рака ў Іраку і Іране. Даўж. 195 км, пл.бас. больш за 1 млн.км². Утвараецца зліццём рэк Тыгр і Еўфрат, цячэ па Месапатамскай нізіне, упадае ў Персідскі заліў, утварае дэльту. Асн. прыток — р. Карун (злева). Веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля 1500 м³/с. Суднаходная, да г. Басра падымаюцца марскія судны. Асн. парты Басра (Ірак), Харэмшэхр, Абадан (Іран).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЫ,
старажытны горад на ПнЗ Месапатаміі (цяпер г. Харан, Турцыя), паблізу якога 9.5.53 да н.э. адбылася бітва паміж рым. войскам М.Краса (больш за 40 тыс.чал.) і парфянскім войскам пад камандаваннем Сурэны. Перавага парфян у конніцы прывяла да разгрому рым. авангарда і адступлення рымлян у К. 10 мая Крас забіты ў час перагавораў, а рэшткі рым. арміі (12—14 тыс.чал.) адступілі за р.Еўфрат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРБЕЛА́,
горад у Іраку, у сярэдняй ч. даліны р.Еўфрат. Адм. ц. мухафазы Кербела. Засн. ў 7 ст. 200 тыс.ж. (1997). Буйны гандл.-трансп. пункт. Кансервавы з-д. Тэкст. і цукр. прадпрыемствы. Рамёствы. У 680 тут адбылася бітва паміж Амеядамі і ўнукам Мухамеда Хусейнам, у якой апошні загінуў. У 8 — пач. 9 ст. пабудавана мячэць-маўзалей Хусейна (неаднаразова знішчалася, канчаткова ў 1016 у выніку пажару). Свяшчэнны горад мусульман-шыітаў, месца паломніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАМЕ́І, арамейцы,
качавыя семіцкія плямёны, выхадцы з Аравіі. Упершыню ўпамінаюцца ў сярэдзіне 3-га тыс. да н. э. У 14 ст. да н. э. трапілі ў Сірыйскую пустыню і на сярэдні Еўфрат, на мяжы 12—11 ст. да н. э. засялялі амаль усю Пярэднюю Азію. У асобных месцах (на У ад р. Іардан і інш.) арамеі сталі весці аселае жыццё. Арамейская мова да пач.н. э. стала асн. гутарковай мовай у Пярэдняй Азіі. Патомкі арамеяў — сучасныя асірыйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКІ ТАЎР, Усходні Таўр,
усходняя частка гор Таўр, у Турцыі. Працягласць каля 600 км. Выш. да 3090 м (г. Нурухак). Уключае хрыбты Ахыр, Энгізек, Малацця, Эргані, Нурхак, Хачрэш. Складзены з метамарфічных вывергнутых і асадкавых парод (вапнякі, пясчанікі). Развіты карст. Горы прарэзаны цяснінамі р. Джэйхан, Еўфрат, Тыгр. На паўн. сухіх схілах і ў ніжнім поясе — паўпустыні, вышэй — горны стэп. На паўд., больш вільготных схілах — зараснікі тыпу маквісу, вышэй — дубовыя паркавыя лясы, рэдкалессе з фісташніку і ядлоўцу, горны стэп і альпійскія лугі. Па Бітліскім і Пазарджыкскім праходах пракладзены чыгункі і шаша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРЫ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ У сумежных раёнах Сірыі, Іарданіі, Ірака і Саудаўскай Аравіі. Пл. каля 1 млн.км². Вапняковае плато і лававыя палі выш. 500—800 м, астраўныя горы выш. да 1100 м, многа бяссцёкавых катлавін і сухіх рэчышчаў, паніжэнні з саланчакамі і такырамі, участкі пясчаных і камяністых пустынь. Паверхня зніжаецца да даліны р.Еўфрат і Месапатамскай нізіны. Клімат субтрапічны кантынент., сухі, з цёплай зімой і гарачым летам. На паўн. ускраіне сярэдняя т-растудз. 6,9 °C, ліп. 29,2 °C. Ападкаў 100—150 мм за год. Разрэджаная эфемерная і палынова-кусцікавая расліннасць, па далінах часовых вадацёкаў зараснікі тамарыску. Качавая жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСАПАТА́МСКАЯ НІЗІ́НА.
Міжрэчча, нізіна ўздоўж рэк Тыгр і Еўфрат, гал.ч. ў Іраку, а таксама ў Іране, Сірыі і Кувейце. Даўж. больш за 1000 км, шыр. 400 км. Размешчана на месцы перадгорнага прагіну альпійскай складкаватай зоны М. Азіі і Ірана. Складзена з пясчана-гліністых алювіяльных адкладаў рэк, марскіх адкладаў і інш. Паводле характару рэльефу падзяляецца на паўн.ч. (Верхняя М.н., або Джэзірэ) да шыраты г. Багдад — узгорыстае плато з невял. ўзвышшамі (Джэбель-Сінджар, 1359 м, Джэбель-Хамрын і інш.) і паўд.ч. (Ніжняя М.н., або Вавілонія) — плоская нізіна, ніжэй за 100 м над узр. мора. Тэр. Ніжняй М.н. перыядычна заліваецца паводкавымі водамі, моцна забалочаная, асабліва ўзбярэжжа Персідскага заліва. Клімат на Пн субтрапічны, кантынентальны, на Пд трапічны, пустынны. Лета гарачае, т-ра 33—34 °C. Зіма на Пн умераная (сярэдняя т-ра студзеня 7 °C, маразы да -18 °C), на Пд цёплая (15—17 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў 200—300 мм, на Пд паніжаецца да 100 мм. Максімум ападкаў — зімой. Па М.н. працякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія зліваюцца ў агульнае рэчышча Шат-эль-Араб, на ПдЗ — р. Карун. Расходы рэк нераўнамерны на працягу года, частыя паводкі разбуральнай сілы. Расліннасць паўпустынная і пустынная, палынова-салянкавая, толькі на схілах узвышшаў Верхняй М.н. растуць дрэвы і хмызнякі (дубы, фісташкі). Уздоўж рэк — галерэйныя лясы: еўфрацкая таполя, вербы, тамарыскі. У Ніжняй М.н. — фінікавая пальма. Жывёльны свет прадстаўлены грызунамі, паўзунамі, членістаногімі. З буйных млекакормячых — газель, дзікі асёл, шакал. У затапляльных зарасніках уздоўж рэк шмат вадаплаўнай птушкі, водзяцца дзікі. Развіта багарнае і паліўное земляробства (пшаніца, рыс, бавоўнік, фінікавая пальма), качавая жывёлагадоўля. Радовішчы нафты: Кіркук, Румайла і інш. Буйныя гарады: Багдад, Басра (Ірак), Абадан (Іран). М.н. адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі (Асірыя, Вавілонія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРХЕМЫ́Ш, Кархеміш,
старажытны горад на правым беразе р.Еўфрат у паўн. Сірыі (каля сучаснага г. Джэраблус). Існаваў з 4—3-га тыс. да н.э. У часы Хамурапі (18 ст. да н.э.) знаходзіўся пад месапатамскім культ. уплывам, у 15 ст. да н.э. — у васальнай залежнасці ад Егіпта, пазней — да 12 ст. да н.э. — ад Хецкага царства. У 12—8 ст. да н.э. цэнтр самастойнага царства. У 717 да н.э. заваяваны Сарганам II. У 605 да н.э. пры К. адбылася бітва, у якой вавілонскі цар Навухаданосар II разбіў егіп. фараона Неха II і асірыйскага цара Ашурубаліта II, што прывяло да ліквідацыі асірыйскай дзяржавы. Раскопкамі 1876, 1878—81, 1908—19 у К. адкрыты абарончыя збудаванні, фундаменты і арх. дэталі палацаў, храмаў і інш. пабудоў, клінапісныя і іерагліфічныя надпісы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТА́НІ, Ханігальбат, Нахарына,
старажытная дзяржава ў Паўн.-Зах. Месапатаміі ў 16—13 ст. да н.э. Сталіца — г. Вашукані (цяпер г. Расэль-Айн у Сірыі). Насельніцтва хурыты і семіты, афіц. мовамі былі акадская і хурыцкая. Войска М. валодала высокай тэхнікай каляснічнага бою, што дазволіла царам М. аб’яднаць дробныя хурыцкія племянныя групы Месапатаміі і падпарадкаваць семіцкія гарады-дзяржавы. Найб. росквіту дасягнула ў сярэдзіне 16 ст. да н.э., калі валодала тэр. ад узбярэжжа Міжземнага мора і гор Малаазійскага Таўра да ўскраінных гор Ірана. У 15 ст. да н.э. аддала землі на З ад р.Еўфрат Егіпту, наладзіла з ім цесныя гандл. і паліт. сувязі, замацаваныя дынастычнымі шлюбамі. У выніку міжусобнай барацьбы паміж царамі М. і хецкага ўмяшання дзяржава страціла паліт. значэнне. У пач. 13 ст. заваявана Асірыяй, распалася на некалькі княстваў і страціла самастойнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫГЛАТПАЛАСА́Р (асірыйскае Тукультыяпал-Эшара),
асірыйскія цары. Найб. значныя: Т. I (? — каля 1076 да н.э.), цар каля 1114 — каля 1076 да н.э. Здзейсніў некалькі пераможных паходаў у М.Азію, Сірыю, Фінікію. Вёў войны з Вавілоніяй. Адцясніў за р.Еўфрат качавыя плямёны арамеяў, якія пагражалі Асірыі. Т. III (? — 727 да н.э.), цар у 745—727 да н.э. Правёў рэформы, накіраваныя на стабілізацыю ўнутрыпаліт. становішча. У 743—740 перамог кааліцыю сірыйскіх, фінікійскіх і малаазійскіх правіцеляў, якіх падтрымлівала Урарту. У 734—732 выйграў вайну ў кааліцыі, у якую ўваходзілі Дамаскае і Ізраільскае царствы, Тыр, філістымлянскія гарады, аравійскія княствы і Эдом. У 737 умацаваўся ў Зах. Мідыі. У 738 і 735 здзейсніў паходы ва Урарту. У 729 да н.э. стаў царом Вавілона. Перасяляў народы з адных заваяваных абласцей у інш. ці ў Асірыю.