РАЙ Рам Мохан (22.5.1772 або 1774, Раджнагар, Індыя — 27.9.1833),

індыйскі (бенгальскі) асветнік, філосаф, рэфарматар індуізму, грамадскі і літ. дзеяч. Скончыў вышэйшую мусульм. школу ў г.Патна. Імкнуўся стварыць універсальную рэліг. сістэму на аснове індуізму, выступаў за скасаванне яго найб. адыёзных звычаяў (самаспаленне ўдоў, дыскрымінацыя «недатыкальных», дзіцячыя шлюбы і інш.). Стварыў рэліг.-рэфарматарскае т-вы Ар’я самадж (1815) і Брахма самадж (1828). Па ініцыятыве Р. ў Калькуце адкрыта першая інд. свецкая школа — Індускі каледж (1817). Выдаваў газ. «Шомбад каўмудзі» («Месяц навін», на бенгальскай мове) і «Мірат уль-ахбар», («Люстэрка навін», на перс. мове). Аўтар перакладаў на бенгальскую мову філас. твораў Стараж. Індыі, юрыд. даследаванняў, памфлетаў, падручнікаў.

т. 13, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗЕНФЕЛЬД Усер Давідавіч (н. 24.5.1934, г. Адэса, Украіна),

бел. філосаф і культуролаг. Д-р філас. н. (1988), праф. (1990). Скончыў Адэскі пед. ін-т (1955). З 1965 у Гродзенскім ун-це (з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па гісторыі філасофіі і культуралогіі, тэорыі і гісторыі культуры, праблемах этнаканфесіянальных і сацыякульт. працэсаў у сучасным грамадстве.

Тв.:

Н.​Г.​Чернышевский: Становление и эволюция мировоззрения. Мн., 1972;

История мировой культуры: В 4 ч. Ч. 1—2. Гродно, 1996—98 (у сааўт.);

Белорусы и поляки: Диалог народов и культур, X—XX ст. Гродно;

Белосток, 2000 (у сааўт.);

Проблемы воссоединения Западной Беларуси с БССР: История и современность. Мн., 2000 (у сааўт.).

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВАСЦЮ́К Антон Іванавіч (1.5.1927, в. Баравое Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 10.7.1998),

бел. філосаф. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1989), д-р філас. н. (1984), праф. (1985). Скончыў БДУ (1955). З 1961 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі (з 1962 вучоны сакратар, з 1968 нам. дырэктара, у 1989—92 заг. аддзела). Навук. працы па сац. філасофіі і паліталогіі, праблемах сац. развіцця, структуры грамадства і сац. супярэчнасцей.

Тв.:

В.​И.​Ленин о победе социализма в СССР. Мн., 1970;

Основное противоречие нашей эпохи и мировой революционный процесс. Мн., 1980;

Формирование общества социальной справедливости в Беларуси. Мн., 1996 (разам з Т.​А.​Антонавай).

А.І.Савасцюк.

т. 14, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРЖЫ́НСКІ Валерый Паўлавіч (н. 16.10.1950, в. Замошша Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1993), праф. (1997). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1971). З 1972 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па філас. аспектах фізіка-матэм. навук, праблемах метадалогіі тэхніказнаўства, гуманізацыі адукацыі Распрацаваў тэорыю праектавання вышэйшай інж.-тэхн. адукацыі.

Тв.:

Гуманизация инженерного образования и конструктивная методология // Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993;

Гуманизация образования в Республике Беларусь: состояние и перспективы (разам з В.​І.​Ярмак) // Адукацыя і выхаванне. 1996. №3—5;

Гуманизация инженерного образования: Филос.-конструктивный подход. Мн., 1997;

Методология в сфере науки и проектирования // Изв. Междунар. академии технич. образования. 2000. №1.

т. 15, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖЭ́ЙКА Марына Аляксандраўна (н. 16.3.1958, Мінск),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (2001), праф. (2003). Скончыла БДУ (1980), дзе і працуе з 1980 (у 2000—01 заг. кафедры). Навук. працы па сучаснай сац. філасофіі, філасофіі мовы, культуры і рэлігіі, семіётыцы, мастацтвазнаўстве і гісторыі некласічнага мастацтва, сінергетыцы і метадалогіі нелінейных аналітык. Рэдактар-складальнік анталогіі «Экалагічная думка ўсходніх славян» (1995), аўтар цыкла артыкулаў у энцыклапед. выданнях: «Сусветная энцыклапедыя: Філасофія», «Постмадэрнізм» (абедзве 2001), «Гісторыя філасофіі» (2002), «Сусветная энцыклапедыя: Рэлігія», «Навейшы філасофскі слоўнік» (абедзве 2003).

Тв.:

Становление теории нелинейных динамик в современной культуре: Сравн. анализ синергет. и постмодернист. парадигм. Мн., 1999;

Современная западная философия. Мн., 2000.

т. 18, кн. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛЕ́НСКІ Леанід Ягоравіч (літ. псеўд. М.​І.​Красов; 9.3.1845—23.9.1906),

рус. філосаф, сацыёлаг. У 1860-я г. вывучаў юрыспрудэнцыю ў Маскоўскім і Пецярбургскім ун-тах. Супрацоўнічаў у час. «Мысль», «Русское богатство» і інш. Распрацоўваў праблемы эстэтыкі, сацыялогіі, маралі асобы і грамадскага развіцця. Лічыў, што ўяўленне пра з’явы аб’ектыўнага свету не тоесныя з аб’ектыўнай рэальнасцю; свядомая воля заўсёды матывавана. На яго думку, філасофія павінна ахопліваць і вобласць пачуццяў, і сутнасць свету; матэрыялізм і пазітывізм не задавальняюць гэтых патрабаванняў, таму што даюць толькі адзін з элементаў свету, яго матэрыяльны падмурак замест цэлага.

Тв.:

Развитие чувствований и опыт их новой классификации. Спб., 1884;

Научные основы красоты и искусства. Спб., 1902;

История мысли: Опыт критич. философии. Спб., 1907.

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАН ЧУН, Чжунжэнь (27, Шан’юй, прав. Чжэцзян, Кітай — 104),

кітайскі філосаф. Аўтар шэрагу філас. трактатаў, з якіх захавалася кн. «Крытычныя разважанні» («Лунь хэн»). Усё існае, паводле Ван Чуна, утворана з матэрыяльнай субстанцыі — «першаснага эфіру» (юань цы), а адрозненні паміж рознымі рэчамі паходзяць ад розніцы ў ступені яго згушчэння; з гэтага «першаснага эфіру» складаецца і чалавек. Лічыў, што свядомасць ёсць прадукт жыццядзейнасці цела і знікае разам са смерцю істоты. Сцвярджаў ідэю спантаннасці і неўсвядомленасці натуральнага парадку рэчаў, што вяло яго да натуралістычнага фаталізму — прызнання поўнай абумоўленасці чалавечага існавання прыроднымі фактарамі. Гісторыю чалавечага грамадства трактаваў як змену панавання культуры (вэнь) і прыроднай асновы, а ўсе сац. ўзрушэнні абгрунтоўваў непазбежнымі стыхійнымі бедствамі.

т. 3, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСЕ́НДЗІ (Gassendi) П’ер (22.1.1592, Шантэрсье, каля г. Дзінь, Францыя — 24.10.1655),

французскі філосаф. Займаўся таксама астр. і матэм. даследаваннямі. Святар, праф. тэалогіі ў Дзіне (з 1613), філасофіі ў каледжы Экс-ан-Праванса (1616—23), матэматыкі ў Каралеўскім каледжы ў Парыжы (з 1645). Крытыкаваў схаластычны псеўдаарыстацелізм і вучэнне Р.​Дэкарта аб прыроджаных ідэях. Адрадзіў атамістычныя ўяўленні, адстойваў ідэю матэрыяльнага адзінства свету і прынцыпы матэрыяльнага сенсуалізму ў гнасеалогіі. Лічыў, што творцам атамаў з’яўляецца Бог, а ісціна дасягаецца не толькі шляхам доказаў, заснаваных на вопыце і розуме, але і праз адкрыццё, заснаванае на боскім аўтарытэце. Этычныя погляды Гасендзі скіраваны супраць аскетычнай царк. маралі і ў многім развіваюць традыцыю Эпікура.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЯ́РАЎ-ПЛАТО́НАЎ Мікіта Пятровіч (4.6.1824, г. Каломна, Расія — 25.10.1887),

расійскі публіцыст, філосаф, гісторык рэлігіі. Скончыў Маскоўскую акадэмію (1848). У 1856—62 працаваў у Маскоўскім цэнзурным к-це, з 1863 кіраўнік Маскоўскай сінадальнай друкарні, з 1867 выдаваў «Современные известия» — першую маскоўскую штодзённую газету, у якой змяшчаў артыкулы па царк. і бягучых паліт. пытаннях. Навук. дзейнасць Гілярава-Платонава рознабаковая: распрацоўваў эканам. тэорыі («Асноўныя пачаткі эканоміі», 1889), вёў даследаванні ў галіне слав. мовазнаўства («Экскурсіі ў рускую граматыку», 1884). Асн. яго філас. праца прысвечана крытычнаму разгляду філасофіі Гегеля. Аўтар успамінаў «З перажытага» (1886).

Тв.:

Сборник соч. Т. 1—2. М., 1899;

Вопросы веры и церкви: Сб. статей 1868—1887 гг. Т. 1—2. М., 1905—06.

т. 5, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАП’Я́НАЎ Павел Аляксандравіч (н. 10.2.1940, в. Паланая Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1983), праф. (1984). Скончыў Ленінградскі ун-т (1967). Працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1982 у Бел. тэхнал. ун-це. Даследуе філас. праблемы прыродазнаўства, эвалюц. біялогіі і сац. экалогіі. Распрацаваў тэарэтыка-метадычныя асновы канцэпцыі ўстойлівасці біясферы і заканамернасцей яе эвалюцыі.

Тв.:

Устойчивость в развитии живой природы. Мн., 1974;

Экологические последствия научно-технического прогресса. Мн., 1980;

Устойчивость и динамика биосферы. Мн., 1981;

Динамика биосферы и социокультурные традиции. Мн., 1987 (разам з А.​І.​Зелянковым);

Великий день гнева: Экология и эсхатология. Мн., 1993 (разам з В.​С.​Крысачэнкам).

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)