Трыні́ца ‘лёгкая верхняя накшталт кашулі адзежа, якую просты чалавек надзяваў паверх світкі ці кажуха ў выпадку дажджу’ (Нас., Некр. і Байк.), трыні́цы ‘кароткія світкі з белага палатна’ (вільн., Кіркор). Параўн. польск. trynica, trenica ‘апанча з грубага палатна, якую сяляне надзяваюць зверху світкі ці кажуха’. Балтызм, параўн. літ. trinỹčiai ‘верхняя кашуля хатняга вырабу’ < *trỹs + nỹtys ‘ніт’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 50). Мяркуецца, што трапіла праз польскую мову, што неабавязкова. Гл. яшчэ Урбуціс, Baltistica, V, 1, 154.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАВУ́К,

прасторавая кампазіцыя з саломы, папяровых кветак, зерняў лубіну, фасолі і інш.; традыц. ўпрыгожанне інтэр’ера бел. нар. жылля. П. падвешвалі над сталом (лічылася, што ён прыносіць шчасце). Найб. пашыраны з саломы (шарападобныя, рамбічныя і зорчатыя). Шарападобныя рабілі з саломінак (часта з каласкамі), якія разыходзіліся ва ўсе бакі ад цэнтра (напр., утыкаліся ў бульбіну). Канцы саломінак аздаблялі кветкамі з паперы ці пер’я, зоркамі з фольгі і інш. У аснове рамбічнага П. 8-гранная фігура з 12 саломінак аднолькавай даўжыні. Унутры і да яго вуглоў падвешвалі П. меншых памераў (часта да некалькіх дзесяткаў), саламяныя ці папяровыя ланцужкі, кветкі з рознакаляровай паперы ці пер’я, абгорнутыя фольгай мяцёлкі аўса і інш. Разнавіднасць рамбічнага П., — жорсткая канструкцыя са змацаваных паміж сабою васьміграннікаў аднолькавых памераў. Зорчатыя П. мелі плоскую канструкцыю з саломінак у выглядзе шматпялёсткавай разеткі. Бытавалі таксама П. накшталт абажура: да абруча з лазы ці дроту падвешвалі гірлянды з зярнят фасолі, гароху, лубіну, начэпленых на ніткі. Арыгінальны П. пач. 20 ст. з гірляндаў кудзелі і кутасоў. Выйшлі з нар. ўжытку ў 1950-я г. Вырабляюцца сувенірныя П.

Літ.:

Лобачевская О.А., Кузнецова Н.М. Возьми простую соломку. Мн., 1988;

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;

Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.

Я.​М.​Сахута.

Т.​Агафоненка. Павук.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сатэлі́т

(лац. satelles, -litis = спадарожнік, паплечнік)

1) спадарожнік планеты (напр. Месяц — с. Зямлі);

2) шасцярня ў механізме, якая круціцца разам з воссю вакол цэнтральнага кола накшталт спадарожніка планеты;

3) дзяржава, фармальна незалежная, а фактычна падпарадкаваная іншай, больш моцнай дзяржаве;

4) перан. паслугач, выканаўца чужой волі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Табаке́рка ’скрыначка для табакі’ (ТСБМ, Шн. 2, Касп.; ашм., Стан.; Бяльк., Федар. 4), тобаке́рка, тобакі́рка, тобаке́рочка ’зробленая з кары каробачка для тытуню, для захавання дробных рэчаў накшталт іголак, нітак і інш.’ (палес., З нар. сл.; ТС). Укр. табаке́рка ’табакерка’, рус. табаке́рка, польск. tabakiera, tabakierka, серб.-харв., балг. табаке́ра, макед. табаке́ра, табаке́рка ’тс’. Праз польскую мову з франц. tabaquière ’табакерка’ (форма, вядомая з XVII ст.) < tabac ’тытунь’ (Фасмер, 4, 5; Чарных, 2, 223; ЕСУМ, 5, 498). Параўн. табацірка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туні́ка ‘старажытнарымскае адзенне накшталт доўгай кашулі; верхняя частка двайной жаночай спадніцы’ (ТСБМ), ту́ніка ‘тс’ (Некр. і Байк.), сюды ж цю́ніка ‘від жаночага верхняга адзення’ (Сл. ПЗБ). Праз польскую ці рускую мовы з лац. tunica (< ctunica) ‘кашуля без рукавоў, якая падпярэзвалася поясам’, паходзіць з мовы, роднаснай арамейскай, параўн. арам. kithū́nā́; апошняе ўзыходзіць да ст.-яўр. k​ethṓnet ‘сарочка, якую насілі на голым целе’, араб. kutun ‘бавоўна’ (Вальдэ, 1906, 642; Голуб-Ліер, 493; ЕСУМ, 5, 676; SWO, 1980, 782; Сной₂, 792).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДУБРО́ВЕНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Падзвінні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Віцебскай вобл., часткова на Смаленшчыне. У строі пераважалі блакітныя фарбы (паўплывала набіванка) і дробнаклятчастыя ўзоры на паясных адзежынах. Старадаўні жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы (андарак, саматканка), ільнянога фартуха і курты, больш позні — з кашулі, фартуха, спадніцы з прышыўным ліфам і поясам (саян — накшталт сукенкі без рукавоў). Святочную кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, гесткай, будзённую і споднюю — тунікападобнай, з разрэзам па цэнтры грудзей; стаячы каўнер зашпіляўся шпонкай ці гузікам або сцягваўся чырв. стужкай. Узорыстае ткацтва, вышыўка спалучаліся з разнаколернай аплікацыяй, аблямоўкамі, устаўкамі чырвонай або сіняй крашаніны ці кумачу. Чырвоны арнамент (строгія геам. формы, шматпялёсткавыя зоркі, раслінныя ўзоры) дапаўняўся блакітным. чорным, зрэдку паскамі медна-чырв. бліскавак. Спадніцу кроілі ў 4—6 полак з пярэстатканага сіне-белага, чырвона-бурачковага палатна. Спадніцу з ліфам шылі з 2, часам розных па якасці і колеру тканін, дапаўнялі белым ці набіваным фартухом і поясам, на канцы якога нашывалі бісер. Суконную світу ў выглядзе безрукаўкі пацягвалі белым каленкорам, аздаблялі нашыўкамі чырв. сукна, лапікамі чорна-белай аўчыны ўздоўж зрэзаў. Галаўныя ўборы жанчын — хусткі, чапцы. У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля, нагавіцы, пояс. Жаночай і мужчынскай вопраткай былі армяк, світа, бурка, кажух.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Дубровенскі строй. Жанчына ў летнім адзенні. Вёска Ланенка Дубровенскага раёна Віцебскай вобл.

т. 6, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Планіда ’лёс, вышэйшае прадвызначэнне’ (чач., Мат. Гом.; Бяльк.; Растарг.), ст.-бел. планита (XVI ст.). З планета (гл.) у выніку мены е > и ў запазычаных словах пад уплывам народнай этымалогіі (Карскі, 1, 188). Паводле Німчука (Давньорус., 20), и (i) адлюстроўвае грэка-візантыйскае вымаўленне πλανήτης ’планета’; азванчэнне τ у міжвакальным становішчы. Тое ж рус. плани́да ’лёс’, ’планета’, ’камета’, ’моцны вецер, дождж, гром’, якія узніклі ў выніку пераафармлення лексемы планита пад уплывам слоў накшталт Фемида. Новае значэнне ’лёс’ узнікла ў сувязі з астралагічнымі гараскопамі (КЭСРЯ, 340).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́йка1 ’садавіна накшталт яблыкаў’, ’дрэва з пладамі накшталт яблыкаў’ (Мат. Гом., Юрч.). Вытворнае ад рай1 (гл.) > райскі яблычак, што вынікае з біблейскай фразеалогіі, і з’яўляецца сцяжэннем гэтага выразу. Не з’яўляецца пераносам ад назвы дрэва да назвы плоду, а наадварот, спачатку азначала назву плоду, перанос на назву дрэва пазнейшы. У іншых славянскіх мовах падобная назва можа азначаць ’памідор’, а не ’яблык’. Параўн. чэш. rajské jablíčko > rajče ’памідор’, rajský ’таматны’, пры гэтым чэш. rajka ’райская птушка’. Адначасова развіваецца паралельная да форм з каранёвым рай‑ асобная назва з іншым коранем як, напрыклад, у харв. rajčica і paradajz ’памідор’ ці славен. paradižnik ’тс’, што з’яўляецца сцяжэннем выразу, калькаванага з ням. Paradiesapfel ’памідор’ (Глухак, 516).

Ра́йка2 ’дарадца’ (Бяльк.), ра́дзька ’тс’ (Гарэц.), райко́ ’жанаты ўдзельнік вяселля з боку маладога, маршалак’ (бельск., Зяленін, Описание, 1). Форма ад раіць, азначае даслоўна ’той, хто раіць’. Утворана пры дапамозе суф. ‑к(а), прадуктыўнага ў бел. народнай мове, які стварае асабовыя формы па дзеянні, агульнага роду, часта з экспрэсіяй непахвальнасці, параўн. стыдзька ад стыдзіцца, марудзька ад марудзіць, ныцька ад ныць, будзька ад будзіць, проська ад прасіць і інш. (Сцяцко, Афікс. наз., 46, 47), адпаведна, райка ад раіць, як і радзька ад радзіць. Гл. ра́йца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ле́свіца, ‑ы, ж.

1. Збудаванне ў выглядзе раду ступенек для пад’ёму і спуску. Каменная лесвіца. Вінтавая лесвіца. □ Адразу за дзвярыма вузкая лесвіца з драўлянымі слізкімі парэнчамі. Галавач. Экскурсанты з шумам і жартамі падымаліся па лесвіцы. Краўчанка.

2. Пераноснае прыстасаванне для пад’ёму і спуску; драбіны (у 1 знач.). Адзін баец пайшоў у пуню, другі на дрывотню, а Свідзерскі па лесвіцы, прыстаўленай да зашчытка, палез на гарышча. Хомчанка. [Валодзя] перавёў позірк на Стася, які ўжо сядзеў на маленькай стаячай лесвіцы, накшталт тых, што бываюць у бібліятэках. Шамякін.

3. перан. Паслядоўнае размяшчэнне па ўзыходзячай лініі, ад ніжэйшага да вышэйшага (якіх‑н. прадметаў, асоб, чыноў і пад.). Іерархічная лесвіца. Класіфікацыйная лесвіца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пятля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

Разм. Ідучы, рухаючыся не па прамой лініі, рабіць петлі (у 2 знач.). Паўліку .. цяпер было не да разваг. Ён то пятляў накшталт зацкаванага беляка, то рабіў рэзкія скачкі ўбок. Беразняк. У збіраюся на пагоркі, апускаюся ў лагчыны, іду прама і пятляю сюды-туды, як пятляюць і самі дарогі. Сачанка. // Ісці, праходзіць петлямі; выгінацца. У сваё мястэчка з Врусоў я вяртаўся другой дарогай, якая пятляла па лесе па той бок чыгункі-аднапуткі. Навуменка. Па вузкай камяністай дарозе, што пятляе сярод сопак, сёння ішла пяхота. Шамякін. Дарога пятляла сярод палеткаў, часам збягала ў нізіну, дзе ад альховых парасткаў рэзка патыхала пахам рачной твані і старога зляжалага лісця. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)