КАРБАНА́РЫІ (італьян. carbonaro літар. вугальшчык),

члены тайнага аднайм. т-ва ў Італіі і інш. краінах Еўропы ў 1-й пал. 19 ст. З’явіліся ў пач. 19 ст. на Пд Італіі, пасля 1815 і ў інш. італьян. дзяржавах. Змагаліся за нац. вызваленне ад франц., потым аўстр. панавання і ўстанаўленне канстытуцыйнага ладу. Прадстаўлялі розныя слаі грамадства ад сялян да ліберальных дваран і ніжэйшага духавенства. Запазычылі ў масонаў складаную іерархічную структуру і сістэму абрадаў, мелі сваю сімволіку. Назву «К.» звязвалі з легендай пра сваё паходжанне ад сярэдневяковых вугальшчыкаў, якія ўрачыстым рытуалам выпальвання драўлянага вугалю сімвалізавалі духоўнае ачышчэнне чалавека; падобны абрад яны выконвалі і на тайных сходах членаў т-ва. К. ўзначальвалі рэвалюцыі 1820—21 у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій і П’емонце. Пасля іх паражэння хутка аднавілі дзейнасць як неакарбанарскі рух (існаваў да 1840-х г.). Удзельнічалі ў паўстаннях 1831 у абласцях Эмілія-Раманья і Парма. Пад уплывам італьян. К. узнік карбанарскі рух у Францыі, Швейцарыі і на Балканах. Пазней уліліся ў інш. тайныя т-вы. У 1-й трэці 19 ст. словам «К.» часта называлі кожнага рэвалюцыянера-змоўшчыка.

т. 8, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)