армянскі кампазітар. Нар.арт.СССР (1970). Скончыў Ерэванскую кансерваторыю (1941), з 1962 выкладае ў ёй (з 1977 праф.). З 1954 кіраўнік Армянскай філармоніі. Сярод твораў: опера «Саят-Нава» (1969); «Кантата аб Радзіме» (1948), «Паданне аб армянскім народзе» (1961); сімфонія (1957); 5 канцэртаў з аркестрам для розных інструментаў; камерна-інстр. і вак. творы (у т. л. для хору а капэла); музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1949, Дзярж. прэмія Арменіі 1970, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЯТЛЯ́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады для штучнага асвятлення розных аб’ектаў. Канструкцыйна складаюцца з асвятляльнай арматуры і крыніцы штучнага святла. Некаторыя тыпы ўключаюць аптычныя сістэмы (напр., люстэркі, кандэнсары).
Адрозніваюць асвятляльныя прылады далёкага (пражэктар) і блізкага (свяцільня, праекцыйны апарат) дзеяння. Пражэктары або свяцільні некаторых тыпаў аб’ядноўваюць у асвятляльныя ўстаноўкі, якія ўключаюць размеркавальныя шчыты, пуска-рэгулявальную і інш. апаратуру. Асвятляльныя прылады выкарыстоўваюцца для асвятлення памяшканняў, трансп. сродкаў, адкрытых пляцовак і інш.
Да арт.Асвятляльныя прылады. Свяцільні з кампактнымі люмінесцэнтнымі лямпамі: 1, 2 — для пакояў; 3—5 — для жылых гаспадарчых і дапаможных памяшканняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, якія ўтвараюцца ва ўмовах працяглага або пастаяннага пераўвільгатнення пад вільгацелюбівай расліннасцю ў розныхгеагр. зонах. Пашыраны на Беларусі, у Расіі, Канадзе, ЗША, Бразіліі, Аргенціне, Інданезіі і інш. краінах. Фарміруюцца пераважна ў выніку забалочвання сушы. Характэрна агляенне, часта трапляюцца тарфяныя гарызонты. Гал. асаблівасць глебаўтваральнага працэсу — намнажэнне торфу. Ніжняя мяжа глебавага профілю прыблізна супадае з глыбінёй, да якой летам апускаюцца глебавыя воды (ад 30 да 50—80 см і больш). Паводле профілю падзяляюцца на тарфяна-балотныя глебы, глеявата-балотныя і лугава-балотныя (усе ёсць на Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАБА́Н (магчыма, цюрк.),
ударны мембранны музычны інструмент. Мае полы цыліндрычны драўляны (радзей металічны) корпус-рэзанатар, 2 скураныя мембраны (адносная вышыня гуку рэгулюецца іх нацяжэннем), па якіх удараюць драўлянай калатушкай з мяккім наканечнікам, палкай або рукамі. У старажытнасці барабан выкарыстоўваўся як сігнальны інструмент, пазней — для суправаджэння рытуальных танцаў, ваен. шэсцяў, у рэліг. абрадах. Вядомы барабаны розных формаў і памераў, а таксама бронзавыя, драўляныя (без мембран). У сучасным аркестры выкарыстоўваюць т.зв. вялікі і малы (ваенны) барабаны, цяпер вядучы інструмент рытмічнай групы джаза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАЗНАВАТАБРУ́ХІЯ (Solengastres),
бяспанцырныя, жалабабрухія, клас малюскаў. Каля 120 найб. прымітыўных відаў, пашыраных амаль ва ўсіх морах ад Арктыкі да Антарктыкі. Жывуць на розных глыбінях (да 9000 м). Найб. вядомыя Nematomenia flavens і Echinomenia corallophila.
Цела чэрвепадобнае, даўж. ад 1 мм да 30 см, звонку ўкрытае вапняковымі шыпамі рознай будовы. Ракавіна адсутнічае. У большасці на брушным баку знаходзіцца баразна (адсюль назва) з вузкім кілем (рудымент нагі). Гермафрадыты. Кормяцца дэтрытам, водарасцямі, дробнымі жывёламі. Частка з іх жыве сярод каралаў і аб’ядае іх паліпы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАЭЛЕКТРО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ,
выхад электронаў з металу (або паўправадніка) пад уздзеяннем моцнага эл. поля. Адбываецца з паверхні цела, якая адыгрывае ролю катода. Тлумачыцца на аснове тунэльнага эфекту і зоннай тэорыі цвёрдага цела. Пры павелічэнні вонкавага эл. поля змяншаецца патэнцыяльны бар’ер, большае імавернасць тунэльнага выхаду электронаў з цела, г. зн. павялічваецца колькасць выпрамененых электронаў. Шчыльнасць току аўтаэлектроннай эмісіі j = c1E2exp(-c2/E), дзе E — напружанасць эл. поля, c1 і c2 — канстанты, якія залежаць ад матэрыялу катода. На аўтаэлектроннай эмісіі заснавана дзеянне розных прылад і прыстасаванняў (халодных катодаў, тунэльных дыёдаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЛАТАКСІ́НЫ,
група атрутных для жывёл і чалавека рэчываў, якія выпрацоўваюцца плесневымі грыбамі, пераважна з роду Aspergillus. Парушаюць работу печані і сінтэз бялкоў, прыгнечваюць актыўнасць ферментаў у млекакормячых, птушак, рыб; патэнцыяльныя канцэрагены, у т. л. для чалавека. Харч. прадукты і кармы могуць быць забруджаны афлатаксінамі на розных стадыях іх прыгатавання і захоўвання. Пры звычайных спосабах апрацоўкі ежы і корму афлатаксіны разбураюцца часткова. Больш дзейснымі з’яўляюцца стэрылізацыя ў аўтаклаве ў прысутнасці амонію або апрацоўка гіпахларытам. Гранічна дапушчальная доза афлатаксінаў у ежы чалавека 30 мкг на 1 кг прадукту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Клеменс) (1828, Вільня — ?),
бел. скульптар. Вучань К.Ельскага. Скончыў Пецярбургскую АМ, дзе атрымаў дыплом за бюст з натуры (1851). З 1861 жыў у Парыжы. Ствараў партрэтныя скульптуры (бюсты, медалі), надмагільныя помнікі, творы на рэліг. тэмы, выкарыстоўваючы пластыку з розных матэрыялаў — гіпсу, мармуру, бронзы. З 1867 дэманстраваў работы ў парыжскіх салонах. Сярод твораў: бюсты генерала В.Замойскага (1867), Л.Нядзведскага (1869), франц. мастака Э.Дэлакруа (1873), рус. філосафа Р.Вырубава, публіцыста З.Кржыжаноўскага-Лакруа (абодва 1881), эпітафія А.Чартарыйскага (1866—68), партрэтныя медальёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАНО́ВІЧ (Іосіф Іосіфавіч) (н. 9.5.1920, Мінск),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). У 1967—82 выкладаў малюнак і жывапіс у БПІ. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, а таксама графікі. Героі яго твораў надзелены рысамі грамадз. значнасці, духоўнай чысціні, лірычныя і летуценныя. Асн. творы: «Брэсцкая крэпасць» (1959), «Героі бессмяротныя» (1961), «Памяць» (1969), «Салдаты» (1975), «Хлеб партызанам», «Сустрэча з мінулым» («Поле памяці»; абодва 1978), «Сейбіты» (1980), «Зямля мужнасці» (1981), партрэт М.Багдановіча (1990), «Змоўклі залпы гармат» (1993), «Агрэсія» (1995).
А.С.Наркевіч.
І.Белановіч. Сустрэча з мінулым (Поле памяці). 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
аднатомны энцыклапедычны даведнік пра важнейшыя сферы жыццядзейнасці Беларусі. Выдадзены ў 1995 у Мінску выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. Усебакова і дастаткова поўна асвятляе гіст. мінулае бел. народа і сучасны ўзровень развіцця краіны, адм.-тэр. падзел, эканоміку, навуку, культуру і мастацтва, мову, л-ру, фальклор і этнаграфію, прыродныя багацці, геаграфічныя і геалагічныя аб’екты, раслінны і жывёльны свет. Уключае 4800 артыкулаў, у т. л. больш як 1600 біяграфій прадстаўнікоў розных галін ведаў і дзейнасці. Артыкулы праілюстраваны каляровымі і чорна-белымі фотаздымкамі, малюнкамі, картамі, схемамі.