разарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Раздзяліцца на часткі ад рыўка, рэзкага руху. Цыгарка ў .. [Машы] разарвалася, і махорка высыпалася на зямлю. Шамякін. І вось металічны канат, які павінен абавязкова разарвацца, калі па ім пройдуць ролікі нагружанай скрыні, узнят на мачту. Даніленка. // Дарвацца ў адным або некалькіх месцах. Кашуля разарвалася.

2. Узарваўшыся, распасціся на часткі. Недзе зусім блізка разарваўся снарад. Шамякін. Проста перад танкам разарвалася граната, не даляцеўшы да яго. Чорны. Ён жа думаў пра смерць, Пра сваю, калі раптам снарадам Разарвецца зямля пад нагамі І вочы агнём апячэ. Бураўкін.

3. Стаць несуцэльным, разамкнутым, з разрывам. Вярсты праз дзве лес з аднаго боку дарогі зноў разарваўся вясёлаю палянкаю. Колас. Кабрыялет спускаўся да рачулкі па спадзістым адхоне. Лазняк па берагах разарваўся, паказаўшы драўляны масток. Караткевіч. Калона пахіснулася і разарвалася. Жычка.

4. перан. Спыніцца, парушыцца. Сувязі разарваліся.

5. перан. Пра неабходнасць выканаць адразу мноства спраў, пабываць адразу ў многіх месцах. Старая ледзь не разарвецца: і бульбу свінням у карыце сячэ, і бліны скідае, і мые цадзілку. Васілевіч. Магдалена не магла разарвацца. Ёй усюды трэба было паспець. Чорны.

•••

Хоць разарвіся — ужываецца пры ўказанні на незвычайна вялікую занятасць, неабходнасць быць адразу ў некалькіх месцах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Струна́ ‘туга нацягнуты адрэзак дроту, жылы ў музычных інструментах’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк.), ‘хорда’ (Байк. і Некр.), ‘пругкая вяроўка і пад. у розных прыстасаваннях, цеціва’ (ТСБМ, Ласт.), стру́ны ‘доўгія вяроўкі, якімі ўвязваюць калоду на санях і падсанках’ (ТС), сюды ж стру́нкі ‘стройны’, струні́ць ‘вучыць, настаўляць’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр., рус. струна́ стараж.-рус. струна ‘волас, струна’, польск. struna, в.-луж. truna ‘цеціва’, н.-луж. tšuna ‘жыла’, чэш., славац. struna ‘струна’, серб.-харв. стру̏на ‘конскі волас; струна’, славен. strúna ‘тс’, балг. струна́ ‘струна; доўгі волас з конскага хваста або грывы’, макед. струна ‘струна; конскі волас’, ст.-слав. строуна ‘жыла, струна’. Прасл. *struna, дэрыват ад і.-е. кораня *streu̯‑ < *ster — ‘паласа, пруг, пасма, прамень’ з суф. ‑na; гл. Слаўскі, SP, 1, 116; Борысь, 582. Роднасныя ст.-в.-ням. stroum, strōm ‘канат’, с.-в.-ням. strieme ‘паласа, рубец’, далей, лац. struō, struere ‘накладваць, будаваць’ (Младэнаў, 613; Фасмер, 3, 784 з іншай літ-рай). Борысь (тамсама) параўноўвае яшчэ з літ. struniti ‘будаваць, ставіць’ і, звяртаючы ўвагу на семантыку слова ў паўднёваславянскіх мовах, мяркуе, што значэнне ‘струна ў музычным інструменце’ другаснае, яно было перанесена з дэсігната ‘жыла, волас (жывёліны)’ і да т. п. Гл. яшчэ Махэк₂, 583 (параўноўвае з авест. snāvar ‘нерв’, ст.-інд. snā‑van ‘цеціва’ і дапускае развіццё *sno‑ver > *sroven‑ > *srouna > *struna); Сной₁, 616 (параўноўвае з укр. посторо́нок, чэш. postranek ‘вяроўка для запрагання’, якія да і.-е. кораня *ster‑, *stre‑ ‘прамень’); ЕСУМ, 5, 452–453.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калаўро́т ’прыстасаванне для ручнога прадзення кудзелі, якое прыводзіцца ў рух панажом’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., П. С., Сцяшк., Шат.), калаўротак ’тс’ (БРС, ТСБМ, Сержп. Грам., Сцяц. Нар.; лях., Янк. 1, Сцяц. Нар., Сцяшк. МГ), калаўротка ’тс’ (івац., Бір. Працы IM, 6), калаўрот ’прыстасаванне для падымання грузаў: вал з ручкай, на які намотваецца канат, ланцуг’ (ТСБМ), ’свердзел’ (Касп.), ’рухавік з кола, якое прыводзіць у бег санкі на лёдзе’ (Касп.), ’месца на лёдзе, дзе кола надзета на забіты кол і пры дапамозе жэрдкі прыстасавана для катання санак па крузе’ (Яшк., эскцэрпцыя з БелСЭ), кылаўрёт ’частка самапрадкі’, ’прылада для разматвання маткоў’ (Бяльк.), ковроток ’самапрадка’ (Уладз.), калаваруот ’тс’ (Серж. Грам.), коворыдка, ковориток ’тс’ (Уладз.). Адносна гісторыі рэаліі параўн. у Нікіфароўскага, Очерки, 174: «Самопрялка… появляется позже и вытесняет веретено и прялку». Укр. усх.-палес. коловороток ’самапрадка’ і калаварот ’корба ў студні’, рус. шуйск., уладз. калаброд ’самапрадка’? ’кросны’?, кастр. калаброды ’у кроснах прыстасаванне для навівання цэвак’, рус. коловорот ’ручны свердзел’, дыял. коловрат як назва тэхнічных прыстасаванняў, пск. коловорот ’загіб, паварот ракі’ і пск., цвяр. коловрат ’тс’. Рус. паралелі не даюць падстаў сцвярджаць аб магчымасці існавання непаўнагалоснага варыянта ад прасл. *vr̥těti на ўсх.-слав. тэрыторыі. Рус. калаброд наогул выглядае як сапсаваная пры запазычанні лексема. Верагодна, для непаўнагалосных бел. слоў факт іх запазычання нельга аспрэчваць. Больш цяжка вытлумачыць тыя факты, дзе значэнне ’кола для катання санак’ можа ўказваць на спрадвечнасць слова. У такім разе замену поўнагалоснай формы няпоўнагалоснай можна разумець як уплыў запазычанай, сэнсава блізкай лексемы. Сумнявацца ў тым, што ў бел. мове былі і ёсць кантынуанты прасл. злучэння kolovortъ (аб якім гл. Слаўскі, 2, 373) няма прычын (параўн. калаварот), аднак паслядоўны паралелізм фармальна розных структур вытлумачыць без іншамоўнага ўплыву цяжка. Параўн. яшчэ коурат (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вяро́ўка ж. верёвка; кана́т м.; бечева́;

◊ віць ~кі — (з каго) вить верёвки (из кого);

в. пла́ча — (па кім) верёвка (петля́) пла́чет (по ком);

з ве́тру ~кі віць — нести́ (поро́ть) ахине́ю (дичь, вздор, ерунду́, галиматью́, чепуху́, чушь);

і на ~ўцы не заця́гнеш — и на верёвке не зата́щишь, и во́локом не зата́щишь;

сам на сябе́ ~ку ўе — сам себе́ я́му ро́ет;

цягну́ць на ~ўцы — (каго) тащи́ть (тяну́ть) на верёвке (кого);

абы́ каро́ўка, бу́дзе і в. — посл. есть в мошне́, так бу́дет и в квашне́

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Жэнь ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’ (ельск., Анох.), ’прыстасаванне для гэтага ж’ (КСТ). Рус. жень ’прыстасаванне (вяровачная лесвіца) для пад’ёму бортніка на дрэва’ (Даль), ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’ (ніжнегар., кастрам.), укр. жень (Грынч.), палес. же̂нь, жінь, жинь (Ніканчук, Матеріали до лексичного атласу укр. мови. Київ, 1979, с. 214–215) ’прыстасаванне для пад’ёму бортніка на дрэва’, ст.-чэш. žině ’грубая нітка, матуз з воўны’ (Махэк), славац. žínka ’матуз’, славен. žínjica ’конскі волас, матуз з конскіх валасоў’, серб.-харв. žińica ’кайма’ (RJA). Рэканструкцыя прасл. формы выклікае пэўныя цяжкасці: галосны мог бы быць *ě (укр. дыялекты ведаюць на яго месцы не толькі i, але і e; славен. дыялекты ведаюць i). Гэтаму не пярэчыць і балт. ei ў роднасных утварэннях: літ. geinỹs, лат. dzeinis ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’. Аднак *ē > *ě > *a (пасля *ž), а калі *ě < *oi, перад ім не ўзнікае *ž, а *dz > *z. Гэтаму адпавядае польск. dzieńić ’карыстацца дрэвам у бортніцтве’ (SJP, 2, 582: пад dzień II), dzianek ’дрэва, якім карыстаюцца бортнікі’, дыял. dzianka ’борць у старой сасне’ (Карловіч). У форме *žěnь, што адлюстравалася ў бел., рус., укр., чэш., славац., славен., *ž узнікла, магчыма, пад уздзеяннем *žica; польск. dzień уступала ва ўзаемадзеянне з dziać (< *děti) ’рабіць’ (у тым ліку вуллі ў дрэве), што садзейнічала захаванню dz у dziany, якое страчвала сувязь з dzień і атрымлівала з dziać (гл. Bartnictwo ў Глогера, Encyklopedia staropolska, І, 121). На сувязь балт. слоў з рус. указана ўжо ў Мюленбаха–Эндзеліна (1, 540), а Махэк₂ (728) адзначыў роднаснасць ст.-чэш. і славац. з балт. і лац. funis ’канат, матуз’ (дзе можа быць з *oi, Эрну-Мейе, 262). Тады жэнь роднаснае жычка (гл.), прычым можа ўзыходзіць да і.-е. кораня *g​u̯hei̯: g​u̯hī (Покарны, 1, 489) і рэканструявацца як *g​u̯hoi̯n‑i‑s. Гл. яшчэ жыла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траві́ць 1 ’засвойваць у працэсе стрававання, ператраўліваць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб.), ’карміць’ (Сцяшк. Сл.), ’харчавацца, есці’ (Хрэст, дыял.), ’спажываць’ (ТС), тра́віць ’ператраўляць (пра страўнік)’ (Нас.). Укр. трави́ти, дыял. трови́ти ’тс’, польск. trawić, чэш. tráviti ’ператраўляць ежу’, ’праводзіць час’, славац. tráviť ’тс’, серб. тра́вити ’карміць травой’, ’засяваць травой’, ст.-слав. травити ’жэрці’, натроути ’накарміць’. Прасл. *traviti < *truti, trovešь (параўн. мар. truju < trutʼ ’ператраўляць (пра страўнік)’, славац. trova ’выдаткі’) выступае ў славянскіх мовах у ступенях: *tru‑, *trov‑, *trav‑ (апошняя — з *‑ō‑), а таксама *trū‑, параўн. серб.-ц.-слав. трыти, трыѩ, балг. три́я ’тру, выціраю’, ц.-слав. растръва ’страта, згуба’, ’пагібель’, троути ’вынішчаць’ з багатым наборам значэнняў — да ’атручваць’ (Фасмер, 4, 92; Махэк₂, 650). Роднасныя: ст.-грэч. τρώω ’раню’, τρΰω ’знішчаю, свідрую’, ’выводжу’, ст.-в.-ням. drawa ’пагроза’, англ.-сакс. đréa ’тс’, ’кара’. Сной₂ (778) дапускае дзве і.-е. асновы для разглядаемай лексемы: 1) і.-е. *treu̯H‑ ’раздрабляць, раскрышваць, малоць, спажываць, расходаваць’: ст.-грэч. τρῶμα, τραῦμα ’рана’, вал. taraw ’таўчы, біць’, с.-брэтонск. tarauat ’працерці’, літ. trunýti ’гніць, тлець’; 2) і.-е. аснова *trōu̯ah2, *treu̯ah2, якая з і.-е. *(s)ter‑, — з апошняй выводзіцца ст.-інд. tṛ́ḥa ’трава’, прасл. *tьrnъ > бел. цёрн. Сюды ж траўленне ’страваванне’, траве́нье ’кармленне’ (ТС); траві͡енё ’ператраўліванне, засвойванне’ (беласт., Сл. ПЗБ), якое з польск. trawienie (Сл. ПЗБ, 5, 111).

Траві́ць 2 ’таптаць лугі, з’ядаць пасевы; рабіць патраву’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сержп. Прык.): козамі сена травіць (Пятк. 2), тра́віць ’тс’, ’нацкоўваць сабак на коз і свіней, каб не пустошылі агароды’ (Нас.). Укр. трави́ти ’рабіць патраву’, дыял. трови́ти ’выпасаць, травіць траву на корані’, рус. трави́ть ’псаваць, пашкоджваць, нішчыць, спустошваць, разбураць’, польск. trawić ’тс’, ’марнатравіць’, ’выдаткаваць’, ’паліць, спальваць’. Прасл. (паўночнае) *traviti ’нішчыць, выдаткоўваць’ (Борысь, 640). Да травіць 1 (гл.). Сюды ж траві́ць ’апрацоўваць паверхню чаго-небудзь кіслатой або іншымі рэчывамі’ (ТСБМ), ’атручваць каларадскіх жукоў’ (Ян.), ’труціць, атручваць’ (ТС; віл., Сл. ПЗБ), траві́тісе ’труціцца’ (беласт., Сл. ПЗБ).

Траві́ць 3 ’паволі, патроху адпускаць ліну, снасць, аслабляючы нацяжэнне’ (ТСБМ). Відавочна, з рус. трави́ть (снасть, канат) ’тс’.

Траві́ць 4 пытраві́ць палоску ’апрацоўваць зямлю плугам трэці раз, пасля баранавання’ (бабр., ЛА, 2). Да траі́ць, трайні́ць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

pay

I [peɪ]

1.

v., paid, paying

1) плаці́ць

to pay too much — пераплаці́ць

2) апла́чваць

Pay your way — Аплацеце даро́гу

3) выпла́чваць

to pay a debt — вы́плаціць доўг

4)

а) дава́ць, рабі́ць, выка́зваць

to pay attention — зварача́ць ува́гу

б) to pay compliments — рабі́ць камплімэ́нты

to pay respects — вы́казаць паша́ну

to pay a visit — наве́даць

5) апла́чвацца

it wouldn’t pay me to take this job — Мне б не аплаці́лася ўзя́ць гэ́тую пра́цу

6) дава́ць дахо́д

The stock pays me four per cent — А́кцыі даю́ць мне чаты́ры працэ́нты дахо́ду

2.

n.

а) пла́та, вы́плата f.

б) зарабо́тная пла́та, заро́бак -ку m., пэ́нсія f.

rate of pay — вышыня́ заро́бку

3.

adj.

1) пла́тны (напр. тэлефо́н)

2) рэнта́бэльны, дахо́дны, прыбытко́вы; мэтазго́дны ў гаспада́рчых адно́сінах

a pay lode — прыбытко́вая ру́дная жы́ла

•

- in the pay of

- pay back

- pay for

- pay in

- pay off

II [peɪ]

v.

смалі́ць (дно чаўна́, карабля́; кана́т)

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Пе́рці 1, перць ’ісці, лезці куды-небудзь, не зважаючы на перашкоды (ТСБМ), ’гнаць, выганяць’ (ТСБМ; Нас.; сміл., Станк.), ’хутка ехаць, бегчы’ (Шат.), ’прагна есці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’падаць (пра снег)’, (петрык., Мат. Гом.), ’напіраць, груба сунуць з сілай; перамяшчаць з энергіяй, рухацца з імпэтам’ (мсцісл., З нар. сл.), ’ісці (пра дым, пыл)’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пе́рцца, пе́рца ’ціснуцца, пхнуцца’ (Бяльк.), ’выходзіць масай, напорам (пра дым, пару)’ (Юрч. СНЛ), пе́рціся ’выбівацца на паверхню (пра расліны)’ (ТСБМ). Укр. пе́рти ’перці, напіраць; гнаць; рухацца, ісці’, ’выпіраць (паветра, дух)’, пе́ртися ’лезці, напіраць’; рус. пере́ть ’ісці, прасоўвацца праз перашкоды; бегчы’, ’хутка ехаць’, ’напіраць, ціснуць’, ’есці’, польск. przeć ’напіраць, націскаць’, ’імкнуцца да чаго-н., настойліва дамагацца’, ’пяцца, тужыцца’, славен. pẹ́riti ’устаўляць зубы ў граблі, спіцы ў кола, шчаціну ў дратву’, серб.-харв. (на)пѐрити ’накіраваць, навесці’, ’утаропіцца’, ’намерыцца’, макед. (па)пери ’накіраваць, рушыць’, (на)перкува ’напіхваць’, балг. (па)пе́ря, (па)пе́рвам ’узвышацца’, ц.-слав. (на)перити ’пракалоць, прабіць, прадраць’. Прасл. *perti, *periti, роднаснае ст.-грэч. πείρω (< *perі̯о), περάω ’прарываюся, пранікаю, праходжу’, περόνη ’востры канец, джала, вастрыё’, πόρος ’праход’, ст.-інд. píparti ’перавозіць, суправаджае’, гоц. farjan ’ехаць’, лац. portus ’прыстань’ і інш. (Траўтман, 215; Покарны, 816; Фасмер, 3, 240; Бязлай, 3, 26 і 130–131; Куркіна, Этимология–1968, 95). Сной (гл. Бязлай, 3, 26) мяркуе, што прасл. *periti, хутчэй за ўсё, з’яўляецца дэнамінатывам.

Перці 2 ’несці з цяжкасцю, везці што-н. цяжкае’ (Нас., Серб., ТСБМ, ТС, Юрч. Сін.; міёр., Нар. лекс.; сміл., Станк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’хутка несці цяжкую ношу на вялікую адлегласць’ (Растарг.), драг. прэ́тытэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.); параўн. славен. pŕitati ’ўзяць/браць ношу на спіну; напружвацца, рабіць намаганні’, ’няўклюдна лезці’, серб.-харв. пр̏тити ’несці на спіне’. Апошнія суадносяць (Сной, гл. Бязлай, 3, 13 1) з прасл. *pъrtъ/*pьrtъ ’кавалак палатна’, а таксама ’вяроўка, рэмень’, параўн. славен. pŕča ’вяроўка, якой прывязваюць скаціну на пашы’, чак. op̏rta ’вяроўка з ліпавага лыка’. Скок (3, 58) серб.-харв. пр̏тити звязвае з пр̏тен ’ільняны, палатняны’ і pratež ’тавар, багаж’, для якіх аднаўляе корань і.-е. *per‑ з пашыральным суф. ‑t‑. Куркіна (Этимология–1975, 19–23) для групы слоў вакол серб.-харв. пр̏тити прапануе ў якасці зыходнай аснову *pъrtъ ’вяроўка, шнур, рэмень’, збліжаючы яе з літ. spartas ’стужка, завязка, абруч’, ст.-грэч. σπάρτον ’ліна, канат, вяроўка’. Тады развіццё семантыкі праходзіла наступным шляхам: ’вяроўка, шпур, рэмень’ > ’груз, ноша’ > ’цягнуць’.

Перці 3 ’праць бялізну’ (глыб., Сл. ПЗБ), пе́раць ’тс’ (карэліц., бяроз., чэрв., там жа), перць ’тс’ (ветк., Мат. Гом.). Да праць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

звіса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Учапіўшыся за што‑н. рукамі, нагамі і пад., вісець у паветры (пра чалавека, жывёл, насякомых). Звісаць з турніка на выцягнутых руках. □ Намалёваны [малпы] так, быццам яны звісаюць, пачапіўшыся хвастом за галінку дрэва. Грамовіч. Звісаюць пад кожнаю кветкай На лапках касматых чмялі. Калачынскі. // Спускацца ўніз, вісець, трымаючыся на чым‑н. адным канцом або канцамі (аб прадметах). Лямпа нізка звісала на дроце — старая, закураная гаспабарова лямпа, да таго яшчэ спавітая тытунёвым дымам. Пестрак. З плота па тоўстых, як канат, сцёблах звісалі жоўтыя гарбузы. Аляхновіч. // Быць апушчаныя ўніз (пра канечнасці, галаву і пад.). Маленькая загарэлая рука Андрэйкі амаль да локця звісае з ложка. Кавалёў. Шчаня нічым не нагадвала аўчарку: ні вушамі, што звісалі ўніз, ні танюсенькім хвосцікам. Шыловіч. // Абвісаць, не аблягаючы плячэй, стану (пра вельмі шырокую вопратку). Адзенне звісала з.. [Чыжыка], відаць былі голыя рубцаватыя лапаткі. Лупсякоў. // Спадаць уніз пасмамі, косамі і пад. (пра доўгую поўсць, валасы). І мядзведзі цяпер выглядалі неяк сіратліва. Поўсць на іх звісала бруднымі касмылямі, бакі пазападалі. Даніленка. На Максімаў лоб звісалі пасмачкі белых кучаравых валасоў. Асіпенка.

2. Нахіляцца, перагінаючыся цераз што‑н. (пра людзей). Маці звісае над калыскай. Дзеці звісаюць з поручняў галовамі ўніз. □ [Крамарэвіч] ціха гаварыў з Колем, які трымаўся за яго шыю і звісаў тварам з пляча. Чорны. // Згінаючыся, нахіляцца ўніз; павісаць (пра вецце, галіны і пад.). Гнуткія галіны, што звісалі ледзь не да самай зямлі, пры лёгкім ветрыку ціха шумелі. Даніленка. Саломку выгнуўшы дугою, Звісае колас над зямлёю. Колас.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць размешчаным, навісаць над кім‑, чым‑н. Пасівелыя яліны, гнілое карэнне ды вялізныя камяні звісалі над чорным бяздоннем. Шашкоў. Нізка звісала свінцовае неба. Ракітны.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трымацца ў паветры нерухліва або расплываючыся, ахінаючы што‑н. Над возерам слаўся туман. Доўгія пасмы яго кудзеляй звісалі над вадой. Сіняўскі.

5. перан. Узнікаць, пагражаючы каму‑н. (пра небяспеку, бяду і пад.). Чуе Цімох — і над ім Звісае няўхільная кара. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смалі́ць ​1, смалю, смоліш, смоліць; незак., што.

Мазаць, насычаць смалой. Смаліць лодку. Смаліць канат. □ [Шура:] — Двух чалавек на станцыю. Смаліць шпалы. Майстар загадаў. Навуменка.

смалі́ць ​2, смалю, смаліш, смаліць; незак., каго-што.

1. Выклікаць адчуванне апёку, смылення; апякаць. [Арцём і Міхалка] палілі запалку за запалкай, злаваліся, што запалкі псуюць і пальцы смаляць. Бядуля. Шурпатая ў калгасніцы далонь. Смаліў яе мароз, Паліў яе агонь. Жычка. // безас. Пра адчуванне смылення, пякоты. [Сцяпан:] — Смаліць нешта ў грудзях. Мележ. Твар, шыю, плечы, рукі смаліла агнём. Юрэвіч.

2. Абпальваючы агнём, знішчаць шэрсць, рэшткі пуху і пад. Смаліць парсюка. Смаліць курыцу.

3. Прыпякаць, пячы (пра сонца). Кожны дзень — сонца, і так смаліць, што на дарогах не гразь ужо, а пыл, калі вецер пачынаецца. Савіцкі. Смаліла сонца, трэскаліся губы ад смагі, павекі апухалі ад бяссонніцы. Грахоўскі. / у безас. ужыв. На дварэ смаліць, горача.

4. Разм. Курыць. Таццяна Андрэеўна падумала: «Яму няможна курыць, а ён усё самасад смаліць...» Шамякін. Зіму і лета дзед не злазіць з печы. Хіба толькі злезе накрышыць сякерай на лаве тытуню, які ён смаліць за комінам без [пера]дыху. Васілевіч.

5. Разм. Паліць, спальваць што‑н. — Неба чырвонае, дзень і ноч смаляць, душагубы, — сказаў Мікола. Шчарбатаў.

смалі́ць ​3, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Біць, удараць. Фурман чуць не зляцеў з воза, а потым прыпаў галавою ў перадок і смаліў пугаўём каню па клубах. Крапіва.

смалі́ць ​4, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Страляць. Добра відаць, як з яліны адна за другой бзыкаюць у неба тры іскрынкі: патрулі смаляць уверх, баяцца высунуць з ямы галовы. Карпюк. Ляцяць наперад [гітлераўцы] на ўвесь дух і час ад часу смаляць з вінтовак і з аўтаматаў. Паслядовіч.

смалі́ць ​5, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Рабіць што‑н. хутка, спрытна, умела. [Зыгмусь:] — Азірнуўся я — смаліць за мною верхам на кані кудлаты мужык без шапкі, толькі касмыкі на галаве трасуцца. Колас. Нават стары Пахілка пайшоў з касою: смаліць — любата зірнуць. Савіцкі. [Мікола:] Аўгіння, там Пятрок з дзяўчатамі вальса смаліць, а ты тут сядзіш! Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)