Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎ,
пасёлак на Беларусі, у Валожынскім раёне Мінскай вобл., за 2 км ад р.Альшанка. Цэнтр сельсавета і калгаса, чыг. станцыя на лініі Маладзечна—Ліда. За 30 км на ПнЗ ад Валожына, 105 км ад Мінска. 504 ж., 187 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЧА́К (Phodeus sericeus),
рыба сям. карпавых, атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўропы (на У ад Францыі) і Усх. Азіі (бас.р. Амур, рэк Сахаліна, Паўн. Кітая, Карэі). На Беларусі падвід гарчака (P. s. amarus) у невял. колькасці водзіцца амаль ва ўсіх рэках (часцей на Палессі) і азёрах. Нар. назвы гарчыца, гаркушка, альшанка, маляўка, смярдзюха, сталетка, радзей пукас.
Даўж. да 10 см. Цела высокае, сціснутае з бакоў, з няпоўнай бакавой лініяй, буйной луской; бакі серабрыстыя з вузкай зялёна-сіняй паласой. У час нерасту ў самкі вырастае доўгі яйцаклад, ікру адкладвае ў мантыйную поласць малюскаў (перлавіц і бяззубак). Корміцца пераважна абрастаннямі і дробнымі водарасцямі. Мяса горкае (адсюль назва). Пажыва для драпежных рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЗКО́ЎСКІ ((Idźkowski) Адам) (24.12.1798, Альшанка, каля г. Пултуск, Польшча — 3.5.1879),
польскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Прадстаўнік позняга класіцызму і неаготыкі. Вучань А.Карацы. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1820—24) і за мяжой. Сярод работ у Варшаве: перабудовы кафедральнага сабора св. Яна Хрысціцеля (1836—40) у стылі англ. готыкі, Саскага палаца (1838—42) у класіцыстычным стылі і інш. Работы на Беларусі: рэканструкцыя і дабудова Гомельскага палаца, праект планіроўкі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля; палац, гасп. пабудовы і пахавальня ў в. Трылесіна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Аўтар тэарэт. прац «Архітэктурныя канструкцыі ў розных іх варыянтах як прадмет прыгажосці» (1832) і «Планы будоўлі... у розных архітэктурных стылях» (1843).
В.Ф.Марозаў.
А.Ідзкоўскі.А.Ідзкоўскі Кафедральны сабор святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве. Здымак 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫСАЎСКО́Й (Міхаіл Паўлавіч) (1856, с.Альшанка, Саратаўская губ., Расія — ?),
рускі журналіст, публіцыст і крытык. З канца 1870-х г. жыў на Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, у рэдагаванні газ. «Минский листок». Лектар, папулярызатар творчасці класікаў рус. л-ры. У 1902—05 рэдактар-выдавец газ. «Северо-Западный край», дзе 15.5.1905 змешчаны першы друкаваны твор Я.Купалы — верш «Мужык». У чэрв. 1905 за публікацыю ў газеце рэв. матэрыялаў арыштаваны і высланы ў г. Пінега Архангельскай губ., у ліст. па амністыі вярнуўся ў Мінск, уступіў у Мінскую арг-цыю РСДРП. Аўтар апавяданняў і нарысаў («У няволі», 1905), крытычных артыкулаў. Крытыкаваў прыхільнікаў фармалізму і дэкадэнцтва ў рус. і зах.-еўрап. л-ры. Падкрэсліваў неабходнасць адрозніваць сімвалізм як дэкадэнцкую плынь у л-ры ад сімвалізму як маст. сродку рэалізму. У 1913—14 у Маскве, супрацоўнічаў у друку.
Літ.:
Рожин Н.В. Газета «Северо-Западный край»: Очерк обществ.-полит., филос. и эстет. позиции, 1902—1905 гг.Мн., 1970;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972. С. 224—243.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНА, Заходняя Бярэзіна,
рака ў Беларусі, у Гродзенскай і Мінскай абласцях, правы прыток Нёмана. Даўж. 226 км. Пл. вадазбору 4 тыс.км². Пачынаецца каля в. Бортнікі Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.Асн. прытокі: Краўлянка, Альшанка, Чарніца, Чапунька (справа), Іслач, Волка (злева).
Даліна выразная, шыр. ў верхняй ч. ад 500 м да 3 км, ніжэй 3—4 км. Пойма нізкая, асушаная, месцамі ўзгорыстая, шыр. ў вярхоўі 200—500 м, на астатніх участках ад 300 м да 3 км. Рэчышча моцназвілістае, шыр. ракі ў межань у вярхоўі 5—20 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні 20—35 м, паблізу вусця да 50 м. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў верхнім і сярэднім цячэнні ў канцы сак., у ніжнім — у пач. красавіка. Замярзае ў 2-й пал.снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка Сярэднегадавы расход вады ў вусці 30 м³/с. Мясцовае суднаходства (за 45 км ад вусця) у перыяд высокай вады. У сярэднім цячэнні ракі Сакаўшчынскае вадасховішча. У маляўнічай мясціне (12 км на Пн ад г. Маладзечна) зона адпачынку Барок. Амаль усе прытокі Бярэзіны каналізаваныя. У басейне ракі каля 20 каналаў (агульная даўж. больш за 150 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЕВА,
вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р.Альшанка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнЗ ад г. Валожын, 98 км ад Мінска, за 7 км ад чыг. ст. Багданаў, на аўтадарозе Валожын—Ашмяны. 537 ж., 211 двароў (1996).
З 14 ст. ў складзе Крэўскага княства. З 15 ст. ўласнасць Гедыголдавічаў, Гальшанскіх, Пацаў, Гаштольдаў, з канца 17 да канца 19 ст. — Храптовічаў. У 1583 мястэчка, цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У канцы 17 — 1-й пал. 18 ст. дзейнічала школа базыльян. У 1780—1870 у Вішневе працаваў Вішнеўскі металургічны завод. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1865 дзейнічалі шкляная гута, цагельна-ганчарны з-д, сукнавальня, спіртзавод, вадзяны млын, царк.-прыходская школа, нар. і яўр. вучылішчы, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1919—20 і 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Валожынскага р-на. З чэрв. 1941 да 6.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 2060 жыхароў. У Вішнева жыў і памёр бел. асветнік С.Будны, жылі і пахаваны бел. паэтэса К.Буйло, мастак Ф.Рушчыц.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Вішнеўскі касцёл Марыі і Казьмадзям’янская царква (1865).