СТРЫ́НДБЕРГ (Strindberg) Юхан Аўгуст (22.1.1849, Стакгольм — 14.5.1912),
шведскі пісьменнік, гісторык, этнограф. Вывучаў філасофію ва ун-це г. Упсала, працаваў настаўнікам, журналістам, акцёрам, бібліятэкарам У 1860—70-я г. зазнаў уплыў экзістэнцыялісцкай філасофіі С.К’еркегора, пазітывісцкай гістарыяграфіі Х.Т.Букле і натуралістычных твораў Г.Брандэса. У 1883—98 у эміграцыі. У першых творах — драме «Вальнадумец» (1870), трагедыях «Герміёна» (1871) і «Адрынуты» (1876) ідэя проціпастаўлення асобы асяроддзю; у гіст. драмах «Местэр Улуф» (1872), «Сакрэт гільдыі» (1880) і інш. праблема ўзаемаадносін простага чалавека і бязлітаснай цывілізацыі. Маст.-псіхал. аналіз прадстаўнікоў творчых і дзелавых колаў Стакгольма ў рамане «Чырвоны пакой» (1879). У зб. натуралістычна-рэаліст. навел «Лёсы і прыгоды шведаў» (т. 1—4, 1882—92), этнагр. працы «Шведскі народ» (т. 1—2, 1882) тэма народа як творцы гісторыі. Палеміка з тагачаснымі сац. утопіямі ў зб-ках навел і памфлетаў «Новая імперыя» (1882), «Утопіі і рэчаіснасць» (1885), зб. «Вершы» (1883). Зб. прозы «Шлюбныя гісторыі» (ч. 1—2, 1884—86) уласціва антыфемінісцкая скіраванасць. У раманах «Людзі з вострава Хемсё» (1887), «На ўзбярэжжы» (1890), п’есах «Бацька» (1887), «Фрэкен Жулі» (1888) Í інш. натуралістычныя тэндэнцыі; у аўтабіягр. кнігах «Сын пакаёўкі» (1886), «Споведзь вар’ята» (1888), «Пекла» (1897), «Легенды» (1898), гіст. драмах «Густаў Ваза», «Эрык XIV» (абедзве 1899), «Карл XII» (1901), «Крысціна» (1903) і інш. праблемы маральна-псіхал. выбару. Новы этап у творчасці С. адзначаны сімвалісцка-містычнымі драм. творамі: трылогія «Шлях у Дамаск» (ч. 1—3, 1898—1904), «Адвент» (1899), «Танец смерці» (1901) і інш. Гэту традыцыю прадоўжыў у п’есах «Навальніца», «Саната прывідаў», «Пелікан» (усе 1907), «Вялікі гасцінец» (1909), напісаных для заснаванага разам з рэж. А.Фалькам у 1907 стакгольмскага Інтымнага т-ра. Для раманаў «Самотны» (1903), «Гатычныя пакоі» (1904), «Чорныя сцягі» (1907) характэрны сац.-крытычныя матывы. Аўтар дзённікаў «Блакітная кніга» (т. 1—4, 1907—12), гіст. мініяцюр, дарожных нататак, публіцыст. і літ.-знаўчых прац. На бел. мову асобныя навелы С. пераклаў В.Буйвал. Брэсцкі т-р драмы і музыкі паводле яго п’есы «Фрэкен Жулі» паст. «Начную санату для мужчыны, жанчыны і троля» (1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАТЫРНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 23—29.1.1932 у Мінску. Прысутнічалі 494 дэлегаты з рашаючым і 185 з дарадчым голасам ад 75 238 чл. і канд. у чл. партыі [разам з вайсковымі арг-цыямі; 54 392 чл. і канд. у чл.КП(б)Б]. Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б (В.Ф.Шаранговіч), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (М.М.Клімковіч), ЦКК КП(б)Б (А.Я.Калнін); аб выніках работы прам-сці за 1931 і перспектывах на 1932 (Р.П.Грысевіч); выбары кіруючых органаў. З’езд адзначыў паспяховае выкананне ў БССР заданняў 1-га пяцігадовага плана. Удзельная вага прам-сці ў нар. гаспадарцы вырасла з 38,7% у 1929/30 да 50% у 1931; створаны новыя галіны прам-сці: с.-г. машынабудавання, штучнага шоўку, буд. матэрыялаў і інш. Аднак нездавальняючымі заставаліся якасныя паказчыкі развіцця эканомікі. За час ад XIII з’езда КП(б)Б (1930) колькасць калгасаў павялічылася на 50%, іх пасяўныя плошчы — у 3 разы. Першачарговымі задачамі з’езд вызначыў барацьбу за якасць вытв-сці, са стратамі і расхлябанасцю, укараненне гасп. разліку ў цэхі і брыгады, ліквідацыю абязлічкі, арганізац.-гасп. ўмацаванне калгасаў. У ліку дасягненняў адзначаны ліквідацыя ў рэспубліцы непісьменнасці, пераход Беларусі адной з першых у СССР да ўсеаг. навучання, расшырэнне сеткі вышэйшых і сярэдніх спец.навуч. устаноў, рабфакаў, разгортванне н.-д. дзейнасці. Поспехі ў нац. палітыцы і культ. будаўніцтве тлумачыліся разгромам пад кіраўніцтвам КП(б)Б «беларускага контррэвалюцыйнага нацыяналдэмакратызму» і яго «агентуры» ў партыі — нацыянал-апартунізму. Ставілася задача яшчэ большага ўзмацнення барацьбы супраць скажэнняў ленінізму ў тэорыі і практыцы. З’езд ухваліў дырэктывы ЦКВКП(б) па 2-м пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1933—37, даручыў ЦККП(б)Б забяспечыць на іх аснове распрацоўку 2-га пяцігадовага плана развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР. З’езд выбраў. ЦК КП(б)Б з 117 чл. і 56 канд., Рэвіз. камісію КП(Б)Б з 11 чл., ЦКККП(б)Б з 120 чл.
Літ.:
XIV з’езд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі: Стэнагр. справаздача. Мн., 1934;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 2. 1928—1932. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГЕАЛОГІЯ
Першыя сістэматызаваныя гідрагеалагічныя даследаванні на тэр. Беларусі праведзены ў 1873—98 Зах. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам генерала І.І.Жылінскага, якая вывучала ўмовы асушэння балот Палескай нізіны. У сав. час комплексныя гідрагеал. даследаванні адноўлены, грунтоўна яны праведзены ў басейне р. Свіслач (1928), у выніку чаго выяўлены крыніцы водазабеспячэння Мінска. У 1929—35 дзейнічаў Інстытут геалогіі і гідрагеалогіі АНБССР, з 1935 — сектар гідрагеалогіі і інжынернай геалогіі ў Ін-це геал. навук АН. У 1936 на базе свідравіны, якая ўскрыла мінер. воды ў Бабруйску, пабудавана першая на Беларусі водалячэбніца. У 1944 складзены першы кадастр падземных вод. У 1945—46 складзены дробнамаштабныя гідрагеал. карты Беларусі, вывучаны хімізм і асн. элементы балансу падземных вод. З 1958 вядзецца сярэднемаштабная геолага-гідрагеал. здымка, з 1970 — гідрагеахім. здымка.
З пачатку 1990-х г. шырока вядуцца даследаванні па пошуку, народнагаспадарчым і медыкабальнеалагічным выкарыстанні мінер. падземных вод краіны. У выніку адкрыта шмат тыпаў мінер. вод, на базе якіх ствараюцца водалячэбніцы ў санаторыях, дамах адпачынку, прафілакторыях; створана новая галіна гаспадаркі — разліў у бутэлькі лячэбных вод; калектыў даследчыкаў (С.П.Гудак, Э.С.Кашыцкі, А.В.Кудзельскі, М.У.Нячаеў, П.З.Хоміч, М.Г.Ясавееў) адзначаныДзярж. прэміяй Рэспублікі Беларусь (1998). У 1990—2000-я г.асн. акцэнт у навукова-прыкладных даследаваннях рабіўся на гідраэкалагічныя вышуканні; распрацавана навук. абгрунтаванне новай навукі гідрагеаэкалогіі, якая аб’ядноўвае гідрагеалогію, экалогію, геалогію, геаграфію і інш. навукі. Рэсурсы і хім. састаў падземных вод і расолаў, умовы іх фарміравання, прынцыпы аховы і рацыянальнага выкарыстання даследуюць у Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі (Г.В.Багамолаў, М.Ф.Казлоў, А.В.Кудзельскі, В.І.Пашкевіч, У.М.Шымановіч, М.Г.Ясавееў), у Бел. н-д. геолагаразведачным ін-це (С.П.Гудак, А.П.Лаўроў, Г.Л.Фурсікаў), Бел. геолага-гідрагеал. экспедыцыі (У.С.Альхавік, У.А.Зубок, У.Дз.Коркін), Гомельскім ун-це (В.Г.Жогла), Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (В.П.Рагуновіч, В.С.Усенка, М.М.Чарапанскі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРУСАЛОГІЯ
Даследаванні па вірусалогіі на Беларусі вядуцца з 1920—30-х г., калі пачаўся выраб і выкарыстанне імунных лячэбных сываратак, вакцын супраць воспы і шаленства. Цэнтрам вірусалагічных даследаванняў стаў створаны ў 1924 НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Мін-ва аховы здароўя. Пасляваенныя гады адзначаны дасягненнямі бел. вучоных у вывучэнні этыялогіі поліяміэліту, воспы, адру, шаленства, вірусных гепатытаў, грыпу, энтэра- і адэнавірусных інфекцый і інш. (В.Т.Андрэева, В.І.Вацякоў, А.В.Давыдаў, Л.І.Нікановіч, П.Р.Рыцік, Э.У.Фельдман і інш.). Вірусалагічныя даследаванні інтэнсіўна развіваліся ў выніку стварэння масавай вытворчасці клетачных культур. Вял. значэнне мела імунізацыя насельніцтва супраць поліяміэліту жывой вакцынай, што стала асновай для пазбаўлення ад гэтай інфекцыі на Беларусі (Вацякоў, Фельдман). З 1968 распрацоўваецца новы кірунак — хіміятэрапія вірусных інфекцый. Створаны банк з 3 тыс. антывірусных злучэнняў, прапанаваны антывірусныя рэчывы для лячэння грыпу, герпесу, клешчавога і зах.-нільскага энцэфалітаў, шаленства (Андрэева, Я.І.Барэка, Вацякоў, Л.В.Каробчанка, Н.П.Мішаева, Г.В.Уладыка і інш.). З 1970-х г. даследуюцца асабліва небяспечныя інфекцыі, ствараюцца дыягнастычныя і хіміятэрапеўтычныя прэпараты (І.С.Лукашэвіч, А.С.Пяткевіч, А.С.Уладыка і інш.). Дасягнуты поспехі ў вырашэнні праблемы павольных вірусных інфекцый. Упершыню ў свеце апісана новая хвароба — аміатрафічны лейкаспангіёз (Вацякоў, Н.Дз.Каламіец, І.І.Протас і інш.). Прапанавана і эксперыментальна абгрунтавана гіпотэза аб вірусных інфекцыях як фактарах рызыкі атэрасклерозу чалавека, вывучаецца значэнне энтэравіруснай інфекцыі сэрца ў развіцці міякардытаў і кардыяміяпатый (Т.В.Амвросьева, Вацякоў). На сучасным этапе на аснове фундаментальных даследаванняў, развіцця малекулярна-генетычных і біятэхналагічных работ распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў практыку новыя высокатэхналагічныя метады кантролю за актуальнымі ў наш час віруснымі інфекцыямі (СНІД, герпес, вірусныя гепатыты, рота- і энтэравірусныя інфекцыі і інш.). Распрацаваны эфектыўныя падыходы, метады і сродкі спецыфічнай дыягностыкі вірусных інфекцый, створана больш за 30 айч. дыягнастычных прэпаратаў, наладжана іх эксперыментальная вытворчасць. Практычнай мед. вірусалогіяй займаюцца мінскі гар. і абл. цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
Літ.:
Бешенство и другие лиссавирусные инфекции человека: Проблема химиотерапии. Мн., 2002;
Клещевые энцефалиты Евразии. М., 2002;
Инфекционная заболеваемость на территории Беларуси в конце 19, в 20 в. и проблемы борьбы с инфекциями в 21 ст. // Роль антропогенных и природных патогенов в формировании инфекционных и неинфекционных болезней человека. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ЖЫЦЦЯ́,
працягласць існавання асобіны (часам клону), якая абумоўлена генетычна і залежыць ад розных фактараў. У жывёл і раслін адрозніваюць П.ж. фізіялагічную, экалагічную і сярэднюю. Фізіялагічная — макс. П.ж. для асобін дадзенага віду пры аптымальных умовах існавання, абумоўленая генетычна. Экалагічная П.ж. характарызуе мяжу ўзросту асобін у прыродных умовах і залежыць ад шматлікіх знешніх фактараў. Сярэдняя П.ж. — узрост, якога ў сярэднім дасягаюць асобіны пэўнай выбаркі аднаго віду. У раслін найб. П.ж. ў хвоі асцістай і баабаба — 4—5 тыс. гадоў, секвоядэндрана, ціса, кіпарыса — да 3 тыс. гадоў, дуба, каштана, грэцкага арэха — больш за 2 тыс. гадоў. Сярод жывёл — у чарапахі (больш за 150 гадоў), пласцініста-жаберных малюскаў (да 100 гадоў), некаторых рыб (асятровыя — да 100 гадоў, шчупак — больш за 80 гадоў), сланоў (60—70 гадоў), птушак (філін — да 70, клондар — да 40 гадоў). У некаторых амёб у спрыяльных умовах П.ж. не абмежавана, клоны парамецый жывуць да 10 гадоў. П.ж. чалавека вызначаецца яго біял., спадчыннымі асаблівасцямі, сацыяльнымі (побыт, праца, адпачынак, харчаванне) і экалагічнымі ўмовамі. У дэмаграфічнай статыстыцы выкарыстоўваецца шэраг сярэдніх характарыстык П.ж., якія разлічваюцца з дапамогай табліц смяротнасці. Чакаемая П.ж. паказвае — колькі гадоў можа пражыць у сярэднім адзін чалавек з пакалення народжаных або дасягнуўшых пэўнага ўзросту, калі на працягу далейшага жыцця гэтага пакалення ў кожным узросце захаваецца інтэнсіўнасць смяротнасці дадзенага перыяду. Паводле даследаванняў П.ж. і стан здароўя насельніцтва залежаць на 51,2% ад спосабу жыцця, на 20,4% ад біял. даных чалавека, у т. л. спадчыннасці, на 19,9% ад стану навакольнага асяроддзя і на 8,5% ад узроўню развіцця аховы здароўя. Паводле даных на 1999 найб. высокую чакаемую П.ж. мелі: Японія 80,5 гадоў, Швецыя 79,5, Канада і Швейцарыя 79 гадоў. Найменшы паказчык чакаемай П.ж. адзначаны ў краінах Афрыкі: Малаві 36 г., Замбія 37,5, Эфіопія і Уганда па 41,5 года. У большасці краін свету чакаемая П.ж. ў жанчын перавышае аналагічны паказчык у мужчын. Беларусь па ўзроўні П.ж. займае адно з апошніх месц у першай сотні краін свету. Паказчыкі чакаемай П.ж. пасля значнага росту амаль да канца 1960-х г. (П.ж. вырасла да 72,9 года ў 1964—69) стабілізаваліся ў канцы 1980-х г., а потым пачалі зніжацца. У 1999 узровень чакаемай П.ж. стаў ніжэй узроўню 1958—59 (70,3 года) і склаў 68,5 года. П.ж. адрозніваецца вял. дыферэнцыяцыяй паводле полу: у мужчын 64, у жанчын 74 гады. Мае месца і доўгажыхарства. Перапіс насельніцтва (1999) зарэгістраваў у групе людзей узростам 100 і болей гадоў 104 мужчыны, 877 жанчын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛУРЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫЯД), сілур (ад назвы стараж. племя сілураў, што некалі жыло ва Уэльсе, Вялікабрытанія),
трэцяя сістэма палеазойскай эратэмы (эры), якая адпавядае трэцяму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі ардовікскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі дэвонскай сістэмы (перыяду). Пачалася 440 млн.г. назад, доўжылася 30 млн.г. Вылучана ў 1835 англ. геолагам Р.І.Мурчысанам. Падзяляецца на ніжні і верхні аддзелы. Ніжні ўключае ландаверыйскі і уэнлокскі ярусы, якія падзяляюцца на 5 пад’ярусаў; верхні — лудлаўскі (2 пад’ярусы) і пржыдольскі. Для сілуру існуе адзіная шкала грапталітавых зон, складзеная паводле класічных разрэзаў у Вялікабрытаніі і Чэхіі.
Адклады гэтай сістэмы прадстаўлены мелкаводнымі шэльфавымі, пераважна карбанатнымі тоўшчамі з бентаснай фаунай і арганагеннымі пабудовамі (пашыраны на Усх.-Еўрапейскай і Сібірскай платформах, у Цэнтр. і Паўд. Кітаі, на паўн.-амер. Мідкантыненце, у Паўн. Афрыцы) і глыбакаводнымі тэрыгеннымі асадкамі з планктоннай фаунай. Найб. кантынентам у сілуры была Гандвана, больш дробныя масівы сушы — Лаўрэнція, Балта-Сарматыя, Ангарыда і інш. Сілурыйскаму перыяду папярэднічалі глабальнае покрыўнае зледзяненне, максімум рэгрэсіі і перарывы ў платформавым асадканамнажэнні. Пачатак сілуру адзначаны магутнай ландаверыйскай трансгрэсіяй, якая максімальна праявілася на Гандване, Паўн.-Амерыканскай і Сібірскай платформах. У канцы ранняга уэнлоку адзначаецца рэгрэсія, якая працягвалася да сярэдзіны ранняга дэвону. Геасінклінальныя зоны характарызуюцца дыферэнцыраванымі тэктанічнымі рухамі, праяўленнем падводнага вулканізму і стракатасцю асадкаў. У канцы сілурыйскага перыяду закончылася каледонская складкавасць. Нешматлікія літалагічныя індыкатары палеаклімату сведчаць пра гумідныя ўмовы ў ландаверыйскім веку, паступовым пацяпленні і арыдызацыі клімату ў уэнлоку і познім сілуры. У арганічным свеце да пач. сілуру сфарміраваны асн. класы беспазваночных арганізмаў і з’явіліся пазваночныя. Для мелкаводных зон характэрна ракушачна-каралавая фауна, у т. л. гідроідныя паліпы (табуляты, ругозы, строматапараты). Донная фауна прадстаўлена брахіяподамі і малюскамі (гастраподы, двухстворкавыя, тантакуліты), у лагунах і на адкрытым шэльфе — астракодамі, трылабітамі і ракаскарпіёнамі; вядомы бяссківічныя. У канцы сілуру з’явіліся рыбы — акантоды. Пелагіяль насялялі грапталіты, наўцілаідэі і канадонты. З расл. арганізмаў характэрны водарасці, з наземных — рэшткі псілафітаў. З карысных выкапняў да адкладаў сілуру прымеркаваны запасы нафты, буйныя радовішчы жал. руд, меднага калчадану, марганцу, фасфарытаў, гіпсу, каменнай солі і інш.
На Беларусі сілурыйскія адклады магутнасцю да 630 м пашыраны на ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна) і да 76 м на ПнЗ (схіл Бел. антэклізы). Яны складзены з вапнякова-мергельных парод са шматлікай выкапнёвай фаунай (грапталіты, брахіяподы, гастраподы, імшанкі, каралы і інш.) і акрытархамі. У гэты перыяд пераважала суша. Марскі басейн, што наступаў з З у выглядзе 2 заліваў — Балтыйскага і Падляска-Брэсцкага, найб. плошчу заняў у канцы ландаверыйскага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кале́ць ’зябнуць, мерзнуць’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат.), ’дубець, карчанець’ (Нас.), ’здыхаць’ (Яруш.). Рус.бран., смал., цвяр., пск., наўг., вяц. і інш. колеть ’цвярдзець’ (у Даля без геаграфіі), (смал.) ’здыхаць’. Відаць, інавацыя ў бел. і шэрагу рус., пагранічных з беларускімі гаворках. Утворана аналагічна дубець, карчанець і да т. п. ад кол (гл.). Што датычыць семантыкі, асноўнае значэнне ’станавіцца цвёрдым’, адкуль і ’мерзнуць’ і ’здыхаць’. З вытворных слоў звяртае на сябе ўвагу калелая ў выразе калелая бярэ (Янк. БП), бадай яго каліэлая ўзела (Сержп. Грам.). У Насовіча калёлая тлумачыцца як наз. жан. р. са значэннем ’холад, дрыжыкі’: «Колѣлая цебе берець, на печь лѣзсшъ» (Нас., 242), колѣлый ’замёрзлы, азяблы’. Думаецца, што можна меркаваць пра беларускую інавацыю, паколькі дакладны адпаведнік быў адзначаны толькі Дабравольскім: колелая ’дрыжыкі, ліхарадка’. Не выключана, што тут эўфемістычная назва хваробы, параўн. рус.дыял. назву ліхаманкі колотуха. У такім выпадку значэнне магло развіцца натуральна на базе семем ’зябнуць’ і ’дрыжаць, трэсціся’ (параўн. і трасца ў аналагічных выпадках). Да статуса інавацыі параўн. рус.том.колеться ’зябіць, ліхаманіць’: «колется тебе всё, колется, хворатся».
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каќорыце ’кукуруза, Zea mays’ (паўн., КЭС). Відаць, зб. форма ад какарыца (або какорыца?) ’кукуруза’. Падобныяформы адзначаны Віленскім слоўнікам: kokoryca і ў Ліндэ: kukuryca ’Zea mays’. Слаўскі (3, 337) адзначае, што яшчэ ў XVIII ст.-польск. назвы адчуваліся як усх.-слав. выраз. Укр.дыял.кукуріца, кукуриця, в.-луж., н.-луж.kukurica, чэш.kukurice, славац.kukurica, славен.kukuríca, kukoríca, kokorica, серб.-харв.кукурница. Вандроўны тэрмін не вельмі яснага паходжання, верагодпа, экспансія тэрміна разам з рэаліяй. На поўначы, магчыма, ад паўднёвых славян. Адносна этымалогіі Слаўскі (там жа) мяркуе, што, сапраўды, нельга, як аб гэтым пісаў Бернекер (1, 640–641 і інш.), выключыць паходжанне слова на слав. глебе. Ён звяртае ўвагу на тое, што найбольш частая ў слав. мовах форма kukurica праяўляе дзіўнае падабенства да слав. тэрмінаў для раслін з асновамі *kokor‑: *kukur‑. Галоўнай перашкодай да версіі аб слав. паходжанні слоў, якія абазначаюць кукурузу, з’яўляецца словаўтварэнне, і калі вышэй прыведзеныя формы можна неяк вытлумачыць на слав. глебе, то шырока прадстаўленне лексемы кукуруза, кукурудза нельга разглядаць у такім аспекце. Агляд версій пад кукуруза (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Склют, склюд, шклют ‘цяслярская сякера з шырокім лязом’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сцяшк., Мядзв., Выг., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі; кліч., Жыв. сл.), ‘скупы’ (Касп.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘худы (гарбаты), нязграбны чалавек’ (Жд. 2, Янк., Сл. Брэс., Скарбы; віл., Нар. сл.; віц., Нар. лекс.), ‘худы, высокі, гарбаты чалавек’ (Сцяц.), ‘жмінда’ (Касп.), ‘люты мароз’ (Шатал.), склю́ціна ‘худы’ (мёрск., Нар. словатв.), склюд ‘вялікі нос’ (Наша слова, 2000, 12 студз.), ст.-бел.склютъ ‘цяслярская сякера’ (Яблонскіс). Запазычанне з літ.skliùtas ‘цяслярская сякера’; гл. Брукнер, 494; Аткупшчыкоў, Лекс. балтызмы, 33; Урбуціс, Baltistica, 5 (2), 152 і наст. Свобада, Studies in Slavic Linguistics and Poetics, N. Y.—London, 1968, 247. Агляд літ-ры гл. яшчэ Лаўчутэ, Балтизмы, 22; Анікін, Опыт, 282. З літоўскага запазычаны таксама рус.склюд, укр.склюд, шклюд, польск.sklut ‘тс’. Формы з ш‑ (sz‑) з’явіліся на славянскай глебе. Склютава́ць ‘рабіць склютам’ (Жд. 1), паводле Урбуціса (там жа), магчыма, таксама з літ.skliutúoti ‘тс’, а склюдава́ць (ТСБМ) утвораны ўжо на беларускай глебе, таму што літоўскі назоўнік з ‑d‑ не адзначаны. Ст.-бел.склютъ, скгклютъ ‘тс’ фіксуецца з 1561 г.; гл. Булыка, Лекс. запазыч., 95.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
эта́п, ‑а, м.
1. Пункт на шляху руху войска, у якім ваеннаслужачыя забяспечваюцца начлегам, харчамі, фуражом. Зусім нечакана Рытвінскі выехаў у штаб Акруговага этапа.Баранавых.
2. У дарэвалюцыйнай Расіі — пункт для начлегу арыштанцкіх груп, а таксама ўвесь шлях іх руху да месца ссылкі. Лісты пажоўклыя пад ногі Асенні дожджык церабіў, За міляй мілю, праз астрогі, Этапы мералі ў Сібір.Лужанін.// Група, партыя арыштаваных, якая пад канвоем накіроўваецца куды‑н. Балюча скрыпяць і галосяць калёсы па жвіры. Па шырокім гасцінцы панура этап наш брыдзе.Танк.Забастоўкі фабрык і майстэрняў, этапы высылаемых з Грузіі, лік самагубстваў на Верыйскім мосце.. — усё гэта набліжала развязку, пагібель меншавіцкага ўладарства.Самуйлёнак.
3. Асобная частка чаго‑н. Этап пералёту.// Пэўны адрэзак дыстанцыі ў спартыўных спаборніцтвах. Этапы велагонкі.
4. Прамежак часу, перыяд, адзначаны якой‑н. надзеяй; стадыя, ступень у развіцці чаго‑н. За некалькі кароткіх хвілінак прамільгнула ў мыслях усё, што было звязана з настаўніцкаю работаю і ўсе тыя этапы, што былі пройдзены за чатыры гады: Цельшына, Выганы.Колас.Па-першае, цяперашні этап вызначаецца далейшым паглыбленнем дэмакратычнай асновы Саветаў, расшырэннем сістэмы народнага прадстаўніцтва.Машэраў.
•••
Па этапу (этапам) — у дарэвалюцыйнай Расіі — пад канвоем (пра перасылку арыштантаў).
[Фр. étape.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)