ФАНЕТЫ́ЧНЫЯ ЗАКО́НЫ,

канстатацыя рэгулярных гукавых змен, якія адбываюцца ў адной мове ў розныя перыяды развіцця або паралельна ў некалькіх роднасных мовах. Першыя Ф.з. сфармулявалі заснавальнікі параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Ф.з. распрацавалі ў 1870-я г. младаграматыкі, якія лічылі, што Ф.з. дзейнічаюць без выключэння, калі на іх не ўплываюць інш. Ф.з. або аналогія. Ф.з. не маюць абсалютнага характару. Вынікі дзеяння адных і тых жа Ф.з. у роднасных мовах могуць быць не толькі аднолькавымі, але і рознымі. Напр., змяненне «к», «г», «х» у спалучэнні з j у «ч», «ж», «ш» мела адны і тыя ж вынікі ва ўсіх слав. мовах, а змяненне спалучэнняў «т» і «д» з j дало розныя вынікі ў розных слав. мовах. У выніку дзеяння Ф.з. выдзеліліся ўсх.-слав. мовы. Кожная з іх мае спецыфіку ў рэалізацыі Ф.з., напр., пераход «е» ў «о» вядомы ўсім усх.-слав. мовам, але ў бел. мове ён не адбываецца перад шыпячымі («цешча», «таежны»). Узнікненне рэгулярных гукавых змен у мове звычайна тлумачыцца ўнутр. тэндэнцыямі развіцця мовы або ўплывам інш. моў і дыялектаў.

Літ.:

Шухардт Г. О фонетических законах // Шухардт Г. Избранные статьи по языкознанию: Пер. с нем. М., 1950;

Бодуэн де Куртенэ И.А. «Фонетические законы» // Бодуэн де Куртенэ И.А. Избранные труды по общему языкознанию. М., 1963. Т. 2;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.

Л.​Ц.​Выгонная.

т. 16, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

*Арэ́ннік, оре́нник ’аер’ (Бейл.). Магчыма, фанетычна-словаўтваральны варыянт слова аер, ернік (Выгонная, Тэз. малад. вуч., 27), арэй, ірны корань (Кіс.), напр., з аернік у выніку метатэзы. Гл. аер. Параўн. літ. дыял. arìlas, arìlis ’аер’ пры літар. ãjeras.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́снява жы́та ’расліна спарыння, Claviceps purpurea L.’ (зах.-палес., Выгонная, Лекс. Палесся). Выгонная, там жа, мяркуе, што назва абумоўлена тым, што, як і Claviceps purpurea, буслу ў народных паданнях адводзіцца значнае месца (бусел ведае, які будзе ўраджай і г. д.) і прыводзіць серб.-харв. назву расліны — ро́дац. Але серб.-харв. ро́дац — гэта і ’бусел’ і тутавае дрэва’ (плады якога фіялетавыя, як і рожкі спарынні). Сувязь з буслам (што такая можа быць, сведчыць ням. назва для Claviceps purp. — Storchkorn, літаральна ’буслава зерне’; гл. Марцэль, Pflanzennam., 5 (4), 551) можа быць і іншай: па колеру дзюбы або ног бусла. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ФАНЕ́ТЫКА (грэч. phonētikos гукавы),

раздзел мовазнаўства, які вывучае акустычныя і артыкуляцыйныя ўласцівасці гукаў мовы, спосабы ўтварэння гукаў, асаблівасці ўспрымання гукавой мовы чалавекам. У Ф. часта ўключаюць і вучэнне пра функцыянаванне гукаў (гл. Фаналогія).

Ф. падзяляецца на апісальную (агульную, прыватную і эксперыментальную) і гістарычную. Агульная Ф. вызначае магчымасці моўнага апарату чалавека, агульныя акустычныя ўласцівасці гукавой мовы і яе ўспрымання; распрацоўвае фанетычны алфавіт для запісу (транскрыпцыю) мовы, адназначны для ўсіх даследчыкаў. Прыватная Ф. апісвае гукавыя асаблівасці канкрэтнай мовы. У эксперыментальнай Ф. выкарыстоўваюць розныя тэхнічныя (пераважна электронна-акустычныя) апараты. Гістарычная Ф. даследуе змены гукавога боку мовы на працягу яе гісторыі і прычыны гэтых змен. Ф. вывучае гукавую матэрыю мовы ў артыкуляцыйным, акустычным перцэптыўным і функцыянальным аспектах. Фанет. веды служаць таксама прыкладным мэтам: пры навучанні роднай і замежным мовам, пры лячэнні моўных расстройстваў, пры канструяванні сродкаў сувязі, пры аўтаматычным распазнаванні мовы і інш. Ф. бел. мовы распрацоўвалі Я.​Ф.​Карскі, Ц.​П.​Ломцеў, І.​В.​Воўк-Левановіч, М.​В.​Бірыла, Н.​Т.​Вайтовіч, Ф.​М.​Янкоўскі, П.​Я.​Юргелевіч, Л.​Ц.​Выгонная, А.​А.​Крывіцкі, А.​І.​Падлужны, В.​М.​Чэкман і інш. Фанет. даследаванні вядуцца ў Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі, Мінскім лінгвістычным ун-це і інш. Шэраг эксперыментальных прац па інтанацыі бел. мовы выкананы рус. (Т.​М.​Нікалаева) і ўкр. (А.​І.​Багмут) вучонымі.

Літ.:

Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы: Фанетыка. Арфаграфія. Лексікалогія. Мн., 1961;

Падлужны А.І. Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы. Мн., 1977;

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1983.

А.​І.​Падлужны.

т. 16, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Галаўня́ 1 ’спарыння’ (Сцяшк. МГ, Шатал.), галаве́нька ’тс’ (Шатал.). Гэта назва сустракаецца ў радзе слав. моў. Параўн. рус. головня́, укр. голо́вня́, польск. głownia, балг. главня́ ’тс’. Гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76–79; Трубачоў, Эт. сл., 7, 12–13. У гэтай жа форме, але з іншым значэннем (’галавешка’) *golvьńa сустракаецца ў многіх слав. мовах і дыялектах (агляд гл. Трубачоў, там жа). Гэта значэнне лічыцца зыходным, а ’Ustilago, хвароба зерневых, спарыння’ — другаснае. Гл. Выгонная, там жа; Трубачоў, Эт. сл., 7, 13. Будзішэўска (Słown., 300) меркавала, што значэнне ’Ustilago’ — гэта інавацыя, што, бясспрэчна, няправільна (параўн. геаграфію слова і семантычныя паралелі, якія прыводзіць Выгонная, там жа, с. 77).

Галаўня́ 2 ’верхні вушак у дзвярах’ (Шатал.). Можна меркаваць, што тут, магчыма, захоўваецца адно з архаічных значэнняў слова *golvьńa, менавіта ’штосьці важнае, галоўнае і да т. п.’ Гэта значэнне не зафіксавана ў Трубачова (Эт. сл., 7, 12–13), што, аднак, не сведчыць аб немагчымасці яго існавання ў мінулыя часы. Менш верагодным здаецца вывядзенне «верхняга вушака ў дзвярах» з якога-небудзь вядомага значэння прасл. *golьbńa.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вудо́ба ’месца, дзе побач з населеным пунктам знаходзіцца поле, лес, луг, папас і рэчка’ (Яшк., слаўг., рэч.). Рус. дыял. удобье ’ўгоддзі’. Ст.-рус., ст.-слав. оудобь ’лёгкі, магчымы’. Ад у і доба (гл.) (Фасмер, 4, 149). Параўн. неўдобіца, неудобка (Выгонная, Лекс. Палесся, 40 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вызварат, ву́зварат ’прамежак паміж плотам і полем’ (Янк. I), вазваро́т, вузворо́т, ві́зворот ’месца павароту плуга’ (Выг. дыс., палес.). Укр. дыял. ві́зворот ’месца павароту плуга’. Да вараціць. Паралелі ад vort‑ з іншай прэфіксацыяй і суфіксацыяй у іншых слав. мовах гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 49–50.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вазваро́т ’месца павароту плуга’ (Выг. дыс.). Да (ваз)варачаць, (ваз)варочацца. З коранем *vort‑ у слав. мовах існуе шмат розных па ўтварэнню слоў са значэннем ’месца павароту плуга’; параўн. бел. заваро́т, зварата́, разваро́т, укр. зворота, славен. zvrát, zvrátnica, zvratnják і інш. (Выгонная, Лекс. Палесся, 45–50).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бацькі́ 1 ’parentes’ (Нас., Касп., Шат., Сцяшк. МГ, Бяльк., БРС, Гарэц.), укр. батьки́ ’тс’ (да геаграфіі ўкр. слова гл. Бурачок, Назви, 24–25, карта). У рус. мове няма (параўн. толькі батьки́ ’бацькі’ з гаворак у Літве). Ужыванне мн. ліку ад ба́цька (гл.) з новай семантыкай (’бацька і маці’). Такое словаўжыванне вядома і ў іншых і.-е. мовах (параўн. Гуер, LF, 42, 421–433, Přispěvky, 63–74). Крымскі (Тюрки, II, 208–209) вылучыў неверагодную ідэю растлумачыць значэнне слова бацькі калькіраваннем з араб. мовы (праз цюрк. пасрэдніцтва). Крытыку гл. Бялецкі, Принципы, 214–219.

Бацькі 2 ’расліна спарыння, Claviceps purpurea L.’ (цэнтр.-палес.; Выгонная, Лекс. Палесся). Выгонная, там жа, мяркуе, што гэта назва, як і іншыя назвы раслін, herba sacra, дзе выкарыстоўваюцца тэрміны роднасці, абумоўлена яе папераджаючай зло функцыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абло́г 1, аблога ’неапрацаваная зямля, поле, якое не ўзорваецца некалькі год’, аблогаваць ’зарастаць дзірваном’ (Нас.), аблогам ляжаць ’хварэць’ (КЭС) < ob‑logъ, гл. лог, легчы, ляжаць. Рэканструкцыя на падставе ўкр. обліг, польск. obłóg, славац. obľah. Арэал недастатковы для праславянскай рэканструкцыі. Гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 43.

Абло́г 2, аблу͡ог ’пчолы перад раеннем’ (Сержп.) да аблажыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)