Калані́ца 1 ’калёсная мазь’ (ТСБМ, РБС–82, Сл. паўн.-зах.), каланіца ’адпрацаваная каламазь’ (Бяльк., Гарэц., Касп., Мат. Гом., Сержп., Шат.; маладз., Янк. 1; Яшк.), ’загусцелы дзёгаць’ (лаг., КЭС), ’выгарэлы ў коле дзёгаць’ (Нас.), ’размоклая дарога, багна, бруд’ (слаўг., Яшк.). Сюды ж каланічына ’месца здабывання каланіцы — дзёгцю для змазвання колаў’ (Яшк.). Укр. усх.-палес. каланіца ’мазь, якой змазваюць восі колаў і іншых дэталей у возе’, рус. зах.-бран. каланица ’дзёгаць для змазвання колаў; густы дзёгаць на колах’, пск., бран. колоница ’дзёгаць’, велікалук., пск. ’дзёгаць самай дрэннай якасці’, пск. ’ачышчаны дзёгаць’, халмаг., пск. ’дзёгаць для змазвання колаў’, апоч., пск. ’вадкі сасновы дзёгаць, смала’, смал., кур. ’дзёгаць, змешаны з пылам на колах і восях’, кур., дан., варонеж. колоника ’дзёгаць, смала, змешаная з пылам на колах і восях’, бран., смал., арл., калуж. ’найбольш дрэнны гатунак дзёгцю’. Лексема адзначана ў розных бел. гаворках, апрача паўдн.-зах. Разам з тым лінгвагеаграфічны крытэрый у канкрэтным выпадку не вельмі істотны, паколькі ілюстрацыі ў слоўніках сведчаць аб культурным характары слова, што дапускае яго лёгкае пранікненне ў розныя гаворкі. Паходжанне слова не вельмі яснае: магчыма, найбольш верагодным з’яўляецца найпрасцейшы варыянт — утварэнне ад кола (Даль) з суфіксам ‑ніца (‑ніка ў рус. прыкладах), гістарычна, відаць, складаным. Пацвердзіць такі варыянт тлумачэння можа рус. калін. колесня ’калёсная мазь’. Распаўсюджанне слова на ўсх.-слав. тэрыторыю сведчыць пра сумесную бел.-рус. інавацыю або, калі гэта позняе ўтварэнне, толькі пра бел. інавацыю (у рус. гаворках коло, паводле Даля, адзначаецца ў бел. і ўкр. зонах). Іншыя версіі, якія можна прапанаваць (аб сувязі з каліць, каляць ’змазваць’, або каляны ’запэцканы’, або каліць : акаліна ’нагар’), менш верагодныя, паколькі патрабуюць дапушчэння нерэгулярных фанетычных змен і не вельмі надзейныя паводле семантычнага крытэрыю. Аднак і вышэй прапанавання інтэрпрэтацыя словаўтварэння не бездакорная. У бел. гаворках таксама адзначана колоница «прямостороннее ведрышко для дегтя» (Нік. Очерк.). Калі параўнаць гэта слова з рус. деготница, мазница, можна дапусціць, што яно ўтворана такім жа чынам. Рус. лексемы двухсэнсоўныя па магчымай дэрывацыі, тут або вытворныя ад деготь і мазь, або семантычныя кандэнсаты. Калі дапускаць апошняе, для разглядаемага слова можна рэканструяваць рус. значэнне ’калонная мазь’, для колонна, колонка тэхнічны тэрмін у дзягцярнай справе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́ба ’від хваробы’ (Касп.). Ілюстрацыя як быццам пацвярджае дэфініцыю: «Каб цебе каліба, як ты мяне падманіў». З назваў хваробы адразу звяртае на сябе ўвагу рус. вяц. калига ’хвароба грыжа’, аднак паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю гэта паралель не вельмі надзейная. Адносна семантыкі рус. назвы параўн. смал. килаватка ’бручка, Brassica napus’, бел. грыжа ’тс’ (нягледзячы на генезіс апошняй назвы). Няясна; у роднасных паўн.-бел. гаворках паралелей да гэтага слова не адзначана, таму можна меркаваць аб рэгіянальным утварэнні. Фармальна можна дапусціць сувязь з калываць (калібаць), параўн. да фанетыкі калібель (Жд. 3, Кліх), аднак такое супастаўленне нічога не праясняе. Цалкам імаверна, што Каспяровічам зафіксавана структура, дзе канкрэтнай назвы не было наогул. Можна думаць, што першапачаткова тут была структура тыпу *каб цябе, каб…, дзе другое каб не толькі ўзмацняе першае, але, магчыма, з’яўляецца субстытутам адпаведнай формулы, якая магла ўключаць і назву хваробы. Прычынай падобнай з’явы магла быць другародная функцыя назвы хваробы параўнальна з функцыяй уласна структуры, не выключана таксама, што тут назіраецца эўфемізацыя выразу, узмацняючая праклён, паколькі пад другім каб можа разумецца любая хвароба з найбольш непажаданых. У канкрэтным выразе каліба адпавядае разгледжанаму вышэй каліб (гл.). Праўда, не вельмі ясна, з’яўляецца гэта наватворам унутры гаворкі, ці тут назіраецца вынік узаемадзеяння гаворак і ўплыву выразу каліба цябе каліба на мяркуемы ’каб цябе, каб…’. Не выключана і запазычанне, аднак знайсці крыніцу нам не ўдалося. У польск. гаворках таксама няма матэрыялу, які б дазволіў меркаваць аб запазычанні. Звяртае на сябе ўвагу дыял. kaleba і kalemba ’старая і худая карова’, ’лянівая жанчына’ і да т. п., аднак гэта паралель не задавальняе. Фармальна падобны гукакомплекс знаходзіцца ў назвах раслін: kolibaba ’расліна… galeopsis ladanum’, kolebok ’radix bardanae’ (дэфініцыя паводле старога тлумачэння Карловіча). Семантычна такое супастаўленне магчымае (назва расліны можа суадносіцца з назвай хваробы), але вельмі няпэўнае. Не выключана і мясцовае ўтварэнне ад калоць з суфіксацыяй як у сядзіба, гасціба (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 84–85). Аб канкрэтнай семантыцы назвы меркаваць цяжка, аднак у гаворках дэрываты ад калоць азначаюць розныя хваробы і з боку семантыкі такое тлумачэнне сумнення не выклікае. Нельга выключаць таксама нейкай памылкі пры запісе, відавочна, патрабуецца ўдакладненне прыведзенай Каспяровічам інфармацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

го́лас, ‑у; мн. галасы, ‑оў; м.

1. Гукі, якія ўзнікаюць пры размове, крыку або спеве дзякуючы хістанню галасавых звязак. Раздаўся голас. Сціхлі галасы. □ Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Мележ. // Асаблівасці чыйго‑н. вымаўлення, гаворкі. Ласкавы голас. Пазнаць сябраў голас.

2. Гучанне галасавых звязак пры спеве; здольнасць спяваць. Прадаваць голас. Ставіць голас артысту. □ Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, і косамі, як чысты лён. Грахоўскі.

3. Асобная самастойная партыя многагалосага твора вакальнай і інструментальнай музыкі. Раманс для двух галасоў.

4. Гукі, якія ўтвараюцца некаторымі неадушаўлёнымі прадметамі. Голас ветру. Галасы мора.

5. перан.; чаго або які. Позыў, патрабаванне якога‑н. унутранага пачуцця, інстынкту і інш. Голас сумлення. □ [Маша] прыслухалася, нібы хацела пачуць нейкі патаемны голас душы. Шамякін.

6. Меркаванне, выказванне. Прыслухоўвацца да голасу мае. Голас людзей добрай волі.

7. Права прымаць удзел у абмеркаванні і вырашэнні якіх‑н. пытанняў, выказваць свае меркаванні па гэтых пытаннях. Удзельнічаць у выбарах з правам рашаючага голасу. // Само гэта меркаванне, выказанае ў якой‑н. форме. Падлік галасоў.

8. Разм. Клавіш музычнага інструмента. — Дзядзька Хведар, а дзядзька... — сказаў.. [Міша] да музыканта. — Вы хоць пот з твару змахніце... Ды і галасы хай трохі астынуць. Мыслівец.

•••

Голасам галасіць гл. галасіць.

Голас у голас — пра поўнае падабенства каго‑н.

Дзікім (дурным, немым, не сваім) голасам — вельмі моцна, што ёсць сілы (крычаць, плакаць).

На ўвесь голас — вельмі моцна, з усёй сілы (крычаць, плакаць).

Павысіць голас гл. павысіць.

Падаць голас гл. падаць.

Падняць (узняць) голас гл. падняць.

Траціць голас гл. траціць.

У адзін голас — а) адначасова, усе разам (адказваць, гаварыць і пад.). — Дзе ты быў дасюль, чаму не прыходзіў? — у адзін голас запыталі [хлопцы]. Чарнышэвіч; б) аднадушна, аднолькава (паўтараць, пацвярджаць і пад.). На пасяджэнні журы ўсе.. у адзін голас дамагаліся: танец з істужкаю паслаць на рэспубліканскі агляд. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спако́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане спакою, нерухомасці; ціхі, бязгучны. Возера ляжала лянівае і спакойнае. Карпаў. Лес стаяў спакойны і нахмураны. Якімовіч. Вада была спакойнай, толькі маленькія хвалькі ад ветру маршчынілі яе паверхню. Краўчанка. // Такі, дзе няма вялікага шуму, руху (пра горад, вуліцу). Спакойны, вясёлы, зялёны — такі Кішынёў. Машара.

2. Які не выяўляе трывогі, хвалявання, знаходзіцца ў стане спакою, не ўзбуджаны (пра чалавека). Аднак чамусьці цяпер наш праваднік быў выключна спакойны. Анісаў. [Пніцкі] ўжо не быў спакойны да самага таго часу, пакуль не дазволілі яму выказацца. Чорны. // Характэрны такому чалавеку; які выяўляе душэўны, унутраны спакой. Спакойны цвёрды Зеленюкоў тон яшчэ больш раздражніў Карызну. Зарэцкі. Дамоў.. [Андрэй] ехаў са спакойнай душой. Шахавец. // Поўны спакою. Неяк адразу пацяплела на сэрцы, з явілася спакойная ўпэўненасць. Лынькоў.

3. Які рэдка выходзіць з сябе, стрыманы, ураўнаважаны (пра чалавека). Спакойны, ураўнаважаны, без лішніх рухаў і жэстаў, настаўнік выклікаў давер’е. «Звязда». Валодзя — хлопец спакойны, малому саступіць. Брыль. // Ціхмяны, які не робіць клопату, не назаляе ўсім навокал. Спакойнае дзіця. Спакойныя суседзі. // Уласцівы такому чалавеку. Мікалай, хоць і пісьменны, але не надта рашучы, таксама не надта бывалы па свеце, ды яшчэ натуру мае спакойную. Чорны. / Пра жывёлу. Маленькая бялявая Аня пачала прыязджаць на спакойным на дзіва кані да кухні па лупіны. Даніленка.

4. Раўнамерны, роўны ў сваім праяўленні, працяканні. Б’е гадзіннік. І сэрца спакойныя ўдары За Крамлёўскай сцяною чуваць у цішы. Куляшоў. Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Мележ. Спакойныя крокі, спакойная, упэўненая гутарка [Веры Ігнатаўны] былі прыемныя Платону. Пестрак.

5. Мірны, не ваенны. Спакойны час.

6. Які адбываецца ў спакоі, нічым не парушаецца, не трывожыцца нікім. Спакойнага сну ў Сяргея не было. Шахавец. [Данілава маці:] Гадавала я вас — гадавала, думала, хоць старасць спакойная будзе. Крапіва. // Які не звязаны з хваляваннямі, турботамі. Яно [шчасце] не можа быць спакойным, яно патрабуе ад чалавека заўсёды болей, чым дае. Шыцік. [Антось:] — Але .. [Сцяпан] камуніст, Марыся, неспакойны ён чалавек, не хоча ён спакойнай работы. Чарнышэвіч. // Прыемны для вока (пра святло). Ласкавае, спакойнае святло абедзеннага сонца залаціла пабурэлыя вершаліны бяроз і клёнаў. М. Ткачоў.

•••

Са спакойным сумленнем гл. сумленне.

Спакойнай ночы — тое, што і дабранач (гл. дабранач).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАДНЯПРО́ЎЕ,

гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, ч. Віцебскай і Гомельскай абласцей. На Пн па водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны мяжуе з Паазер’ем, на З па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра — з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем. У стараж.-рус. перыяд (9—12 ст.) ішоў інтэнсіўны працэс сцірання племянных этнакульт. адрозненняў, зліццё слав. плямён у адзіную народнасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сістэма суднаходных рэк, якія адыгрывалі важную ролю ва ўнутр. і знешніх культ.-эканам. сувязях. Гіст. лёс П. быў звязаны са стараж. Кіевам і з гісторыяй інш. усх.-слав. зямель. Этнакульт. комплекс, фальклорныя традыцыі і нар. гаворкі П. маюць шмат агульных рыс з суседняй Смаленшчынай і зах. Браншчынай (у 12 ст. значная ч. П. ўваходзіла ў Смаленскае, паўд. — у Чарнігаўскае княствы). У той час у П. важныя адм. і эканам. цэнтры — Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і інш. У канцы 12 ст. са Смаленскага вылучылася Мсціслаўскае княства, якое да сярэдзіны 14 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ, але захоўвала ў ім пэўную аўтаномію. На ранніх сярэдневяковых картах Еўропы (карты Н.​Кузана — канец 15 — пач. 16 ст., С.​Мюнстэра — 1540) левабярэжная ч. П. пазначана пад назвай Белая Русь. На больш позніх картах (Г. дэ Баплана, Я.​Сандарта — 2-я пал. 17 ст., Т.​Кітхіна — 1740, і інш.) Белая Русь лакалізавана ўжо ў верхнім П. і Паазер’і. Такое вызначэнне Белай Русі захавалася да сярэдзіны 19 ст., калі канчаткова было пашырана (з-за агульнасці гіст. лёсу і этнічнай культуры) на ўсю тэр. сучаснай Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) П. далучана да Расіі, на яго тэр. ўтворана Магілёўская губ., якая ў асн. супадала з межамі рэгіёна. Пасля 1917 і ўтварэння БССР П. з 1924 у складзе БССР (Гомельскі і Рэчыцкі пав. далучаны ў 1926). Сельскія пасяленні звычайна размяшчаліся па берагах невял. рэк і ў міжрэччах. На характар рассялення ўплывала суседства з воднымі шляхамі, урадлівасць мясц. глеб. Найб. густа заселенай і аграрна развітой была левабярэжная ч. П., у прыватнасці Аршанска-Магілёўская раўніна. Змешаныя хваёва-лісцевыя лясы і дубровы, што ўкрывалі гэтую тэрыторыю, у 18 — пач. 20 ст. на значных плошчах былі высечаны, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных зямель. Адносна спрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі пашырэнню хлебаробства. З тэхн. культур сеялі лён і каноплі. Агракультура П. мела рэгіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясц. варыянтах земляробчых прылад (сох, ільнамялак, барон), формах феад. рэнты і інш. У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі здабыўныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі. У Гомельскім пав. (пераважна ў сучасным Веткаўскім р-не) было шмат пасяленцаў-старавераў, якія сяліліся тут з 1685. Многія з іх займаліся рамізніцтвам, ваджэннем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам. Частка — гандлем і камерцыяй (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясц. сялян сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, соллю). Сельскія пасяленні ў параўнанні з суседнім Паазер’ем вызначаліся большымі памерамі (15—30 сядзіб) і выразнай вулічнай планіроўкай. Замкнутыя ці Г-падобныя сядзібныя забудовы размяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсленую цэнтр. частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і заканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі варотамі, якія зачыняліся на ноч. З маладворных пасяленняў былі пашыраны засценкі. Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на З, у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе ўзнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы вопыт і этнакульт. традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясц. умоў; ставілі дабротныя дамы і гасп. пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу. Распаўсюджаныя тыпы планіроўкі традыц. жылля: хата + сенцы + клець, хата + сенцы + хата, хата + трысцен. Апошні выконваў ролю сянец, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараўся ў жылое памяшканне. Свіран (амбар, інбар) для збожжа ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод дапаможных памяшканняў стопкі сустракаліся рэдка, замест іх у П. былі распаўсюджаны функцыянальна блізкія скляпы (паграбы). Прасторныя гумны са стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную ёўню ці двух’ярусную асець з ямнай печчу. Больш прыкметная кантынентальнасць клімату, наяўнасць сушняў пры гумнах, як і добрая вентыляцыйнасць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, якія тут былі рэдкай з’явай. Для сушкі лёну часцей выкарыстоўвалі лазні, якія мелі падоўжную страху, што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес. Канстр. аснова жыллёвых пабудоў — зруб з круглых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаянках (пазней — на кроквах) крылі саломай «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»), У раёнах, багатых лесам (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі пав.), пашыраны стрэхі, крытыя дошкамі, дорам, дранкай (шчапа). Пэўным арх. абліччам і арганізацыяй інтэр’ера адрознівалася нар. жыллё на Пд рэгіёна. Маляўнічай дэкаратыўнасцю вызначалася веткаўская разьба, якой аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ганкі, брамы і весніцы. Нар. адзенне П. ўвасобіла стараж. рысы, уласцівыя традыц. касцюму слав. народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усх. і еўрап. строяў. Тыповае верхняе адзенне — злёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (падвязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсвітка і кажушок (паўшубак). У традыц. жаночым адзенні яшчэ ў пач. 20 ст. бытавалі стараж. панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналагічныя рус. сарафанам. Жаночыя кашулі шылі з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудная ч. якіх з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй); аздаблялі сакаленнем, маршчэннем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкар. стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўд. раёнаў (неглюбскі строй). У арнаменце святочнага адзення і тканін дамінавалі адносна буйныя геам. ўзоры, у Пасожжы часцей сустракаліся расл. матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытв-сці андараковай тканіны пераважала 2-нітавае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздаблення вылучаюцца традыц. тканыя неглюбскія ручнікі і буда-кашалёўскія ручнікі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначалася кераміка. Посуд з чырвонай гліны з тонкімі сценкамі аздаблялі на гарлавінах ці плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Ён быў лёгкі і грацыёзны. Лінгвістычная карта Беларусі адзначае дыялект. асаблівасці гаворак П., якія вылучаны ва ўсх.-магілёўскую групу паўн.-ўсх. дыялекту. Неаднароднасць культ. ландшафтаў дазваляе вылучыць у П. некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён — з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясц. этнакульт. прыкмет.

В.​С.​Цітоў.

т. 11, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Май 1 ’пяты месяц каляндарнага года’ (ТС, Бес., Гарэц., Ян., Шат., Касп., Бяльк., драг. КЭС). Укр. май, польск. maj, ст.-рус., ст.-слав. маи ’тс’. Запазычана з лац. māius праз с.-грэч. (μάϊος) і ст.-слав. Магло ўспрымацца непасрэдна праз навучанне ў школах, пашыраючыся сярод простага люду (Фасмер, 2, 559; Бернекер, 2, 8; Брукнер, 317; Махэк₂, 348, БЕР, 3, 615). Сюды ж майскі (ТСБМ), майскі жук (Бяльк.).

Май 2 ’першая зелень ліставых дрэў, якой прыбіраюць хаты на сёмуху’ (Нас., ТСБМ, Сержп. Прымхі, Фалют., Янк. 3.. Ян., Шн., Рам. 8, Мядзв., Жд. 1, Шат., Бяльк., Мат. Гом., Растарг.; пух., Бел. дыял.; в.-дзв., Шатал., ТС), ’адзначэнне дзядоў на сёмуху’ (Кліх), ’зялёны аір, які раскідваюць па падлозе і дарожках у дзень Сашэсця Св. Духа’ (Нас.), ’бярозавае галлё, якое падсцілаюць пад стог’ (круп., Нар. сл.), віц. маінка ’галінка, якую ўтыкалі на капусную градку пасля таго, як «развівалі» бярозу на сёмуху’ (Сакалова, Обряды, 190). Укр. зах. май ’зелень’, ’маладое дрэва, прыбранае стужкамі, ці галіны, якімі прыбіраюць хату, падвор’е’, польск. maj ’зялёныя галіны, зелень’, majowy ’зялёны’, majówka (фалькл.) ’май, дрэўца на сёмуху’; н.-луж. maja, в.-луж. meja, mejka ’ўрачыста азлобленае маладое дрэва’, чэш. máje, máj, мар. mája ’высокае стройнае дрэва, якое ставіцца на 1 Мая або ў іншыя святы’, ’перыяд росквіту, свежасці ў прыродзе’, славац. máj ’вясна’, ’сімвал вясны — высокая азлобленая яліна, якую хлопец ставіць перад 1 Мая ля вакна сваёй каханай’, славен. máj, mláj ’аздобленая яліна, пастаўленая з выпадку якой-небудзь урачыстасці’. Хаця вяснова-летні абрад, звязаны з культам зялёнага дрэва, вядомы ўсім славянам, аднак лексема май і вытворныя пашыраны толькі на захадзе слав. тэрыторыі, на Беларусі і Украіне. Можна меркаваць, што лексема запазычана з ням. Mei (тое ж Махэк₂, 348). У бел. і ўкр. гаворкі — з польск. мовы. На Беларусі май 2 злілося з май 1.

Май 3 у выразе буў — і як май змаеў ’раптоўна прапаў’ (саліг., Нар. словатв.; ТС), укр. май‑май‑май ’аб хуткіх рухах, калі махаюць, або што-небудзь уецца’, маяти ’махаць, рухацца туды-сюды’, майдати ’віляць хвастом’, рус. ма́ять ’махаць’ (і інш.: мая́к, мая́чить, маятник); польск. majaczyć ’быць ледзь бачным’, ’кружыцца’, н.-луж. mawaś ’махаць’, в.-луж. majkać ’гладзіць, песціць’, чэш. mávati ’махаць’, славац. mávať ’тс’, славен. májati ’рухацца туды-сюды’, прасл. корань ma‑. Мае балт. адпаведнікі: літ. móti, лат. māt ’махаць’ (Махэк₂, 355; Фасмер, 2, 587). Гл. таксама махаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лайда́к ’гультай, лянівы, бяздзейны, лодар’, ’круцель, хітрун, шэльма’, ’п’яніца’ (Нас., ТСБМ, Касп., Мядзв., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), ’распусны, амаральны чалавек’ (КЭС, лаг.), лайда́чына ’гультай, гультайка’ (Сл. паўн.-зах.), лайдачы́на ’тс’, ’хлус’ (Шат.). Укр. ла́йдак, лайда́ка, лайдачи́на, рус. зах. прыбалт. лайда́к ’тс’, паўдн.-рус. ’нягоднік, хлус, гуляка’, зах.-бран. лайда́ка ’гультай’, польск. łajda, lajda, łajdak, łajdach, łajduś lajdus, łajduń, łajdemus, каш. lái̯dwk̑, lei̯dwk, łajdak ’падлюга, нягоднік, прахвост, паганец’, чэш. lajdák ’лодыр, нядбалы’, мар. lʼajda ’бадзяга’, славац. lajdák ’лайдак, неахайны’, славен. lȃjdǝr ’бадзяга’. Славянскае паходжанне (з ladaco, ladajaký — Міклашыч, 162) адкідаецца Фасмерам (2, 450), які мяркуе (а ўслед за ім і Кюнэ, Poln., 73), што ва ўсх.-слав. мовы слова прыйшло з польск. łajdak, якое з н.-в.-ням. landern, с.-в.-ням. lendern ’бадзяцца’ (таксама і Бернекер, 1, 686). ESSJ SG (2, 408) дапускае ўзнікненне łajdak у выніку дээтымалагізацыі дэрыватаў слова ledajaký (з заменай l > ł). Праабражэнскі (430), Эндзелін (ЖСт, 3, 252), Карскі (Труды, 396) паводле дыфтонга ‑ай‑ бачаць крыніцу гэтай лексемы ў балт. мовах. Брукнер (305–306), Слаўскі (4, 435) мяркуюць, што ў польск. мове гэта запазычанне з чэш. мовы, а з польскай тэрыторыі слова пашыралася ў бел., рус., укр. і літ. мовы. Махэк₂ (318) прызнае за словам łajdák (якое з чэш. пашырылася і на славац. тэрыторыю, а адтуль — на вянг. гаворкі) першаснае значэнне з адценнем ’бяздзейнасці, маруднасці, неахайнасці, абыякавасці ў працы’, а ’бадзяцца’ — другасным, выводзячы лексему łajdák (а з яе пасля ўжо ўтварыліся дзеясловы lajdačiti, lʼajdat se і інш.) з прыметніка ledajaký. Як заўважае Трост (NR, 4, 1979, 224), змена ledajaký > lajdák з’яўляецца нечуванай з’явай, і сцвярджае, што ‑ak‑ славянскі суфікс, а чэш. lajda (lʼajda) паходзіць з lajdat, якое з landat, а апошняе (услед за Голубам–Копэчным, 198) — з ням. landern ’бадзяцца’. Аткупшчыкоў (Лекс. балтызмы, 35), Лаўчутэ (там жа. 22 і Лаўчутэ, Балтизмы, 16–18) вяртаюцца да версіі аб балт. паходжанні лексемы лайдак, супастаўляючы яе з літ. laidõkas, лат. laĩdaks ’распуснік, гультай, нягоднік, п’яніца’, ’цяльпук’, ’грубіян’, ’маральна заняпалы’, лат. laīda ’гультай, расслаблены, вялы’. На карысць балтыйскай крыніцы сведчаць як фанетычныя аргументы (дыфтонг ‑ай‑, старое чаргаванне літ. ‑аі‑ // лат. ‑ei‑, параўн. leidoks ’неахайны’, ’распуснік’), так і дастаткова вялікае гняздо роднасных слоў (літ. léisti ’матаць грошы’, ’хутка бегаць’, ’швэндацца’ — ітэратыў láidyti ’тс’, palaidū̃nas ’распуснік’, laidùs, лат. leĩdars ’мот, марнатравец’) і пашырэнне іх на асноўнай моўнай літ. і лат. тэрыторыях. Чэшскае і польскае словы з’явіліся вынікам кантамінацыі балт. (lajd‑) і ням. (land‑) асноў. Сюды ж лайдачыць ’гультаяваць, марнатравіць’ (Нас.), лайдачы ’лянівы’ (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пыж 1 ’драўляная затычка для круглай адтуліны’ (Нас.), ’кавалачак дрэва, які закладваецца ў вугал зруба пры спалучэнні бярвенцаў’ (жабін., Нар. сл.), пыжч ’тс’ (кам., там жа), пыж ’калок, якім прымацоўваецца ярмо да дышля воза або саней’ (Бес.), ’невялікі драўляны шар або абрубак ад палкі (пры гульні “ў пыжа”)’ (Нас.; БНТ, Гульні), ’затычка з лямцу, шэрсці або картону ў патроне для паляўнічай стрэльбы’ (ТСБМ), ’малеча, карапуз’ (Бяльк.), мн. л. пыжэ́ ’стрыжні птушыных пер’яў’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ’бутоны’ (навагр., Жыв. сл.), пы́жык ’кароценькая затычка; тоўсценькае дзіця’ (Нас.), ’тоўсты блін з кіслага цеста; булачка’ (рас., Шатал.; шальч., Сл. ПЗБ), ’хлопчык, які слаба расце, малы’ (Бяльк.), параўн. укр. пиж ’від дзіцячай гульні’, рус. пыж ’затычка ў патроне; пустое, няўсхожае насенне; шар або абрубак (у дзіцячай гульні); папярочны брусок у носе і карме лодкі; булачка’, пы́жык ’маларослы, надуты чалавек’; адносяць сюды і балг. пи́жо ’нехрышчонае дзіця’. Значэнне гэтай групы слоў канцэнтруецца вакол паняццяў ’затычка, шпунт, калодачка’, ’неразвіты плод’, ’пышка, булачка’, што дае магчымасць далучыць сюды бел. пужо́к ’схованка для рыбы ў канцы лодкі’ і пужы́на ’пустое зерне’ (гл. зыходныя формы, хутчэй за ўсё, *пыжок, *пыжына з тыповым для тураўскай гаворкі пераходам ы > у пасля губных). Роднаснае літ. paugžlỹs, pūgžlỹs ’апалонік’, pùžas ’брухаты’, pùžti ’аслабець’, узыходзіць да і.-е. *pōu̯‑, *pū‑ ’дуць, надувацца’, што дае падставы для рэканструкцыі асновы прасл. *pyž‑ (Куркіна, Этимология–1971, 71–72); Тапароў (Балтийские яз., 45) лічыць рус. маск. пыж ’бясплоднае, няўсхожае насенне’ балтызмам, што малаверагодна па лігвагеаграфічных прычынах; па семантычных і лінгвагеаграфічных прычынах сумнеўна вывядзенне рус. арх. пыж ’папярочны брусок, устаўлены ў нос лодкі’, параўн. пск. носовой пыж, кастр. ’нос судна’ з комі, удм. piž ’лодка’, мар. puš ’тс’ (Фасмер, 3, 417).

*Пыж 2, пуж ’гарнастай’, памянш. пы́жык: раншы дорогі буў пыжык (ТС), пы́жык ’паўночны алень ва ўзросце да двух месяцаў, а таксама футра з яго’ (ТСБМ). Выводзяць з удм. pužej ’паўночны алень’, комі pež ’аляня, якое яшчэ не мае рагоў’ і пад. (Фасмер, 3, 417: лічыць гатую этымалогію “безукоризненной”); іншая версія — аднясенне пыж 2 да пыж 1 (Праабражэнскі, 2, 159 і інш.) па лінгвагеаграфічных і семантычных прычынах, параўн. рус. дыял. пы́жик ’шкура невялікага мядзведзя’, ’птушка Vanellus gregarius Pall.’, ’стэпавы кулік, Charadrius’ (адносна апошняй гл. Фасмер, 3, 418), здаецца больш прымальнай. Чарных (2, 87) мяркуе, што фіна-угорскія словы запазычаны з рускай мовы, аналагічна Анікін (416–417), які схіляецца да версіі паходжання ад рус. пыж ’камяк’, пы́жить ’настаўляць, растапырваць’, гл. пыж 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МОВАЗНА́ЎСТВА, лінгвістыка,

навука пра сутнасць, будову, функцыянаванне і эвалюцыю моў. Універсальныя ўласцівасці мовы, як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, як увасабленне свядомасці, спосаб фіксацыі пазнання, як знакавую сістэму асаблівага роду, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця, вывучае агульнае мовазнаўства. Асобныя мовы (напр., беларускую мову, старажытнагрэчаскую мову і інш.) даследуе прыватнае М., а групы моў (напр., славянскія мовы, індаеўрапейскія мовы, угра-фінскія мовы і інш.), іх структуру, развіццё вывучае супастаўляльнае і тыпалагічнае М. Паводле характару вынікаў даследавання мовы адрозніваюць тэарэт. і прыкладное М. Вывучэнне моў грунтуецца на 2 падыходах: сінхранічным (гл. Сінхранія), які шырока выкарыстоўваецца для адэкватных апісанняў канкрэтных моў у пэўны перыяд іх функцыянавання, і дыяхранічным (гл. Дыяхранія), які ўжываецца для апісання змен і развіцця мовы, яе адзінак, катэгорый. Функцыянаванне і эвалюцыю мовы ў грамадстве, сувязі мовы з інш. сац. з’явамі, утварэннямі (напр., нацыяй, дзяржавай, культурай, адукацыяй, л-рай, музыкай і г.д.), суадносіны мовы з псіхічным жыццём чалавека даследуе знешняя лінгвістыка. Структуру мовы, яе адзінак, катэгорый, а таксама іх функцыі ў сінхраніі і дыяхраніі вывучае ўнутр. лінгвістыка. Структурная лінгвістыка асаблівую ўвагу надае аналізу мовы як сістэмы, што ўяўляе сабой сукупнасць узаемазвязаных элементаў, адзінак, узроўняў мовы. У межах камп’ютэрнай лінгвістыкі ажыццяўляецца аўтам. апрацоўка тэкстаў каб атрымаць дакладныя звесткі аб іх структуры, адзінках і выкарыстаць атрыманыя дадзеныя для тэарэт. і практычных патрэб (машынны пераклад, аўтам. рэферыраванне тэкстаў, складанне канкардансаў, слоўнікаў і інш.). Матэматычная лінгвістыка распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і штучных моў, іх мадэлявання. Стат. лінгвістыка выкарыстоўвае матэм. апарат для вывучэння імавернасных і градуальных з’яў у мове для іх разнастайных падлікаў, вымярэнняў, каб атрымаць больш глыбокія веды пра якасныя ўласцівасці мовы. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства шляхам супастаўлення моў у розныя перыяды іх функцыянавання ўстанаўлівае ступень роднаснасці моў, іх мінулы стан, узнаўляе прамову і яе адзінкі. Тыпалагічнае М. (гл. Тыпалогія лінгвістычная) вывучае еднасныя структурныя рысы розных моў паводле фанетычнага складу, граматычнай будовы, асаблівасцей слоўнікаў, грамадскіх функцый і інш. Супастаўляльнае мовазнаўства даследуе адметнасці канкрэтнай мовы ў параўнанні з інш. мовамі, што дазваляе выявіць некаторыя яе спецыфічныя рысы, важныя пры перакладах, а таксама пры вывучэнні і выкладанні моў і інш. Псіхалінгвістыка аналізуе працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення, звязаныя з унутр. станам, псіхікай чалавека, на аснове спец. эксперыментаў з носьбітамі мовы. Сацыялінгвістыка вывучае адносіны паміж грамадствам і мовай, асаблівасці маўлення пэўных груп насельніцтва, двухмоўе як грамадскую з’яву, магчымасці свядомага ўплыву грамадства на мову, праблемы міжнац. зносін, моўных кантактаў і інш. Этналінгвістыка вывучае адлюстраванне ў мовах адметных уласцівасцей розных этн. груп, рытуальнае выкарыстанне мовы і інш. Дыялекталогія і лінгвістычная геаграфія даследуюць асобныя рэгіянальныя гаворкі. варыянтнасць мовы ў прасторы, распрацоўваюць прынцыпы картаграфавання моўных з’яў у лінгвістычных атласах і інш. Адпаведна з вывучэннем асобных адзінак мовы вылучаюцца дысцыпліны ўнутр. лінгвістыкі: фанетыка (гукі маўлення), фаналогія (гукі мовы, што выконваюць сэнсаадрознівальную функцыю), акцэнталогія (націск), арфаэпія (правілы вымаўлення ў літ. мове), арфаграфія (правілы правапісу), марфаналогія (чаргаванне гукаў і асаблівасці іх ужывання на межах марфем), марфалогія (словазмяненне і часціны мовы), сінтаксіс (словазлучэнні, сказы), лексікалогія (словы і іх групоўкі), дэрываталогія (утварэнне слоў), лексікаграфія (тыпы і структура слоўнікаў), семасіялогія (семантыка значымых адзінак мовы), фразеалогія (устойлівыя словазлучэнні), этымалогія (паходжанне і гісторыя асобных слоў), анамастыка (уласныя назвы), стылістыка (функцыян. дыферэнцыяцыя мовы і яе адзінак паводле сферы ўжывання) і інш. М. цесна звязана з літаратуразнаўствам, гісторыяй, логікай, філасофіяй, сацыялогіяй, этнаграфіяй, псіхалогіяй, семіётыкай, геаграфіяй, кібернетыкай, матэматыкай і інш. навукамі.

М. ўзнікае ў сувязі з вынаходніцтвам, станаўленнем і развіццём пісьма і з патрэб вывучэння няродных моў. Ужо ў 3-м тыс. да н.э. ў стараж. Эбле (Паўн. Сірыя) ствараліся спісы слоў з мэтай навучання грамаце. У 5 ст. да н.э. ў Індыі Паніні распрацаваў першую ў свеце падрабязную граматыку стараж.-інд. сакральнай мовы санскрыту. У стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э. Геракліт, Платон, Сакрат і інш. абмяркоўвалі філас. праблемы паходжання і сутнасці мовы. У сваіх творах «Паэтыка» і «Рыторыка» Арыстоцель вызначыў найперш лагічныя падыходы да аналізу мовы, якія пазней былі выкарыстаны пры апісанні мовы ў вучэнні стоікаў, Ф.​Бэкана, а таксама ў сучасных працах Н.​Хомскага і інш. У 2 ст. да н.э. т.зв. Александрыйскай школай распрацаваны многія паняцці фанетыкі і граматыкі стараж.-грэч. мовы. У 1 ст. да н.э. грэч. лінгвістычныя традыцыі пераняты рымскім М., у нетрах якога створаны граматыкі Варона, Даната і Прысцыяна. Вызначаныя ў гэтых працах адзінкі і катэгорыі мовы паслужылі асновай для стварэння граматык многіх еўрап. моў. У Кітаі ў 3—2 ст. да н.э. былі падрыхтаваны слоўнікі састарэлых і дыялектных слоў, завершаны слоўнік «Шо вэнь» («Тлумачэнне пісьмёнаў»). У 2-й пал. 1-га тыс. н.э. распрацоўваліся граматычныя апісанні на матэрыяле семіцкіх моў у араб. і яўр. лінгвістычных працах. У 1072—83 Махмуд Кашгарскі ў сваім «Слоўніку цюркскіх моў» апісаў фанетыку, граматыку цюркскіх моў, даў звесткі пра гісторыю, этнаграфію, геаграфію, паэзію, фальклор цюркаў і зрабіў класіфікацыю гэтых моў. І.​Ю.​Скалігер у 1599 вызначыў 4 асн. групы еўрап. моў (лац., грэч., слав. і герм.). У сярэднія вякі ў Еўропе паступова ўдасканальваліся граматыкі, рыторыкі, паляпшаліся слоўнікі. У 14—16 ст. ва ўсх. славян з’явіліся пераклады і кампіляцыі грэч. і лац. граматык. У 1664 франц. тэолагі А.​Арно і К.​Лансло выдалі «Агульную і рацыянальную граматыку», якая працягвала лагічныя традыцыі Арыстоцеля і паўплывала на далейшае развіццё граматычнай навукі. У 18 ст. ням. філосаф Г.​Лейбіц на аснове прыродазнаўчых навук распрацоўваў аб’ектыўныя падыходы да вывучэння і развіцця моў, звярнуў увагу на супастаўленне розных моў і інш. знакавых сістэм. У сярэдзіне 18 ст. М.​В.​Ламаносаў напісаў першую навук. граматыку рус. мовы, хоць яго працы папярэднічала стварэнне больш за 10 граматычных трактатаў па рус. мове, напісаных пераважна на замежных мовах. У сувязі са станаўленнем гіст. лінгвістыкі ў 19 ст. М. вылучылася ў самаст. навук. дысцыпліну. З’явілася ідэя пра заканамерны характар гукавых адпаведнасцей у роднасных мовах як аснова параўнальна-гіст. метаду ў М. (Ф.​Боп, А.​Х.​Вастокаў, Я.​Грым, І.​Добраўскі, Р.​К.​Раск і інш.). Ствараліся працы па тэарэт. асэнсаванні сутнасці, функцыянавання, развіцця моў, іх класіфікацыі на падмурку граматычных прыкмет (В.​Гумбальт), выдадзены вял. слоўнікі еўрап. моў, у т. л. бел. (Вастокаў, Н.​Уэбстэр, браты Я. і В.​Грым, У.​І.​Даль, С.​Б.​Ліндэ, І.​І.​Насовіч і інш), параўнальна-гіст. граматыкі моў (К.​Бругман, Ф.​Міклашыч, А.​Шляйхер і інш.). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся псіхал. кірунак у М. (А.​А.​Патабня, Г.​Штайнталь і інш), дзе адзінства моў тлумачылася адзінствам чалавечага мыслення і падкрэслівалася роля псіхічных працэсаў у развіцці мовы; узніклі лінгвістычныя школы: натуралізм (Шляйхер і інш.), эстэтызм (К.​Фослер і інш.), «Словы і рэчы» (Р.​Мерынгер, Г.​Шухарт і інш.), лінгвагеаграфія (Г.​Венкер, Ж.​Жыльерон і інш), младаграматызм (Бругман, Б.​Дэльбрук, А.​Лескін, Г.​Остгаф, Г.​Пауль і інш.). У 20 ст. пашырыліся ідэі пра сац. абумоўленасць моўных з’яў (Ш.​Балі, Ж.​Вандрыес, Я.​Дз.​Паліванаў, А.​Сешэ і інш.), вядзецца пошук больш аб’ектыўных спосабаў вывучэння моўных з’яў праз іх фармальнае апісанне (П.​Ф.​Фартунатаў і інш.). У міжваенны перыяд у Еўропе і ЗША сфарміравалася магутная лінгвістычная школа — структуралізм (Л.​Ельмслеў, В.​Матэзіус, Э.​Сепір, Ф. дэ Сасюр, М.​С.​Трубяцкой, Р.​В.​Якабсон і інш.), які ў пасляваен. час пашырыўся і спрыяў станаўленню кібернетычнай, а таксама прыкладной і матэм. лінгвістыкі (Ю.​Д.​Алрэсян, В.​У.​Мартынаў, І.​А.​Мяльчук, Р.​Г.​Піятроўскі і інш.) і лінгвасеміётыкі (Р.​Барт, К.​Леві-Строс, Ч.​Морыс, дэ Сасюр, Ю.​С.​Сцяпанаў і інш.). У сувязі з вывучэннем новых моў, што не мелі сваёй пісьменнасці, усталявалася школа структуралізму — дэскрыптыўная лінгвістыка (Ф.​Боас, Л.​Блумфілд, З.​Харыс і інш.). У параўнальна-гіст. і апісальным М. пашырыліся ідэі падыходу да моўных з’яў з пазіцый іх сістэмнай арганізацыі, што вядзе сваю традыцыю ад вучэння І.​А.​Бадуэна дэ Куртэнэ аб мове (В.​У.​Іванаў, В.​М.​Сонцаў, У.​М.​Тапароў і інш.). У 1980—90-я г. ўсталёўваюцца функцыянальная лінгвістыка, лінгвістыка тэксту, кагнітыўная лінгвістыка і інш., дзе асаблівая ўвага аддаецца зместу моўнай інфармацыі, спосабам яго перадачы і ўспрымання.

У стараж. Беларусі перапісваліся старажытнаслав. лінгвістычныя трактаты (напр., «О письменах» Чарнарызца Храбра, 9—10 ст., бел. копіі 16—17 ст.). У 16—17 ст. створаны рукапісны «Лексис съ толкованіем словенских мов просто» (канец 16 ст.), друкаваныя працы «Лексис, сирчь речен і ...» Л.​Зізанія (1596, Вільня), «Лексиконъ славеноросскій...» П.​Бярынды (1627, Кіеў; 2-е выд. 1653, Куцейна, пад рэд. І.​Труцэвіча), дзе тлумачыліся лексіка і выразы царк.слав. помнікаў. Выдаваліся таксама азбукі, буквары, граматыкі: «Буквар» І.​Фёдарава (1574, Львоў), ананімная «Кграматыка словеньска языка...» (1586, Вільня), «Грамматіка Словенска...» Л.​Зізанія і яго ж «Лексис», дзе тлумачыцца 1061 стараслав. слова з дапамогай больш як 2 тыс. старабел. слоў (абедзве кнігі 1596, Вільня), «Грамматики Словенския правилная синтагма» М.​Сматрыцкага (1619, Еўе), «Буквар» (1631, Куцейна) і «Буквар языка славенска» (1636, Буйнічы) С.​Собаля і інш. У гэтых працах апісвалася царк.слав. мова, якая ўжывалася ў сферах культу і навукі; бел. («простая») мова выкарыстоўвалася толькі як матэрыял для «вырозуменья» царк.-слав. мовы. Першая граматыка «простой» мовы («Граматыка словенская») напісана на лац. мове ў 1643 студэнтам Сарбоны І.​Ужэвічам (захоўвалася ў рукапісах, выд. ў 1970 у Кіеве, у 1996 у Мінску). У 1-й чвэрці 19 ст. пачалося навук. вывучэнне бел. мовы, што было звязана з павышанай цікавасцю грамадскасці да этнаграфіі, вусна-паэт. творчасці бел. народа. Найб. раннія пісьмовыя звесткі пра сучасную бел. мову (у працах А.​К.​Кіркора, Я.​Чачота, П.​М.​Шпілеўскага і інш.) падаваліся ў плане агульнага азнаямлення з бел. этнаграфіяй і фальклорам. Бел. мове прысвячаліся і спец. працы (напр., артыкул К.​Ф.​Калайдовіча «Пра беларускую гаворку», 1822). Грунтоўнае вывучэнне бел. мовы пачалося з сярэдзіны 19 ст. Этнографы і фалькларысты П.​А.​Бяссонаў, У.​М.​Дабравольскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі, Я.​Карловіч, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, А.​К.​Сержпутоўскі, М.​Федароўскі, П.​В.​Шэйн, М.​А.​Янчук і інш. сабралі і апублікавалі багаты матэрыял пра асаблівасці бел. гаворак. У гэты ж час створаны слоўнікі нар. лексікі і фразеалогіі, найб. буйныя з іх «Збор слоў літоўска-рускай (беларускай мовы)» Ф.​С.​Шымкевіча (1840, выд. 1995), «Слоўнік беларускай мовы» І.​Насовіча (1870). Факты бел. мовы выкарыстоўвалі ў сваіх працах рус. і польскія лінгвісты (К.​Ю.​Апель, Ф.​І.​Буслаеў, М.​М.​Дурнаво, М.​А.​Коласаў, Ліндэ, Патабня, А.​І.​Сабалеўскі, І.​І.​Сразнеўскі, Шахматаў і інш.). Пасля выдання помнікаў бел. пісьменнасці разгарнулася даследаванне іх мовы (летапісаў — Шахматавым, твораў Ф.​Скарыны — П.​У.​Уладзіміравым, перакладных рыцарскіх аповесцей — А.​Брукнерам, інтэрмедый — У.​М.​Перацам). Надрукаваны працы па гіст. граматыцы бел. мовы («Гістарычны агляд важнейшых гукавых і марфалагічных асаблівасцей беларускіх гаворак» І.​А.​Нядзёшава, 1884, і інш.). Але многія рус і польск. вучоныя трактавалі бел. мову як дыялект велікарус. або польск. мовы, адмаўлялі яе права на ўжыванне ў грамадска-культ. сферах жыцця беларусаў, вызначалі месца яе выкарыстання толькі ў быт. сферы. Выключных поспехаў у вывучэнні бел. мовы, яе гісторыі, помнікаў бел. пісьменнасці дасягнуў заснавальнік бел. філалогіі Я.​Ф.​Карскі — аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, у т. л. манаграфіі «Беларусы» (кн. 1—7, 1903—22). Тры яе кнігі ён прысвяціў характарыстыцы фанетычнай сістэмы, словаўтварэння, граматычнага ладу бел. мовы ў яе гіст. развіцці. У пач. 20 ст. з пашырэннем літ. творчасці і кнігавыдання на бел. мове ўзнікла неабходнасць вызначыць характэрныя рысы бел. мовы і замацаваць іх у якасці літ. норм, што ўпершыню зроблена ў «Беларускай граматыцы для школ» Б.​А.​Тарашкевіча (1918). У 1920-я г. створаны Інбелкульт, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі, што ўключала ў свой склад Ін-т мовы, л-ры і мастацтва. У гэты ж час адкрыты БДУ і шэраг пед. ін-таў, дзе рыхтаваліся лінгвістычныя кадры і вяліся даследаванні ў галіне бел. М. Гэтаму спрыяла і правядзенне ў БССР беларусізацыі. У 1926 адбылася акад. канферэнцыя па рэформе бел. правапісу і азбукі, скіраваная на збліжэнне з правіламі рус. мовы. У выніку збору і сістэматызацыі бел. лексікі створаны 24 тэрміналагічныя зборнікі, апублікаваны «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.​Ластоўскага (1924), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928) М.​Я.​Байкова і С.​М.​Некрашэвіча. Выдаваліся і дыялектныя («краёвыя») слоўнікі: «Віцебскі краёвы слоўнік» М.​І.​Каспяровіча (1927), «Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны» М.​В.​Шатэрніка (1929). Абагульняльную працу пра гаворкі цэнтр. і ўсх. Беларусі «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» ў 1928 апублікаваў П.​А.​Бузук. Дыялектны матэрыял, назапашаны Ін-там мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі, загінуў у Вял. Айч. вайну. Некаторыя даваен. запісы пазней выкарыстаны ў выданнях «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны» І.​К.​Бялькевіча (1970), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» П.​А.​Растаргуева (1973). Гісторыю бел. мовы вывучалі Бузук, І.​В.​Воўк-Левановіч, М.​І.​Карнеева-Петрулан, Карскі, Растаргуеў і інш., фанетыку — Я.​Лёсік, Воўк-Левановіч і інш. Выйшлі працы па гіст. сінтаксісе «Выражэнне галоўных членаў сказа ў беларускай мове» (1940) і «Даследаванні ў галіне гісторыі беларускага сінтаксісу» (1941) Ц.​П.​Ломцева, аўтара і рэдактара выдадзенай раней акад. працы «Беларуская граматыка. Фанетыка і правапіс» (1935). Ін-т мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі выдаў даследаванні «Беларуская граматыка. Марфалогія» (1936), «Сінтаксіс беларускай мовы» (1939) і «Курс сучаснай беларускай мовы. Фанетыка, марфалогія, лексіка» (1940), у якіх падагульнены дасягненні бел. М. У пасляваен. час усталяваліся новыя кірункі даследаванняў, створаны новыя падручнікі па бел. мове для школ, тэхнікумаў, ВНУ. Выдадзены «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. Я.​Коласа, К.​Крапівы, П.​Глебкі (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» пад рэд. К.​Крапівы, «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.​Абрэмбскай-Яблонскай і М.​В.​Бірылы (абодва 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.​П.​Лемцюговай (1980), «Беларуска-расійскі слоўнік» Я.​Станкевіча (1990, Нью-Йорк) і інш. Выйшла з друку фундаментальная акад. «Граматыка беларускай мовы» пад рэд. К.​Крапівы, М.​Г.​Булахава, П.​П.​Шубы (т. 1—2, 1962—66), распрацоўваліся гісторыя бел. мовы і гіст. граматыка (А.​Я.​Баханькоў, А.​М.​Булыка, А.​І.​Жураўскі, І.​І.​Крамко, Л.​М.​Шакун, Ф.​М.​Янкоўскі, А.​Л.​Яновіч, А.​А.​Яскевіч і інш.). Апублікавана некалькі агульных курсаў сучаснай бел. мовы, манаграфіі, прысвечаныя актуальным пытанням бел. граматыкі (Л.​А.​Антанюк, М.​А.​Аўласевіч, Булахаў, Л.​І.​Бурак, М.​С.​Васілеўскі, А.​П.​Груца, М.​І.​Гурскі, М.​А.​Жыдовіч, Ю.​Ф.​Мацкевіч, А.​Я.​Міхневіч, А.​І.​Наркевіч, Л.​П.​Падгайскі, П.​У.​Сцяцко, Шуба, П.​Я.​Юргелевіч, М.​С.​Яўневіч і інш.) і фанетыкі (Н.​Т.​Вайтовіч, Л.​Ц.​Выгонная, А.​А.​Крывіцкі, А.​І.​Падлужны, Э.​Смулкова, В.​М.​Чэкман і інш.), стылістыкі бел. мовы (А.​А.​Каўрус, Г.​М.​Малажай, Лепешаў, Т.​І.​Тамашэвіч, М.​Я.​Цікоцкі, А.​К.​Юрэвіч і інш.), дыялекталогіі (Э.​Д.​Блінава, Я.​М.​Камароўскі, Ф.​Д.​Клімчук, Е.​С.​Мяцельская, А.​А.​Станкевіч, І.Я.Я́шкін і інш.), методыкі выкладання бел. мовы (З.​Б.​Варановіч, В.​У.​Протчанка, В.​І.​Рагаўцоў, М.​Г.​Яленскі і інш.). Вывучаліся бел. лексіка і словаўтварэнне (Антанюк, А.​Я.​Баханькоў, Бірыла, Булыка, М.​Ф.​Гуліцкі, В.​П.​Красней, У.​М.​Лазоўскі, Лемцюгова, А.​А.​Лукашанец, Г.​М.​Мезенка, М.​А.​Паўленка, М.​Р.​Прыгодзіч, А.​Ф.​Рогалеў, В.​Д.​Старычонак, М.​Р.​Суднік, Сцяцко, Шакун, В.​К.​Шчэрбін, Г.​Ф.​Юрчанка і інш.), фразеалогія (А.​С.​Аксамітаў, М.​А.​Даніловіч, У.​І.​Коваль, І.​Я.​Лепешаў, Янкоўскі і інш.). Выдадзены акад. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996), «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.​М.​Бардовіча, Шакуна (1975), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.​К.​Клышкі (1976), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» Лепешава (т. 1—2, 1993), «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.​М.​Грабчыкава (1994), «Слоўнік іншамоўных слоў» Булыкі (т. 1—2, 1999). Працягваецца праца над шматтомнымі «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93), «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» (вып. 1—18, 1982—99). Выдадзены «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.​Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» (т. 1, 1997), слоўнікі эпітэтаў бел. мовы М.​П.​Пазнякова (1988), Н.​В.​Гаўрош (1998), «Слоўнік мовы Скарыны» У.​В.​Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), частотны слоўнік бел. мовы Н.​С.​Мажэйкі, Супруна (т. 1—5, 1976—92). Апублікавана шмат слоўнікаў асобных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), першы сярод слав. моў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963; Дзярж. прэмія СССР 1968). Да найбуйнейшых прац належаць акад. «Беларуская граматыка» пад рэд. Бірылы і Шубы (ч. 1—2, 1985—86), «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» пад рэд. Падлужнага (1989), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» пад рэд. Бірылы і Мацкевіч (т. 1—5, 1993—98), энцыклапедыя «Беларуская мова» (1994; Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1998).

З 1960-х г. на Беларусі даследуюцца і інш. слав. мовы, часам у плане іх супастаўлення з бел. мовай. Выйшлі працы апісальнага і супастаўляльнага характару па праблемах рус. мовы (Булахаў, Т.​М.​Валынец, А.​А.​Гіруцкі, Гурскі, М.​І.​Канюшкевіч, І.​І.​Козыраў, А.​Ф.​Манаенкава, В.​А.​Маслава, Мезенка, Міхневіч, В.​М.​Нікіцевіч, С.​М.​Прохарава, І.​С.​Роўда, Л.​М.​Чумак, Шуба і інш.). Вядуцца параўнальна-гіст. і супастаўляльна-тыпалагічныя даследаванні слав. моў (Р.​М.​Казлова, А.​А.​Кожынава, Мартынаў, Супрун, Г.​А.​Цыхун, Чэкман і інш.), вывучэнне старасл. мовы, паўд. і зах.-слав. моў, укр. мовы, часта ў параўнанні з бел. (Анічэнка, В.​Л.​Вярэніч, У.​А.​Карпаў, В.​Ф.​Крыўчык, Лемцюгова, Мажэйка, Мячкоўская, Б.​Ю.​Норман, Б.​А.​Плотнікаў, Супрун, Г.​У.​Ярмоленка і інш.). З германскіх моў вывучаецца нямецкая (С.​М.​Гайдучык, Т.​С.​Глушак, П.​І.​Копанеў, Г.​Я.​Панкрац, Ю.​У.​Папоў, А.​М.​Шаранда і інш.) і англійская (Дз.​Г.​Багушэвіч, Ю.​Б.​Барысаў, Я.​М.​Воўшын, Г.​П.​Кліменка, Л.​М.​Ляшчова, Я.​А.​Маслыка, В.​А.​Няхай, Ю.​Г.​Панкрац, Т.​В.​Паплаўская, Т.​М.​Суша, І.​Ф.​Ухванава, Л.​У.​Хвядчэня, З.​А.​Харытончык і інш.) мовы. З раманскіх моў найб. даследуецца французская (Л.​Ф.​Кістанава, З.​Н.​Лявіт, М.​І.​Лешчанка, У.​В.​Макараў, Л.​М.​Скрэліна, А.​М.​Сцяпанава, С.​А.​Шашкова і інш). Распачалося вывучэнне класічных моў, пераважна лацінскай (Н.​А.​Ганчарова, А.​В.​Гарнік, Г.​І.​Шаўчэнка і інш.), моў Усходу (А.​М.​Гардзей, М.​У.​Тарэлка і інш.). У галіне агульнага М. даследаваліся праблемы сутнасці і функцыянавання мовы (Гіруцкі, Б.​І.​Касоўскі, Кіклевіч, Мартынаў, Міхневіч, Мячкоўская, Норман, Плотнікаў, Супрун і інш.), псіхалінгвістыкі (Кліменка, Супрун і інш.), праблемы рыторыкі і кампрэсіі моўнай інфармацыі (А.​А.​Вейзэ, Міхневіч, Л.​А.​Мурына і інш.), аспекты сацыялінгвістыкі (Міхневіч, Мячкоўская, Падлужны, Токарава і інш.), праблемы эксперыментальнай фанетыкі (К.​К.​Барышнікава, Выгонная, Гайдучык, А.​Б.​Карнеўская, Г.​А.​Мятлюк, Падлужны, Паплаўская і інш.), культуралагічных сувязей мовы (Маслава, Прохарава і інш.), тэорыі перакладу (Копанеў, В.​П.​Рагойша і інш.). У галіне матэм. і прыкладной лінгвістыкі вывучаюцца пытанні лінгвастатыстыкі (М.​М.​Лесохін, К.​Ф.​Лук’яненкаў, В.​В.​Нешытой, Плотнікаў і інш.), семіялагічных аспектаў моў (В.​В.​Грыб, Мартынаў, Плотнікаў і інш.), камп’ютэрнага прадстаўлення моўных фактаў (А.​В.​Зубаў, Карпаў, Мартынаў і інш.). Лінгвістычныя даследаванні праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нац. АН Беларусі, БДУ, Гомельскім, Гродзенскім, Мінскім лінгвістычным ун-тах, іншых навук. і навуч. установах. Дзейнічае Беларуская асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, якая выдае штогоднік «Палілог». Выходзіць навук. штогоднік Ін-та мовазнаўства імя Я.​Коласа «Беларуская лінгвістыка» і інш.

Літ.:

Амирова Т.А., Ольховиков Б.А., Рождественский Ю.В. Очерки по истории лингвистики. М., 1975;

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 1—3. Мн., 1976—78;

Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;

История лингвистических учений. [Вып. 1—4]. Л., 1980—1991;

Плотнікаў Б.А. Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мн., 1995;

Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. паказ. [Вып. 1—3]. Мн., 1967—1993.

А.​Я.​Супрун, Б.​А.​Плотнікаў.

т. 10, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

толк​I сущ.

1. (смысл) толк, род. то́лку м., сэнс, род. сэ́нсу м.;

ма́ло то́лку ма́ла то́лку (сэ́нсу);

что то́лку? які́ толк (сэнс)?;

с толком з то́лкам (з сэ́нсам, з ро́здумам);

бе́з толку без то́лку (без сэ́нсу, без ла́ду);

2. (прок, польза) разг. кары́сць, -ці ж., толк, род. то́лку м.;

что из него́ то́лку? яка́я з яго́ кары́сць?;

из э́того бу́дет толк з гэ́тага бу́дзе толк;

3. ед. нет (разговоры) гаво́рка, -кі ж.; (слухи) чу́ткі, -так, ед. чу́тка, -кі ж.; (молва) по́галаскі, -сак, ед. по́галаска, -кі ж.; (сплетни) плёткі, -так, ед. плётка, -кі ж.;

положи́ть коне́ц то́лкам спыні́ць ро́зныя гаво́ркі (плёткі);

4. (мнение, суждение) уст. ду́мка, -кі ж., меркава́нне, -ння ср.;

◊

взять в толк на цям узя́ць; ске́міць (сця́міць); дабра́ць ро́зуму, зразуме́ць;

понима́ть (знать) толк зна́цца (на чым-небудзь); (разбираться) разбіра́цца (у чым-небудзь);

не доби́ться то́лку не дабі́цца то́лку;

сбить (сби́ться) с то́лку збіць (збі́цца) з то́лку (з панталы́ку).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)