БЯРЭ́ЗІНА,

Заходняя Бярэзіна, рака ў Беларусі, у Гродзенскай і Мінскай абласцях, правы прыток Нёмана. Даўж. 226 км. Пл. вадазбору 4 тыс. км². Пачынаецца каля в. Бортнікі Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Асн. прытокі: Краўлянка, Альшанка, Чарніца, Чапунька (справа), Іслач, Волка (злева).

Даліна выразная, шыр. ў верхняй ч. ад 500 м да 3 км, ніжэй 3—4 км. Пойма нізкая, асушаная, месцамі ўзгорыстая, шыр. ў вярхоўі 200—500 м, на астатніх участках ад 300 м да 3 км. Рэчышча моцназвілістае, шыр. ракі ў межань у вярхоўі 5—20 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні 20—35 м, паблізу вусця да 50 м. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў верхнім і сярэднім цячэнні ў канцы сак., у ніжнім — у пач. красавіка. Замярзае ў 2-й пал. снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка Сярэднегадавы расход вады ў вусці 30 м³/с. Мясцовае суднаходства (за 45 км ад вусця) у перыяд высокай вады. У сярэднім цячэнні ракі Сакаўшчынскае вадасховішча. У маляўнічай мясціне (12 км на Пн ад г. Маладзечна) зона адпачынку Барок. Амаль усе прытокі Бярэзіны каналізаваныя. У басейне ракі каля 20 каналаў (агульная даўж. больш за 150 км).

т. 3, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)