’, klěcha ’нязграбная нага’, н.-луж. klěcha ’тс’. Гл. Слаўскі, 2, 228. Калі сербалужыцкія формы адлюстроўваюць іншую ступень аблаўту, гэта гаворыць у карысць спрадвечнасці польскіх і ўсходнеславянскіх форм, аднак незафіксаванасць адпаведнікаў у паўднёваславянскіх мовах, а таксама ў чэшскай і славацкай выклікае сумненні. Апрача гэтага, пытанне аб магчымасці балтызмаў у сербалужыцкіх мовах не вывучана. Выводзіць клышавы і іншыя беларускія, украінскія і польскія словы з прасл. klěšči ’клешчы, клюшні’ рызыкоўна. Параўн. клюшня1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ушчамі́ць, ушчамлю, ушчэміш, ушчэміць; зак., каго-што.

1. Заціснуць, сціснуць з двух бакоў; зашчаміць. Ушчаміць палец. □ [Сабака] кідаўся на вароты, на шчыльныя веснічкі, і ўжо не брахаў, а сычэў, нібы яму хвост ушчамілі. Сабаленка. // Сціснуць у клюшні, ушчыпнуць. Страшны рак быў, грозны рак, Як ушчэміць — будзе знак. Колас. // Уціснуць, усунуць паміж чаго‑н. Каб дзікі звер не нішчыў пасеваў, яшчэ пры цары павялося гарадзіць ад лесу поле такім густым частаколам, што парася галаву не ўшчаміла б. Карпюк.

2. Разм. Запрэгчы. Тады Даніла Шчупак ушчаміў у аглоблі Мышака і выехаў у Луцішчы на кірмаш. Баранавых. [Бацька:] — От ушчаміў коніка і прывёз воз галля. Ракітны. А калі надышоў адвячорак і пасыпаліся фурманкі на Заброддзе, не сцярпеў Верамейчык: ушчаміў кабылу ў аглоблі і па хвасце — услед за людзьмі. Крапіва.

3. перан. Абмежаваць (чые‑н. магчымасці, правы і пад.). Ушчаміць у правах. Ушчаміць самалюбства. // Паставіць у няёмкае становішча. І змоўклі ўсе адразу ў хаце: Як адказаць? З чаго пачаці? — Ага! — Тут хлопцы падхапілі: — Цяпер і мы вас ушчамілі. Колас.

•••

Ушчаміць хвост каму — абмежаваць свабоду дзеяння, учынкаў каго‑н.; паставіць у нязручнае або нявыгаднае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Клю́шня1 ’канечная частка ножкі ракападобных’ (ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах., Яруш.). Мабыць, вынік кантамінацыі клешня (гл.) і клюка (гл.), ключка (гл.). Дублет клешня/клюшня адзначае Сл. паўн.-зах., 475, 486. Магчыма, таксама ўплыў літоўскіх форм, сярод іх у першую чаргу літ. klìšesклюшні’. Аддзяліць бел. клешня і клюшня ад літ. klìšes немагчыма (семантычная тоеснасць і фармальная блізкасць). Спробы рэканструяваць балта-славянскія формы kliša/kleša беспадстаўныя (Слаўскі, 2, 228), паколькі рэальна існуюць толькі ўсходнеславянскія формы, арэальна арыентаваныя на балтыйскую тэрыторыю. У значэнні ’клюшня рака’ або ’нага, сцягно’ рускія формы зафіксаваны толькі ў Смаленскім, Бранскім арэалах (не лічачы тэрыторыі новага засялення). Таксама нельга прызнаць верагоднай гіпотэзу аб паходжанні клешня ад kleščьna (гл. клешчы) (Бернекер, 1, 517; Фасмер, 2, 249; ЕСУМ 2, 463; Трубачоў, Эт. сл., 10, 23). Паколькі частка гэтых форм мае значэнне ’клешчы’, не выключана кантамінацыя клешня і клешчы (гл.).

Клю́шня2 ’тазасцегнавы сустаў’ (Сл. паўн.-зах.). Верагодны балтызм. Параўн. літ. kùlšnis ’шчыкалатка’ (там жа, 486). Больш надзейная крыніца літ. klíšė ’нага’ або іншая балтыйская, блізкая да яе. Параўн. таксама клюшня1.

Клю́шня3 ’палкі, да якіх прымацаваны крыллі сеці’ (Мат. АС). Гл. клюшня1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рак1 ’беспазваночная, пакрытая панцырам прэснаводная жывёліна’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), параўн. рус. рак, польск. rak ’тс’, в.-луж., н.-луж., чэш. rak ’тс’, славен. rak ’тс’, серб. рак, балг. рак ’тс’, макед. рак. Не мае здавальняючай этымалогіі. Прынята формаўтварэнне з прасл. метатэзай *rakъ < *orkъ. Існуючыя этымалогіі рак пераважна абапіраюцца на семантыку ’апрануты ў шкарлупінне’, ’шурпаты’ або ’той, што капае, рые, коле’. Ільінскі (РФВ, 74, 126) параўноўвае рак з літ. ràkti, rankù ’калоць, калупацца, капаць’, лат. rakt ’тс’. Длугаш-Курчабова (427–428) аднаўляе першаснае значэнне рак як ’тое, што занураецца, упіваецца, угрызаецца ў нешта’ на падставе параўнання з літ. erkē ’клешч’, лат. ērcêt ’выклікаць рэзкі боль’, параўн. таксама лат. ērce ’клешч буйной рагатай жывёлы, тып жука’. Распаўсюджана супастаўленне рак са ст.-інд. karkaţas ’рак’, karkaras ’шурпаты’, грэч. καρκίνος ’рак’, лац. caner ’тс’ < і.-е. *karkro‑ ’тс’. У рэканструкцыі Сноя (521) мяркуецца і.-е. *karkro‑ > *krākrъ > з наступным выпадзеннем пачатковага k і сананта r. Значэнне ’апрануты ў шкарлупу’ набліжае слова да форм ра́ка (гл.) ’дамавіна’, ра́кавіна, раку́шка (гл.) ’шкарлупінне малюска’, што лічацца роднаснымі да лац. arceō ’зачыняю’, arca ’скрыня’, гот. arka ’тс’ (Якабсон, IJSLP, 1, 267; Фасмер, 3, 437–439). Дадаткова Сной (521), абапіраючыся на кельц. рэфлексы і.-е. *karkro‑ ’рак’, *krako‑ ’цвёрды, шкарлупінне, абалонка’, рэканструюе слова з семантыкай ’цвёрды, апрануты ў панцыр, з цвёрдай скурай’ і параўноўвае рэдуплікаваны ст.-інд. karkara ’цвёрды’ з вал. crach ’кара, шкарлупінне, абалонка’, craig ’скала’, с.-ірл. crach ’цвёрды’. Не выключана, што назва рэалізуе і развівае паняцце раздвоенасці ці выгнутасці з зыходным фармантам *ra‑/rak‑, што ўзыходзіць да і.-е. *er‑/or‑/ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’. Семантыка ’раздвоенасці’ ці ’выгнутасці’ рэалізавана ў тым ліку ў ра́кам ’стаяць сагнуўшыся’ (гл.), ра́кі ’лапці’ (гл.), рак ’шпянёк, канал для выхаду мукі ў жорнах’ (Мат. Гом.), рачо́к ’палка з раздвоеным канцом’, ра́кавіна ’раздвоены капыт’ (гл.). Сюды ж і літ. erkē са значэннем ’драўляныя козлы’, ’прыстасаванне для распілоўкі дроў, што мае скрыжаваную форму’. Параўн. таксама рус. дыял. раковина ’клюшня ў рака’. Параўнанне з лац. arcuare ’выгінацца’, arcus ’дуга, выгін, крывізна’, дазваляе меркаваць, што рак названы па выгнутых клюшнях (Борысь, 509–510), хаця да гэтай этымалогіі можна прывязываць форму рака наогул.

Рак2 ’хвароба cancer’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Прынята тлумачэнне, што назва хваробы непасрэдна капіруе назву жывёліны рак, бо існавалі ўяўленні, што ў чалавека пасяліўся рак (гл. рак1), ці ракавая пухліна нагадвае рака, ці, паводле Борыся (510), наватвор, як рак пажырае сваю ахвяру, што ў сукупнасці трэба аднесці да народнай этымалогіі. Магчыма, назва з’явілася ў еўрапейскіх мовах пасля непасрэднага перакладу з грэч. καρκίνος ’рак’ ці καρκίνομα ’рак, ракавае ўтварэнне’ — азначэнне хваробы, ужытае пры яе апісанні Гіпакратам (Фрыск, I, 789). Параўн. лац. cancer ці ням. Krebs, якія таксама могуць азначаць назву жывёлы і хваробу. Заўважым, што ў Даля — рак ’хвароба, вонкавай прыкметай каторай з’яўляецца зацвярдзелая язва асаблівага выгляду’. Дасюль, магчыма, рак першапачаткова не хвароба, а менавіта нарост, з пакрываючымі яго прадольнымі барознамі ці язвамі. Параўн. з бел. ра́кавіна3 (гл.) ’нарост, гуз, звязаны з ранай на дрэве’ (ТС), рус. дыял. раковистый камень ’камень з выбоінамі’, раковистый ’з неглыбокімі шчарбінамі, зломамі’ (Даль).

Рак3 ’расліна скрыпень балотны, Epilobium angustifolium L.’ (бяроз., Нар. лекс.). Метафарычны перанос з рак1 (гл.) з-за знешняга падабенства расліннай мяцёлкі да клюшні рака, параўн. аналагічнае рус. варонеж., а таксама дан. рак ’кактус’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)