ІЗАМАРФІ́ЗМ у геалогіі, уласцівасць розных, але блізкіх паводле хім. саставу рэчываў крышталізавацца ў аднолькавых структурах пры адным тыпе хім. сувязі. Падзяляецца на віды — дасканалы і недасканалы (абмежаваны) і шэраг тыпаў — ізавалентны, гетэравалентны, палярны, кампенсацыйны, індукцыйны і інш. Законы І. тлумачаць складаны хім. састаў большасці мінералаў, асабліва з групы сілікатаў, размеркаванне рэдкіх элементаў у горных пародах і рудах. Напр., большая ч. ітрыю і рэдкіх зямель змяшчаецца ў апатыце, сфене і флюарыце, дзе ізаморфна яны замяшчаюць кальцый. Прыкладам дасканалага І. з’яўляюцца мінералы пераменнага саставу, якія даюць неперарыўныя рады: плагіяклазы, скапаліты, вальфраміты і інш.
т. 7, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)