РАДЗІВІ́Л Юрый (мянушкі Віктор, Пераможца, Літоўскі Геркулес; каля 1480 — крас. 1541),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын канцлера М.Радзівіла. Заснавальнік біржанска-дубінкаўскай галіны роду Радзівілаў. З 1500-х г. займаў пасады намеснікаў, у т. л. віленскага, мейшагольскага, мерацкага, уцянскага, мазырскага (у 1511—14), гродзенскага (з 1514), лідскага і беліцкага (з 1528). Падчашы ВКЛ у 1509—17, ваявода кіеўскі ў 1511—14, гетман надворны (польны) у 1520—23, кашталян трокскі ў 1522—27 і віленскі з 1527; адначасова з 1528 маршалак надворны і з 1531 вял. гетман. Праславіўся сваім удзелам у войнах і перамогамі ў 30 бітвах. У 1508 удзельнічаў у вайне з Маскоўскай дзяржавай. У 1511 са слуцкім кн. Ю.С.Алелькавічам разбіў крымскіх татар ва ўрочышчы Рутка за 20 міль ад Кіева. 28.4.1512 удзельнічаў у пераможнай бітве супраць татар пад Лапушнай (каля Вішнеўца). У Аршанскай бітве 1514 камандаваў лёгкай конніцай на левым флангу. У 1517 удзельнічаў у паходзе пад Пскоў, у 1519 — у баях з маскоўскім войскам каля Крэва. 27.1.1527 разам з К.Астрожскім разбіў татар на р. Альшаніца каля г. Канеў. У 1519—21 ваяваў супраць Тэўтонскага ордэна. Камандаваў войскам ВКЛ у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы 1534—37. У 1535 войска на чале з Р. і каронным вял. гетманам Я.Тарноўскім узяло Гомель і Старадуб. У 1530-х г. Р. разам з канцлерам ВКЛ А.Гаштольдам і жамойцкім старостам Я.Радзівілам уваходзіў у магнацкі трыумвірат, які фактычна кіраваў ВКЛ у час адсутнасці вял. князя. Быў адным з найбагацейшых магнатаў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-А́ЎСТРА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1805,
вайна паміж 3-й кааліцыяй (Вялікабрытанія, Расія, Аўстрыя, Швецыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій) і Францыяй (гл.Напалеонаўскія войны). У пач. вайны сілы саюзнікаў: аўстр. Дунайская армія (80 тыс.чал.) на чале з фельдмаршалам К.Макам і рас. армія (50 тыс.чал., у т. л. 15 тыс. аўстрыйцаў) на чале з ген. М.І.Кутузавым — планавалі ў жніўні злучыцца ў Баварыі, потым уварвацца ў Францыю. Адначасова планаваліся марскія дэсанты ў Памераніі, Галандыі, Італіі сіламі брыт., швед., рас. і сіцылійскага флатоў. Напалеон, які рыхтаваўся да высадкі ў Англію, хуткім маршам перакінуў свае войскі з Булонскага лагера ў Паўд. Германію. Адмысловым манеўрам сваіх сіл (220 тыс.чал.) ён абкружыў у раёне Ульма армію Мака (капітулявала 20 кастр.). Армія Кутузава, якая да пач.кастр. толькі дасягнула мяжы Баварыі, пачала 11 кастр. адступленне. Пры адыходзе рас. армія вяла ар’ергардныя баі пры Ламбаху (31 кастр.) і Амштэтэне (5 ліст.) і пазбегла абкружэння пры Санкт-Пёльтэне. 13 ліст.франц. корпус І.Мюрата заняў Вену. 16 ліст. 6-тысячны атрад П.І.Баграціёна адбіў каля Шонграбена атаку 30-тыс.франц. войска, што забяспечыла адыход рас. арміі да Ольмюца, дзе яна злучылася з аўстр. войскам і 50-тысячнай рас. арміяй ген. Ф.Ф.Буксгеўдэна. 2 снеж. ў Аўстэрліцкай бітве 1805 войскі саюзнікаў разбіты французамі. Аўстрыя была вымушана падпісаць 26 снеж. мір з Францыяй, рас. войскі вярнуліся ў Расію. У той жа час брыт. флот перамог франка-ісп. флот у Трафальгарскай бітве 1805. У час вайны яскрава выявіўся ваен. талент Напалеона, які ствараў перавагу ў сілах і сродках на рашаючых напрамках і перамагаў праціўніка па частках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ХАРАЎ Сяргей Пятровіч (29.9.1880 г. Полацк Віцебскай вобл. — 22.4.1954),
бел. фалькларыст і этнограф. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1895), Юр’еўскі ун-т (г. Тарту, 1911) У 1911—13 выкладаў у гімназіях і Настаўніцкім ін-це ў Віцебску, адначасова сакратар Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. З 1913 інспектар нар. школ у Юр’еўскім пав., з 1917 дырэктар-арганізатар Люцынскай (цяпер г. Лудза, Латвія) рус.гар. гімназіі. У 1919 заг. дашкольнага пададдзела Люцынскага павятовага аддзела нар. асветы, узначальваў Бел. аддзел пры Мін-ве асветы Латвіі (1921—25). У 1925—32 дырэктар Дзвінскай бел. гімназіі. У 1945 арыштаваны, высланы ў Казахстан. Збіраць і публікаваць бел. фальклор пачаў у 1906. Выступаў у друку з навук.-папулярнымі нарысамі, прысвечанымі стараж. Полаччыне, князю Усяславу Брачыславічу, князёўне Ефрасінні Полацкай, а таксама бел. фалькларыстам М.Нікіфароўскаму, Е.Раманаву, П.Шэйну, гісторыку А.Сапунову. Выдаў некалькі календароў-кніжак. Апубл.арт. пра каменныя крыжы на Беларусі, стараж.нар.муз. інструменты, кнігадрукаванне. Падрыхтаваў 4 выпускі «Народнай творчасці латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў» (вып. 1, 1940; 414 песень і нотных запісаў). У вып. 2—4 (рукапіс) сабраны казкі, легенды, паданні, прыпеўкі, прыказкі, дзіцячы фальклор і інш. Рукапісы фалькл.-этнагр. матэрыялаў, пед., гіст.этнагр. і літ.-публіцыст. спадчына С. зберагаюцца ў архівах навук. б-к Нац.АН Беларусі, Латвіі і Літвы.
Тв.:
Народное образование в Юрьевском уезде. Юрьев, 1917;
Гістарычны нарыс пяцігоддзя Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі за 1922—1927 гг. Дзвінск, 1927;
Город Лудза в прошлом и настоящем. Рига, 1935;
Полацкі князь Усяслаў — нацыянальны беларускі асілак. Вільня, 1939;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЯХ-КАЧА́НСКІ Вячаслаў Антонавіч (24.12.1885, г.Лагойск Мінскай вобл. — 8.8.1976),
бел. і рас. спявак, хар. і тэатр. дзеяч, педагог. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1905) і Пецярбургскую кансерваторыю (1915). У 1905—10 працаваў настаўнікам на Віленшчыне і інш. З 1915 у трупе Марыінскага імператарскага т-ра, адначасова ў 1916—18 у Александрынскім драм. т-ры. У 1923—25 выкладаў у Муз.драм. ін-це ў Петраградзе. За 1915—23 выканаў больш за 20 вядучых партый, некат. разам з Ф.Шаляпіным. З 1924 выкладаў у оперным і хар. класах Мінскага муз. тэхнікума і кіраваў муз. падсекцыяй Інбелкульта, арганізаваў пры ёй бел.хар. студыйны калектыў (у 1927 паставіў першую на бел. мове оперу «Русалка» А.Даргамыжскага). З 1927 дырэктар БДТ-1, з 1930 заг.Бел.драм. курсаў, дырэктар Бел.тэатр. тэхнікума і Бел. тэхнікума сцэн. мастацтва. З 1933 на Украіне і ў Расіі. З 1943 узначальваў Мінскі гар.т-р, кіраваў аддзелам культуры і мастацтва Бел.нар. самапомачы і аддзелам мастацтва ў Бел.цэнтр. радзе. З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША, дзе займаўся арганізацыяй хароў і тэатр. груп, ладзіў канцэрты і спектаклі. Аўтар зб. песень «Спеўнік беларускага жаўнера» (1975).
Тв.:
Уласны жыцьцяпіс // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Нью-Йорк. 1999.
Літ.:
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990;
Юрэвіч Л. Беларускі тэатр і драматургія на эміграцыі // Тэатр. творчасць. 1997. № 6;
1998, № 1;
Кекелева Т. Спявак Селях-Качанскі // Спадчына. 1999. № 2;
Селях С. Вядомы і забыты: Старонкі творчай біягр. Вячаслава Селяха // Мастацтва. 2001. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМУЛКО́ВА (Smułkowa) Яніна Эльжбета (н. 24.6.1931, г. Львоў, Украіна),
польскі мовазнавец. Скончыла аддзяленне польскай і слав. філалогіі ун-та імя М.Каперніка ў г. Торунь (1955). З 1957 у Варшаўскім ун-це (з 1988 праф.); адначасова ў 1957—61 працавала ў Ін-це славяназнаўства Польскай АН. З 1991 ген. консул, у 1992—95 Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь. З 1997 выкладае ва ун-це ў Беластоку, кіраўнік кафедры бел. культуры. Даследуе бел. і параўнальную слав. дыялекталогію, бел. і ўсх.-слав. акцэнталогію, тэорыю і практыку моўных кантактаў на польска-бел.-літоўскім паграніччы, бел. і агульную фанетыку і фаналогію. Аўтар прац «Гаворкі ўсходняй Беласточчыны ў святле лексічных даследаванняў» (1972), «Да пытання аб прадказальнасці ўсходнеславянскага націску» (1976), «Аб польска-беларускіх моўных саюзах у аспекце часавым і тэрытарыяльным» (1988), «Беларуска-літоўска-польскае этналінгвістычнае пагранічча. Сучасныя праблемы» (1993), «Беларускія элементы ў творчасці А.Міцкевіча» (1998), «Моўнае пагранічча як прадмет сучаснай дыялекталогіі» (2001) і інш. Удзельнічала ў стварэнні канцэпцыі, зборы матэрыялаў і падрыхтоўцы «Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (т. 1—3, 1980—93), «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Слоўніка мікратапонімаў паўночна-ўсходняй Польшчы» (т. 1—2, 1992—95) і інш.Чл.Міжнар. асацыяцыі беларусістаў.
Тв.:
Słownictwo z zakresu uprawy roli w gwarach wschodniej Białostocczyzny na tle wschodniosłowiańskim. T. 1—2. Warszawa;
Kraków, 1968;
Studia nad akcentem języka białoruskiego: (Rzeczownik). Warszawa, 1978;
Fonetyka i fonologia języka bialoruskiego z elementami fonetyki i fonologii ogólnej. Warszawa, 1988 (разам з В.М.Чэкманам);
Białoruś i Pogranicza: Studia o języku i społeczeństwie. Warszawa, 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СОН,
фізіялагічны стан мозга і ўсяго арганізма чалавека і жывёл, які характарызуецца значным зніжэннем рухомасці, амаль поўнай адсутнасцю рэакцый на знешнія раздражняльнікі і адначасова асобнай арганізацыяй актыўнасці нейронаў галаўнога мозга. Надыходзіць перыядычна ў адпаведнасці з біярытмам «С. — няспанне».
Стан С. мае 2 фазы. Для яго павольнай фазы характэрны павольныя ваганні эл. патэнцыялу, паніжэнне тонусу шкілетных мышцаў, адсутнічаюць рухі вачэй (або маюць маятнікападобны характар). Фаза хуткага С. надыходзіць звычайна пасля павольнай і на электраэнцэфалаграме характарызуецца нізкаамплітуднай. пачашчанай рытмікай, падобнай на карцінку няспання або дрымоты. Суправаджаецца прыгнечанасцю спіннамазгавых рэфлексаў, павелічэннем мазгавога крыватоку і інш. (танічныя зрухі), хуткімі рухамі вачэй, падрыгваннем канечнасцей, вушэй, вібрысаў, асобнымі разрадамі ў мозгу і інш. (фіз. зрухі). Пры абуджэнні пасля хуткага С. чалавек часта паведамляе пра снабачанні сненні*. У нованароджаных пераважае хуткі С., у людзей 15—20 гадоў ён доўжыцца 20% ад агульнага часу С., у старасці працягласць хуткага С. памяншаецца. Паслядоўнасць фазы павольнага і хуткага С. ўтвараюць цыкл С., які адлюстроўвае фундаментальны біярытм «спакой-актыўнасць», яго перыяд у чалавека звычайна 90—100 мін. Стан С. забяспечваецца разгалінаванай сістэмай нейронных утварэнняў, якая ахоплівае амаль усе ўзроўні мозга. Мазгавы крываток і паглынанне кіслароду ў час С. не ніжэй, чым пры няспанні, таму С. адносіцца да асоба арганізаванай дзейнасці мозга, а не да стану функцыян. дэзактывацыі, спакою, затарможанасці клетак. У час С. перапрацоўваецца інфармацыя, што паступіла пры няспанні і мае адносіны да засваення новага вопыту, памяці і аховы ад стрэсу.
Літ.:
Ротенберг В.С. Адаптивная функция сна: Причины и проявления ее нарушения. М., 1982;
Судаков К.В. Общая теория функциональных систем. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУДЗЁНКА,
вёска ў Прыгарадным с/с Барысаўскага р-на Мінскай вобл., на левым беразе р. Бярэзіна. За 15 км на ПнЗ ад горада і 20 км ад чыг. ст. Барысаў, 90 км ад Мінска. 58 ж., 37 двароў (2001). Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі (1962 і 1965) рус. воінам 1812.
У вайну 1812 каля С. 26—28 ліст. адбылася пераправа цераз Бярэзіну рэшткаў франц. арміі Напалеона, якая адступала з Масквы. У гэты час рус. армія П.В.Чычагова (30 тыс.чал.) стаяла на правым беразе ракі, армія П.Х.Вітгенштэйна (каля 30 тыс.чал.) падыходзіла да Барысава з Пн, казацкія войскі М.І.Платава і авангард гал. сіл рус. арміі М.І.Кутузава праследавалі французаў з У. Дэманстрацыя актыўнасці франц. войск каля Барысава спрыяла дэзінфармацыі рус. камандавання, якое лічыла больш верагодным адступленне Напалеона на Мінск і Слонім. У выніку адпаведных загадаў Чычагоў 25—26 ліст. перавёў амаль усе свае войскі з-пад Барысава на Пд. 26 ліст. па наведзеных мастах пачалася пераправа франц. войск, якія захапілі плацдарм на правым беразе Бярэзіны і адначасова забяспечылі прыкрыццё гасцінца Барысаў—Студзёнка. На працягу 3 дзён на правы бераг пераправілася большасць баяздольных франц. карпусоў, у т. л. 27 ліст. сам Напалеон з гвардыяй. На левым беразе французы ўтрымлівалі ўсе подступы да мастоў, пакуль працягвалася пераправа. Раніцай 29 ліст. масты былі спалены, і армія Напалеона рушыла ў напрамку Маладзечна. У выніку баёў каля С. французы здолелі ўтрымаць пазіцыі на абодвух берагах і забяспечыць пераправу цераз Бярэзіну, аднак Напалеон страціў каля 25 тыс.чал. і абоз. Гл. таксама Бярэзінская аперацыя 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРЭАТЫ́ПІЯ (ад стэрэа... +грэч. typos адбітак, форма),
выраб копій друкарскіх форм (стэрэатыпаў) высокага друку. Дае магчымасць друкаваць выданні з аднолькавых форм-копій адначасова на некалькіх машынах, вырабляць формы для высокапрадукцыйных ратацыйных машын. Прыдатная для друкавання вял. тыражамі кніжна-часопісных, ілюстраваных і інш. масавых выданняў, а таксама набраных дробным кегелем (энцыклапедый, слоўнікаў), перавыданняў (з захаваннем матрыц).
Стэрэатыпы — копіі арыгінальнай друкарскай формы з адліўнога набору і клішэ, вырабленыя ў маштабе 1:1. Маюць форму маналітнай пласціны або часткі цыліндра з друкарскага сплаву (гарту), медзі, пластмасы або гумы з рэльефнымі друкавальнымі элементамі. Працэс С. ўключае: цісненне матрыц (на спец. матрычных прэсах); атрыманне стэрэатыпаў ліццём (матрыцу заліваюць спец. сплавам на стэрэатыпных адліўных станках), электралітычным спосабам (на матрыцу ў гальванічнай ванне нарошчваюць слой металу, які ўтварае паверхневы друкавальны слой стэрэатыпа; гл. Гальванастэрэатыпія), упрасоўваннем матрыцы ў тэрмапластычную пластмасавую або гумавую пласціну ў падагрэтым стане; аддзелку стэрэатыпа (апрацоўка па росце або таўшчыні, паглыбленне буйных прагалаў, апрацоўка тарцоў і інш.). Для павышэння тыражаўстойлівасці літыя стэрэатыпы пакрываюць хромам або нікелем, гальванастэрэатыпы часам храміруюць. У сувязі з апераджальным развіццём афсетнага друку, флексаграфскага друку і ўжываннем фотапалімерных форм у высокім друку з канца 20 ст. выкарыстанне С. скарачаецца.
Літ.:
Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977;
Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991.
У.М.Сацута.
Стэрэатыпія: а — схема прасавання матрыц-штампаў з наборнай формы (1 — металічны ліст; 2 — зменныя абмежавальнікі; 3 — матрычны прэс-пакет; 4 — прэс-форма; 5 — арыгінальная форма); б — схема прасавання стэрэатыпаў (1 — матрыца; 2 — ліст пластмасы; 3 — пліта халоднага прэса; 4 — прэс-форма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УТО́РАЎ (Втораў) Барыс Пятровіч
(н. 29.3.193 2, Масква),
расійскі і бел. рэжысёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна ў Маскве (1955) і Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). З 1965 рэжысёр-пастаноўшчык Саратаўскага, рэжысёр Пензенскага, гал. рэжысёр Чэлябінскага і Архангельскага драм. т-раў. У 1977—81 і з 1984 рэжысёр-пастаноўшчык Бел.дзярж.муз.т-ра (з 2001 в.а. гал. рэжысёра), у 1981—84 — Бел.т-ра імя Я.Купалы. Адначасова з 1977 выкладае ў Бел.АМ. У 2000—02 рэжысёр опернай студыі пры Бел. акадэміі музыкі. Сярод спектакляў (каля 80) на бел. сцэне: «Доля-індычка» А.Сафронава (1963), «У дзень вяселля» В.Розава (1965) у Дзярж.рус.драм. т-ры; «Несцерка» (1979) і «Судны час» (1984) Р.Суруса, «Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані (1985), «Вольны вецер» І.Дунаеўскага (1986), «Пэпі» У.Дашкевіча (1987), «Джулія» (1991) і «Шклянка вады» (1994) У.Кандрусевіча, «Дарагая Памэла» М.Самойлава (1998) у Дзярж. т-ры муз. камедыі; «Ажаніцца — не журыцца» М.Чарота і бр. Далецкіх (1979), «Успаміны» А.Арбузава (1982), «Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі (1983) у Бел. т-ры імя Я.Купалы; «Гора баяцца — шчасця не ўбачыць» С.Маршака (1961), «Цыліндр» Э.Дэ Філіпа (1991) у Бел. т-ры імя Я.Коласа; «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча у Магілёўскім (1978) і Гродзенскім (1987) абл.драм. т-рах; «Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага (1984), «Хто баіцца Рэя Брэдберы» У.Максімава (1991) у Т-ры-студыі кінаакцёра; «Трубадур» Дж.Вердзі (2001) у Нац. т-ры оперы Беларусі. Лаўрэат 1-га Нац. фестывалю «Музыка і тэатр» (1996, Мінск).