МІЁ ((Milhaud) Дарыюс) (4.9.1892, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 22.6.1974),
французскі кампазітар, дырыжор, муз. крытык. Чл.франц. Акадэміі прыгожых мастацтваў (1956). Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў Ш.М.Відора (кампазіцыя), П.Дзюка (дырыжыраванне), у «Схола кантарум» у В. д’Эндзі. У 1916—18 працаваў у Бразіліі. Адзін з чл.«Шасцёркі». Удзельнічаў у рабоце Нар.муз. федэрацыі. У 1939—45 у ЗША. У 1945—62 праф. Парыжскай кансерваторыі. У творчасці напачатку захапляўся фармальным наватарствам, праціўнік рамантызму. Пазней прыйшоў да больш ураўнаважанага стылю. У яго музыцы, нярэдка політанальнай, рытмічна імпульсіўнай, дакладна прасочваецца фалькл. аснова. Сярод твораў: оперы «Эўменіды» (3-я частка трылогіі «Арэстэя» паводле Эсхіла, нап. 1922, трылогія поўнасцю з муз. М. паст. ў 1963), «Няшчасці Арфея» (паст. 1926), «Бедны матрос» (паст. 1927), 3 оперы-мінуткі — «Выкраданне Еўропы» (паст. 1927), «Пакінутая Арыядна» і «Вызваленне Тэсея» (паст. 1928), «Хрыстафор Калумб» (паст. 1930), «Максімілян» (паст. 1932), «Балівар» (паст. 1950), «Давід» (паст. 1955), «Злачынная маці» (паст. 1966); балеты «Бык на даху» (паст. 1920), «Стварэнне свету» (паст. 1923), «Блакітны экспрэс» (паст. 1924), «Званы» (паст. 1946), «Галіна птушак» (1959, паст. 1965); кантаты; хар. сімфонія «Мір на зямлі» (1963); 12 сімфоній (1939—61); канцэрты для інструментаў з арк., камерна-інстр. ансамблі; п’есы для фп.; для аргана; для голасу і фп.; музыка для т-ра і кіно. Аўтар кніг, у т. л. мемуараў (1949).
Літ.:
Филенко Г. Мийо // Музыка XX в.: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4;
Кокорева Л. Д.Мийо: Жизнь и творчество. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЫМЯ»,
аб’яднанне бел. пісьменнікаў. Існавала ў Мінску са снеж. 1927 да 27.5.1932. Ініцыятары стварэння і члены: Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Грамыка, А.Гурло, У.Галубок, Я.Нёманскі, М.Піятуховіч, А.Сянкевіч, а так сама нядаўнія чл. «Маладняка» М.Чарот, М.Зарэцкі, А.Вольны, А.Дудар, А.Александровіч, В.Сташэўскі. Чл. праўлення: Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот; кандыдаты; М.Зарэцкі, Я.Нёманскі, Сташэўскі. Асн. задачы: развіццё бел.маст. л-ры праз узмацненне творчай працы сваіх членаў, афармленне і замацаванне ў бел. л-ры пралет. ідэалогіі з удасканаленнем нац. формы. Значная ўвага аддавалася развіццю крытыкі, павышэнню прафес. ўзроўню і агульнаадук. ведаў чл. аб’яднання, беражліваму стаўленню да культ. спадчыны. Наладжвала літ. вечары, сустрэчы з рабочымі, арганізоўвала паездкі пісьменніцкіх дэлегацый у Ленінград, Харкаў, Кіеў і інш. Выступала за памяркоўныя адносіны і творчае супрацоўніцтва з інш.літ. аб’яднаннямі рэспублікі, імкнулася ўраўнаважваць крайнія тэндэнцыі ў літ. руху канца 1920 — пач. 1930-х г. Аднак дамагчыся гэтага не заўсёды ўдавалася з-за неаднароднасці складу аб’яднання, розных поглядаў і густаў яго членаў. Нярэдка палымянская крытыка была непаслядоўнай, неаб’ектыўнай у ацэнках літ. з’яў.
Літ.:
Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;
Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30 гг.Мн., 1960;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968. С. 142—153;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы з в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Як ганчарны цэнтр Ракаў вядомы з сярэдневякоўя. Тут выраблялі гасп. посуд, аздоблены выціснутым арнаментам ці ангобнай размалёўкай, а таксама кафлю з рэльефным малюнкам рэнесансавага, барочнага, класіцыстычнага характару, з канца 19 ст. ў стылі мадэрн. Найб. развіцця Р.к. дасягнула ў 19 — пач. 20 ст. (працавала больш за 100 ганчароў). Паводле памераў і аб’ёмаў гасп. посуд меў пэўныя назвы; цацкавы (аб’ёмам да 0,5 л), смятанкавы (1 л), рублёвы (2 л), квартавы (3 л), паўгарцавы (4—5 л), гарцавы (10 л), двухгарцавы (20 л), васьміквартавы, ці пакавы (больш за 20 л). Посуд пластычных акруглых форм звонку і ўнутры звычайна пакрывалі празрыстай палівай, у 1920—30-я г.нярэдка аздаблялі падглазурнай ангобнай размалёўкай расл. характару. Да канца 19 ст. бытаваў і чорнаглянцаваны посуд. Сярод вырабаў дэкар. керамікі — талеркі з пажадальнымі надпісамі, букетнікі, чарнільныя прыборы, попельніцы, фігурныя пасудзіны ў выглядзе бараноў, мядзведзяў, ільвоў, дзіцячыя цацкі. Наіўна-рэаліст. трактоўкай вызначаецца дробная пластыка 1920—30-х г. у выглядзе коннікаў, паненак, кавалераў у характэрным адзенні, з муз. інструментамі ці букетамі ў руках. З 1939 працавала арцель «Чырвоны ганчар», у 1945 — канцы 1950-х г. — «3-га ліпеня», якія выпускалі гасп. посуд нешырокага асартыменту і гладкую тэракотавую кафлю.
Літ.:
Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.
Я.М.Сахута.
Да арт.Ракаўская кераміка. Цацкі «Коннікі». 1930-я г.Да арт.Ракаўская кераміка. Міска. 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РСКАЯ ГРАДА́.
На крайнім ПнУ Гродзенскай і крайнім ПнЗ Мінскай абласцей. Уваходзіць у склад Нарачана-Вілейскай нізіны. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ уздоўж паўд.-зах. берага воз.Свір. Даўж. каля 70 км, шыр. 0,5—4,5 км, выш. 165—185 м, найб. 210 м (на паўд.-ўсх. і ўсх. краі грады). Над прылеглымі ўчасткамі водна-ледавіковай.і марэннай раўніны прыўзнята на 10—35 м, часам 50—60 м.
У тэктанічных адносінах С.г. прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты чахлом магутнасцю каля 370 м, які складзены з парод верхняга пратэразою, кембрыю, ардовіку, сілуру, сярэдняга дэвону. У антрапагенавай тоўшчы пашыраны адклады дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Града створана паазерскім ледавіком.
Рэльеф узгорыста-западзінны. У аснове С.г. масіўны цокаль з марэнных супескаў з лінзамі і праслоямі пяскоў, на якім размешчаны збліжаныя адзін да аднаго марэнныя і камавыя ўзгоркі (адносная выш. 1—12, часам да 14—16 м), нярэдка падоўжаныя, выцягнутыя ў ланцугі. Паміж узгоркамі акруглыя западзіны, а паміж ланцугамі ўздоўж грады лагчынападобныя паглыбленні і водна-ледавіковыя лагчыны, па якіх цякуць р. Тушчанка і Струна. Абапал лагчын озы. Даліны р. Страча і яе прытока Свірыцы ў месцах перасячэння грады — вузкія, часта з абрывістымі схіламі. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя, у паніжэннях дзярнова-перагнойна-глеевыя і тарфяна-балотныя. Невял. ўчасткі хваёвых лясоў на паўн. і паўн.-ўсх. схілах. Па ўскраінах балот ельнікі, па берагах рэк чорнаалешнікі. Пад ворывам 30% тэрыторыі. На С.г. помнік прыроды рэсп. значэння — геал. агаленне «Камарышкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́НІ,
палазовы трансп. сродак, які шырока выкарыстоўваецца зімой, калі ўстанаўліваецца снежнае покрыва. С. возяць коні, алені, сабакі. Да С. адносяцца простыя С., нарты народаў Поўначы і розныя віды С. з кузавам. С. больш старажытныя, чым калёсная павозка, яны былі вядомы не толькі ў паўн. народаў, але і ў паўд. краінах. С. выкарыстоўвалі ў пахавальным абрадзе ў Стараж. Егіпце і Стараж. Русі. У сярэдневякоўі важныя службовыя асобы рабілі ўрачыстыя выезды на С. і летам. Існуюць таксама С. і без палазоў: некат. віды валакушы, табаган канадскіх індзейцаў і інш. У наш час у розных галінах гаспадаркі на Крайняй Поўначы выкарыстоўваюць аэрасані. С. выкарыстоўваюцца таксама ў спарт. мэтах (гл.Санны спорт).
На Беларусі архаічныя С. мелі натуральныя, крыху выгнутыя кверху палазы з абрубкамі сукоў, што выконвалі функцыю капылоў. Эвалюцыя С. ішла па шляху функцыянальнага і сац. размежавання, што абумоўлівала іх тыпалагічную разнастайнасць і канструкцыйныя асаблівасці. Паводле прызначэння ўсе С. можна падзяліць на некалькі тыпаў: звычайныя рабочыя, кары (лесавозы), выязныя (вазкі) і ручныя (санкі). Найб. пашыраны былі рабочыя С. У тыповым варыянце ўяўлялі сабой 2 палазы, злучаныя па капылах гнуткімі (часцей дубовымі) вязамі, якія загіналіся канцамі на 180° вакол пары процілеглых капылоў. Паўзверх вязаў на канцы капылоў паралельна полазу набіваліся драўляныя брускі (намарзня, намаржня, наклеска). У адным выпадку палазы мелі натуральна выгнутую галоўку (копанкі, копані), у другім — іх гнулі пасля распаркі з дубовага, ясеневага, вязавага дрэва на спец. прыстасаванні — гбале (шаблон па форме полаза, высечаны ў калодзе або зроблены на сцяне пабудовы). Выгнутую форму фіксавала іцвіна (папліска) — хордавая перакладзіна, што злучала галоўку полаза з пярэднім капылом. За пярэднія капылы нярэдка мацавалі і аглоблі для коннай ці валовай запрэжкі. Перакрыццё С. утваралі дошкі ці луб, што накладваліся паверх вязоў. Для павелічэння пагрузачнай пляцоўкі ўладкоўвалі развалкі (розвальні). У сял. гаспадарцы рабочыя С. выконвалі універсальныя функцыі. Адносная лёгкасць канструкцыі дазваляла выкарыстоўваць іх для пасажырскай язды, пры гэтым у задняй частцы С. устанаўлівалі трохбаковую крацістую драбінку накшталт кузава вазка. Пры перавозцы малагабарытных і сыпкіх грузаў, паездцы на мясц. рынак і інш. паверх С. ставілі плецены паўкош (палукаш). Рабочыя С. выкарыстоўвалі замест караў пры перавозцы лесу; для гэтага на намаржні ўпоперак С. мацавалі тоўсты брусок (лісіцу), на які клалі камлёвую частку бервяна, а пад верхавіну падводзілі падсанкі, якія амаль не адрозніваліся па форме ад рабочых С., але мелі меншыя памеры. Іх выкарыстоўвалі для розных дробных перавозак, работы каля дому, у святочных катаннях і інш.
Выраб С. нярэдка вылучаўся ў самаст. промысел. У панскіх маёнтках і дзярж. эканоміях існавалі асобныя «службы санніцкія», майстры якіх былі вызвалены ад цяглавых павіннасцей. Напр., паводле інвентара Ваўкавыскага двара, саннікі складалі асобны пасёлак з 8 службаў. Санны промысел быў пашыраны ў сельскай мясцовасці як вытв-сць на заказ і на рынак. Часта ён існаваў неаддзельна ад стальмашнага рамяства, што тлумачылася падобнай тэхналогіяй і універсальнымі навыкамі майстроў. У пач. 20 ст. пашырылася кааперацыя саннага і кавальска-слясарнага промыслаў: у С. павялічвалася колькасць жал. дэталей, на якія прыпадала найб. эксплуатацыйная нагрузка; палазы сталі больш тонкія і падбіваліся паласавым жалезам; іцвіны замянялі жал. стрыжнямі; акоўка давала магчымасць шырэй выкарыстоўваць замест вязоў брусковыя папярочнікі. У наш час традыц. С. ўжываюцца ў сельскім побыце пры перавозках на кароткія адлегласці і ў асабістых гаспадарках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТАГРА́ФІЯ (ад крыпта... + ...графія),
1) тайнапіс, спосаб пісьма, які ўжываецца для таго, каб зрабіць напісанае зразумелым толькі для паінфармаваных, або разлічаны на разгадванне. Розныя спосабы К. вядомы са старажытнасці (упамінаюцца Герадотам, Плутархам і інш.). Надпіс ці дакумент, зроблены крыптаграфічным спосабам, наз. крыптаграмай. У Беларусі крыптаграмы вядомы з сярэдневякоўя. Найб. часта выкарыстоўваліся для зашыфроўкі тэкстаў: ваен., дыпламат., рэліг., у т. л. ерэтычных, гандл.-фінансавых. У стараж. рукапісах нярэдка трапляецца разлічанае на разгадванне крыптаграфічнае напісанне імён перапісчыкаў ці розных запісаў быт., гумарыст. характару. Найб. пашыраныя спосабы К.: выкарыстанне чужых, малавядомых алфавітаў (напр., у стараж.усх.-слав. рукапісах замена кірылічных літар на глагалічныя, грэч. і лацінскія) або алфавітаў, спецыяльна створаных для мэт К.; напісанне слоў у адваротным парадку — ад канца да пачатку (вядома гумарыст. крыптаграма перапісчыка 16 ст. Марціна з Гальшан «ъшорг ан ъшург мад умат ътётчорп еіс отк» — «кто сіе прочтёть, таму дам грушъ на грошъ»); спец. змены, у прыватнасці недапісванне літар; замена адных літар алфавіта іншымі, у адпаведнасці са спецыяльнымі, іншы раз вельмі складанымі ключамі і кодамі (асабліва часта ўжываўся ў ваен. і дыпламат. перапісцы); замена літар лічбамі або групамі літар, якія маюць у суме тое ж лічбавае значэнне, што і заменная літара; размяшчэнне літар шыфраванага надпісу ў пэўным умоўным парадку паміж інш. літарамі, якія ствараюць надпіс інш. зместу (прасцейшая разнавіднасць — акраверш). У сучасных ваен. і дыпламат. шыфрах таксама выкарыстоўваюць розныя складаныя камбінацыі некалькіх спосабаў К. Пры гэтым шыфроўка робіцца з дапамогай спец. апаратаў (згадка аб такім апараце, які ўжывалі спартанцы, ёсць у Плутарха).
2) Галіна палеаграфіі, што вывучае тайнапіс. Адзін з кірункаў К. — расшыфроўка забытых пісьмён старажытнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Т ПАХАВА́ЛЬНЫ,
жывапісная або скульптурная выява нябожчыка. Функцыя П.п. — дакладная перадача фізічнага аблічча памерлага для ўшанавання яго памяці або (паводле шэрагу рэліг. дактрын) забеспячэння вечнага жыцця яго душы. П.п. магла быць прыжыццёвая выява памерлага, адлюстраванне, выкананае з пасмяротнай маскі, часта з геральдычнымі знакамі і надпісамі. Нярэдка быў часткай скульпт.надмагілля.
Вядомы са старажытнасці ў многіх народаў свету (напр., фаюмскі партрэт у Егіпце). Вылучаюць трунны, эпітафійны партрэты і жалобную харугву (канклюзію). Трунны партрэт часцей малявалі алейнымі фарбамі на метал. блясе 6—8-граннай або акруглай формы. Прызначаўся ён для размяшчэння на тарцовай частцы труны ў час пахавальнай цырымоніі, пазней яго звычайна змяшчалі на сцяне крыпты або храма; уваходзіў ў склад сінт.маст. вырашэння яго інтэр’ера. Эпітафійны партрэт не мацаваўся на труну і таму часцей меў авальную форму, уваходзіў у склад прысценнага скульпт. надмагілля ў храме разам са скульпт. алегарычнымі постацямі і надмагільным надпісам у рамцы. Для адной цырымоніі маглі быць выкарыстаны і трунны і эпітафійны партрэты. Своеасаблівы від П.п. — канклюзія — жалобная харугва з маляваным або шытым партрэтам, упрыгожаная метал. ніткамі, галунамі, карункамі, звычайна з надпісам біягр. або панегірычнага характару і выявай герба.
На Беларусі былі пашыраны ў 15—18 ст., найб. раннія формы трапляюцца ў тканых пахавальных пакрывалах і харугвах. Сярод найб. значных П.п. партрэты А.Завішы (1676), А.Пацея (18 ст.), эпітафія Б.Біспінгу работы І.Прукнера ў Троіцкім касцёле ў Ружанах (1789), надмагілле М.Радзівіла ў касцёле ў Дзятлаве (18 ст.) і інш.
Літ.:
Хадыка А.Ю., Хадыка Ю.В. Непаўторныя рысы: З гісторыі бел. партрэта. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛЕНІЧНЫЯ ПЕ́СНІ, масленіцы, масленкі,
жанр каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх еўрап. народаў. Паводле сезоннай прымеркаванасці адносяцца да веснавых песень: завяршаюць зімовы і пачынаюць веснавы песенны цыкл. У розных народаў існуюць у розных версіях адпаведна веснавому ці зімоваму характару святкавання: пераважна веснавой (бел.-ўкр.), па-зімоваму карнавальнай (паўд.-славянскай), мяшанай (рускай). Веснавыя версіі змыкаюцца з гуканнямі вясны, зімовыя з праводзінамі зімы. У бел. каляндарна-песенным фальклоры М.п. ўваходзяць у веснавы цыкл (спяваюцца «як на вясну пацягне»). Пашыраны пераважна на Падняпроўі і Паазер’і. Тыповы сюжэт М.п. — «масленіца-ласуха» (пасля якой настае вял. пост) і «масленіца-падманка» («казалі, масленкі сем нядзель // ажно тыя масленкі — адзін дзень. // Адна нядзелька — і тая караценька»). Многія сюжэты пераклікаюцца з веснавымі карагодамі (жарт. проціпастаўленне адносін да нялюбага старога і мілага «роўніцы»). Для раёнаў цэнтр. Паазер’я найб. характэрны М.п., што спяваліся ў час гушкання на арэлях. Іх напевы спалучаюць у сабе інтанацыі веснавых гуканняў са свабодным рытмам «гушкальнага размаху». Тыповыя прыпевы — «гу-та-та», «гу-ля-лё» або «масленіца, масленіца». На Падняпроўі М.п. нярэдка маюць аднолькавыя тыпавыя напевы з веснавымі гуканнямі. У паўн. раёнах Віцебшчыны М.п., як і само святкаванне, набліжаюцца да рус. варыянтаў «праводзін зімы». Для зах. рэгіёна спецыфічныя М.п. з тыпалагічна акрэсленымі напевамі не ўласцівы і іх замяняюць умоўна прымеркаваныя да гэтага часу лірычныя і апавядальныя песні (т.зв. «запусныя»), якія не нясуць рытуальнай функцыі і выконваюцца ў «бяседзе» («у час гасцявання»).
Публ.:
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ка́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Рмн. ‑зак; ж.
1. Апавядальны твор вуснай народнай творчасці або літаратурны твор аб выдуманых падзеях, нярэдка з удзелам чарадзейнай, фантастычнай сілы. Беларускія народныя казкі. Казкі Андэрсена. □ Гэта было адно з тых месц, пра якія калісьці народ расказваў страхотныя казкі — з разбойнікамі, з лесунамі, з русалкамі.Бядуля.Ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць.З нар.//перан. Пра што‑н. незвычайнае, дзівоснае, цудоўнае. Ёсць тут сем хвой. Не хвоі — казка.Колас.Печаная бульба — гэта казка, Паскрабеш нажом — і калі ласка. Жоўтая скарынка, як пірог.Панчанка.
2. Што‑н. выдуманае, нерэальнае; байка 1 (у 2 знач.). Нагаварыць розных казак. □ [Гарлахвацкі] Ну, гэтыя казкі вы расказвайце сваёй бабулі. Ніхто ім не паверыць.Крапіва.
•••
Бабскія казкі — тое, што і бабскія плёткі (гл. плётка 2).
Казаная казка — пра не раз чутае і не вартае ўвагі.
Казка пра белага бычка — пра бясконцае паўтарэнне аднаго і таго ж.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БО́НДАРСТВА,
рамяство, выраб драўлянага посуду з клёпак (гл.Бандарныя вырабы). Вядома са старажытнасці, у т. л. і на Беларусі. Клёпкі (падоўжаныя трапецападобныя ці круглаватыя планкі) апрацоўвалі на варштаце з дапамогай струга, гэбля і гэбліка; для надання ім увагнутага профілю выкарыстоўвалі скоблі і шархебель (від гэбліка). Бакавы авал круглаватай бандарнай клёпкі размячалі цыркулем (размер) і прымяралі ў спец. шаблоне (модла). Абручы рабілі на варштаце з дапамогай струга і нажа, гнулі на спец. калодзе — гбале, ці бабе. Днішча размячалі цыркулем, уторны паз для мацавання днішча выпілоўвалі заторам. Найб.стараж. спосаб — сцягванне бочак абручамі рознай велічыні з дапамогай нацягуша і чакухі; пазней выкарыстоўвалі таксама вяроўкі ці ланцугі, якія намотваліся на кола (па тыпу лябёдкі), кліны і лісічкі (драўляныя запіскі). Важным у бандарнай справе было выкарыстанне той ці інш. драўніны (дуб, сасна, елка, асіна, вольха). Абручы для посуду рабілі звычайна з ляшчыны і дубу; пры вырабе вёдзер, біклаг, барылак нярэдка карысталіся жал. абручамі, якія выкоўвалі мясц. кавалі. Параўнанне з археал. матэрыялам з раскопак стараж. гарадоў Беларусі (Бярэсця, Полацка, Мінска і Гродна) не выяўляе істотных адрозненняў у тэхналогіі бондарства і сведчыць аб трываласці і пераймальнасці вытв. традыцый. У 19 — пач. 20 ст. вылучаліся асобныя раёны, дзе бондарства было вельмі пашырана і як саматужны промысел з’яўлялася важнай падмогай у сялянскай гаспадарцы (Барысаўскі, Горацкі, Клімавіцкі, Сенненскі, Слуцкі пав.). Сваю прадукцыю бондары збывалі на месцы або везлі на кірмашы. Бандарную клёпку на Нёмане, Бугу і Зах. Дзвіне вывозілі за мяжу, адной з лепшых лічылася т.зв. «мемельская» дубовая клёпка, якую куплялі прамыслоўцы Германіі, Францыі і інш. З 1920-х г. у вытв-сці бандарнага посуду істотную ролю набылі саматужна-прамысл. арцелі. У наш час патрэбы ў бандарных вырабах задавальняе бандарная вытв-сць.