Благі́ ’дрэнны, худы’. Рус. благо́й ’дрэнны’, укр. благи́й дрэнны, стары, бедны, слабы’, польск. błahy ’малы, нязначны’ (запазычанае з укр.; Слаўскі, 1, 35). Ёсць некалькі этымалогій: 1) усх.-слав. благъ ’дрэнны’ — запазычанне з ст.-слав. (ц.-слав.) благъ добры’. Значэнне ’дрэнны, бедны і г. д.’ развілося як вынік табуістычнага словаўжывання (Праабражэнскі, 1, 27–28; Фасмер, RS, 5, 125; Слаўскі, там жа, Зяленін, Табу, 2, 155); 2) усх.-слав. благъ дрэнны’ да прасл. blagъ ’дрэнны, слабы’, якое быццам роднаснае з лац. flaccus ’слабенькі’, грэч. βλάξ ’вялы, расслаблены’ (трэба адрозніваць прасл. bolgъ ’добры’ і blagъ дрэнны’). Так Бернекер, 58; Міклашыч, 13 і інш. Першая версія, здаецца, больш абгрунтаваная (паколькі значэнне ’дрэнны’ можа быць секундарным). Слаўскі, 1, 36; Фасмер, 1, 171; Рудніцкі, 140. Да благі́ адносіцца і дзеяслоў блажэ́ць ’худзець’. Фрэнкель (45–46) лічыць, што для благі́ ’дрэнны’ дакладная адпаведнасць — літ. blagnas.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Анцімо́нія ’доўгая пустая гутарка’ (Бяльк.). Рус. антимо́ния (у выразе «разводить антимонию» — весці доўгую непатрэбную гутарку), фіксуецца з сярэдзіны XIX ст., смален. антимония ’хітрыкі’ (Дабр.). Форма анцімонія ўказвае на рус. паходжанне (Шанскі, 1, А, 115). Антымонія, магчыма, узнікла ў выніку метатэзы з антыномія або ў жаргоне семінарыстаў (Фасмер, 1, 79), або пад уплывам назвы нямецкай секты антыномаў, якія не лічылі патрэбным выкананне рэлігійных загадаў (слова antynom у гэтым значэнні вядома польскай мове XVI ст. — Sł. XVI w.). Аб магчымасці польск. пасрэдніцтва для бел. слова (пры метатэзе) БМ, 48. Менш верагодна Зяленін, РФВ, 54, 113: семінарская пераробка слова антифоны ’царкоўныя спевы з частымі паўторамі’, а тым больш Міхельсон (Рус. мысль, 1, 21) ад антымоній — хім. элемент, які, паводле падання, паволі атручваў манахаў нейкага манастыра. Параўн. назву сурмы: Antymon у польск. і шэрагу еўрапейскіх моў (с.-лац. antimonium, магчыма, з араб. *ithmid), адкуль і ўсх.-слав. назвы мінералаў антыманіт (БелСЭ) і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

[Бага́цце] ’агонь, вогнішча, касцёр’. Існаванне гэтага слова ў бел. мове вельмі праблематычнае. Фасмер, 1, 101–102; Трубачоў, Проспект, 39, не ўказваюць крыніцу. Вядомыя слоўнікі бел. мовы (уключаючы і дыялектныя) яго не знаюць. Рус. дыял. бага́ть, бага́тье, укр. бага́ття ’вогнішча’. Паходжанне слова спрэчнае. Звычайна збліжаюць з грэч. φώγω ’пяку, смажу’, ст.-в.-ням. bahhan (ням. backen) ’пячы’ і г. д. Гл. Бернекер, 38; Фасмер, 1, 101–102; Трубачоў, Проспект, 39. Але багацце з яго марфалагічнай структурай не здаецца старым словам. Больш верагодная сувязь з бага́ты; матывацыя тут вылучалася розная: 1) Патабня, ЖСт., 1891, 111, 117 (міфалагічнае ўяўленне агню золатам, багаццем); гл. Зяленін, Табу, 2, 59 і наст.; Гаверс, Tabu, 65 (першапачаткова багацця < *bogatъ ’багаты’; Фасмер (ZfslPh, 20, 454) лічыць гэта народнай этымалогіяй); 2) Ільінскі (ИОРЯС, 23, 128) лічыў, што назва (< багацця < *bogatъ ’багаты’) узнікла ў прымітыўным быту, калі вогнішча часта было сапраўдным багаццем. Не пераконвае Корж, ЗНТШ, 6, 117–118, які ўкр. бага́ття параўноўвае з серб.-харв. бо̀жић ’пень, які запальваюць на каляды’ і выводзіць ад бог (Дажь‑богъ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лупцава́ць, лупцова́ць ’біць, хвастаць’, ’стукаць, удараць па чым-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Растарг., Шат., Касп., ТС), ’сцёбаць пугай, дубцом’ (КЭС, лаг.), лупцова́цца ’біцца, тузацца’ (ТС). Укр. лупцюва́ти, лупцева́ть ’тс’, уладз. ’знімаць скуру з жывёлы’, смал., тул. ’есці з вялікім апетытам’, варон. лупцеваться ’біцца’, разан. лупцевня́ ’бойка’. Паходзяць з ⁺лупсовать, пск., цвяр., тул., бран., валаг., перм., урал. лупсовать ’моцна біць, лупцаваць’, валаг. лупсоваться ’біцца’, а гэтыя — з ⁺лупсать, лупсить, пск., цвяр. лупси́ть ’моцна каго-небудзь біць, адлупіць’, алан. ’шмат есці’, наўг. лупса́нить ’біць, хвастаць’. Апошнія з’яўляюцца балтызмамі, параўн. літ. lupsė́ti, lapsė́ti ’біць, махаць крыламі’, ’жэстыкуляваць’, lupsénti, lapsénti ’лапчыва, прагна есці’, lùpsena ’біццё, пабоі’, а са значэннем ’здыхаць’ літ. lapsénti, відаць, звязана з зах.-укр. лупеса́ти ’лупіць, здзіраць скуру’. Зяленін (РФВ, 54, 115) намагаецца растлумачыць паходжанне рус. лупси́ть ’біць’ з эст. lopsima ’біць’. Фасмер (2, 535) тлумачыць гэтыя дзеясловы як пашырэнне асновы дзеяслова лупи́ть. Сюды ж лупца́нка, лупцоўка ’лупцаваны’, лупцану́ць (Мат. Гом., ТСБМ, Бяльк., Касп., Шат.; КЭС, лаг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахо́та ’ахвота, жаданне’ (Цыхун, Бел. фраз., 101), ’ахвота’, ’паляванне’ (Бяльк., Юрч., Ян, КСТ), ахочы ’ахвочы’ (КТС), ст.-бел. охотный, ѡхочи, укр. охота ’ахвота, весялосць’, охочий ’ахвотны, згодны’, рус. охота ’ахвота; паляванне’, охотный, охочий ’ахвочы’, польск. ochota ’ахвота; радасць, весялосць’, ochoczy ’ахвотны, вясёлы’ (з усходнеславянскіх моў, Грабец, Elementy, 102), славац. ochota, чэш. ochota. Звычайна звязваюць з *xotěti ’хацець’, параўн. Бернекер, 399; Фасмер, 3, 176 (з літар.); нельга адрываць ад ахвота ’жаданне’, фармальныя разыходжанні з якім тлумачацца фанетычна (гл. Ільінскі, AfslPh, 29, 168 і наст., параўн. таксама паралельныя палескія формы хвотно//хотно ’весела’, хвойка//хойка ’хвошч’, хвіст//хіст ’тычка’ (КСТ); Якабсон, Word, 2, 615 (рус. охвота < охота), або ўплывам іншых слоў, параўн. Карскі, 1, 339 (хватаць). Значэнне ’паляванне’, відаць, пад уплывам рус. охота, табуістычнага ўтварэння ад хотеть, гл. Зяленін, Табу, 1, 125 і наст.; Трубачоў, Дополн., 3, 176; іншы прынцып намінацыі ў беларускіх (часткова рускіх) назвах: паляванне ад поле, палешня (Касп.) ад лес, арэал распаўсюджання якіх Непакупны (Baltistica, III (1), 1967, 79) акрэслівае як прымыкаючы да балтыйскай і фінскай тэрыторый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́йка1 ’садавіна накшталт яблыкаў’, ’дрэва з пладамі накшталт яблыкаў’ (Мат. Гом., Юрч.). Вытворнае ад рай1 (гл.) > райскі яблычак, што вынікае з біблейскай фразеалогіі, і з’яўляецца сцяжэннем гэтага выразу. Не з’яўляецца пераносам ад назвы дрэва да назвы плоду, а наадварот, спачатку азначала назву плоду, перанос на назву дрэва пазнейшы. У іншых славянскіх мовах падобная назва можа азначаць ’памідор’, а не ’яблык’. Параўн. чэш. rajské jablíčko > rajče ’памідор’, rajský ’таматны’, пры гэтым чэш. rajka ’райская птушка’. Адначасова развіваецца паралельная да форм з каранёвым рай‑ асобная назва з іншым коранем як, напрыклад, у харв. rajčica і paradajz ’памідор’ ці славен. paradižnik ’тс’, што з’яўляецца сцяжэннем выразу, калькаванага з ням. Paradiesapfel ’памідор’ (Глухак, 516).

Ра́йка2 ’дарадца’ (Бяльк.), ра́дзька ’тс’ (Гарэц.), райко́ ’жанаты ўдзельнік вяселля з боку маладога, маршалак’ (бельск., Зяленін, Описание, 1). Форма ад раіць, азначае даслоўна ’той, хто раіць’. Утворана пры дапамозе суф. ‑к(а), прадуктыўнага ў бел. народнай мове, які стварае асабовыя формы па дзеянні, агульнага роду, часта з экспрэсіяй непахвальнасці, параўн. стыдзька ад стыдзіцца, марудзька ад марудзіць, ныцька ад ныць, будзька ад будзіць, проська ад прасіць і інш. (Сцяцко, Афікс. наз., 46, 47), адпаведна, райка ад раіць, як і радзька ад радзіць. Гл. ра́йца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́зня, ла́зьня ’памяшканне, дзе мыюцца і парацца’ (Нас., Гарэц., Мядзв., Мал., Бяльк., Касп., Шат., Грыг., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’сушня, будынак, у якім труць лён’ (Бір. Дзярж., КЭС, лаг.; саліг., З нар. сл.). Укр. лаз́ня ’лазня’, ’хаціна з маленькім уваходам’, ’яма для захоўвання збожжа’, рус. ла́зня ’падвал’, ’лесвіца’, ’лаз у яму’, ст.-рус. лазня (з XII ст.), якое, несумненна, паўднёва-заходняга паходжання (гл. Філін, Происх., 571); польск. łaźnia ’лазня’ (з XV ст.), н.-луж., в.-луж. łaznja ’лазня, ванна’, чэш. lázeń ’тс’, ’купанне’, lázně ’курорт’, паўд.-чэш. lazna ’стаў’. Паўн.-слав. дыялектызм. Прасл. laznь і lazьnja ўзніклі ў розныя часы: першасны дэрыват laz‑nь (як kaz‑nь); laz‑ьnja, утвораная ад lazьnъ(jь) < lazъ, параўн. укр. лазня піч, ст.-польск. (XVI ст.) co dalej to wyszsze jako w laźniej ’а далей — усё вышэй, як у лазні’ (Слаўскі, 5, 72). Да ла́зіць (гл.). Параўн. ст.-рус. влазити, влѣзти въ баню. Лазня першапачаткова азначала месца, куды лазілі: уніз → у яму (дзе была печ), уверх на палок у лазні (Машынскі, Kult., 1, 607–608; Бернекер, 697; Брукнер, 308; Шрадэр, Reallexikon, 1, 74; Зяленін, AfslPh, 32, 601). Іншыя версіі падлягаюць сумненню: паводле Махэка₂ (322), прасл. laznь трэба чляніць la‑znь, у якім la‑ < і.-е. *lavǝ‑, параўн. лац. lavāre ’мыць, мыцца’, хец. lā‑ ’тс’. Гэта прыняў і Вахрас (ScSl, IX, 1963, 166–167), дапускаючы, што сувязь з лазіць другасная. Ёстэррайхер (16, 10) звязвае лазню з lazъ ’выкапаная яма’. Міклашыч (161) памыляецца, калі выводзіць яе са ст.-грэч. λάσανον, лац. lasanum ’сасуд’. Кіслоўкі мяркуе, што касцюк. лазня — паланізм (КЭС). Гл. яшчэ Краўчук, УМШ, 1960, 6, 50–62.

Ла́зня2 ’прыстасаванне для лазання на дрэва’ (Інстр. 1), рус. лазня ’лесвіца, драбіна, лескі’. Да ла́зіць (гл.) (аб суф. ‑ня гл. Сцяцко, Афікс. наз., 58).

Ла́зня3 ’дзіцячая гульня’ (ТС). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)