АЎТАТАМІ́Я

(ад аўта... + грэч. tomē адсячэнне),

самакалечанне, здольнасць некаторых жывёл самаадвольна аддзяляць часткі свайго цела пры рэзкім раздражненні. Звязана з уласцівасцю ўзнаўляць страчаныя часткі цела: у яшчаркі вырастае новы хвост замест адламанага, у рака — клюшні, у актынідыі — шчупальцы. Аўтатамія — ахоўнае прыстасаванне, якое выпрацавана ў працэсе эвалюцыі як спосаб пасіўнай абароны. Часам звязана з размнажэннем: адламаныя прамяні марскіх зорак могуць аднавіцца ў цэлую жывёліну. Уласціва многім прадстаўнікам фауны Беларусі: гідрам (адкідваюць шчупальцы), кольчатым чарвям (канец цела), павукам, матылям, конікам і ракам (канечнасці), яшчаркам порсткай і жывароднай, вераценніцы ломкай, некаторым птушкам (глушцы, цецерукі), здольным пры небяспецы скідаць покрыўнае пер’е і інш.

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ЎНЫЯ ПРЫСТАСАВА́ННІ жывёл, марфалагічныя, фізіялагічныя або эталагічныя асаблівасці, якія забяспечваюць захаванне жывёл і іх патомства ад ворагаў і неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя. Утварыліся эвалюцыйна ў барацьбе за існаванне.

Марфалагічныя прыстасаванні ўключаюць ахоўную афарбоўку і форму жывёл, органы актыўнай і пасіўнай абароны (рогі, клюшні, ядавітыя органы змей, жукоў, пчолаў, восаў, скарпіёнаў, рыб, іголкі, калючкі, ракавіны, панцыры, мімікрыю). Ад неспрыяльных умоў жывёл ахоўваюць луска, валасяное покрыва, пер’е, тлушчавая праслойка скуры, шкарлупіна яец і інш. Да фізіялагічных ахоўных прыстасаванняў належаць ядавітасць лімфы, крыві, унутр. органаў і скуры жывёл, выдзяленне пахучых рэчываў, назапашванне харч. рэчываў у арганізме, анабіёз, спячка ў жывёл і інш. Эталагічныя (звязаныя з паводзінамі) ахоўныя прыстасаванні — аўтатамія (самакалечанне), сімуляцыя смерці, адпужванне гукамі, позамі і рухамі, міміка, рухі хваста, міграцыі, назапашванне корму; барацьба з паразітамі, групавая абарона, інстынкты пабудовы жылля, клопаты пра патомства і інш.

т. 2, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯЦІНО́ГІЯ РАКАПАДО́БНЫЯ

(Decapoda),

атрад беспазваночных падкл. вышэйшых ракападобных. 2 падатр. — Natantia (крэветкі) i Reptantia (рачныя ракі, амары, лангусты, крабы, ракі-пустэльнікі). Больш за 8500 відаў. Больш пашыраны ў морах, менш — у прэсных вадаёмах і на сушы. На Беларусі жывуць рачныя ракі; рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 80 см, размах клюшняў да 3 м. Характэрная прыкмета Дз.р. — зліццё сківічных сегментаў галавы з груднымі і пераўтварэнне 3 пярэдніх пар канечнасцей грудзей у нагасківіцы, якія ўдзельнічаюць у перадачы корму да ротавай адтуліны; 5 пар задніх грудных ног хадзільныя (адсюль назва); на некат. часта развіваюцца клюшні. Галава і грудзі ўкрыты зверху галавагрудным шчытом (карапаксам). Вочы сцябліністыя, фасетачныя. Раздзельнаполыя. Самкі (акрамя крэветак) выношваюць яйцы на брушных ножках. Лічынкі рэзка адрозніваюцца ад дарослых; у многіх развіццё прамое. Кормяцца жывёльным і раслінным кормам. Некат. — аб’екты промыслу і развядзення.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)