Калі́ць 1 ’пэцкаць’ (жытк., Арх. ГУ; ТС), польск. kalić ’пэцкаць’, ’брудзіць’, ’муціць’, славін. kalac ’пэцкаць, брудзіць’ каш. kalëc, в.-луж. kalić ’муціць’, ’запырскваць’, н.-луж. kaliś ’муціць (ваду)’, ’пэцкаць’, чэш. kaliti ’пэцкаць’, ’муціць’, славац. kaliť ’брудзіць’, ’муціць’ славен. kalíti ’муціць’, серб.-харв. ка́лити ’брудзіць, муціць’. Праслав. вытворнае ад каlъ (гл. кал), дзеяслоў па ‑iti‑.

Калі́ць 2 ’бяліць, рабіць пабелку’ (тураў., Выг.; гом. КЭС; петрык., Мат. Гом.; кам., Сл. паўн.-зах., ТС). Укр. палес. калити ’мазаць сцяну глінай’, польск. kalić ’бяліць’, славац. kaľiti ’бяліць (сцены)’. Беларускае быццам бы толькі палескае, статус іншых фіксацый не вельмі ясны, наўрад ці правамерна рабіць дапушчэнне аб праславянскім характары слова. Бел. інавацыя відавочная — на базе семемы ’мазаць глінай’, ад kaliti > kalъ (гл. кал). Утварэнне, паралельнае да каліць 1 (параўн.).

Калі́ць 3 ’гартаваць’ адзначана толькі форма калытыся ’гартавацца’ (драг., Жыв. сл.). Статус слова няясны, гэта палескі кавальскі тэрмін і не выключана, што ён запазычаны з суседніх моў. Рус. калить ’гартаваць’, чэш. kaliti, славац. kaliť, славен. kaliti, серб.-харв. ка́лити, макед. кали, балг. каля ’гартаваць’. Праславянская семантыка па-рознаму разумеецца даследчыкамі, існуюць розныя погляды на сувязі слав. лексемы і як вынік былі прапанаваны розныя этымалогіі. Паводде Бернекера, 1, 476, прасл. kaliti суадносіцца з ірл. calath, кімр. calad ’цвёрды’, лац. callum, callus ’мазоль’ і да т. п.; Мее (BSL, 14, 373) шукае сувязі з рус. колеть ’цвярдзець’; Ваян (RÉS, 19, 112) лічыць, што слав. kaliti — паралельнае з герм. *köljan ’ахалоджваць’. Былі і іншыя прапановы, сярод якіх найбольш абгрунтаванай і прынятай у некаторых новых слоўніках з’яўляецца версія аб сувязі слова з прасл. kalъ, гл. спец. Махэк, LF, 65, 314–315. Паводле гэтай версіі, генетычная сувязь лексем відавочная, паколькі ў традыцыйнай (даўняй) ганчарнай вытворчасці цвёрдасць надаецца напальваннем. Такая думка была падтрымана Слаўскім. 2, 29, аднак неабходна адзначыць, што сам Махэк₂ (236) адмовіўся ад ранейшай прапановы і прыняў фактычна версію Бернекера. Сумненні таксама ў Машыннага (JP, 39, 1959, 2). Трубачоў (Эт. сл., 9, 124) вельмі ўпэўнена мяркуе аб эвалюцыі семантыкі ’апускаць металічны выраб у ваду, у раствор гліны’ > ’гартаваць’.

Калі́ць 4 ’напальваць’ (Мат. Гом.). Рус. дыял. калить ’тс’, наўг. і інш. ’грэць і да т. п.’. Можна разумець як вытворнае ад каліць 3, семантыка зразумелая, паводле геаграфіі — інавацыя ў рус. і часткова бел. гаворках.

Калі́ць 5 ’прабіраць, выгаворваць’ (Юрч.). У іншых бел. гаворках адпаведнікаў як бынцам няма. Рус. раз., уладз., сарат., арханг. калить ’лаяць, сварыць; сварыцца’, вяц. ’рабіць каму-небудзь строгую заўвагу’. Статус беларускага слова няясны, яно магло трапіць у бел. усх. гаворкі разам з рус. перасяленцамі. Аднак не выключана, што тут незалежныя ўтварэнні; на базе калить ’каліць’ утвораны рус. лексемы, а бел. — або па той жа семантычнай мадэлі, або ў выніку развіцця семантыкі ’знеслаўляць’ (< ’пэцкаць’) > ’выгаворваць’, параўн. бел. тур. каляць ’знеслаўляць’ і ’пэцкаць’ (да кал). Больш верагоднай уяўляецца першы варыянт тлумачэння, параўн. семантычную паралель у рус. маск. жечь ’лаяць, сварыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кал ’змесціва кішэчніка, якое выдзяляецца пры спаражненні’ (БРС, ТСБМ, Гарэц.), ’вадкі, найбольш моцны гной’ (Шат.), ’гразь’ (Клім.; бяроз., КЭС; драг., Нар. лекс., Нар. словатв., Сцяшк. МГ; бяроз., пін., Шатал.; брэсц., гродз., паўдн. бел., Яшк.), ’замёрзлая на дарозе гразь’ (свісл., Шатал.). Паводле даных новых дыялектных слоўнікаў: ’гразь, гной, бруд’ (беласт., гродз., карэл., свісл., гарад., Сл. паўн.-зах.). Статус слова ў літ. мове не вельмі ясны; тэарэтычна такое значэнне магло развіцца на базе вядомага ў гаворках значэння ’гной’, аднак хутчэй за ўсё тут запазычанне (з польск., з рус.?). У гаворках слова адзначана найбольш часта на паўдн. захадзе. Укр. кал ’гразь; кал; гразь на дарозе, на целе і інш.’, рус. кал (статус у гаворках няясны; СРНГ прыводзіць толькі смал., вяц. кала ’нечыстоты, кал’, арханг. калиться ’спаражняцца’), польск. kał ’кал’, дыял. ’гразь, мул, балота і інш.’, каш. kał ’гразь на дарозе’, славін. ko ’гразь, ціна’, kal ’гразь на дарозе’, н.-луж. kala (статус падазроны), чэш. kal ’вадкая гразь, брудная вада, калужа і інш.’, славац. kal ’брудная вада, вадкая гразь і інш.’, славен. kal ’гразь у калужы і інш.’, серб.-харв. ка̏о, дыял. кал ’гразь, ціна і інш.’, макед. кал ’гразь і інш.’, балг. кал ’гразь і інш.’, ст.-слав. калъ ’гразь, ціна’. У шэрагу слав. моў супадаюць канкрэтныя значэнні тыпу бел., славен., укр. ’гразь на целе’. Прасл. kalъ, далейшыя сувязі няясныя. Трубачоў (Эт. сл., 9, 128) звяртае ўвагу на адзнакі архаізма ў гэтым слове і адсутнасць адпаведніка ў балт. мовах, слова нематываванае на слав. глебе, як і і.-е. *kālo‑s або *kālo‑s‑ на і.-е. глебе. З ліку традыцыйных паралелей можна згадаць ст.-грэч. πηλός, дар. πᾱλός ’гліна; гразь, балота і інш., аднак π‑ у гэтым слове можа ўзыходзіць як да *p, так і да *k​u̯. Думка аб роднаснасці слав. і грэч. лексем належыць Мейе, MCL, 13, 1905, 291–292, а таксама слав. лексемы з лац. squālus ’брудны і інш., гэта паралель іншымі аўтарамі аспрэчваецца па семантычных крытэрыях (Вальдэ-Гофман, 2, 582). Фасмер (2, 163) упэўнена мяркуе аб сувязі са ст.-інд. kāla‑ ’сіня-чорны’; Слаўскі (2, 32) таксама дапускае магчымасць праформы *kāloḥ, што дазваляе суаднесці слав. лексему з іншымі назвамі колеру і плям (тыпу літ. kalýbas, kalývas ’з белай шыяй (аб сабаках)’, лац. cālidus ’з белай плямай на лбе (пра коней)’, ст.-грэч. κηλάς ἀίξ ’каза з плямай’ і інш.). Відавочна, аднак, што найбольш моцны семантычна і фармальна прыклад — ст.-інд. слова — на самой справе або дравідыйскае, або вельмі дэфармаваны, ва ўсякім разе ‑l‑ тут першаснае, гл. Слаўскі, 2, 33; Трубачоў, Эт. сл., 9, 128, дзе спасылка на Майргофера, 1, 203. Трубачоў (там жа) звяртае ўвагу яшчэ і на тое, што ст.-грэч. καλάς лічыцца няясным па паходжанню, што вельмі зніжае яе надзейнасць як паралелі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Кале́шня, коле́шня і кол́эшня: ’гуменца для сена, саломы’ (кам., Нар. сл.), ’мякіннік, прыбудова да хлява, гумна’ (кам., Нар. сл.), ’паветка для калёс, плуга, бараны, саней’ (кам., брэсц., малар., пін., стол., Нар. сл.; Хар.), ’прыбудоўка, дзе знаходзілася майстэрня на колы, калёсы’ (пруж., кобр., драг., усх.-палес., Нар. сл.), ’дрывотня’ (зах.-палес., Нар. сл.; малар., Харузін). Фанетычны варыянт да калесьня ў падобных значэннях. Яшчэ Харузін (263) пісаў: «Слово колешня, по-видимому, стоит в прямой связи с общеславянским словом коло — круг, колесо». Паводле семантыкі — інавацыя, з падобнай фанетыкай адзначаецца і ў іншых, відавочна, укр. або блізкіх ім гаворках. Статус інавацыі не вельмі ясны. Параўн. укр. валын. колешня ’дрывотня’, гуц. ’вазоўня; таксама і для жывёлы пад адным дахам з хатай’, колішня ’двухколавы перадок у плузе’, рус. дан. ’першая пара быкоў, якая знаходзіцца непасрэдна каля пераду плуга’. Адносна суфіксацыі гл. яшчэ Сцяцко, Афікс. наз., 165–166.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́дзіца, колодыця ’калодка ў коле’ (малар., Нар. словатв.), колодіца ’тс’ (лун., Шатал.), колодзіца ’тс’ (ТС). З адпаведнай суфіксацыяй адзначаецца яшчэ і ўкр. колодиця ’тс’ (таксама і ўсх.-палос.); рус. гаворкі ведаюць такую структуру, аднак значэнне слова іншае (’пастка для звяроў’). Сувязь утварэння з калода 1 відавочная, аднак матывацыя не вельмі ясная, паколькі іншыя тэрміны для гэтай рэаліі маюць розную матывацыю. Тут і бел. трубка, што дазваляе меркаваць аб адпаведнай семантыцы і для колодіца ’выдзеўбаны абрубак’, ’калонка’, параўн. да гэтага калода ’трубка палатна’, ’сцябло’ і інш. Не выключана таксама, што першаснае значэнне ’аснова’, ’галоўная частка’ (як у назве тыпу ўкр. маточина, рус. матица). Яшчэ адзін варыянт тлумачэння — суаднясенне з калода як назвай ёмістасці (выдзеўбанай пасудзіне або проста паводле формы?), параўн. палес. кадушка ’тс’, рус. ступица ’тс’, таксама і ў назвах вулля: рус. дыял. колода, ступка, кадочка. Статус разглядаемага слова: рэгіянальная (заходне-палеская?) інавацыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казакі́н ’мужчынскае верхняе адзенне на апліках, са зборкамі ззаду’ (ТСБМ), ’верхняя вопратка доўгага памеру, сабраная ў таліі’ (Інстр. I). Статус слова няясны, гаворкі ведаюць іншую форму (казачына). Відавочнае запазычанне, аднак адкуль — цяжка вызначыць. Польская мова ведае kozakinka ’сукенка без рукавоў’; Ліндэ зафіксаваў толькі формы з ‑a‑: kazakinka, kazakina, kasakina, што фанетычна адпавядае мяркуемай крыніцы запазычання — франц. casaquin ’кафтан, апанча, плашч і інш.’ (< casaque ’тс’). Польск. слова — другаснае, таму тэарэтычна папярэдняя форма магла быць крыніцай запазычання для бел. казакін. Аднак шэраг прычын (семантыка, адсутнасць дыялектных фіксацый і інш.) прымушае прыняць версію аб запазычанні з рус. Наяўнасцьу рус. гаворках такога слова, як казакинка ’разнавіднасць жаночай і мужчынскай паддзёўкі’ (пакр., уладз. казакинт ’мужчынскае адзенне казакін’ (чэрап., наўг.), сведчыць аб тым, што суадносіны рус. і польск. слоў вельмі складаныя, калі мець на ўвазе шляхі пранікнення гэтага запазычання. Параўн. казак ’тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казю́лькі 1 ’козлы для пілавання дроў’ (Бяльк.). Рус. пск., асташ., цвяр. козюльки ’тс’; гэта ж структура з тыповым для семемы ’козлы’ развіццём значэнняў сустракаецца і ў іншых рус. гаворках. Лінгвагеаграфічна — утварэнне ў гаворках усходу Беларусі і роднасных ім рус.; усх.-слав. статуса, відаць, няма. Утворана суфіксальным спосабам ад каза 1 (хоць гэта не адзіны варыянт тлумачэння, параўн. інш. роднасныя назвы), матывацыя зразумелая — наяўнасць зааморфнай прыкметы.

Казю́лькі 2 ’падстаўкі з бервяна з ножкамі пад пасцельны насціл’ (Касп.). У рус. гаворках Літвы казюльки ’тс’ статус няясны. Паколькі ножкі ў падстаўцы збіваюцца крыж-накрыж, можна думаць, што тут рэалізацыя тэрміна козлы, параўн. папярэдняе слова. Менш верагодна думаць, што назва датычыцца бервяна і тут назіраецца субстытуцыя тэрмінаў са значэннямі ’перакладзіна’, ’падстаўка’, як гэта ў выпадках тыпу каза (гл.). Да разглядаемага слова адносіцца, відаць, і адзначанае ДАБМ казю́лькі ’падстаўкі пад стог’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРУ́БА (Aruba),

уладанне Нідэрландаў на аднайм. востраве ў архіпелагу М. Антыльскіх а-воў у паўд. частцы Карыбскага м. Пл. 193 км², нас. 65 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — г. Араньестад. У складзе насельніцтва пераважаюць негры і мулаты, жывуць таксама іспанцы, галандцы, кітайцы і інш. Афіц. мова нідэрландская, пашыраны мовы мясц. крэолаў (пап’ямента), ісп. і англійская. Пануючая рэлігія — каталіцызм. Нац. свята — Дзень сцяга Арубы (18 сак.).

Вулканічны востраў выш. 188 м, акружаны рыфамі, рэльеф узгорысты. Клімат субэкватарыяльны, сярэднямесячныя т-ры 26—28 °C, ападкаў 500—600 м за год. Працуюць прадпрыемствы па ачыстцы нафты, вырабе цыгарэт, спіртных (ром) і безалкагольных напіткаў, суднаверф. Сельская гаспадарка развіта слаба з-за малой урадлівасці глебаў і недахопу прэснай вады. Вырошчваюць алоэ, якое выкарыстоўваюць у касметычных і фармацэўтычных вырабах. Нязначная жывёлагадоўля. Развіта рыбалоўства. Турызм. Асн. частка прадуктаў харчавання імпартуецца. Даўж. аўтадарог каля 380 км. Гал. порт — Араньестад, побач міжнар. аэрапорт. Гандлёвыя партнёры — Венесуэла, ЗША Нідэрланды, Вялікабрытанія. Цесныя эканам. сувязі з федэрацыяй Нідэрландскіх Антыльскіх а-воў. Грашовая адзінка — арубскі гульдэн (фларын).

Задоўга да адкрыцця еўрапейцамі в-аў Аруба насялялі індзейцы, якія ўпрыгожылі пячоры малюнкамі, што па старажытнасці не саступаюць дагістарычным малюнкам у пячорах Альтаміры (Іспанія) і Ласко (Францыя). У 1499 Іспанія аб’явіла востраў сваім уладаннем. У 1634 захоплены галандцамі. Да пач. 19 ст. востраў неаднаразова мяняў дзярж. прыналежнасць, з 1816 уладанне Нідэрландаў. Да 1863 быў буйным цэнтрам гандлю рабамі ў Вест-Індыі. Да 1986 Аруба ўваходзіла ў склад федэрацыі Нідэрландскіх Антыльскіх а-воў. З 1.1.1986 мае статус тэр. Нідэрландаў з унутр. самакіраваннем. Асн. паліт. партыі — Выбарчы рух народа і Народная партыя Арубы; Федэрацыя прафсаюзаў в-ва Арубы і інш.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМУНАЛО́ГІЯ (ад імунітэт + ...логія),

комплекс медыка-біял. навук пра будову, функцыі і развіццё імуннай сістэмы чалавека (мед. І.), жывёл (вет. І.) і вышэйшых раслін. Вывучае: антыгенную структуру клетак і тканак арганізма, імунакампетэнтныя органы, клеткі і малекулы, а таксама з’явы, што імі абумоўлены — імунітэт, алергія, імуналагічныя талерантнасць і памяць (тэарэт. І., імунабіялогія); антыгенную структуру ўзбуджальнікаў, імунадыягностыку, імунатэрапію і імунапрафілактыку інфекц. і паразітарных захворванняў (інфекц. І.); імунны статус і яго дынаміку, карэкцыю і дыягностыку ў хворых на імунапаталагічны стан (клінічная І., імунапаталогія). Уключае таксама алергалогію, імунагенетыку, імунахімію, імунагематалогію, імуналагічную інжынерыю, трансплантацыйную І. і інш. Метады І. (сералагічны, алергалагічны, імунахім., імунамарфал., імунагенет., генна-інж. і інш.) шырока выкарыстоўваюць у біялогіі і медыцыне, у т. л. пры ідэнтыфікацыі вірусаў і бактэрый, вызначэнні прыроды алергенаў, пераліванні крыві, трансплантацыі органаў. Як самаст. навука І. закладзена ў канцы 19 ст. працамі франц. біёлага Л.​Пастэра, ням. вучонага П.​Эрліха, рус. — І.​І.​Мечнікава. На Беларусі працы па І. з’явіліся ў 1-й пал. 20 ст. Значны ўклад у яе развіццё зрабілі Б.​Я.​Эльберт, С.​І.​Гельберг, С.​М.​Фрыд, А.​П.​Красільнікаў, Г.​В.​Краскоўскі, Дз.​К.​Новікаў, Н.​А.​Ізраіцель, М.​М.​Вайцёнак, Л.​П.​Цітоў, А.​С.​Левін і інш. Даследаванні па І. вядуцца ў н.-д. ін-тах гематалогіі і пералівання крыві, эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, удасканалення ўрачоў, ін-це радыяцыйнай медыцыны, эксперым. ветэрынарыі, ін-це радыебіялогіі Нац. АН Беларусі, мед. ін-тах. Распрацоўваюцца праблемы імунапрафілактыкі, імунадыягностыкі, імунатэрапіі, імунакарэкцыі, заканамернасці імунітэту пры інфекц. хваробах, асабліва хранічных, праблемы інфекц. і неінфекц. алергіі, камплементу, імунакампетэнтных малекул (інтэрлейкінаў), трансплантацыйнай і радыяцыйнай І. Практычная дзейнасць вядзецца ў цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, лабараторыях па алергалогіі і клінічнай І.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 7, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЗАС (Kansas),

штат у цэнтр.ч ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўн.Зах. цэнтра. Пл. 213,1 тыс. км², нас. 2572,2 тыс. чал. (1996). Адм. ц. — Тапіка, найб. гарады і гал. прамысл. цэнтры Уічыта і Канзас-Сіці. У гарадах жыве каля 70% насельніцтва. Паверхня — хвалістая раўніна, паката нахіленая ад перадгор’яў Скалістых гор на З (выш. каля 1200 м) да даліны р. Місуры на У (выш. каля 200—300 м). Узгоркавыя ўчасткі (Смокі-Хілс, Блу-Хілс) і даліны рэк Арканзас, Канзас і іх прытокаў ускладняюць рэльеф. Клімат умераны кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 26 °C. Апалкаў 550—950 мм за год. Летам бываюць засухі. Каля 90% тэр. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Здабыча нафты і прыроднага газу. У апрацоўчай прам-сці развіта вытв-сць самалётаў, аўтамашын, с.-г. і дарожна-буд. машын, мінер. угнаенняў, прадуктаў нафтаперапрацоўкі, мясных кансерваў і мукі. Штат вылучаецца вял. зборамі пшаніцы і сорга, вытв-сцю ялавічыны і свініны. Мясная жывёлагадоўля. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па р. Місуры.

Найбольш стараж. мясц. насельніцтва — індзейцы. Першыя еўрапейцы (іспанцы з Мексікі) з’явіліся тут у 1541. У 18 ст. ў К. заснавалі гандл. факторыю французы і ўключылі яго ў склад сваёй калоніі Луізіяна. З 1763 належаў Іспаніі. У 1803 выкуплены ЗША, у 1854 атрымаў статус тэрыторыі. Прыняцце Канзас-Небраска біля выклікала ў К. грамадз. вайну (1854—56) паміж перасяленцамі з паўд. штатаў, якія намагаліся ўвесці тут рабства неграў, і перасяленцамі з паўн. штатаў — праціўнікамі рабства. З 1861 штат ЗША У 1860—70 пабудавана транскантынент. чыгунка. Да 1890 б.ч. зямель заселена.

Інтэнсіўная распрацоўка зямель пад сельскую гаспадарку выклікала ў 1930-я г. пылавыя буры.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, гаспадарка).

т. 7, с. 584

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, рас. імперыі і БССР у 15—20 ст. Утвораны на тэр. Мінскага княства пасля яго ўключэння ў ВКЛ і пераходу пад кантроль вял. князя. Да 1565 уваходзіў у Віленскае ваяв. як гіст. адзінка. Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 уключаны ў Мінскае ваяводства, яго тэрыторыя пашырана за кошт б. Заслаўскага і Лагожскага княстваў (паветаў), часткі Барысаўскай, Любашанскай, Свіслацкай валасцей на правым беразе р. Бярэзіна. Устаноўлена сістэма службовых асоб: кашталян, падкаморы, харунжы і інш., а таксама гродскі і земскі суды. У павет уваходзілі гарады Мінск і Барысаў, каля 45 мястэчак, з іх буйнейшыя — Беразіно-Любашанскае, Гайна, Заслаўе, Ракаў, Смалявічы. Пасля далучэння да Расіі ў 1793 павет скасаваны, у 1795 адноўлены ў меншых памерах і ўключаны ў Мінскае намесніцтва. З 12.12.1796 у Мінскай губерні, да М.п. далучаны часткі скасаваных Вілейскага і Нясвіжскага пав. Яго тэрыторыя складала каля 4,5 тыс. кв. вёрст (каля 5 тыс. км²), статус мястэчак захавалі Астрашыцкі Гарадок (Гарадок Тышкевіцкі), Бяларуч, Дубровы, Заслаўе, Івянец, Камень, Койданава, Мікалаеўшчына, Пяршай, Ракаў, Рубяжэвічы, Саламярэцкі Гарадок (Гарадок-Хмарынскі), Самахвалавічы, Свержань, Слабодка, Стоўбцы. У сярэдзіне 19 ст. ў павеце 808 сёл і вёсак, 246 засценкаў і інш. дробных паселішчаў. Насельніцтва ў 1816 было каля 92 тыс. чал., у 1857 каля 121 тыс. чал. У 1861 тэр. М.п. падзелена на воласці, пасля пераразмеркавання ў 1864—66 іх было 19, у 1898 у М.п. стала 16 валасцей. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах. ч. павета (Засульская, Івянецкая, Пяршайская, Ракаўская, частка Рубяжэвіцкай і Стаўбцоўскай вол.) адышла да Польшчы. Павет скасаваны 17.7.1924, асн. яго частка ўключана ў Мінскую акругу, частка Магільнянскай вол. — у Слуцкую акругу.

В.​Л.​Насевіч.

т. 10, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)