Журба́1 ’смутак’. Рус. дыял. паўд., дан., сарат., амур. журба́ ’смутак, клопат’, укр., журба́, жур, жура́ ’смутак’, славен. žûrba ’паспешнасць, руплівасць’, серб.-харв. жу̀рба ’паспешнасць’. Ст.-рус. журба ’дакаранне’ (у Бярынды, 1627). Утворана з суфіксам ‑ьba ад дзеяслова журыць, журыцца (гл.), відаць, яшчэ ў ст.-рус. мове, паколькі ў паўд.-слав. слоў іншыя значэнні.

Журба́2 ’гнаявая жыжка’ (Сл. паўн.-зах.). Кантамінацыя жур, журка (гл.) з жабурынне (гл.), жабура.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́рка ’пэўныя гатункі негустой стравы’ (Сл. паўн.-зах., Шатал.), ’гнаявая жыжка’ (Сл. паўн.-зах.). Памянш. ад жура, жур. Для другога значэння параўн. чэш. žur ’гразь у вадаёме, асадак’ (Малько, Географическая терминология чешского и словацкого языков, 1974, с. 94).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трупа́ціць экспр. ‘есці’ (Юрч. Вытв.): Трупаціла яна крупеню, / Яечню, руднік, жур, смажэню («Энеіда навыварат», Бел. літ. XIX ст.). Рус. смал. трупа́чить ‘разліваць ежу’ (1853 г., СРНГ). Хутчэй за ўсё, экспрэсіўнае ўтварэнне ад трупаць (гл.), аднак параўн. балг. тру́пам ‘накладаць, нагрувашчваць’, макед. трупи ‘навальваць, набіваць’, серб. тр̀пати ‘набіваць, напіхваць’, харв. tr̀pati ‘тс’, славен. trpati ‘тс’ (з харв., серб., (гл. Сной₂, 788) і асабліва серб. тр̀пија ‘абжорства’. Паводле Скока (3, 508), балгарска-македонскія формы звязаны чаргаваннем з харвацка-сербскімі і выводзяцца з *trupъ (гл. труп). Сной₂ (788) узводзіць да прасл. *tьrpati, роднаснага ст.-інд. tr̥̀pyati ‘насыціцца, задаволіцца’, нова-перс. tulf ‘перанасычанасць’ і пад. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Журма́н ’хітрун’ (Сл. паўн.-зах.). Фіналь ‑ман фіксуецца яшчэ ў некаторых бел. прастамоўных і дыялектных словах: брэ́хман, ’брахун’, чу́хман ’хто чухаецца’, лысма́н ’лысы’, глушма́н ’глухі’, рыжма́н рыжы’, рэчма́н ’плытагон’ (Сцяцко, Афікс. наз., 54, 116, 160). Першы кампанент, магчыма, жур (гл. журба1) прадстаўлены і ў такіх значэннях, як журлівы ’сумны’ і ’сварлівы’, журыць ’дакараць’. Не выключана і ўспрыняцце хітрай, не сапраўднай журбы ў таго, каго называюць журманам. Але найбольш верагодна сувязь з рус. калуж. журава́ть ’гуляць, гарэзаваць (пра хлопца з дзяўчынай)’, фанетычным варыянтам рус. дыял. жировать ’тс’ (параўн. жыр, жыраваць1; дзеяслоў фіксуецца ў Сл. паўн.-зах. у варыянце журува́ць, хоць і ў агульным значэнні ’харчавацца’), журавли́вый ’такі, што любіць пагуляць з дзяўчатамі’, жураво́й ’законнанароджаны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жураві́на, журавіны ’ягада Oxycoccus’ (ТСБМ), жураўлі́ны (Сл. паўн.-зах.; гродз., Нар. лекс., 42, 158), журахлэны (камян., Бел. мова і літ. у ВНУ, 1971, с. 203). Рус. дыял. журави́на, журави́ны, журави́ка, журавли́на, укр. журави́на, журавли́на, польск. żurawina, żurachwina, памор. žuraina, žurainə ’тс’, н.-луж. žorawina, žorawa ’журавіна’. Ст.-рус. журавина ’тс’. Лат. dzērvene ’журавіны’. Параўн. англ. cran berry ’тс’, ням. дыял. Kronsbeere, Kranzbeere (пры англ. crane, ням. Kranich ’журавель’). Янкоўскі (Бел. мова₃, 230–231) тлумачыць журавіны як ягады на імшыстых балотах, дзе вадзіліся журавы, жураўліныя ягады, з чым трэба згадзіцца. Фасмер, 2, 67; Брукнер, 666. Слова мае паўн.-слав. характар. Памор. знач. žuraina ’шчаўе’ ўказвае на разуменне слова ў сувязі са смакам і са словам žurжур’ і ’шчаўе’. Параўн. яшчэ чэш. žíravina (< žuravina) ’едкі матэрыял’. Аб невыключанасці такой версіі гл. Супрун, Бюлетин за съпост. изследване…, 1976, 5, 78–79.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каплу́н1 ’цура’ (браг., бяроз. Шатал.; вільн., Сл. паўн.-зах., ’ежа накшталт супу з кавалачкаў сухога хлеба, цыбулі, залатых варам і засквараных салам’ (драг. Нар. словатв.; драг., іван. Вешт.; кобр. Нар. лекс.), ’абрадавая страва з хлеба і салодкай вады або малака’ (івац. Жыв. сл.). Укр. жытомірск. каплу́н ’ежа з хлеба, вады і солі’, рус. н.-рас. ’халаднік’, польск. kapłun, kapłon ’тс’. Відавочна, балтызм, утвораны ад дзеяслова *kap(l)‑ (параўн. літ. kapóti ’рубіць, сячы’, ’з’ядаць, тачыць’, kaplỹs ’адрэзаны, адколаты’, ’бяззубы’), які азначаў ’ламаць, крышыць’ — галоўнае адрозненне каплуна ў тым, што хлеб ломіцца, крышыцца, а не варыцца, не закалочваецца (як жур), не смажыцца. Сюды ж і каплу́к.

Каплу́н2 ’пакладаны певень’ (ТСБМ, Бес., Федар. 6; драг. Нар. словатв.), ’пражорлівы’ (Некр.). Ст.-бел. каплунъ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. kapłun ’тс’ (і kapłon), якое пры пасрэдніцтве ст.-чэш. kapún — з с.-в.-ням. kappūn ’тс’ < нар.-лац. cappōne (m) < cāpo ’тс’, ’малады пеўнік’, ’малакасос’ (Слаўскі, 2, 58). У польск. слове ł‑ — у выніку жартаўлівай ад’ідэацыі да kapłan ’свяшчэннік’, ’жрэц’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

счуць, счую, счуеш, счуе; зак.

Разм.

1. каго-што і з дадан. сказам. Улавіць на слых якія‑н. гукі, размову. Калі Ніна, счуўшы шагі ля сябе, узняла вочы ад акна, яна ўбачыла перад сабой Лявона. Галавач. Жур счуў, што гутарку трымаюць пра яго, і тапор свой уткнуў у бервяно. Баранавых. // Пачуць, прыслухацца. Як не счуюць мяне, я мацней загуду, Дам гучнейшы акорд песні новай... Чарот.

2. што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца (з размоў, чутак і пад.). Хто зманіў, хто звёў дзяўчыну? Счуў жаніх праз дзень прычыну, — Зганьбавала яго люба: Быў ён з ёй нібыта грубы. Ставер.

3. каго. Учуць (пра жывёл). На суседнім двары (мусіць, толькі прачнуўся), счуўшы чужых людзей, забрахаў сабака. Крапіва. Але дзе так схавацца, каб і пазіраць было зручна, і каб .. [казуля] не заўважыла або нюхам не счула? Ляўданскі.

4. што. Адчуць. Уніз, уніз! — не счуўшы болю. Уніз! — з грымотнага блакіту, Не на пасадачнае поле, А ў поле стоптанага жыта. Матэвушаў.

5. перан.; што і з дадан. сказам. Інтуітыўна адчуць, прадбачыць. А Бушмара і ў брата не знайшлі — счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца. Чорны. Саўка зрабіў рашучае намаганне і сеў. Ён счуў — Бруй мае сказаць нешта такое, што варта паслухаць седзячы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уткну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Прымусіць пранікнуць, увайсці ўглыб, унутр што‑н. вострае, тонкае; усадзіць. Уткнуць іголку ў клубок. □ Уткнуўшы косы ў мокрую ад расы траву, касцы ідуць снедаць. Нядзведскі. Маці нажала крапівы, паслала ў хляве і серп уткнула ў сцяну над дзвярыма. Бядуля. Жур счуў, што гутарку трымаюць пра яго, і тапор свой уткнуў у бервяно. Баранавых. // Сунуць куды‑н., унутр чаго‑н., за што‑н. Я ўткнуў газету ў кішэню, паправіў шалік на шыі і хутка пайшоў да тралейбуса. Мыслівец. Астап пакінуў капаніцу, Ляйчыну ўткнуў за паясніцу, Каб упраўляць сяк-так канём. Трус.

2. Схаваць, укрыць твар, галаву і пад. у што‑н. Па тратуарах, уткнуўшы насы ў каўняры, праходзілі рэдкія пешаходы. Гурскі. Меншы, Косцік.. уткнуў у падушку галаву, раскінуў ручкі. Васілевіч.

3. Уперці ў што‑н. Уткнуць нос у шыбу.

•••

Носа не ўткнуць — тое, што і носа не ўбіць (гл. убіць).

Уткнуць нос у што, куды — засяродзіцца на чым‑н., захапіцца чым‑н.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць, уставіць) свае тры грошы — умяшацца ў чужую гаворку, калі не просяць; сказаць што‑н. неўпапад.

Уткнуць (уваткнуць, усадзіць, усунуць) свой нос (язык) — умяшацца не ў сваю справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каладзе́й, колодзей ’стальмах’ (стол., Маслен.). Адсутнасць іншых фіксацый гэтага слова ў бел. мове і наяўнасць яго на тэрыторыі, пагранічнай да зах.-палес. арэалу, не выключаюць магчымасці таго, што гэта ўкраінскае слова. Укр. колодій ’стальмах’, рус. колодей ’майстар, які робіць колы; стальмах’ (у Даля; паметы «паўдн.» і «зах.» указваюць, відаць, на ўкр. і бел. тэрыторыю), польск. kołodziej ’майстар, які вырабляе колы і вазы; стальмах’ (з XV ст.), славін. kolódei ’стальмах’, в.-луж. kołodźej, kołodźij, н.-луж. kołoźej ’тс’, ст.-чэш. koloděj ’тс’. Слаўскі (2, 370) далучае да традыцыйных паралелей рус. колодей ’вялікі кухонны нож’ (так у Фасмера, 2, 293, які прыводзіць у адным артыкуле колодей ’той, хто працуе для сябе, у вольны час’ і ’кухонны нож’) і ўкр. колодій ’вялікі нож’. Нельга пагадзіцца з гэтым: рус. і ўкр., як ні тлумачыць частку ‑ій у слове, суадносяцца з укр. колодач, бел. жур. колодан ’вялікі кухонны нож’ (’нож з калодкамі’). Адносна разглядаемага слова неабходна заўважыць, што, магчыма, гэта архаізм. На карысць такой думкі сведчыць структура злучэння kolo‑dějь, дзе другая частка — Nomen agentis ад děti, dějati. Слаўскі (2, 370) мяркуе пра царк.-слав. *kolo‑dějь з першасным значэннем ’які вырабляе колы, вазы’, аналагічна ў Махэка₂, 270: ’які вырабляе вазы’. Структурныя адпаведнікі: бел. ліхадзей, укр. добродій. Не выключана, аднак, што kolodějь — культурны тэрмін, які (і аб гэтым сведчыць лінгвагеаграфія) з’яўляецца вынікам калькі з іншамоўнага слова, для якога такая структура з’яўляецца натуральнай. Відавочна, што калька магла быць і даўняй, хоць нельга выключыць магчымасці пазнейшай экспансіі лексемы. З літаратуры параўн. яшчэ Шустэр–Шэўц, 8, 596.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ СТРА́ВЫ,

традыцыйныя стравы, якія здаўна гатаваліся ў большасці бел. сем’яў і складаюць спецыфіку бел. кухні сёння. Беларускія народныя стравы гатаваліся з зерне-гароднінных і мяса-малочных прадуктаў, вырабленых ва ўласнай гаспадарцы, ад яе асаблівасцяў у тых ці інш. рэгіёнах залежалі мясц. адрозненні ў стравах. Паводле расліннага ці жывёльнага паходжання прадуктаў і часу спажывання па царк. прадпісанні беларускія народныя стравы падзяляюцца на посныя і скаромныя. Посныя стравы спажываліся ў пост, гатаваліся з мукі, круп, гародніны, мёду, рыбы і запраўляліся толькі алеем або семем. Скаромныя стравы — з малака, смятаны, сыру, мяса, яек, з салам, маслам, лоем, смальцам. Па кансістэнцыі беларускія народныя стравы бываюць рэдкія (крупнік, кулеш, булён, крышаны, боршч, юшка, халаднік, жур), густыя (кашы, камы, талакно, кісель, смажанка), тыпу поліўкі (верашчака, поліўка) і печыва. Спосабы прыгатавання простыя — стравы вараць, параць, смажаць, пражаць, пякуць, тушаць; часам спалучаюцца розныя працэсы: квасяць і вараць кулагу, кісель, боршч, вараць і ахалоджваюць квашаніну, сальцісон, юшнік з рыбы, вараць і таўкуць камы, запякаюць бульбянікі з варанай тоўчанай бульбы, таркуюць бульбу сырую і пякуць бабку, дранікі, вараць клёцкі, калдуны. Найб. даўні спосаб прыгатавання раслінных страў — падпражванне і варка цэлага зерня (захаваліся ў такіх стравах, як пражаны гарох, куцця). Са старажытнасці да нашых дзён спажываюць рэдкія стравы з мукі — калатушу, калі мука папярэдне густа замешваецца з вадой — зацірку. Рэдкія стравы звычайна не вельмі каларыйныя (з косткай з вяндліны, засквараныя, са смятанай, але не вадкія) раней гатаваліся не толькі на абед, а і на снеданне, часам на вячэру. Амаль штодня варылася кіслая страва, у хаце заўсёды быў квасны напітак: хлебны квас, раўгеня, квас з квашаных буракоў, які не толькі пілі, але і выкарыстоўвалі на заквашванне страў. Сярод беларускіх народных страў пірагі (крапанікі) з фасоляй, капустай, грыбамі; варэнікі (галушкі) з сырам, ягадамі, семем, калдуны з мясам, наліснікі з сырам, вантробкамі, крывянкі з крупамі, мукой, кішкі з дранай бульбай. З 19 ст. пашыраецца спажыванне страў з бульбы (салёнка, пячонікі, бабка, дранікі, камы, булён). Беларускія народныя стравы здаўна падзяляліся на штодзённыя, святочныя, абрадавыя (гл. таксама Абрадавае печыва і Абрадавыя стравы). Так, на Вялікдзень запякалі парася, начыненае кашай, наліснікамі з вантробамі, запякалі кумпяк у жытнім цесце, засмажвалі цяляціну, пяклі пірагі, бабкі, рабілі паску. На посную куццю гатавалі 12 страў. Прыправы выкарыстоўвалі пахучыя, але не вострыя: кроп, кмен, каляндру, чарнушку, часнок, цыбулю, радзей — перац. Са зменай у побыце сялян перасталі гатаваць жытнія цестападобныя кашы, талакно, раўгеню, радзей труць мак, вараць аўсяны кісель. Гл. таксама Ежа.

Г.Ф.Вештарт.

т. 2, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)