Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРА́НІКІ, драчонікі, бульбянікі,
бліны з бульбы, традыцыйная бел. страва. Гатуюць з дранай (таркаванай) на тарцы бульбы, у якую часам дадаюць муку. Пякуць вялікімі (на ўсю патэльню) або невялікімі накшталт аладак. Да Д. смажаць сала, робяць мачанне з тварагу і смятаны. На Беларусі пашыраны ўсюды. На Віцебшчыне пад назвай драчоны вядомы бліны з пшанічнай, змешанай з жытняй, мукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ЎНЯ ШЫ́ЙНАЯ,
старажытнае ўпрыгожанне накшталт абруча з бронзы, білону, серабра, якое насілі на шыі (стараслав. — грыва). Вядома з 2-га тыс. да н.э., на Беларусі з ранняга жал. веку, у 9—13 ст. характэрна для славян і балтаў. З археал. раскопак вядомы пласціністыя (арнаментаваныя насечкамі, часта з падвескамі) і вітыя. Грыўні шыйныя сярэбраныя, зрэдку залатыя, былі адзнакамі ўлады. Асноўная знаходка Казярожскіх скарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТУ́З,
мужчынскі летні галаўны ўбор з казырком. Шылі найчасцей з чорнага сукна. На Беларусі пашыраны з сярэдзіны 19 ст. У канцы 19 — пач. 20 ст. пераважалі К. накшталт вайсковых шапак з шырокім каляровым аколышкам і цвёрдым, часам лакіраваным казырком. На Панямонні і ў Цэнтр. Беларусі традыц. К. рабілі з саломы з палатнянай падшэўкай, аздобленыя 2 разеткамі, вышытымі чырвонымі баваўнянымі ніткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЛЫ́, поршні,
у беларусаў старадаўні скураны абутак накшталтлапцей. Шылі з кавалка (радзей двух) ялавай або свіной сырамятнай скуры, мацавалі вакол ступні абораю. Святочныя П. аздаблялі вышыўкай. Бытавалі амаль па ўсёй Беларусі. Часта П. называлі лапці, падшытыя скурай, а на ПдЗ Беларусі — лыкавыя лапці. Рэшткі П. знойдзены пры раскопках стараж. Брэста (11—13 ст.) і Мінска (12—13 ст.). У пач. 20 ст. выйшлі з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДРЭ́ВА ПАДАРО́ЖНІКАЎ»,
неафіцыйная назва равеналы мадагаскарскай (Ravenala madagascariensis) сям. бананавых. Эндэмік а-воў Мадагаскар і Рэюньён.
Дрэвападобная травяністая расліна з прамастойным сцяблом выш. да 10 м. Лісце буйное, простае, ад ветру разрываецца на долі да сярэдняй жылкі, размешчана веерападобна. У доўгіх пазухах лістоў назапашваецца вада, якая часам выкарыстоўваецца падарожнікамі для піцця (адсюль назва). Кветкі сабраны ў коласападобныя суквецці. Плод — ягадападобны, накшталт банана, формаю нагадвае агурок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕТАТРЫ́ХУМ (Colletotrichum),
род паразітычных недасканалых грыбоў парадку меланконіевых. Каля 39 відаў (600 сінонімаў). Пашыраны ўсюды. Выклікаюць антракнозы вышэйшых раслін. На Беларусі найб. вядомыя К.: Ліндэмута (C. lindemutianum, антракноз бабовых), лёну (C. lini, антракноз лёнавых), арбікулярэ (C. orbiculare, антракноз гарбузовых).
Міцэлій галінасты, шматклетачны. Канідыі бясколерныя, аднаклетачныя, канідыяносцы падоўжаныя, сабраныя ў ложа накшталт ружавата-жоўтых падушачак з доўгімі цёмнымі шчацінкамі, якія ўтвараюцца на струках, лісці, сцёблах хворых раслін. Зімуе міцаліем у сумчатай стадыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЫ́СЛАЎ,
мемарыяльны комплекс на в-ве Зыслаў у Любанскім р-не, дзе ў Вял.Айч. вайну размяшчаўся цэнтр па кіраўніцтве партыз. рухам Мінскай вобл. Адкрыты ў 1969. Аўтар — арх. Г.Заборскі. Уключае 14-метровы абеліск з трох вертыкальных плоскасцей, да якога вядзе лесвіца з 2 стэламі на яе пляцоўцы; помнік на магіле сав. воінаў і партызан; рэстаўрыраваныя партыз. зямлянкі; памятны знак накшталт вітка спіралі на месцы партыз. аэрадрома.
Мемарыяльны комплекс Зыслаў. Памятны знак на месцы былога партызанскага аэрадрома.Мемарыяльны комплекс Зыслаў. Абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАЗУ́БКІ (Sorex),
род дробных млекакормячых сям. землярыйкавых атр. насякомаедных. 50—65 відаў. Пашыраны ў тундравай, лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі, Паўн. Амерыкі і паўн.ч.Паўд. Амерыкі. На Беларусі 3 віды: буразубка звычайная (S. araneus), буразубка сярэдняя (S. caecutiens), буразубка малая (S. minutus).
Даўж. цела 4—9 см, хваста 2,5—8 см, маса да 16 г. Нагадваюць мышэй, але пыска выцягнута накшталт хабатка. Поўсць аксамітная, цёмна-бурая, зубы чырванавата-бурыя (адсюль назва). Кормяцца беспазваночнымі, вельмі часта з’ядаюць корму ў некалькі разоў больш за сваю Масу. Знішчаюць шкодных насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНЫ́ ПАВУ́К (Argyroneta aquatica),
адзіны від павукоў аднайм. сямейства. Некат. даследчыкі адносяць вадзянога павука да сям. лейкавых. Пашыраны ў Еўропе. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі. Жыве ў стаячых або з павольным цячэннем вадаёмах.
Даўж. цела да 20 мм, самцы буйнейшыя за самак. У вадзе валасістае брушка абкружана захопленым з паверхні паветрам, якім ён дыхае, і блішчыць накшталт кроплі ртуці. Самка будуе з павуціны шчыльнае гняздо ў выглядзе каўпака велічынёй з напарстак, напаўняе яго паветрам. Гняздо — месца размнажэння і паядання здабычы. Корміцца лічынкамі насякомых, ракападобнымі, маляўкамі рыб.