вайна́, ‑ы; мн. войны, ‑аў; ж.

1. Адкрытая ўзброеная барацьба паміж дзяржавамі, народамі, плямёнамі або грамадскімі класамі. Першая сусветная вайна. Вялікая Айчынная вайна. Вызваленчыя войны. □ Руская рэвалюцыя аб’явіла Еўропе аб адкрытай вайне рускага народа з царызмам. Ленін.

2. перан. Стан варожасці; барацьба з кім‑, чым‑н. Эканамічная вайна. Аб’явіць вайну бракаробам.

•••

Акопная вайна — пазіцыйная вайна.

Грамадзянская вайна — узброеная класавая барацьба ўнутры дзяржавы.

Каланіяльныя войны — войны, якія вядуцца імперыялістычнымі дзяржавамі з мэтай заваявання калоній або захавання свайго панавання над імі.

Прэвентыўная вайна — вайна, якая мае мэтай папярэдзіць або прадухіліць напад праціўніка.

Рэйкавая вайна — адзін з відаў партызанскай барацьбы з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны, які праяўляўся ў татэмістычным разбурэнні чыгуначных пуцей у тыле ворага.

Халодная вайна — варожа-агрэсіўная палітыка імперыялістычных дзяржаў у адносінах: да СССР і іншых сацыялістычных краін ва ўмовах афіцыйнага міру.

Бог вайны гл. бог.

Развязаць вайну гл. развязаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпыні́цца, ‑пынюся, ‑пынішся, ‑пыніцца; зак.

1. Спыніцца, затрымацца на некаторы час, ненадоўга. Не даходзячы з паўкіламетра якога да вёскі, ён прыпыніўся і прыслухаўся, ці не чуваць чаго. Чорны. Хлопцы прыпыніліся нарадзіцца, як ісці к лесу — ці праз папар, ці загнуць на пасеку, у бок Масткоў. Гартны. Першая [падвода] прыпынілася і стала чакаць астатніх, пакуль падцягнуцца. Васілеўская. // Спыніць свой рух. Цягнік прыпыніўся на глухім паўстанку. Пянкрат.

2. Спыніцца (пра ход, развіццё і пад.). Раптам сівы дзед Змарыўся: Столькі год — не да пацех. Хоць і танец Прыпыніўся, Не сціхае У хаце смех. Дзеружынскі. І жыццё прыпынілася ў дрэве, Бо ўжо сонца рабіну не грэе. Журба.

3. Часова спыніцца дзе‑н., знайсці прыпынак дзе‑н. Таўлай з сям’ёю прыпыніўся ў тым самым сасняку, у адным з зялёных салдацкіх баракаў. Брыль. Як яна маецца, дзе прыпынілася, дзядзька Харытон не ведае. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фігу́ра, -ы, мн. -ы, -гу́р, ж.

1. У геаметрыі: частка плоскасці, абмежаваная замкнутай лініяй, а таксама наогул сукупнасць размешчаных пэўным чынам пунктаў, ліній, паверхней і цел.

2. Комплекс рухаў пры выкананні чаго-н. (у танцы, пры катанні на лыжах і пад.).

Першая ф. кадрылі.

3. Постаць чалавека або жывёлы ў скульптуры, жывапісе.

Скульптурная ф.

4. Пра чалавека (звычайна невядомага, незнаёмага ці кепска бачнага).

У цемнаце прайшлі тры фігуры.

5. Целасклад, а таксама знешнія абрысы, формы чалавека.

Дзяўчына з прыгожай фігурай.

6. перан. Пра чалавека як носьбіта якіх-н. якасцей, уласцівасцей.

Буйная палітычная ф.

Раней ён быў вялікай фігурай.

7. У шахматах: кароль, ферзь, ладдзя, слон і конь.

8. У гульні ў карты: старшая ігральная карта — валет, дама, кароль, туз.

9. Моўны зварот, стылістычны прыём, які надае мове асаблівую выразнасць.

Рытмічныя фігуры.

|| памянш. фігу́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж. (да 3 і 5 знач.).

|| прым. фігу́рны, -ая, -ае (да 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ку́жаль ’валакно ачэсанага льну’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Грыг., Жыв. сл., Нар. сл., Доўн.-Зап. 2, Гарэц., Шн., Др.-Падб., Кліх, Мядзв., Гарб., Маш.). Укр. кужіль, рус. кужель ’тс’, балг. къжель, серб.-харв. ку̀жељ, славен. kožȇlj ’тс’, чэш. kužel ’тс’. Для прасл. kǫželь існуюць дзве асноўныя версіі яго паходжання. Першая — запазычанне з германскай крыніцы. Параўн. ст.-в.-ням. chonachla, chunchla, сяр.-в.-ням. kunkel, гал. konkil ’кудзеля’. Параўн. ст.-ісл. kǫngul‑, kǫngurváfa ’павук’, с.-в.-ням. kanker ’тс’, фінск. германізм kangas ’пража’, ст.-ісл. kingsa ’круціць кола калаўрота’. Калі на аснове гэтых паралелей рэканструяваць прагерм. kanga, kangula, kangela, можна сцвярджаць аб запазычанні з прагерманскай мовы прасл. kǫželь (Мартынаў, ВЯ, 1968, I, 129). Менш верагодным з’яўляецца паходжанне kǫželь < *krǫželь пад уплывам kǫdelь (Трубачоў, Ремесл. терм., 96–97). Каб прыняць гэту версію, трэба быць упэўненым, што kǫželь і kǫdelь рознага паходжання (гл. кудзеля), і да таго як узнікла kǫželь (< *krǫželь), kǫdelь ужо існавала. Гіпатэтычнае *krǫželь рэканструюецца на падставе зафіксаванага польск. krężel ’верацяно, конусападобная насадка на калаўроце’. Але гэту форму, якая знаходзіцца ў акружэнні форм без r, лягчэй вытлумачыць як такую, што ўзнікла пад уплывам семантыкі ’вярчэння’ (< krążyć). Параўн. укр. кужілка і кружілка ’калаўрот’. Такім чынам, мы мяркуем, што прасл. kǫželь < прагерм. kangela (Мартынаў, Слав. акком., 65). Параўн. Фасмер, 2, 401–402.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жывако́ст ’расліна Symphytum L.’ (БелСЭ), жывако́снік (Кіс.). Рус. жи́вокость (з 1790 г.) ’расліна Delphinium L.’, дыял. жи́воко́сть, жи́воко́с, живоко́ст — назва шэрагу раслін, у тым ліку Symphytum officinale L., Polygonum hydropiper L., Cynoglossum officinale L., Thalictrum minus L., Spiraea ulmaria L., Chelidonium majus L.’, укр. живокі́ст(ь) ’symphytum L.’, польск. żywokost ’Symphytum L.’ Калі сучасны від слова не вынік народнай этымалогіі, можна тлумачыць жывакост як назву паводле лячэбных уласцівасцей расліны. Чэш. назва Symphytum — kostival, valikost тлумачылася яшчэ ў чэш. лекарскай кнізе Я. Чэрнага (1517) тым, што расліна «зламаныя косці зацвярджае», «раны зацягвае, закатвае (svaluje, zavaluje)». Махэк (Jména rostl., 191–192) замест сувязі з val‑ прапануе пераход val‑ < bal‑ (ovati, balii) ’лячыць’. З чэш. kostival, польск. kosztywał, славац. kostiviar — вынік імкнення да разумення другой часткі слова. Тады ў жывакост першая частка звязана з жывіць ’гоіць’, а другая, як і ў чэш. назве, — з *kostь: *živi‑kostь. Можна адзначыць, што і рус. живокость — назва лекавай расліны (рагулька). Польск. żywokost (з XV ст.). Лось (Сложные слова в польском языке. СПб, 1901, 104–105) не тлумачыў семантыку польск. слова, лічыў першую частку адпрыметнікавай, а не аддзеяслоўнай. Не выключана, што бел. (як і ўкр.) словы з польск., дзе калька з чэш. valikost, а рус. < бел., укр. Чэш. паходжанне тлумачыла б цвёрдасць канчатковага зычнага. Параўн. жывіцельнік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сле́пет1 зборн. ‘пчолы (дзікія)’, ‘дупло, у якім жывуць дзікія пчолы’ (Мат. Гом.), ‘мёд з дупляных лясных вулляў’ (Сцяшк. Сл.), слепета́ зборн. ‘дзікія пчолы’ (ПСл, Мар. Том.), сле́пат ‘тс’ (Некр., Маш.; палес., Сержп. Бортн.), сле́пят ‘тс’ (Маш.), сле́паты ‘тс’ (Некр.), сле́пет, сле́пят, сле́пяты, сле́патні, сле́плі, сляпні́, сле́пцы, сляпцы́ ‘тс’ (ЛА, 1), сле́петы, сле́патні ‘тс’ (ТС, Шатал.), сле́пета, сле́пето, сле́пецень, сле́пацень, сле́пет, сле́пят, сле́пец, сляпа́к ‘дупло, дзе пчолы’ (ЛА, 1); слепатне́ ‘лясныя пчолы, што жывуць у дуплах’ (ганц., Сл. ПЗБ), ст.-бел. слепетъ (свепетъ) ‘дзве борці, злучаныя разам на дрэве’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. палес. сле́пень, слє́потєнь, слі́епетєнь ‘тс’. Паводле Машынскага (Pierw., 188), узыходзіць да прасл. *svep‑. Хутчэй за ўсё, у выніку збліжэння з сляпень (гл.), параўн. лезці сле́петнем (слепіцэю) ‘лезці нахабна, назойліва’ (ТС). Параўн. ЕСУМ, 5, 304. Гл. свепет.

Сле́пет2 ‘кураслеп дуброўны, Anemone nemorose L.’ (Шат., Сл. ПЗБ, Кіс.), ‘казялец, Ranunculus L.’ (Сл. ПЗБ), слепата́ ‘тс’ (там жа). Калі меркаваць па іншых назвах раслін (сляпуха, кураслеп, слепнік (Сцяшк. Сл.), рус. куричья слепота, укр. сліпота, курослі́п), ад сляпы‑ (гл.) з суф. ‑et‑, ‑ot‑ (‑e‑ у суфіксе можа быць пад уплывам каранёвага галоснага, гл. Вондрак, Vergl. gr., 1, 450); паводле Аненкава (34), у народнай медыцыне першая з названых раслін ужываецца супраць курынай слепаты. Параўн. ЕСУМ, 5, 305.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нялю́дскі, ‑ая, ‑ае.

1. Не ўласцівы чалавеку, не характэрны для чалавека. Панесліся нялюдскія крыкі і лямант. Гартны. Адам з нялюдскай прагнасцю накінуўся на яду. Чорны. Калі вы пачуеце ноччу ў лесе злавеснае «уху-уху», а потым дзікі, жудасны, нялюдскі рогат, не бойцеся. Гэта крычыць пугач. В. Вольскі. // Не такі, якім павінен быць; дзіўны. [Студэнт] нейкі быў нялюдскі: людзей цураўся, ні з хлопцамі, ні з дзяўчатамі, ні з кім блізка не знаўся. Сабаленка.

2. Які перавышае чалавечыя магчымасці, сілы; моцны па ступені праяўлення. Відаць, у чалавека, што пісаў.. [скаргу], у самога крывавілася, сэрца ад.. нялюдскага здзеку і крыўды. Машара. Маці, маці! Адкуль браліся ў яе сілы, упартая нялюдская цягавітасць і вытрымка? Карпаў.

3. Антыгуманны, бесчалавечны; ганебны. Першая раніца была пачаткам жахлівай, нялюдскай справы — вайны. Брыль.

4. Разм. Дрэнны, кепскі. Нялюдская дарога. □ Хапала [для вёскі] і балота, але і яно было нялюдскае: купіны, парослыя кустамі алешніку, а між іх — рудая каламутная вада. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́ба, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прабаваць, пробаваць (у 1 знач.).

2. Невялікая частка чаго‑н., узятая для праверкі, вызначэння якасці. Узяць пробу. □ Захапіўшы з сабой кірку, компас, ручны бур для даследавання выхадаў нафты, скрынку для проб розных парод і, вядома, карту Гаўрынава, падарожнікі выйшлі з двара. Гамолка. Пасля кожнай варкі ў лабараторыю ідзе проба. Прадукцыю правяраюць на ўтрыманне цукру, тлушчу, сухіх рэчываў. «Беларусь».

3. Колькасць вагавых частак высакароднага металу, якая змяшчаецца ў пэўнай колькасці вагавых долей сплаву, а таксама кляймо, якое абазначае гэту колькасць, на вырабах з высакароднага металу. Вызначыць пробу плаціны. Золата 958 пробы.

4. Выпрабаванне. Проба агнём.

•••

Высокай (вышэйшай) пробы — вельмі высокай якасці, кваліфікацыі і г. д.

На пробу (узяць, даць) — для праверкі, ацэнкі і г. д.

Нізкай пробы — вельмі нізкай якасці, уласцівасці і г. д.

Проба пяра — пра першы літаратурны твор. Да гэтага часу [вучобы ў Койданаўскім вучылішчы] адносіцца і мая першая проба пяра. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ца́лкам, прысл.

1. У поўным аб’ёме, ад пачатку да канца; не па частках, не часткова. Перадрукаваць артыкул цалкам. □ Дзядзька Марцін таксама зацікавіўся дубам, і ўдвух [з Лабановічам] пачалі яны даставаць яго. Дастаць цалкам ім было не пад сілу, прыйшлося пілаваць. Колас. Маёнтак захаваўся цалкам, і дом, і паркі, і сады, і ўся будоўля. Чорны. Рыгор зарабляў да трыццаці рублёў у лета; аддаваў грошы цалкам мацеры. Гартны. // У поўным складзе. Першая эскадрылля цалкам перасела на новыя машыны. Алешка. [Бэсман:] Што падрыхтована? Якія роты? [Дамейка:] Мой батальён за намі пойдзе цалкам. Глебка.

2. Да канца, поўнасцю, зусім. Цалкам аддацца справе. □ Генадзь быў цалкам захоплены песняй. Кожны музычны такт яе, кожны радок.. ён паўтараў мо разоў па дзесяць і нібы смакаваў. Сабаленка. І сам той Пятрусь ці Сымон яшчэ не цалкам пазбыліся думкі, што гэта ўсё ж не калгасная кабыла, а яго. Брыль.

•••

Цалкам і поўнасцю — тое, што і поўнасцю, але з адценнем узмацнення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАЕ́ННАЯ ДАКТРЫ́НА,

прынятая ў дзяржаве сістэма поглядаў на сутнасць, мэты, характар, падрыхтоўку і спосабы вядзення магчымай вайны. Выпрацоўваецца паліт. кіраўніцтвам дзяржавы. Асн. палажэнні ваеннай дактрыны найчасцей абумоўлены сац.-паліт. ладам, узроўнем эканомікі і сродкаў вядзення вайны, а таксама геагр. становішчам сваёй дзяржавы, дзяржавы верагоднага праціўніка і суседніх дзяржаў. Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь — гэта сістэма навукова абгрунтаваных поглядаў на прадухіленне вайны, захаванне міру, абароннае буд-ва, падрыхтоўку краіны і Узбр. Сіл да адбіцця агрэсіі, а таксама на спосабы барацьбы па абароне суверэнітэту і тэр. цэласнасці краіны. Прынята Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь у 1992. Мае абарончы характар і накіравана на ўмацаванне дзярж. і міждзярж. бяспекі, на ўзбр. нейтралітэт і супрацоўніцтва з інш. краінамі для вырашэння задач абароны. Мае 2 узаемаабумоўленыя аспекты — ваен.-паліт. і ваен.-тэхнічны. Першы раскрывае адносіны дзяржавы да вайны і выкарыстанне ваен. сілы; нац. інтарэсы і фактары, якія супрацьдзейнічаюць ім; характар ваен. небяспекі, яе памеры і крыніцы, магчымасць ваен. пагрозы; магчымасць і спосабы прадухілення вайны, сілы і сродкі, неабходныя для гэтага; ваен.-паліт. мэты магчымых праціўнікаў і саюзнікаў. Ваен.-паліт. Аспект ваеннай дактрыны мае канцэпцыі «прадухіленне вайны» і «спыненне агрэсіі». Першая як сістэма поглядаў на шляхі і спосабы ліквідацыі перадумоў да ўзнікнення вайны прадугледжвае вырашэнне спрэчных пытанняў праз паліт. дыялог, адмаўленне ад выкарыстання ваен. сілы і ўмацаванне ролі ААН у вырашэнні пытанняў калект. бяспекі. Канцэпцыя «спыненне агрэсіі» — сістэма поглядаў на абарону і спыненне агрэсіі спалучэннем паліт., эканам., дыпламат., уласна ваен. і інш. мер. Ваенна-тэхн. бок аспекту ваеннай дактрыны заснаваны на канцэпцыі «стрымлівання» і «актыўнай абароны» і адлюстроўвае сістэму поглядаў на характар магчымай вайны, спосабы яе вядзення і склад узбр. сіл. У канцэпцыю «актыўнай абароны» закладзены прынцыпы збалансаванага развіцця ўсіх відаў Узбр. Сіл Беларусі, рознабаковага супрацоўніцтва і гатоўнасці да вядзення мабільнай абароны. Яна прадугледжвае наяўнасць ва Узбр. Сілах невялікіх, але моцных вайсковых груповак, падрыхтаваных для паспяховага выкарыстання ў раёнах рэальнай ваен. пагрозы. Абвясціўшы сутнасць сваёй ваеннай дактрыны, Рэспубліка Беларусь гарантуе безумоўнае выкананне ўсіх яе палажэнняў і кіруецца мэтамі і прынцыпамі Статута ААН, а таксама прынятымі абавязацельствамі ў межах Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Беларусь у якасці бяз’ядзернай дзяржавы далучылася да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, выступіла з ініцыятывай стварэння ў Цэнтр. і Усх. Еўропе бяз’ядзернай прасторы.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)