нава́жыцца, ‑важуся, ‑важышся, ‑важыцца; зак., з інф.

Намерыцца нешта зрабіць. Камендант наважыўся ўласнаручна адабраць сцягі і стаў праціскацца праз натоўп. Пестрак. Усе бачаць, як бусел наважыўся быў ужо сесці на гняздо, але раптам узляцеў угору і доўга лятаў. Лынькоў. // Рашыцца, адважыцца на што‑н. Карызна прыехаў з пэўным рашучым намерам: ён наважыўся, нарэшце, пагаварыць начыста з Рачкоўскім, адкрыць яму ўсе свае сумненні. Зарэцкі. Цымончык перасунуў трохі ногі, адклаў убок беражліва шапку, .. але казаць не наважыўся. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагля́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Назіранне за кім‑, чым‑н. для аховы, кантролю, вывучэння і г. д. Тайны нагляд. Знаходзіцца пад наглядам дактароў. □ Савет узяў пад нагляд работу сталовых, дзіцячых садоў. Карпаў. Усе зубры знаходзіліся пад сталым навуковым наглядам. В. Вольскі.

2. Догляд, клопат. Хлопчык у такім узросце, калі яму патрэбен асаблівы нагляд. Асіпенка.

3. з азначэннем. Група асоб, якая ажыццяўляе назіранне з мэтай аховы, кантролю і г. д. Тэхнічны нагляд. Санітарны нагляд. Апякунскі нагляд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

начле́г, ‑у, М ‑лезе, м.

1. Прыпынак нанач для сну, адпачынку; начны адпачынак. Атрад спыніўся на начлег у адным вялікім сяле. Лынькоў. Усе, хто ездзіў ад нас у Мінск, спыняліся на .. начлег у карчме. Якімовіч. // Месца для начнога сну, адпачынку (не ў сваім доме). Шлях перасякае бор, ляжыць за паўвярсты ад стаянкі. Але начлег тут выбралі. Навуменка.

2. Пасьба коней ноччу. Учора Пятрусь доўга ўпрошваў бацьку ўзяць яго з сабой на начлег, пасвіць калгасныя коні. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нервава́ць, нервую, нервуеш, нервуе; незак.

1. каго і без дап. Даводзіць каго‑н. да нервовага стану. Тое, што дырэктар неадрыўна глядзіць на яго крыху насмешлівымі вачыма, нервавала следчага. Нядзведскі. Задумваючыся, Юрка прапускаў звенні ў тлумачэннях і доказах дацэнта і таму наогул не разумеў нічога. Гэта стамляла і нервавала. Карпаў.

2. Разм. Тое, што і нервавацца. [Берднікаў] нерваваў. Ён напружыў усе свае сілы, каб хаця не выявіць чым гэтай нервовасць. Мікуліч. Аўтар пратакола, відавочна, нерваваў, але маўчаў. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазайма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Запоўніць сабою, заняць усё, многае. Усе двары пазаймалі прыезджыя людзі. Колас. // Узяць у сваё карыстанне, скарыстаць для сваіх мэт усё, многае.

2. Захапіць нейкую колькасць чаго‑н., нейкую прастору. Бацька праз людзей даведаўся, што ехаць нам цяпер можна толькі на станцыю Парафіянава, бо папярэднія нашы станцыі пазаймалі немцы. Дубоўка.

3. Ахапіўшы, пагнаць куды‑н. усіх, многіх. Пазаймаць кароў у статак.

4. Заняць каго‑н. чым‑н. некаторы час. Пазаймаць гасцей паўгадзінкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацве́рдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што і без дап.

Прызнаць правільнасць чаго‑н. (зробленай раней заявы, сказаных слоў і пад.). Старшы дзедаў сын Максім, нахмураны і сур’ёзны, панура пацвердзіў Панасавы словы. Колас. Усе пацвердзілі тое, што паведаміў Крук. Кавалёў. // Запэўніць, пераканаць у верагоднасці чаго‑н. Малашкін пацвердзіў, што Гусак злоўлены, але яшчэ знаходзіцца ў вобласці. Пестрак. // З’явіцца доказам правільнасці чаго‑н. І дзед прыглядаўся да зямлі, як бы шукаў даўнейшага вогнішча, каб пацвердзіла яно яго праўду. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перацярпе́ць, ‑цярплю, ‑церпіш, ‑церпіць; зак.

1. што. Перажыць, перанесці, выцерпець усё, многае. Перацярпець усе нягоды. □ Пройдзе ўсё... Не плачу, Ўсё перацярплю, Веру я: што ўбачу Тых, каго люблю. А. Александровіч. Спачатку давялося перацярпець боль няўдач. «ЛіМ». // Церпячы, пераадолець, знесці што‑н.; пацярпець які‑н. час. Перацярпець спакусу. □ Галай стаяў, абапёршыся аб сцяну. Хацелася піць. «Перацярплю. Адправяць у турму, там і нап’юся...» Асіпенка.

2. чаго і без дап. Зазнаць шмат пакут, гора і пад. Колькі ён перацярпеў за свой век!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свалата́, ‑ы, ДМ ‑лаце, ж.

1. зб. Разм. груб. Тое, што і сволач (у 2 знач.). Уся свалата, усе трутні свету, пра якіх некалі гаварыў яму [Арлоўскаму] бальшавік Анісімаў, лезлі са скуры, каб зноў аднавіць стары лад. Паслядовіч. Так, добрых людзей багата, але свалаты таксама хапае. Навуменка.

2. Тое, што і сволач (у 1 знач.). — За кадзетаў, свалата, цягне! Няма чаго слухаць. — Кандрат павярнуўся, каб ісці. Лобан. [Рабочы:] Іш, свалата! Каб прыкруціў Цябе да рэйкі галавой цяпер... Клімковіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Вельмі цвёрды камень, які выкарыстоўваюць для выкрэсвання агню; крэмень. [Сымон] па скалцы крэсівам чок! чок! і іскру ў губцы раздзімае. Колас. У часе свайго дзяцінства я бадай што не бачыў, каб хто распальваў агонь запалкамі. Усе мелі пры сабе скалку, крэмень, крэсіва і цэру. Дубоўка.

2. Тлушчавая кропля на вадзе, у страве. На паверхні [малака] — жоўтыя скалкі, як маленькія сонцы. Ермаловіч. А тлустая ж.. [капуста], з баранінай. Скалкі плаваюць наверсе. Калюга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыно́га, ‑і, ДМ ‑нозе, ж.

Разм.

1. Тое, што і трыножак. Сяргей скінуў чаравікі. Маці ўжо завіхалася ля камінка, распальвала трэскі пад трыногай. М. Стральцоў. Запрасілі фатографа з вялізнай трыногай, і ён сфатаграфаваў хлопцаў разам з усімі выхаванцамі. Нядзведскі. — Усе ўжо там, — злосна матнуў .. [Лёва] галавой у бок геаграфічнай пляцоўкі. — На, трымай! — і перадаў мне трыногу тэлескопа. Шыловіч. На прыпечку, на трынозе ў маленькім чыгунчыку булькае бульба. Грахоўскі.

2. Пута, якім звязваюць пярэднія ногі каня з адной задняй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)