Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎФРА́Т,
араб.Шат-эль-Фурат, рака ў Турцыі, Сірыі і Іраку, самая вял. ў Зах. Азіі. Даўж. (ад вытоку р. Мурат) 3065 км, ад сутокаў рэк Мурат і Курасу 2700 км, пл. басейна 673 тыс.км². Пачынаецца ў гарах Армянскага нагор’я. У верхнім цячэнні праразае хрыбты Армянскага нагор’я Малацья і Эргані ў вузкай цясніне, потым цячэ ў глыбокай даліне па пустынным плато Джэзірэ, у ніжнім цячэнні — па Месапатамскай нізіне. Пасля зліцця з р. Тыгр утварае р. Шат-эль-Араб, якая ўпадае ў Персідскі заліў. Гал. прытокі: Тахма, Гёксу (справа), Беліх, Хабур (злева), упадаюць у Е. у верхнім і сярэднім цячэнні; у Іраку да Е. падыходзяць толькі сухія даліны — вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля моцных дажджоў. Жыўленне снегава-дажджавое. Веснавое разводдзе і летняя межань. У ніжнім цячэнні рэчышча абвалавана ад разводдзяў. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Хіт (Ірак) 840 м³/с, у ніжнім цячэнні памяншаецца да 300—400 м³/с ад выпарэння і выкарыстання вады на арашэнне (уздоўж берагоў Е. на Месапатамскай нізіне — паласа аазісаў). Суднаходная да г. Хіт. На рацэ вадасховішча Кебан, Атацюрк (Турцыя), Эль-Асад (Сірыя). На Е. — гарады Бірэджык (Турцыя), Рака, Дэйрэз-Зор (Сірыя), Рамады, Эль-Фалуджа, Эль-Куфа, Эс-Самава, Эн-Насірыя (Ірак). Міжрэчча Е. і Тыгра — адзін са стараж. асяродкаў цывілізацыі, дзе знаходзіліся дзяржавы Асірыя, Вавілонія, Шумер; на беразе Е. быў размешчаны г.Вавілон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́Т (Murat), Усходні Еўфрат,
рака на У Турцыі, асноўная састаўляючая р.Еўфрат. Даўж. 670 км, пл.бас. каля 40 тыс.км². Пачынаецца на схілах масіву Аладаг, цячэ ў вузкай і глыбокай даліне па Армянскім нагор’і. Веснавое разводдзе. Выкарыстоўваецца для арашэння. У ніжнім цячэнні вадасх. Кебан. На М. — г. Каракёсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЕ́НІЯ МАЛА́Я,
гістарычная вобласць у вярхоўях рэк Еўфрат, Лікус, Галіс. З яе тэр. звязана фарміраванне арм. народа і стараж.-арм. мовы. Уваходзіла ў дзяржаву Ахеменідаў. Пры Аляксандру Македонскім пад уладай македанян, з 322 да н.э.самаст. царства са сталіцай у г. Ані-Камах. З канца 2 ст. да н.э. належала Пантыйскай дзяржаве, пазней Рымскай імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕДЖЭ́Ф, Эн-Наджаф,
горад у Іраку, у даліне р.Еўфрат, на Пд ад Багдада. Адм. ц. мухафазы Неджэф. Засн. ў 2-й пал. 8 ст. Каля 300 тыс.ж. (1998). Гандл.-трансп. цэнтр на шляху ў Мекку і Медыну (Саудаўская Аравія). Адзін са свяшчэнных гарадоў мусульман-шыітаў, месца паломніцтва. Маўзалей-мячэць першага імама мусульман-шыітаў Алі і яго сыноў Хусейна і Абаса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАТ-ЭЛЬ-АРА́Б,
рака ў Іраку і Іране. Даўж. 195 км, пл.бас. больш за 1 млн.км². Утвараецца зліццём рэк Тыгр і Еўфрат, цячэ па Месапатамскай нізіне, упадае ў Персідскі заліў, утварае дэльту. Асн. прыток — р. Карун (злева). Веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля 1500 м³/с. Суднаходная, да г. Басра падымаюцца марскія судны. Асн. парты Басра (Ірак), Харэмшэхр, Абадан (Іран).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЫ,
старажытны горад на ПнЗ Месапатаміі (цяпер г. Харан, Турцыя), паблізу якога 9.5.53 да н.э. адбылася бітва паміж рым. войскам М.Краса (больш за 40 тыс.чал.) і парфянскім войскам пад камандаваннем Сурэны. Перавага парфян у конніцы прывяла да разгрому рым. авангарда і адступлення рымлян у К. 10 мая Крас забіты ў час перагавораў, а рэшткі рым. арміі (12—14 тыс.чал.) адступілі за р.Еўфрат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРБЕЛА́,
горад у Іраку, у сярэдняй ч. даліны р.Еўфрат. Адм. ц. мухафазы Кербела. Засн. ў 7 ст. 200 тыс.ж. (1997). Буйны гандл.-трансп. пункт. Кансервавы з-д. Тэкст. і цукр. прадпрыемствы. Рамёствы. У 680 тут адбылася бітва паміж Амеядамі і ўнукам Мухамеда Хусейнам, у якой апошні загінуў. У 8 — пач. 9 ст. пабудавана мячэць-маўзалей Хусейна (неаднаразова знішчалася, канчаткова ў 1016 у выніку пажару). Свяшчэнны горад мусульман-шыітаў, месца паломніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАМЕ́І, арамейцы,
качавыя семіцкія плямёны, выхадцы з Аравіі. Упершыню ўпамінаюцца ў сярэдзіне 3-га тыс. да н. э. У 14 ст. да н. э. трапілі ў Сірыйскую пустыню і на сярэдні Еўфрат, на мяжы 12—11 ст. да н. э. засялялі амаль усю Пярэднюю Азію. У асобных месцах (на У ад р. Іардан і інш.) арамеі сталі весці аселае жыццё. Арамейская мова да пач.н. э. стала асн. гутарковай мовай у Пярэдняй Азіі. Патомкі арамеяў — сучасныя асірыйцы.