Калама́р ’чарнільны’ (Грыг., Др.-Падб.; глус., КЭС; Нас., Шн., Шпіл.). Укр. каламарь, рус. зах., н.-рас., паўдн. каламарь (Даль), польск. kalamarz, чэш. kalamář, славац. kalamár, славен. kalamâriš, серб.-харв. kalàmâr (з XV ст.), балг. каламар. Крыніца гэтых лексем лац. calamārius, calamārium ’скрынка для пісьмовых прылад’, якое ад calamus ’пяро для пісьма і інш.’, а гэта з с.-грэч. καλαμάρί ’чараціна; чараціна, падрыхтаваная для пісьма, пяро і інш.’ Шляхі пранікнення гэтых лексем розныя: для балг.с.-грэч., н.-грэч. пасрэдніцтва (БЕР, 2, 159), для серб.-харв.італ. (Скок, 2, 18), для славен. — венгерская (там жа), чэш. і польск. Махэк₂ (236) мяркуе, што слова прынята з вучонай латыні. Адносна бел., укр. і рус. выказваецца думка, што гэта запазычанне з польск. мовы (гл., напр. Слаўскі, 2, 34). На карысць гэтага лінгвагеаграфія ўсх.-слав. фіксацый — больш позні, параўнальна са ст.-польск. (XV ст.), час, калі слова адзначаецца ў ст.-бел. мове (XVI ст.). Значэнне ’чарнільніца’ на ўсходзе (ст.-польск. дэфініцыя ўключае ’скрынка пісара і інш.’). Аднак нельга выключыць, што форма ўсх.-слав. лексемы (‑р‑ на месцы ‑rz‑) магла з’явіцца не толькі ў выніку этымалагічнага падыходу да польск. слова, але і як вынік непасрэднага ўплыву першакрыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аця́цца ’згубіць жаданне есці’ (Сцяц.). Да цяць, тну з развіццём значэння ад ’рэзаць, біць’ да ’рэзка мяняць стан або паводзіны’, параўн. зацяць, уцяць ’раптоўна змоўкнуць, схаваўшыся і прыслухоўваючыся’ (Мядзв.), зацін ’прымус’, зацінлівы ’наравісты’ (Гарэц., Сцяц.), затнуцца ’занатурыцца’ (Сцяц.), зацяты ’ўпарты’; магчыма, што на семантыку гэтых слоў аказалі ўплыў даўнія ўяўленні аб умяшанні звышнатуральных сіл (чым і тлумачылася рэзкая змена паводзін ці стану), параўн. безасабовыя формы дзеяслова зацяло́ (гаварыць) (Арх. Бяльк.), цяло́ ’схапіла, узяло’ (Нас.) і асабліва архаічнае палескае зацінаць ’загаворваць хатнюю жывёлу, якая згубілася ў лесе; заткнуўшы нож у дрэва, чараваць’, параўн. таксама засека ’чараўніцтва з мэтай, каб жывёла, якая адбілася ад статка, стаяла на адным месцы’. Дзеепрыметнік ацяты ’абрэзаны’ і ’наравісты’ адпавядае польск. ocięty зацяты, упарты, свавольны, шалёны’, ociętny ’тс’ (апошняе Брукнер (374) звязвае з архаічным ocokały ’заўзяты’ няяснага паходжання), параўн. таксама ст.-польск. o(b)cięt(y) ’той, каму адрэзалі якую-небудзь частку цела, часцей за ўсё галаву’ (Крупянка, Formacje, 70); наяўнасць балг. дыял. о́тет ’які цяжка згаджаецца’, ’непаслухмяны, своеасаблівы’, параўн. таксама выраз «ега́ си про́клет и о́тет» (каб ты быў пракляты і ?), дазваляе паставіць пытанне аб праславянскім архаізме o‑tętъ ’зацяты, наравісты’ (ад o‑tęti). Параўн. таксама ацяць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Майда́н1 ’плошча, дзе збіраюцца сходы, адбываюцца кірмашы’, ’вялікі двор або пляц (у маёнтку)’ (ТСБМ, Булг., Сцяшк.; Сл. ПЗБ; палес., Нар. сл., ТС), ’пастаўнік у полі’, ’прыбудоўка да хлява’, ’загарадзь для свіней, цялят перад хлявом’ (бяроз., Шатал., зах.-палес., Нар. сл.; брэсц., ДАБМ, к. 232), ’вялікі ўчастак ворнай зямлі’ (Бір.; нясв., Яшк.; мазыр., З нар. сл.), ’шырокая прастора, вялікае гала’ (стол., Яшк.; іван., усх.-палес., Нар. сл.), ’смалакурня, месца, дзе былі прамысловыя збудаванні лясных або рыбных промыслаў, дзе выганялі дзёгаць, выпальвалі кавальскі вугаль’, ’яма, дзе гналі смалу’, ’яма для дзёгцю’ (Бяльк., Маш.; стол., бых., Рам. 3; слаўг., Яшк., Растарг.; гродз., мін., Яшк.; Сл. ПЗБ). Укр. майда́н ’плошча’, ’лясная паляна’; ’смалакурня’, рус. майда́н ’плошча, месца сходак’, ст.-рус. маидан ’базарная плошча’, польск. majdan ’плошча ў лагеры для кірмашоў і нарад, акружаны палаткамі’, ’базар’, ’смалакурня’. Бел. лексема запазычана хутчэй за ўсё праз укр. мову з крым.-тат. mäidan, тур. meydan, якія паходзяць з араб. majdān (Фасмер, 2, 559; Радлаў, 4, 1990, 2069; Бернекер, 2, 6; Брукнер, 318).

Майда́н2 ’зарослы хмызняком роў’ (Бяльк.), рус. майда́н ’прасека ў лесе на высокім месцы’ складаюць адзін арэал. Да майда́н1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жгаць1 ’паліць’ (Нас.). Рус. дыял. арханг., алан., наўг., смал., кастр., вяцк., перм., свярдл., с.-урал., кіраўск. жгать ’тс’, чэш., арх. žhati ’тс’, серб.-харв. жга̏ти ’пячы’, славен. žgáti ’паліць’. Параўн. рус. жечь, жгу. Ст.-слав. жещи, жьгѫ. Прасл. *žьg‑ (з тэмай ‑a‑, у той час як у жещи яна адсутнічае, а на месцы ‑ь‑ выступае ‑е‑). Лічаць, што з і.-е. *dheg​h‑ ’гарэць’: літ. degù, ст.-інд. dāha‑h ’пажар, спёка’, авест. daχša ’пажар’ і інш. Покарны, 1, 240–241; Фасмер, 2, 38; Траўтман, 49; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 289; Махэк₂, 727; Брукнер, 663–664. Скок (3, 674–675) тлумачыць узнікненне слав. *geg‑ з *deg‑ асіміляцыяй. Корань *deg‑ адлюстраваны ў дзёгаць (магчыма, з балт.) гл. Фасмер (2, 38) лічыць менш верагодным зробленае Шэфтэловіцам (ZfIndIr, 2, 271) супастаўленне са ст.-інд. jañj ’асвятляць, гарэць’, ст.-ісл. kvekva ’запальваць’ і зробленае Зубатым (Studie, I, 1, 127) дапушчэнне, што *geg‑ звязана з лат. dzedzite ’поле пад папар’. Але Зубаты (Studie, 1, 2, 142) імкнуўся растлумачыць форму *žeg‑ паралеллю з *žegrati. Так ці іначай паходжанне кораня *žeg‑, *žьg‑ не можа лічыцца вырашаным канчаткова. Параўн. жага, жыгаць, жэгаць.

Жгаць2 (Нас.). Гл. джгаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смаля́нка1 ‘смолка, Viscaria viscosa Aschers’ (Шат., Кіс., Сцяшк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ‘зязюльчын светнік, Coronaria flos cuculia L.’ (Кіс., Жыв. сл.), смаля́нка, смалёўка ‘травяністая расліна сямейства гваздзіковых з белымі, ружовымі, чырвонымі кветкамі’ (ТСБМ). Да смаляны < смала1 з суф. ‑к‑, параўн.: смалянка ліпне, як смала (Сл. ПЗБ). Далей гл. смолка.

Смаля́нка2 ‘гатунак груш’ (ТСБМ, Мат. Гом.), смоля́нка ‘гатунак груш і яблыкаў’ (ТС). Параўн. польск. smolanka, чэш. мар. smoľenka, славац. smolnatka ‘гатунак груш’. Да смала1; паводле Махэка₂ (563), таму, што гэтыя грушы, як толькі пачынаюць гнісці, становяцца ўнутры чорнымі, як смала.

Смаля́нка3 ‘пацук з доўгім хвастом’ (Байк. і Некр.), смалля́нка, смыля́нка, смыльня́нка ‘пацук’ (Нас., Шымк. Собр., Касп., Бяльк., ЛА, 1), смальчу́г ‘пацук (самец)’ (З нар. сл.), смалю́га ‘пацук’ (Мат. Маг.). Да смала1, смаляны; першапачаткова, відаць, ‘чорны пацук’.

Смаля́нка4 ‘паганы грыб’ (Мат. Гом.). Польск. smolucha ‘атрутны грыб’. Да смала1, смаляны, відаць, паводле колеру.

Смаля́нка5 ‘грыб лісічка’ (брэсц., Сярж.–Яшк.; Сл. Брэс.), смоля́нкі, смоло́вікі ‘лісічкі’ (ТС). Да смаліна ‘сасна’ (гл.), смаловы ‘сасновы’ і, далей, да смала1 (гл.), відаць, па месцы вырастання, параўн. іншыя назвы сасня́нка, падсо́снаўка (Сярж.–Яшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сюды́ ’ў гэты бок; у гэта месца’ (ТСБМ, Нас., Касп., Ласт., Шат., ТС, Сл. ПЗБ, Растарг., Бяльк.), сюда́ ’тс’ (Ян.), суды́ ’тс’ (Растарг.), сюды́‑туды́ ’ў розныя бакі, у некаторыя месцы’, параўн. таксама з рознымі суф.: сюда́е, сюдо́е ’ў гэты бок’ (Нас.), сюдо́й, сюдо́ю ’гэтай дарогай, па гэтаму шляху’ (Нас., Бяльк., Ласт., Касп.; бялын., Янк. Мат.; З нар. сл., Сл. ПЗБ), сюдэ́ма, сюды́ма, сюда́ма, сюдэ́, сюдэ́й, сюда́мух ’у гэтае месца, па гэтай дарозе’ (Сл. ПЗБ), сюдэ́йма ’тс’ (Мал.), сюды́кава ’тс’ (Сцяшк.), сюды́нака ’тс’ (Жд. 2), ст.-бел. сюды ’тс’ (1580 г., Карскі 2–3, 66). Укр. сюди́, сюд, рус. сюда́, дыял. сюды́, стараж.-рус. сюда, сюду, польск. siędy ’тут’, ст.-чэш. sudy ’сюды’, чэш. odsud ’адсюль’, старое серб.-харв. суду ’сюды’, славен. дыял. sọ̑d ’тс’, ст.-слав. сѫдоу ’тс’. Прасл. *sǫda, якое ўтворана ад указальнага займенніка і суф. *‑nda < і.-е. *‑ndhe; гл. Фасмер, 3, 822; ESSJ SG, 2, 613–614; Бязлай, 3, 285; формы з мяккім с‑ пад уплывам Р. і Д. скл. займенніка сей, гл. (Фасмер, там жа; ЕСУМ, 5, 493). Карскі (там жа) у канцовым ‑ды бачыць “скамянелую” форму Тв. скл. мн. л. Гл. яшчэ ESJSt, 14, 860–861.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тады́ ’ў той час, у той момант’, ’пасля таго’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Касп., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.), сюды ж фанетычныя варыянты тоды́ ’тс’ (калінк., Сл. ПЗБ) і тадэ́ ’тс’ з дыялектнай субстытуцыяй націскнога (Сцяшк.). Ужо ў ст.-бел. з пачатку XV ст. фіксуецца форма без выбухнога тоды ’тады’ (КГС). Укр. тоді́, дыял. тоди́, рус. дыял. тоды́, тады́, тада́, польск. tedy, wtedy, ст.-польск. teda, каш. tedë, палаб. tådĕ, tüdĕ, чэш. tedy, ст.-чэш. teď, tedě, славац. старое і дыял. tedy, в.-луж. (размоўнае), н.-луж. tedy, ted, серб.-харв. та̏д, та̀да, та̀да̄, славен. дыял. tọ̑di; усе з базавым значэннем ’тады; у той час, тыя часы’. Праўдападобна, што яшчэ на праславянскай глебе на базе першапачатковых спрадвечных форм *togda/*tъgda//*togdy/*tъgdy ўзніклі іх дыялектныя варыянты без выбухнога як вынік аналогіі з найменнямі тыпу *kǫdy і пад. альбо на падставе ўласна фанетычнага развіцця каранёвага спалучэння зычных ‑gd‑, менавіта дысіміляцыі, якая спачатку прывяла да з’яўлення на месцы выбухнога фрыкатыўнага гука, а потым з паступовым аслабленнем і да яго поўнай рэдукцыі. Параўн. тагды, гл., а таксама ESSJ SG, 2, 667–671 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 590.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гарну́ць, гарну, горнеш, горне; незак., каго-што.

1. Выграбаць, выцягваць дробныя прадметы адкуль‑н. Гарнуць вуглі з печы. □ Гарні, гарні бульбу з печы У торбачку — ды на плечы. З нар. песні.

2. Збіраць у адно месца. Прыйшла восень, за работу, Атрымай на працадні, Што зароблена — па праву На вазы сабе гарні. Русак. // перан. Набываць вельмі многа чаго‑н.; з прагнасцю хапаць, заграбаць. Сабяга да сябе гарнуў усё: і што ляжыць дрэнна і што слаба на месцы трымаецца... Шахавец.

3. Прыхіляць, туліць да сябе. Гарнуць да сэрца. // перан. Схіляць, скіроўваць (думку, справу і пад.). — Ведаю, куды ты горнеш, — абапёршыся на локаць, злосна зашаптала старая. — Відаць, той ламачыны, што аднекуль прывалок, не знайшоў у гумне? Гурскі. Толік Скуратовіч гарнуў сваё: — Нам трэба падацца бліжэй да дарогі. Чорны.

4. Разм. Прыцягваць, прывабліваць сабой каго‑н. Навука гарнула Сцёпку і давалася яму лёгка. Колас. // безас. Хіліць, цягнуць да чаго‑н. Яго гарнула да кніжак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апера́цыя, ‑і, ж.

1. Механічнае ўздзеянне на тканкі і органы цела (ускрыццё, выдаленне і пад.) з мэтай лячэння. Пластычная аперацыя. □ Адкрылася старая рана, і трэба было зноў рабіць аперацыю — вымаць асколкі. Васілевіч.

2. Сукупнасць баявых дзеянняў, аб’яднаных адной мэтай, адным заданнем. Наступальныя аперацыі. □ Удалая аперацыя супраць атрада немцаў набывала славу — казалі, што партызанская армія вось-вось уварвецца ў горад. Мікуліч.

3. Гандлёвая, фінансавая і пад. здзелка. Часамі здаралася так, што ў касе аперацый было мала, рабіць не было чаго, а аставацца там.. [Марыне] было цяжка. Скрыган.

4. Асобная закончаная частка тэхналагічнага працэсу, якая выконваецца на адным рабочым месцы. Аперацыя па фармоўцы дэталей. Аперацыі на такарным станку. // Асобнае дзеянне сярод многіх іншых, з якіх складаецца работа якой‑н. установы. Аперацыі па страхаванні.

5. Разм. жарт. Дзеянне або шэраг дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнай мэты. Клопікаў.. высмаркаўся, асцерагаючыся, каб не вельмі былі трубнымі гукі пры гэтай далікатнай аперацыі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́хадзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

Разм.

1. што. Абысці пехатою многія мясціны. [Сусед:] — У часе грамадзянскай вайны я ўсе тутэйшыя месцы выходзіў. Галавач. Падлеткам за чужою чарадой Я выхадзіў выжары і пагоркі. Вітка.

2. Прабыць у стане хадзьбы які‑н. час; пахадзіць. У грыбныя часы.. дзядзька Марцін браў каробку і хоць выхадзіць палавіну дня, затое ж прынясе такіх баравікоў, што хоць вязі на выстаўку. Колас. [Лук’янская] выхадзіла некалькі дзён па Камароўцы і не магла дапытацца Шпулькевіча. Чорны.

3. што. Дабіцца чаго‑н., доўга або неаднаразова ходзячы. — А вы вось яшчэ пахадзілі б па полі, — смяяўся з.. [мужыкоў] дзед: — Можа што і выхадзілі б. Колас.

4. каго. Старанна даглядаючы, дабіцца папраўкі хворага. Пасля кантузіі Маша выхадзіла.. [Сіўцова] з матчынай цярплівасцю. Васілевіч.

5. каго-што. Выгадаваць, выкарміць, выняньчыць. Выхадзіць малады сад. Выхадзіць дзяцей без маткі. □ [Цётка Фядора:] — Няхай бы ўжо лепей ягняты прапалі. Усё роўна не выхадзіш іх, не дачакаешся карысці. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)