Ты́дзень (ты́дзянь, ты́дзінь) ‘частка месяца, сямідзённы тэрмін’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Касп., Ласт., Сержп. Прымхі, Яруш., Мал., Гарэц.; ашм., Стан., Сл. ПЗБ), ты́день ‘тс’ (пруж., Сл. ПЗБ, Растарг.), ст.-бел. тыдень, тыдзень ‘тс’ (1486 г., ГСБМ). Параўн. польск. tydzień, каш. tiƺėń, чэш. týden, славац. tíďen, в.-луж. tydźeń, н.-луж. tyźeń, славен. tė́den, tjéden, серб. тје̏дан, харв. кайк., чак. tjedan, téidan, tjȁden. Лексема ўзнікла на тэрыторыі Вялікай Маравіі і распаўсюдзілася разам з хрысціянствам (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 403); пасля прыняцця хрысціянства і ўрэгулявання назваў тыдня (Брукнер, 588) лексема стала абазначаць ‘сямідзённы тэрмін’. Першая частка слова — прыметнікавая форма займенніка *tъ ‘гэты’, ускладненая ўказальным займеннікам *jь: *tъ‑jь > *t‑yjь, які яшчэ ў XV ст. скланяўся разам з другой часткай *dьnь ‘дзень’, параўн. чэш. týden, téhodne, témudni, týmdnem. У беларускую мову слова трапіла з польскай мовы (Карскі 2-3, 89), дзе захавалася таксама форма Р. скл. адз. л. tygodnia ‘тыдня’ (Борысь, 657; Лер-Сплавінскі, JP, 1928, 13, 12–14), гл. тыгодзень. У тыдзень скланяецца толькі другая частка (як дзень). Для старабеларускай і народнай мовы характэрна варыянтнасць назвы тыдня, звязаная з рознымі шляхамі пранікнення і фанетычнай адаптацыі. Ст.-бел. тыйдень, тийдень (1498 г.), паводле Карскага (там жа), адлюстроўвае архаічную форму, блізкую да зыходнай; формы са спалучэннямі жьд, жд (ст.-бел. тыйжьдень, тыждень) Карскі (там жа) тлумачыць устаўкай ж (< часц. жа); зафіксаванае ў Рэчыцкім пав. ты́жджень Бузук (Спроба, 59) разглядае як вынік асіміляцыі д папярэднім ж, а тураўскае ты́здзень — як вынік адваротнай асіміляцыі. Рэдкая форма ты́жань (Ян., ПСл) узнікла, магчыма, па ўзоры нуда і нужда (гл.) як «аднаўленне» ўсходнеславянскага рэфлекса прасл. *dj, што, зрэшты, не выключае захавання архаізма, параўн. старое польск. tyżeń ‘тыдзень’ (Варш. сл.), параўн. чэш. týž ‘той самы’ (гл. наступнае слова), якое суадносіцца з рэканструяваным першасным значэннем ‘той самы дзень (праз сем дзён)’, гл. Махэк₂, 663; Борысь, 657. Адносна развіцця dj > ždž > ž гл. Голамб, МЈ, 40–41, 125. Сюды ж тыднёва ‘выезд маладых да бацькоў маладой у першы тыдзень пасля вяселля’ (Сцяшк. Сл.), тыднёвозастолле праз тыдзень пасля вяселля’ (Сл. рэг. лекс.), тыднёвы ‘штотыднёвы’, ‘які працягваецца цэлы тыдзень’ (ТСБМ, Яруш., Гарэц.), тыднёвік ‘штотыднёвік’ (Гарэц.), ‘працоўны тыдзень’ (Варл.), ты́днік ‘тыдзень’ (віл., Сл. ПЗБ), ты́днічак памянш. ‘тс’ (Скарбы), спалучэнне tak tydzień ‘тыдзень таму назад’ (Федар. 1), параўн. такрок, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

су́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае сум, смутак; смутны, маркотны. Надзя .. была сумная і сядзела моўчкі, у яе сёння была непрыемная размова з бацькам. Шахавец. // Які мае схільнасць смуткаваць. [Веры Антонаўне] ўспамінаўся першы муж — сумны дома і апатычны на рабоце. Карпаў.

2. Які выражае сум, смутак. [Вера] выходзіць з машыны. Бледная, з вялікімі сумнымі вачыма. Мікуліч. Джыавані хацеў сказаць, што ён павінен быў сустракаць чалавека, але, зірнуўшы на сумныя твары сваіх блізкіх, прамаўчаў. Лынькоў. — Мо недзе прыпыніліся яны [сыны], Салодка спяць, а сумны матчын голас Хіба ўстрывожыць светлыя іх сны? Кірэенка. // Жалобны, смутны. Вось сумнае наша застолле — Старыя, малыя сышліся, І пара да самае столі Стаіць над жалобнаю місай. Вітка.

3. Які мае ў сабе што‑н. сумнае; поўны суму. Паплылі думкі, сумныя, адчайныя, нейкія недарэчныя. Гамолка. / у знач. наз. су́мнае, ‑ага, н. Разам з усім станоўчым, радасным, што сустракалі [дэлегаты] ў сваім падарожжы, было нямала і сумнага. Брыль. // Які праходзіць у смутку, суме; бязрадасны, цяжкі. Сумнае дзяцінства. □ Два лёсы — новы і стары; сённяшняе жыццё як процілегласць сумнаму мінуламу. Перкін. // Непрыемны, прыкры. Сумныя весткі. □ Я стаў перад сумным фактам: многае з таго, што раней пісалася, прыйшлося абмінуць, у кніжку не ўключыць. Скрыган. [Рыма:] — Я з сумнаю навіною да вас... Гартны.

4. Які выклікае, навявае сум, смутак. Тракт сумны загушкаў Паэта ў дарозе. Прыпынак. І — Пушкін Ужо на Лучосе. Калачынскі. Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло. В. Вольскі.

5. Які выклікае нуду; нецікавы. Ніколі раней .. [Маша] не чула ад .. [Васіля] гэткіх слоў і лічыла чалавекам сухаватым, .. сумным у жыцці. Шамякін. На момант работа здалася Ларысе сумнай і непатрэбнай. Даніленка.

6. Заганны, нядобры; ганебны. Сумная слава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бага́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які жыве ў поўным дастатку, валодае вялікай маёмасцю, грашовымі сродкамі, заможны; проціл. бедны. У багатым калгасе — заможныя і калгаснікі. Шамякін. Маці.. прыбірала двары ў багатых дамах. Лынькоў. Увосень і верабей багаты. Прыказка. / у знач. наз. бага́ты, ‑ага, м. Багаты падаў пану руку, прывітаўся: ведама, багаты з багатым. — свае людзі. Якімовіч. Мой спеў звінеў не для багатых. Журба. Багаты беднага не разумее. Прыказка.

2. Які вызначаецца мноствам даброт. Дзень добры Случчыне маёй, Здаўна багатай старане. Астрэйка. Люблю восень, што ні гаварыце: самая багатая пара года. Ермаловіч. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка. Калгасныя клеці засыпаны збожжам, багатыя выйшлі ў нас працадні. Машара. // на што, чым. Які вызначаецца вялікай колькасцю чаго‑н. Багаты, быў лес, асабліва на грыбы ды ягады. Мурашка. // Колькасна вялікі. Дзед Рыгор быў у цудоўным настроі: ужо трэці дзень ён вяртаўся дамоў з багатым уловам. Шашкоў. // Разнастайны. Выбар ёлак быў багаты. Вочы дзяцей разбягаліся ва ўсе бакі. Бядуля. // Густы, спорны. Багаты дождж. □ Колерамі вясёлкі адбіваліся сонечныя праменні ў багатай расе. Дуброўскі. // Вельмі добры, дасканалы. І сам дырэктар, і ўсе механізатары стараліся ўзяць ад багатай тэхнікі ўсё, што магчыма. Шахавец. // Наварысты, смачны (пра страву). [Дзятліха] як ніколі багатага баршчу наварыла. Мележ. // Буйны, важкі. Рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі. Кавалёў.

3. Які вызначаецца раскошай аздаблення, убрання або каштоўнасцю матэрыялу. Багаты сервіз. Багатае выданне. Багаты касцюм. // Які характарызуецца велічнасцю, разнастайнасцю, насычанасцю. Нешта казачнае бачу я ў багатых колерах неба... Бядуля. // Густы, пышны (пра валасы). Хомчык бачыў, як.. [Аксеня] распусціла свае багатыя валасы, якія закрывалі спіну. Пестрак.

4. Які адпавядае высокім патрабаванням, змяшчае ў сабе многа ўнутраных якасцей. Багаты голас. Багатая мова. // Рознабаковы, разнастайны. Багатая натура, міміка, фантазія. // З глыбокім сэнсам, змястоўны. Багатая кніга. // З вялікімі магчымасцямі. Багатыя перспектывы. // Заснаваны на шматгадовай практыцы. Багаты вопыт. Багатыя традыцыі.

•••

Заднім розумам багаты — пра таго, хто прымае запозненае рашэнне.

Чым багаты, тым і рады — форма ветлівага запрашэння.

Чым хата багата гл. хата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)