РУДЭРА́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
[ад лац. rudus (ruderis) друз, буд. смецце], смеццевыя расліны, якія растуць каля будынкаў, на пустках, уздоўж шляхоў зносін і на падобных другасных (не палявых) месцах. Пераважна нітрафілы. Часта маюць прыстасаванні, якія дазваляюць ім пазбегнуць знішчэння чалавекам і жывёламі (непрыкметны выгляд, ядавітыя рэчывы, шыпы, жыгучыя валаскі і інш.). На Беларусі больш за 350 відаў з родаў аксамітнік, блёкат, вапнаўка, вярблюдка, герань, дурнап’ян, дурнічнік, крапіва і інш. Разам з сегетальнымі раслінамі складаюць групу пустазелля.
В.М.Прохараў.
т. 13, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ганабо́лі ’буякі’, ганабо́льнік ’дурнічнік’ (Шатал.). Параўн. яшчэ бел. назвы для Vaccinium uliginosum L.: п’яніцы, дурніцы, дурава, пʼянішніца, а галоўнае, галаваболь (гл. Кіс.). Ва ўкр. мове: безголов, буян, дурнопьян, дурниця, дурнина і, галоўнае, болиголов (гл. Макавецкі, Sł. botan.). Нягледзячы на тое што ў рус. мове дакладная адпаведнасць бел. слову — гонобо́ль (гл. Фасмер, 1, 437; варыянты: гонобо́бель, гоно́бель, гонобо́б, гонобо́й), якое Фасмер (там жа) лічыць магчымым табуістычным словам (’гонит боль’) з пазнейшымі эўфемістычнымі трансфармацыямі, зыходзіць, мяркуем, трэба з *головоболь: дысіміляцыяй плаўных л — л і двух губных в — б узнікла спачатку штосьці тыпу *гоновоболь, а потым гаплалогіяй *гоноболь. Іначай Махэк, Slavia, 23, 1954, 65. Не пераконвае Шанскі (1, Г, 127–128), які, прымаючы дысіміляцыйныя працэсы, зыходзіць ад прыметніка голубой.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Буякі́ ’ягады Vaccinium uliginosum L.’ (Кіс.). Укр. буя́к ’тс’. Будзішэўска (Słown., 315), якая наогул запярэчвае існаванне супольных бел.-укр. архаізмаў, лічыць гэта слова пазнейшай бел.-укр. інавацыяй. Этымалогія слова не вельмі ясная. Сувязь з дзеясловам тыпу буя́ць ’буйна расці’ вельмі няпэўная і не знаходзіць абгрунтаванне ў апісанні расліны (гл. Мяркулава, Очерки, 223–225; Нейштадт, Определитель, 434–435). Хутчэй за ўсё трэба зыходзіць з дзеяслова тыпу бел. буя́ць буяніць, шалець’, укр. буя́ти ’тс’. Ягады буякоў выклікаюць ап’яненне, боль галавы і да т. п. Параўн. іншыя назвы буякоў: бел. п’яні́ца, галаваболь, дурнічнік, дурніцы і да т. п. (Кіс.), укр. болиголов, дурнопян, дурниця, дурнина, пияки і інш. (Макавецкі, Sł. botan., 389–390), рус. пьяница, серб.-харв. веселика (Сіманавіч, 488), ням. Rauschbeere, Trunkelbeere. Параўн. яшчэ бугаі́ ’тс’ (гл.). Сувязь з буя́к ’бык’ (гл.), калі такая ёсць (параўн. паралельную назву бугаі́), вытлумачыць цяжка. У іншых мовах бык выступае тут толькі ў складаных словах: ням. Ochsenklaiwern, Ochsentieke ’Vaccinium uliginosum’ (Марцэль, Pflanzennam., 5 (3), 395). Гл. яшчэ быкі ’буякі’. Іншая версія (Л. А. Малаш, вусн. паведамлю: параўн. дыял. назву буякоў — буйні́цы (ад бу́йны ’вялікі’), якая даецца гэтай ягадзе для адрознівання яе ад падобнай, але меншай чарніцы. Тады можна думаць пра паходжанне ад буя́ць ’буйна расці; станавіцца буйнейшым’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)