сістэма норм і стандартаў паводзін, уласцівых пэўнай сац. групе, якая адрозніваецца ад пануючых ці найб. распаўсюджаных у грамадстве узораў і каштоўнасцей культуры, процілеглая і варожая ім. Праяўленнем К. могуць з’яўляцца субкультуры злачынных груп, мафіёзных арг-цый, падп. сектаў і інш., якія кіруюцца акрэсленымі нормамі і правіламі паводзін. Тэрмін «К.» ўвёў у 1960-я г.амер. сацыёлаг Т.Розак для вызначэння духоўных арыентацый альтэрнатыўных маладзёжных груповак (хіпі і інш.), што процістаялі пануючым у той час у зах. краінах культ. каштоўнасцям, ідэалам мяшчанскага матэрыяльнага дабрабыту, жыццёвага поспеху, сац.канфармізму. У сучаснай культурфіласофіі тэрмін «К.» ўжываецца для вызначэння глыбінных пераўтварэнняў у культуры, новых духоўных парадыгм. У гэтым сэнсе ранняе хрысціянства, напр., уяўляецца як контркультурны феномен у адносінах да фундаментальнага іудаізму і панавання Рымск. імперыі; падобны характар мелі ўзнікненне мадэрнізму і постмадэрнізму ў культуры 20 ст. У канцы 20 ст. ў філас.-сацыялагічным усведамленні замацоўваецца паняцце К. як працэсу станаўлення будучых культ. узораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́ЛІС [Novalis; сапр.Гардэнберг (Hardenberg) Георг Філіп Фрыдрых фон; 2.5.1772, каля г. Мансфельд, Германія — 25.3.1801],
нямецкі пісьменнік, філосаф; прадстаўнік іенскіх рамантыкаў. Вучыўся ў Іенскім, Лейпцыгскім, Вітэнбергскім ун-тах (1790—94), скончыў Горную акадэмію ў Фрайбургу (1798). Ўласную філасофію «магічнага ідэалізму» (абсалютная ўлада чалавека ў духоўным і матэрыяльным свеце) развіваў у паэтычна-філас. «Фрагментах» (1798), аповесці «Вучні ў Саісе» (1800). Лірычны цыкл «Гімны да ночы» (1800) — філасофска-містычнае асэнсаванне праблемы жыцця і смерці. У «Духоўных песнях» (выд. 1802) Свяшчэннае Пісанне трактуе ў духу піетызму. У незавершаным рамане-міфе «Генрых фон Офтэрдзінген» (выд. 1802) ідэал гарманічнага чалавека ўвасоблены ў вобразе паэта; твор адметны лірызмам і шматзначнай сімволікай. Аўтар лірычных вершаў, публіцыстычнай кн. «Хрысціянства і Еўропа» (1799).
Тв.:
Рус.пер. — Гейнрих фон Офтердинген;
Фрагменты;
Ученики в Саисе. СПб., 1995;
Гимны к ночи. М., 1996;
Лира Новалиса в переложении Вячеслава Иванова. Томск, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АРГАНІЗАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Тпа падрыхтоўцы да сустрэчы трэцяга тысячагоддзя і святкавання 2000-годдзя хрысціянства.
Створаны 4.8.1998. Узначальвае Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь У.В.Ярмошын (да 14.4.2000 С.С.Лінг); уваходзяць дзеячы культуры, прадстаўнікі органаў дзярж. кіравання, духавенства. Асн. кірункі дзейнасці: міжнар. сувязі, культ.-масавая і інфарм.-тлумачальная работа, выдавецкая дзейнасць, правядзенне навук.-практычных канферэнцый, фестываляў, конкурсаў, прысвечаных знамянальным падзеям, а таксама садзейнічанне рэліг. арг-цыям ва ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхн. базы [буд-ва, рэстаўрацыя і рамонт храмаў, напр., праваслаўных цэркваў (комплексаў) Мінска, Віцебска, Друцка, касцёлаў у Гродне, Пінску, Нясвіжы і інш.]. Аргкамітэт мае сваю эмблему (аўтар мастак Л.І.Талбузін) з выявай узноўленага Крыжа Ефрасінні Полацкай. Рабочую групу Аргкамітэта ўзначальвае старшыня Дзяржкамітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь А.М.Білык. Рабочая група каардынуе дзейнасць міжнар., дзярж. і грамадскіх арг-цый па падрыхтоўцы да юбілеяў, падтрымлівае сувязі з аргкамітэтамі, якія створаны ў шэрагу краін свету, і з суайчыннікамі за межамі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДВЫЗНАЧЭ́ННЕ,
рэлігійнае вучэнне, паводле якога ўсё у свеце прадвызначана воляй Бога. Ідэя П. ўзнікла ў часы язычніцтва ў форме фаталізму, падпарадкавання чалавека лёсу, касм. неабходнасці. Хрысціянства выступіла з вучэннем пра ласку Божую, якая зыходзіць на абраных. Зыходзячы са спасылкі на недасканаласць і грахоўнасць прыроды чалавека, прыхільнікі Пелагія сцвярджалі магчымасць самаст. выратавання душы праз добрыя справы і заступніцтва царквы. Гэтыя падыходы ў трактоўцы П. ляглі ў аснову правасл. і каталіцкай дактрын выратавання. Ідэі Аўгусціна развіў пратэстантызм у вучэннях М.Лютэра і англіканства. Кальвіністы лічаць, што чалавечы лёс знаходзіцца ў абсалютнай залежнасці ад Бога, які выбірае ці адвяргае чалавека яшчэ да яго нараджэння. Некаторыя пратэстанты дапускаюць, што сац.-эканам. актыўнасць асобы і высокі ўзровень дабрабыту можа сведчыць аб магчымай абранасці. Вучэнне П. лягло ў аснову некаторых канцэпцый тэалогіі, гісторыі ў якасці абгрунтавання ідэі богаабранасці (яўр. народу, Расіі, ЗША і інш.). Дактрына П. выразна выяўляецца ў іудаізме, ісламе і інш. рэлігіях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРКАФА́Г (грэч. sarkophagos літар. пажыральнік мяса ад sarx мяса + phagos пажыральнік),
труна, невял. грабніца ў народаў старажытнасці; у шырокім сэнсе — любая архітэктурна і па-мастацку аформленая труна з дрэва, каменю, металу і інш.Найб. вядомы С. стараж.-егіпецкія (складаліся з мноства частак, першапачаткова ў выглядзе жытла, з 3-га тыс. да н.э. — муміяпадобныя), этрускія (з фігурай памерлага на вечку), эліністычныя, стараж.-рым. і раннесярэдневяковыя (аздобленыя рэльефамі і арх. дэкорам). Тып ант. С. развіваўся і ў эпоху рэнесансу і барока. У Кіеўскай Русі С. паявіліся з прыняццем хрысціянства (напр., Яраслава Мудрага ў Кіеўскім Сафійскім саборы). Самы стараж. С. на Беларусі знойдзены ў г.п. Тураў Гомельскай вобл. (12 ст.). Вядомы С. кн. Радзівілаў (17 — пач. 20 ст., Нясвіжскі касцёл Божага Цела), Сапегаў (18 ст., Гальшанскі касцёл францысканцаў).
М.М.Чарняўскі.
Старажытнаегіпецкі саркафаг Тутанхамона.Саркафаг з выявай 12 апосталаў. 5 ст. (г. Равена, Італія).Саркафаг з г.п. Тураў Гомельскай вобл. 12 ст.Саркафаг К.С.Радзівіла Пане Каханку ў крыпце Нясвіжскага касцёла Божага Цела. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ІНСТВЫ,
у хрысціянстве абрадавыя дзеянні, у якіх «пад бачным абразом паведамляецца вернікам нябачная боская ласка». Праваслаўе і каталіцызм прызнаюць Т. хрышчэння, прычасця, свяшчэнства, споведзі, мірапамазання, шлюбу, ялееасвячэння (саборавання). У большасці пратэстанцкіх плыней спраўляюцца толькі хрышчэнне і прычасце, якія разглядаюцца як сімвалічныя абрады, што не адрозніваюцца ад іншых. Паводле вучэння царквы, Т. ўстаноўлены Ісусам Хрыстом. Яны ў хрысціянскі культ уводзіліся на працягу доўгага часу. Спачатку хрышчэнне і прычасце, потым свяшчэнства і толькі ў 4—5 ст. — астатнія Т. Вытокі Т. узыходзяць да вераванняў, магічных дзеянняў стараж. людзей, якія былі ўпэўнены ў магчымасці непасрэдных зносін са звышнатуральнымі сіламі, уздзеяння на іх. Пры ўстанаўленні Т. хрысціянства запазычыла шмат элементаў з усх. рэлігій. Вял. ўвагу царква аддае правільнаму выкананню Т. з абавязковым удзелам у іх духоўных асоб, чым падкрэсліваецца роля царквы як пасрэдніцы паміж Богам і людзьмі. Гэта ўмова не прызнаецца пратэстанцкімі цэрквамі, якія адмаўляюць ідэю пасрэдніцтва царквы ў зносінах чалавека з Богам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧАСО́ПІС»
(«Czasopis»),
інфармацыйна-культурны часопіс Усх. Беласточчыны; орган Аб’яднання бел. журналістаў у Польшчы. Выдаецца з крас. 1990 штомесячна ў Беластоку на польскай мове, частка матэрыялаў — на беларускай. Гал. рэдактар Ю.Хмялеўскі. Аналізуе паліт. падзеі ў Польшчы, Беларусі, Расіі, Літве і зах.-еўрап. краінах; асвятляе царк. жыццё ў Польшчы і на Беласточчыне, гісторыю правасл. прыходаў у краі, праблемы грамадска-паліт. і культ. жыцця беларусаў у Польшчы, нац. жыццё, сац.-эканам. і паліт. становішча бел.нац. супольнасці ў Польскай дзяржаве, праблемы эканам. сучаснай Беласточчыны; змяшчае агляды польскага і беларускамоўнага перыяд. друку ў Польшчы і Беларусі, артыкулы па рэліг. тэматыцы і гісторыі хрысціянства, календары рэліг. свят. Друкуе ўспаміны ўдзельнікаў гіст. падзей у Польшчы і на Беларусі, артыкулы пра дзеячаў бел. культуры, нататкі пра гміны, вёскі, правасл. прыходы, цэрквы на Беласточчыне, літ. і публіцыст. творы бел. пісьменнікаў Беласточчыны, дыскусійныя матэрыялы, лісты чытачоў, інтэрв’ю з прадстаўнікамі дзярж. улад і вышэйшага рэліг.правасл. кіраўніцтва. Выданне ілюстраванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАТАБРЫЯ́Н (Cháteaubriand) Франсуа Рэнэ дэ (4.9.1768, г. Сен-Мало, Францыя — 4.7.1848),
французскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Вучыўся ў калежах Доля і Рэна. З 1786 на ваен. службе, у 1792 выступіў на баку раялістаў, у 1793—1800 у эміграцыі (Вялікабрытанія). У перыяд Рэстаўрацыі займаў розныя дзярж. пасады. Літ. дзейнасць пачаў пасля 1830. Прадстаўнік рамантызму. У трактаце «Даследаванне аб рэвалюцыях» (1797) адмаўляў рэв. і дэмакр. ідэі; у «Геніі хрысціянства» (1802) выступіў апалагетам каталіцызму. Аўтар аповесцей «Атала, ці Каханне двух дзікуноў у пустыні» (1801), «Рэнэ, ці Вынікі страсцей» (1802), эпапей у прозе «Мучанікі» (1809), «Натчэзы» (1826) і інш.Філас. і літ.-эстэт. погляды абагульніў у аўтабіягр. «Замагільных запісках» (выд. 1848—50).
Тв.:
Рус.пер. — Рене: История последнего из Абенсераджей // Французская новелла XIX в. М.; Л., 1959. Т. 1;
Атала // Французская романтическая повесть. Л., 1982;
Гений христианства: [Фрагменты] // Эстетика раннего французского романтизма. М., 1982.
Літ.:
Моруа А. Литературные портреты: Пер. с фр.М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСКАНЕ́ЧНАЕ І КАНЕ́ЧНАЕ,
філасофскія катэгорыі, якія выражаюць непарыўна звязаныя паміж сабой процілеглыя бакі аб’ектыўнага свету. Бесканечнае характарызуе неабмежаваную разнастайнасць прасторавых структур матэрыі, яе ўласцівасцяў і ўзаемасувязяў, колькасную невычарпальнасць у глыбіню, існаванне бясконцага мноства якасна адрозных узроўняў яе структурнай арганізацыі. У гісторыі навукі напачатку ўвага канцэнтравалася на колькасных аспектах бесканечнага, якія вывучаліся матэматыкай (гл.Бесканечна вялікая, Бесканечна малая, Бесканечнасць у матэматыцы). Ідэі бесканечнасці сустракаліся ўжо ў выказваннях стараж. індыйцаў. Большасць стараж.-грэч. філосафаў лічыла, што свет канечны і абмежаваны цвёрдым нябесным купалам. Такога ж пункту погляду прытрымліваецца хрысціянства. Толькі Нікалай Кузанскі і Дж.Бруна ў 15—16 ст. зноў загаварылі пра бесканечнасць свету. Канечнае з’яўляецца адмаўленнем бесканечнага і ўяўляе сабой усякі абмежаваны ў прасторы і часе аб’ект. Усякая канкрэтная якасць у свеце канечная, існуе ў пэўных межах меры. Канечнае азначае таксама абмежаванасць і часовасць зямнога быцця наогул, у гэтым значэнні яно дапускае прынцыповую магчымасць далейшага, незямнога быцця.
Літ.:
Кармин А.С. Познание бесконечного. М., 1981;
Бурова И.Н. Развитие проблемы бесконечности в истории науки. М., 1987;
Жуков Н.И. Философские основания математики 2 изд. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯ́НСТВА,
адна з буйнейшых хрысціянскіх плыняў (артадаксальнай царквой трактуецца як ерась). Узнікла ў 4 стагоддзі ва Усходняй Рымскай імперыі. Заснавальнік — александрыйскі прэсвітэр Арый (каля 256—336). Паводле яго вучэння, 2-я асоба Тройцы, Хрыстос, не роўны Богу-бацьку, ён Сын Божы не па сутнасці, а па ласцы Божай. Арый абвяргаў, што Сын адзінасутны (адзінапрыродны) з Айцом. У веры ў боскасць Хрыста ён бачыў пагрозу двухбожжа. Нікейскі сабор 325 асудзіў арыянства і пацвердзіў артадаксальны сімвал веры, падкрэсліўшы, што Сын ёсць адзінасутны з Айцом. Арыянства распалася на некалькі кірункаў, працягвала пашырацца на Усходзе пры падтрымцы імператараў. У 381 арыянства зноў асуджана на саборы ў Канстанцінопалі. На арыянаў пачаліся жорсткія ганенні, і да канца 4 стагоддзя іх амаль не засталося сярод грэка-рымскага насельніцтва імперыі. Да 6—7 стагоддзя арыянства затрымалася сярод готаў і іншых тэўтонскіх плямёнаў, якія прынялі хрысціянства ад арыянскіх місіянераў. У 16 стагоддзі ідэі арыянства адрадзіліся ў асяроддзі радыкальных рэфармацыйных плыняў. Розныя кірункі арыянства (сацыніянства, антытрынітарызм) існавалі і на Беларусі (С.Будны, В.Цяпінскі). Цяпер арыянства існуе на Захадзе ў невялікіх рэлігійных суполках (унітарыі і інш.).