КАРХЕМЫ́Ш, Кархеміш,

старажытны горад на правым беразе р. Еўфрат у паўн. Сірыі (каля сучаснага г. Джэраблус). Існаваў з 4—3-га тыс. да н.э. У часы Хамурапі (18 ст. да н.э.) знаходзіўся пад месапатамскім культ. уплывам, у 15 ст. да н.э. — у васальнай залежнасці ад Егіпта, пазней — да 12 ст. да н.э. — ад Хецкага царства. У 12—8 ст. да н.э. цэнтр самастойнага царства. У 717 да н.э. заваяваны Сарганам II. У 605 да н.э. пры К. адбылася бітва, у якой вавілонскі цар Навухаданосар II разбіў егіп. фараона Неха II і асірыйскага цара Ашурубаліта II, што прывяло да ліквідацыі асірыйскай дзяржавы. Раскопкамі 1876, 1878—81, 1908—19 у К. адкрыты абарончыя збудаванні, фундаменты і арх. дэталі палацаў, храмаў і інш. пабудоў, клінапісныя і іерагліфічныя надпісы.

т. 8, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)