НЕЙ, Нэй (Ney) Мішэль (10.1.1769, г. Саарлуі, Германія — 7.12.1815), французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Эльхінгенскі (1808), князь Маскоўскі (1812). У арміі з 1787. Вылучыўся ў 1794—95 у час войнаў, якія вяла рэв. Францыя. Камандаваў дывізіяй (з 1800), франц. войскамі ў Швейцарыі (з 1802), 6-м (1805—11) і 3-м (1811—14) карпусамі. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў, у т. л.рус.-аўстра-франц. вайны 1805 (перамог аўстр. войскі ў раёне Эльхінгена каля г. Ульм, Баварыя), вайны 1812 (Смаленская і Барадзінская бітвы, баі пад Красным, Оршай і інш.). У 1814 прызначаны каралём Людовікам XVIII Бурбонам пэрам Францыі і чл.Ваен. савета. У перыяд «Ста дзён» (1815) перайшоў на бок Напалеона I Банапарта, узначальваў старую гвардыю ў бітве каля Ватэрлоо. Пасля вяртання Бурбонаў арыштаваны і паводле прыгавору суда расстраляны за здраду каралю. Аўтар мемуараў (т. 1—2, апубл. ў 1833).
Літ.:
Виноградов А. Род французских «князей Московских» // Родина. 1992. № 6/7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР З ГАНЁНДЗА (Пётр Гезка з Ганёндза; паміж 1525—30, мяст. Гонёндз Падляскага ваяв., Польшча — 15.9.1573),
ідэолаг левай, сялянска-плебейскай плыні Рэфармацыі на Беларусі і ў Літве, антытрынітарый. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1551), удасканальваў веды ў Італіі, Швейцарыі. У 1554 праф. сафістыкі ў Падуанскім ун-це. Паслядоўнік рэліг.-філас. вучэння ісп. вучонага М.Сервета і сац.-паліт. ідэй мараўскіх антыбаптыстаў. Адмаўляў царк.-тэалагічную і філас. схаластычную традыцыі; выступаў супраць прыватнай уласнасці, сац. няроўнасці, войнаў, феад. права, свецкай улады, пакарання смерцю. Удзельнічаў у антытрынітарскіх сінодах, палемізаваў з С.Будным. Выдаў на лац. мове творы «Супраць боскасці Ісуса Хрыста» (1557), «Аб першахрысціянскай царкве» (1563?; не зберагліся), на польскай мове «Пра трох», «Пра сына Божага» і «Пра хрысціянскае хрышчэнне» (усе каля 1570). Яго паслядоўнікі Павел з Візны, Якуб з Калінаўкі, М.Чаховіц.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;
Падокшын С.А., Сокал С.Ф. Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVII стст. 2 выд.Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́НА (Rhône),
рака ў Швейцарыі і Францыі. Даўж. 812 км, пл. басейна 98 тыс.км². Пачынаецца з Ронскага ледавіка ў Лепіцінскіх Альпах. Цячэ цераз Жэнеўскае воз., па Ронскай нізіне, упадае 2 рукавамі ў Ліёнскі зал. Міжземнага м., на З ад г. Марсель утварае дэльту (пл. больш за 12 тыс.км²). Гал. прытокі: Эн, Сона, Ардэш (справа), Ізер, Дзюранс (злева). У верхнім і сярэднім цячэнні жывіцца талымі водамі ледавікоў і снежнікаў. У правых прытоках пераважае дажджавое жыўленне. Да самага вусця Р. захоўвае рысы альпійскага рэжыму. Летняя паводка і зімовая межань. Р. — самая мнагаводная рака Францыі. Сярэдні гадавы расход каля вусця 1780 м³/с. На Р. і яе прытоках Ізер і Дзюранс каскады ГЭС (каля 70% агульнай магутнасці ГЭС Францыі). Суднаходная ад вусця р. Эн. Цераз р. Сона і шматлікія каналы злучана з рэкамі Рэйн, Мозель, Марна, Сена, Луара. У абход дэльты пабудаваны суднаходны канал ад г.Арль да Марселя. Выкарыстоўваецца для арашэння. На Р. — гарады Жэнева (Швейцарыя), Ліён, Валанс, Авіньён, Арль (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ 1-га ІНТЭРНАЦЫЯНА́ЛА,
арганізацыя расійскіх эмігрантаў у Жэневе (Швейцарыя) ў 1870—72. Засн. ў канцы 1869 — пач. 1870, уваходзілі М.І.Уцін, В.І. і К.Р.Барценевы, бел. рэвалюцыянер А.Д.Трусаў, Г.В.Корвін-Крукоўская і інш. У Ген. Савеце Інтэрнацыянала 1-гаРус. секцыю прадстаўляў К.Маркс. Статут і праграма секцыі былі блізкія да праграмных дакументаў Інтэрнацыянала. Яе члены прытрымліваліся рэв.-дэмакр. поглядаў, першымі сярод рас. рэвалюцыянераў паставілі пытанне пра стварэнне ў Расіі рабочых саюзаў і партыі. Яны падтрымлівалі сувязі з рэв. падполлем Расіі, удзельнічалі ў рабочым руху Швейцарыі, дапамагалі Марксу і Ф.Энгельсу змагацца з анархізмам у Інтэрнацыянале, друкавалі на рус. мове працы Маркса, М.Г.Чарнышэўскага, І.Ф.Бекера і інш. У 1872 секцыя спыніла існаванне; яе б. члены, у т. л. Трусаў, падтрымлівалі сувязі з Марксам, выдавалі рэв. л-ру.
Літ.:
Козьмин Б.П. Русская секция Первого Интернационала. М., 1957;
Шпадарук И.П. Русская секция I Интернационала и ее социологические воззрения. Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СЬЕЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (23.7.1826, г. Багучар Варонежскай вобл., Расія — 5.10.1871),
рускі фалькларыст, этнограф, гісторык, літаратуразнавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1848). Служыў у Гал. архіве Мін-ва замежных спраў (1849—62). Выключнае значэнне мае яго зб. «Народныя рускія казкі» (вып. 1—8, 1855—63; т. 1—3, 7-е поўнае выд. 1985—86). У ім змешчаны таксама бел. (11) і ўкр. тэксты. Бел. тэксты надрукаваны і ў яго зб. «Народныя рускія легенды» (М., 1859; Лондан, 1860), канфіскаваным па даносе духавенства. Ананімна ім выдадзены ў Швейцарыізб. «Рускія запаветныя казкі» (1872 і 1878), накіраваны супраць духавенства і памешчыкаў. У рукапісе зб. Афанасьева «Народныя рускія казкі не для друку. 1857—1862» (Ін-трус. л-ры, Спб.) таксама ёсць бел. і ўкр. тэксты. Праца Афанасьева «Паэтычныя погляды славян на прыроду» (т. 1—3, 1865—69) упершыню на матэрыяле фальклору і этнаграфіі раскрыла некаторыя асаблівасці стараж. светапогляду славян, спрыяла станаўленню міфалагічнай школы ў рус. фалькларыстыцы, мела ўплыў на працы некат. бел. фалькларыстаў.
Літ.:
Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 2. М., 1963;
Савченко С.В. Русская народная сказка. Киев, 1914.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬМАН ((Kálmán) Імрэ) (Эмерых; 24.10.1882, г. Шыяфак, Венгрыя — 30.10.1953),
венгерскі кампазітар, адзін з заснавальнікаў і найб. відных прадстаўнікоў т.зв. новай венскай аперэты.
Вучыўся ў Акадэміі музыкі, адначасова вывучаў права ва ун-це ў Будапешце. З 1911 жыў у Вене, з 1938 у Швейцарыі, з 1940 у ЗША, з 1948 у Францыі. Лепшыя яго аперэты пастаўлены ў Вене: «Цыган прэм’ер» (1912), «Каралева чардаша» («Сільва», 1915) — адна з вяршынь творчасці К., «Баядэра» (1921), «Графіня Марыца» (1924), «Прынцэса цырка» і «Фіялка Манмартра» (1930), «Д’ябальскі наезнік» (1932; у розныя гады ўсе паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі). Ім уласцівы разгорнутая драматургія, вастрыня сюжэтных сітуацый, яркая запамінальная меладыйнасць, эфектная аркестроўка; у многіх з іх прыкметны ўплыў вербункаша. Сярод інш. твораў: аперэты «Асеннія манеўры» (1908), «Салдат у адпачынку» (1910), «Маленькі кароль» (1912), «Залаты світанак» (1927), «Імператрыца Жазефіна» (1936), «Марынка» (1945); сімф. паэма «Сатурналіі» (1904); інстр. п’есы; рамансы; музыка для т-ра і кіно. Аўтар мемуараў.
Літ.:
Имре Кальман: Сб. статей и воспоминаний: Пер. с нем. М., 1980.
члены тайнага аднайм.т-ва ў Італіі і інш. краінах Еўропы ў 1-й пал. 19 ст. З’явіліся ў пач. 19 ст. на Пд Італіі, пасля 1815 і ў інш.італьян. дзяржавах. Змагаліся за нац. вызваленне ад франц., потым аўстр. панавання і ўстанаўленне канстытуцыйнага ладу. Прадстаўлялі розныя слаі грамадства ад сялян да ліберальных дваран і ніжэйшага духавенства. Запазычылі ў масонаў складаную іерархічную структуру і сістэму абрадаў, мелі сваю сімволіку. Назву «К.» звязвалі з легендай пра сваё паходжанне ад сярэдневяковых вугальшчыкаў, якія ўрачыстым рытуалам выпальвання драўлянага вугалю сімвалізавалі духоўнае ачышчэнне чалавека; падобны абрад яны выконвалі і на тайных сходах членаў т-ва. К. ўзначальвалі рэвалюцыі 1820—21 у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій і П’емонце. Пасля іх паражэння хутка аднавілі дзейнасць як неакарбанарскі рух (існаваў да 1840-х г.). Удзельнічалі ў паўстаннях 1831 у абласцях Эмілія-Раманья і Парма. Пад уплывам італьян. К. узнік карбанарскі рух у Францыі, Швейцарыі і на Балканах. Пазней уліліся ў інш. тайныя т-вы. У 1-й трэці 19 ст. словам «К.» часта называлі кожнага рэвалюцыянера-змоўшчыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДА́У (Леў Давыдавіч) (22.1.1908, Баку — 1.4.1968),
расійскі фізік-тэарэтык, стваральнік навук. школы тэарэтычнай фізікі. Акад.АНСССР (1946), чл.АН і навук. т-ваў многіх краін. Герой Сац.
Працы (1954). Скончыў Ленінградскі ун-т (1927). Ў 1927—31 удасканальваў адукацыю ў Даніі, Англіі, Швейцарыі. З 1932 ва Укр. фіз.-тэхн. ін-це ў Харкаве. З 1937 у Ін-це фіз. праблем АНСССР, адначасова праф. Маскоўскага ун-та (1943—47 і з 1955). Навук. працы па квантавай механіцы, фізіцы цвёрдага цела, квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц, фізіцы плазмы, астрафізіцы і інш. Стварыў тэорыі электроннага дыямагнетызму (гл.Ландау дыямагнетызм), ферамагнітнага рэзанансу (1935), фазавых пераходаў 2-га роду (1937), звышцякучасці вадкага гелію (1941) і фенаманалагічную тэорыю звышправоднасці (разам з В.Л.Гінзбургам, 1950), выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў у інш. галінах фізікі. Аўтар (разам з Я.М.Ліфшыцам) шматтомнага «Курса тэарэтычнай фізікі». Нобелеўская прэмія 1962, Ленінская прэмія 1962, Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1953.
Тв.:
Собр. тр.Т. 1—2. М., 1969.
Літ.:
Абрикосов А.А. Академик Л.Д.Ландау. М., 1965;
Бессараб М.Я. Ландау: Страницы жизни. 4 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРЫЁНАЎ (Міхаіл Фёдаравіч) (3.6.1881, г. Ціраспаль, Малдова — 10.5.1964),
расійскі жывапісец, графік, тэатр. мастак; адзін з лідэраў рус.авангарду, заснавальнік лучызму. Вучыўся ў маскоўскім Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1898—1908) у У.А.Сярова і І.І.Левітана. Стваральнік суполак «Блакітная ружа» (1907), «Асліны хвост» (1912), адзін са стваральнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910), арганізатар выстаўкі «Мішэнь» (1913). З 1914 у Швейцарыі, з 1915 у Парыжы, мастак у антрэпрызе С.П.Дзягілева. У ранніх работах звяртаўся да постімпрэсіянізму, лучызму, фавізму; «Заход сонца пасля дажджу» (1908), «Раніца ў Казармах» і «Лучызм» (абедзве 1910). «Прамяністы пейзаж» (1912). Пасля 1915 адмовіўся ад станковага жывапісу і працаваў у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, дзе найб. выявіліся прынцыпы лучызму. Стваральнік дэкарацый і касцюмаў да пастановак «Паўночнае сонца» М.Рымскага-Корсакава (1915), заслоны, дэкарацый і касцюмаў да «Рускіх казак» А.Лядава (1917), да «Блазна» С.Пракоф’ева (1921), эскізаў касцюмаў да «Класічнай сімфоніі» (1930), дэкарацый і касцюмаў да «Над Барысфенам» (1932) Пракоф’ева. Ілюстраваў футурыстычныя кнігі В.Хлебнікава, А.Кручоных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ДЗЕ (Мікалай) (Ніко) Якаўлевіч (26.9.1843, г. Кутаісі, Грузія — 1.4.1928),
грузінскі і рас. публіцыст і літ. крытык, дзеяч нац.-вызв. і дэмакр. руху ў Грузіі. Д-р права (1868). Скончыў Цюрыхскі ун-т (Швейцарыя, 1868). Друкаваўся з 1860, быў блізкі да М.Г.Чарнышэўскага. У 1861 за ўдзел у рэв. дзейнасці выключаны з Пецярбургскага ун-та і арыштаваны. У 1864—69 у эміграцыі ў Францыі і Швейцарыі. Супрацоўнічаў у газ.«Колокол» А.І.Герцэна, удзельнічаў у дзейнасці рас.рэв.-дэмакр. групы «Маладая эміграцыя», выданні час. «Подпольное слово» і «Современность». З 1870 у Тбілісі, разам з І.Р.Чаўчавадзе і інш. ўзначаліў груз.нац.-вызв. рух. У 1878—80 выдаваў ліберальную газ. «Обзор». У 1881—83 у Пецярбургу, супрацоўнік час.«Отечественные записки». З 1886 у Грузіі, адзін з кіраўнікоў ліберальнага руху «Меарэ-дасі» («Другая група»). У 1894—1912 гар. галава г. Поці. Быў чл. урада Грузінскай Дэмакр. Рэспублікі (1918—21). З 1920 у Лондане. У 1924 вярнуўся на радзіму. У літ.-крытычных артыкулах выступаў як паслядоўны прыхільнік рэаліст. метаду.