НЕАТАМІ́ЗМ,
дамінуючы кірунак у сучаснай каталіцкай філас. думцы і філасофіі культуры, заснаваны на вучэнні Фамы Аквінскага; сучасны этап у развіцці тамізму. Атрымаў статус афіц. філас. дактрыны рымска-каталіцкай царквы пасля апублікавання ў 1879 энцыклікі папы Льва XIII «Aeterni patris» («Айцу вечнаму»), Распрацоўкай і пашырэннем Н. займаюцца Акадэмія св. Фамы (Ватыкан), Каталіцкі ін-т у Парыжы, Пулахскі ін-т (ФРГ), ун-т Нотр-Дам (ЗША), Люблінскі каталіцкі ун-т (Польшча) і інш. Прадстаўнікі Н.: Э.Жыльсон, Ж.Марытэн (Францыя), Ю.М.Бахенскі, К.Ранер (ФРГ), К.Вайтыла (Іаан Павел II), М.А.Крампец, С.Свяжаўскі (Польшча) і інш. Пасля II Ватыканскага сабора (1962—65), які абвясціў курс на абнаўленне рымска-каталіцкай царквы (аджарнамента), выразна выявілася антрапацэнтрычная пераарыентацыя Н., яго імкненне да разгляду і абгрунтавання палажэнняў «вечнай філасофіі» праз прызму чалавечага існавання. Цэнтр. прынцып Н. — гармонія розуму і веры. Неатамісты лічаць, што гэта дактрына валодае універсальнымі магчымасцямі, узнімаецца над палярнасцю матэрыялізму і ідэалізму, сцыентызму і антысцыентызму. Аснова анталогіі Н. — вучэнне пра патэнцыю і акт, паводле якога працэсы «ўзнікнення розных рэчаў або прадметаў трактуюцца як ажыццяўленне, актуалізацыя патэнцый. Быццё любой канечнай рэчы, паводле Н., можа быць зразумета толькі як «удзел» у бясконцым быцці Бога, які з’яўляецца актуальным пачаткам усяго існага. Аснову натурфіласофіі Н. складае гілемарфізм — вучэнне пра матэрыю і форму, паводле якога матэрыя з’яўляецца пасіўным пачаткам, магчымасцю, што патрабуе для сваёй актуальнасці наяўнасці формы; формы ствараюць усю разнастайнасць матэрыяльных спосабаў і відаў быцця ад неарган. свету да вышэйшай ступені прыроднага быцця — чалавека, формай і сутнасцю якога з’яўляецца нематэрыяльная (бессмяротная) душа. Вышэйшая форма (форма форм) не звязана з матэрыяй і стварае першасную матэрыю» і ўсю канкрэтную разнастайнасць форм. Гэтай вышэйшай формай з’яўляецца Бог. У Н. адрозніваюць анталагічныя і лагічныя ісціны. Першая — прадукт адпаведнасці рэчы інтэлектуальнай задуме Бога, другая звязана з пазнавальнай дзейнасцю чалавека, надзеленага ўласцівасцю суб’ектыўнасці. Пры апісанні ступені разумова-тэарэт. спасціжэння свету, тэарэтыкі Н. на 1-й ступені змяшчаюць прыродазнаўства і філасофію прыроды, на 2-й — матэматыку (веды пра чыстую колькасць), на 3-й — метафізіку, якая аналізуе праблемы быцця. Тэалогію Н. лічыць узорам адзінства пазнавальных і практычных адносін да свету. Чалавека разглядае як складаную субстанцыю з дзвюх простых — душы і цела. Душа (формаўтваральны ў адносінах да цела прынцып) лічыцца асновай асобы; універсальнай мэтай і сэнсам існавання якой з’яўляецца сузіранне боскага дабра. Паводле Н., грамадства ў сваёй эвалюцыі павінна кіравацца вечнымі каштоўнасна-нарматыўнымі прынцыпамі (у першую чаргу асобаснай скіраванасці і агульнага дабра), якія могуць па-рознаму тлумачыцца і гучаць у залежнасці ад кантэксту сац. сітуацыі. Прыхільнікі Н. лічаць, што ажыццяўленне гэтых прынцыпаў павінна забяспечыць у самых розных грамадствах разнастайнасць форм уласнасці, прымірэнне супярэчнасцей паміж сац. слаямі, класамі, паліт. плюралізм, наяўнасць правоў грамадзян і дэмакр. свабод у спалучэнні з вяршэнствам сферы агульначалавечых культ. каштоўнасцей. Праводзіцца думка пра неабходнасць руху па «трэцім шляху» грамадскага развіцця, паміж «капіталіст. індывідуалізмам» і «марксісцкім калектывізмам». Дыялог царквы і грамадства разумеецца як сродак унясення вышэйшых рэліг.-маральных каштоўнасцей у культуру сучаснасці.
Літ.:
Губман Б.Л. Западная философия культуры XX в. Тверь, 1997;
Vries J. de Drundbegriffe der Scholastik. Darmstadt, 1980;
Swieżawski S. Święty Tomasz na nowo odczytany. Kraków, 1983;
Gogacz M. Elementarz metafizyki. Warszawa, 1987.
Н.К.Мазоўка.
т. 11, с. 261